На зачарованых гонях (1923)/Бондар

Туга старога Міхайлы Бондар
Апавяданьне
Аўтар: Змітрок Бядуля
1923 год
Умарыўся
Іншыя публікацыі гэтага твора: Бондар (Бядуля).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Бондар.

I.

Стары Даніла славіўся на цэлую ваколіцу сваімі вырабамі: вёдрамі, начоўкамі, цабэркамі й лыжкамі, якія выходзілі з яго рук моцныя, гладкія й вельмі зграбныя. Ён іх прадаваў на ўсіх кірмашох. У яго іх ахвотна куплялі ўсюды, і ён жыў з жонкай прыпяваючы.

Дзяцей у іх ня было, гарэлкі ён ня піў, так што «залатыя рукі», як казалі аб ім суседзі, кармілі яго досыць шчодра. А гэтыя „залатыя рукі“ не настолькі цікавілі іх уласьніка Данілу тымі залатоўкамі й рублямі, што яны яму давалі, як сваёй здатнасьцю й кемнасьцю.

Мэтай яго жыцьця былі не заработкі, а праца сама па сабе, той працэс творчасьці, які дае праўдзівае шчасьце мастаком у розных галінах штукарства.

Кожную пасудзіну паасобку ён рабіў натхнёна ад пачатку да канца. Майструючы, ён ня думаў ні аб чым іншым, як аб сваёй рабоце. Забываў аб ядзе, аб сьне і аб усім на сьвеце. Нікому, апрача жонкі, ня можна было глядзець, як ён майструе. Суседзі гэта ведалі й не заходзілі ў яго хату, каб не перашкаджаць. А калі хто, ня ведаючы, заходзіў да яго ў час работы, дык стары Даніла пакідаў сваю працу і з нецярплівасьцю чакаў мінуты, калі той выйдзе. А калі хто доўга заседжваўся, дык ён выходзіў з цярпеньня і прасіў не перашкаджаць і ня дурыць галавы рознымі байкамі. Выходзіла так, што ён выганяў людзей з сваёй хаты.

Людзі злаваліся на яго трохі за недалікатнасьць, казалі, што ён ведаецца з нячыстаю сілай, якая яму дапамагае ў рабоце, але прывыклі да гэтага, і ніхто яго не чапаў. І Даніла гэтак правёў у адзіноце ўсё жыцьцё сваё, — год за годам, адзін дзесятак гадоў за другім дзесяткам, — аж да сівізны.

Нельга сказаць, каб Даніла нудзіўся ў самоце. Яго жыцьцё было поўнае для яго цікавасьці й размаітасьці. Яго жонка Аўдоця ўсёй простай, добрай і падатлівай душою наскрозь была пранята майстарством Данілы. Як адгалосак, як цень свайго мужа, яна жыла яго жыцьцём, радавалася яго радасьцямі, гаравала яго горам, падабалася ёй тое, што яму было ў спадобу, і ганьбіла тое, што ён ня любіў. Ён быў як-бы сонцам, а яна — той плянэтай, якая пунктуальна кружылася вакол свайго сонца.

Даніла лічыў жонку сваю адзінай разумніцай на ўсю ваколіцу, бо яна яго добра разумела. А ўсіх людзей ён лічыў нічога нявартнымі, неразумнымі й глядзеў на іх з погляду добрага бондара, як на няўдалыя цабэркі з крывых, нязграбных клёпак, або як на шурпатыя драўляныя лыжкі, якія рабіў яго канкурэнт — партач Макар.

Аб розных справах сваёй працы ён раіўся толькі з жонкай. Яе ацэнка яго творчасьці, крытыка знаўцы-Аўдоці былі для яго вельмі дорагі, а рэшта людзей «ні пса не разумелі ў бондарскай рабоце, дурні набітыя!»

Іранічна глядзеў здольны бондар на людзей і на ўвесь сьвет. Ён глядзеў на іх звышку, як той чарадзей, каторы ведае вельмі важную, вялікую таемнасьць, што трымае ў руках сваіх лёс-шчасьце ўсёй зямлі. Ён ведае, але раўніва й цьвёрда трымае гэты скарб, захаваны ў сваёй душы, бо людзі яшчэ не дарасьлі, каб аб гэтым ведаць. Няхай сабе гінуць, як мышы рудыя, няхай лопнуць, а ён ім ня скажа, бо яны гэтага ня варты. Ён ім не зайздросьціў бязьмернага шчасьця гэтага веданьня; наадварот, ён усёй душою рвецца да таго, каб людзі гэта зразумелі, але яны няздольны зразумець і будуць бязьлітасна яго выкпіваць, калі б толькі ён аб гэтым пачаў гаварыць.

І ён, як той кіт, што трымае аграмадную кулю нашай зямлі на сваім карку, трымаў у сваёй душы аграмадную радасьць сваёй творчасьці, нікому аб гэтым ня кажучы. Нібы які-колечы вялікі компазытар, маляр ці прарок, ён-бы жадаў выказаць масам людзкім тое, што полымем бухала з яго душы і сэрца — як трэба кемна вастрыць начэньні-інструмэнты, як трэба разумным вокам выбіраць дрэва на клёпкі, на дны, на начоўкі, на лыжкі, як зграбна можна гэтыя пасудзіны рабіць. Ён-бы ім апавядаў аб тым, як ён дадумаўся да розных паляпшэньняў ў бондарскай штуцы, дзе ён адкрыў свой стыль, сваю школу. Ён-бы павядоміў аб тым, як захопліваюць душу чалавека асабістая, нязьведаная радасьць і шчырае шчасьце, калі ён бачыць, што рукі яго твораць адну пекнату…

Шмат аб чым хацеў гаварыць людзям стары бондар, але ён нёс свой цяжкі крыж маўчаньня з пакорай у душы. Гэта яго мучыла, але ён усё роўна не патрапіў-бы выказаць словамі пачуцьцяў сваіх і сам толькі туманна разумеў прычыны таемных, пастаянных мучэньняў свайго сэрца.

II.

Зімовая ноч. У вёсцы цёмна, бо ўсюды сьпяць, і толькі ў маленькай курнай хатцы на канцы вёскі мігае агончык. Гарыць лучына, якая дыміць і чадзіць вельмі многа, а сьвеціць вельмі мала. Але толькі няпрывычны чалавек чуўся-б кепска пры гэткім асьвятленьні, а прывычнаму — лепей і ня трэба. І вось пры лучынцы пільна й клапатліва тупаюць два чалавекі; яны вельмі заняты й проста захоплены сваёй працай. Гэта — бондар Даніла з сваёй жонкай Аўдоцяй.

Даніла рыхтуецца да новага раману ў сваёй бондарскай творчасьці. Сама пані з двара абсталявала ў яго начоўкі, цэбры, вёдры і некалькі лыжак. Тут патрэбна вялікая падгатоўка, бо адразу, проста з моста, ня прымешся за такую работу. Трэба адкінуць, як пустую непатрэбшчыну, усе жыцьцёвыя будні — сон і яду, аб чым Аўдоця й не адважылася яму прыпамінаць, бо ён мусіць увайсьці ў свой надзвычайны стос; забыцца аб усім акружаючым і ў цішы ночнай, калі грукату-стукату няма на цэлым божым сьвеце, думаць і думаць, маляваць сабе ў галаве гэтыя пасудзіны; абмазгаваць, як прыняцца за работу, якія матар’ялы ўжыць, якімі інструмэнтамі рабіць, каб выйшла, як найлепей, як найпякней, як найскладней, каб урэшце пані зразумела, уцяміла, што ён за чалавек, які таланны, ўбачыўшы багатыя думкі-мысьлі Данілавы ў постацях гэтых драўляных пасудзін.

Трэба ап’янець, ахмялець, ашалець ад гэтых думак; цела павінна гарэць, як у агні, а тады толькі пачаць работу, і так працаваць, так працаваць, каб рук і плеч ня чуць было, каб галава кружылася, каб сэрца млела, каб пот цурком ліўся й каб ня ведаць гэтага. Трэба забывацца аб усім на сьвеце й толькі адчуваць і бачыць усёй істотай тое аграмаднае, сьветлае шчасьце, што дае скрыдлы душы, азарае залатымі праменьнямі і падымае ўверх на марах фантазыі. Гэта — найвялікшая нагарода за працу.

Бондар гэта разумеець добра, але выказаць словамі ня можа…

Па асобнаму блеску яго вачэй, па асобных маршчынах на яго лобе, якія вызначаюць упартасьць, сілу і нейкае надзвычайнае хаценьне, Аўдоця пазнае, што ўжо «пачалося», і набожна й ціха пазірае на свайго мужа, якому цяпер лішняга слова казаць нельга.

Даніла, порацца-рыецца ў сваіх інструмэнтах. Выбірае гэблі, скоблі, разцы, нажы, далаты, тапары і тапорыкі, гладзіць і мацае іх рукамі, пільна да іх прыглядаецца, адкідае з агідай адзін інструмэнт, зноў за яго хапаецца, сумняваецца, разважае, нюхае зялеза, прыцмоквае губамі, ківае галавой і нешта мармоча сабе пад нос. То нібы злуецца, то ўсьмешка азарае яго твар.

Аўдоця пры гэтым мяняе лучыну за лучынай, абшароўвае, абломвае вугольлі і ўсімі сіламі стараецца трымаць гэты „вечны агонь“ у аднэй меры. Яна, як вялікая жрыца агню пры служэньні імшы ўсемагутнаму богу-Даніле. Ёй гэтыя клопаты з лучынамі — досыць працы. Яна сапе, уздыхае, кашляе, дым лезе ёй у вочы, у горла, але яна маўчыць, бо захоплена ўся жаданьнямі Данілы. Пры сваёй няцікавай абавязковасьці, яна пазірае на мужа, загіпнатызована яго работай і дзівіцца на «залатыя рукі», як на нейкую надзвычайную, зьверхнатурную сілу.

Цуд творчасьці пачынаецца.

Бондар вострыць свае інструмэнты. На першы погляд здаецца, што гэта рэч вельмі простая і звычайная. Але гэта толькі здаецца людзям, якія нічога цікавага ведаць ня хочуць, бо шліфоўка, інструмэнтаў — рэч і ня простая і ня звычайная. Трэба ведаць, які брусок — ці цьвёрды, ці мяккі, ці гладкі, ці крупчаты — падходзіць да кожнага начэньня. Трэба ўмець трымаць гэты брусок, колькі разоў і як плюнуць на яго. Трэба цяміць, як шараваць — ці наўскос, ці проста, ці памалу, ці хутка, ці моцна прыціскаць — ці зьлягка, каб было акурат у меру. Кожнае начэньне мае свае капрызы, свае вымаганьні, якія майстар павінен памятаць, як свае пяць пальцаў. Потым глянец — з глянцам пачынаецца новая, цікавая гісторыя. Крывавым потам плаціць бондар за гэтую гісторыю, бо ён, як эстэт, патрабуе, каб інструмэнт зіхацеў, блішчэў і пераліваўся ў розныя колеры, як люстра, як вада пад сонцам. І ён наводзіць глянец. Потым кладзе свае інструмэнты ў рад на сваім варштаце. Бяручыся ўбокі, дзівіцца на іх, адыходзіць, глядзіць здалёку, расшырыць вочы, сажмурыць, зноў падыходзіць. Хіліцца над імі, нібы хоча іх цалаваць і пачынае на іх дзьмухаць-хукаць. Блеск на сталі атуляецца слоем сівога туману. Потым туман патроху пачынае сыходзіць, напамінаючы колер пэрлямутру, які хутка нікне, як пад магутнымі словамі чараўніка. І зноў інструмэнты блішчаць, як неба ў яркі дзень. Даніла ўздаволены сваёй артыстычнай утончанасьцю й віртуознасьцю.

Словам, у гэтай рабоце ёсьць нязьлічаныя крыніцы навукі, далікатнай адукацыі, здольнасьці й спрыту, якія апрацоўваюцца й гартуюцца доўгімі гадамі, рупнасьцю, цярплівасьцю й вытрываласьцю, закаханьнем да сваёй спэцыяльнасьці й грунтоўным розумам.

Ня толькі Даніла, але і Аўдоця разумеець гэта вельмі добра. І яна не даецца дзіву, што муж возіцца з гэтай работай, шліфоўкай інструмэнтаў — пролёгам да свайго вялікага раману на драўляных скрыжалях — беспрарыўна некалькі гадзін.

А як-жа іначай.

Пры гэтым муха не павінна гудзець, мыш не павінна скрабціся ды, наогул, ніхто з жывых істотаў ня мае права перашкаджаць майстру ў яго настраёвай працы.

Гэты строгі, няспрэчны закон дэспата-мужа добра ведае Аўдоця. За ўсё жыцьцё яна вышкалілася, як належыцца, у гэтым кірунку. Ёй здаецца ў сваім гіпнозе, што, нават, вецер цішэець у той час, як Даніла майструе, дрэвы на гародзе ня шумяць і птушкі не пяюць. Нават і няжывыя зьявішчы прыроды нібы падпадаюць пад магічны загад Данілы. Аўдоця ня дзівіцца, іначай быць ня можа, бо ў яе мужа — вялікая сіла. Усё прыслухоўваецца, усё зьвяртае ўвагу на яго залатыя рукі.

Яна гэтым так пранікнута, так гэта ёй шчэміць за сэрца, што аж сьлёзы капаюць з яе вачэй — сьлёзы шчасьця й абагатварэньня. Яна, здаецца, за адзін інструмэнт, за адзін фэтыш — дубовую клёпку з цабэркаў свайго мужа — пашла-бы на самаахвярнасьць, на сьмерць…

— Гэта зусім зразумела, — думае яна.

III.

Пакончана, дзякаваць богу, з інструмэнтамі: навостраны, як брытвы, адпаліраваны, як цацкі — лепей ужо й быць ня можа, бо й так пераступлена мяжа ўсялякай мажлівасьці.

Пасьля гэтага бондар яшчэ глыбей убіраецца ў непраходны гушчар сваёй творчасьці. Ён падбірае матар’ялы — калодкі, палены й дошкі, якія ў вялікім запасе ляжаць у яго хаце, — да абсталёваных паняй пасудзін.

Разумеецца, што з ім побач ідзець яго духоўны двайнік — Аўдоця.

А чым далей, тым работа вымагае больш кемнасьці, больш адпаведнасьці, робіцца цяжэй і мудрэй і, разам з гэтым, усё прыемней і прыемней.

Гэта Аўдоця без тлумачэньня разумеець.

Ім абодвым кружыць галовы і натхненьня дадаець вялікае здарэньне, якое адбылося неспадзеўна: пані зажадала мець у сваёй гаспадарцы хваленую работу „залатых рук“.

Во хто яго ўрэшце зразумеець і ацэніць подлуг вартасьці. Гэта-ж ужо ня мужыцкага роду асоба, а з таго гатунку людзей, якія ўсё ведаюць… Даніла зьзяў увесь — і душой і целам. Памаладзеў, парухавеў. Гэта ня дзіва, бо тое, да чаго ён рваўся ўсё жыцьцё, само да яго насустрэч ідзець. Во каму ён пакажа свой таемны скарб душы — пані, вялікай пані з двара! Дзеля гэтага варта было неўтамімая праца дзесяткаў гадоў, пры якой ён рваўся кудысьці, каб адкрыць людзям свой уласны новы сьвет. Бог урэшце над ім зьлітаваўся.

Бяз слоў хавала гэту радасьць у сваім сэрцы і Аўдоця.

Ці-ж можна словамі перадаць, як Даніла падбіраў клёну, бярозы, дубу, асіны на цабэркі, вёдры, начоўкі й лыжкі, альшавінаў на абручы з лепшых запасаў сваіх?

Ці-ж можна апавядаць аб тым, як ён пераглядаў, перамацваў рукамі, пробаваў на язык гэтыя палены, дошкі й звычайныя кавалкі дрэва, як ён іх сушыў, як ён з імі нянчыўся, пяленгаваўся, каб з іх стварыць свой новы палац хараства, каб у іх душу сваю пераліць?

Ці-ж можна казаць аб тым, як ён відзеў яўнабачным вокам гэнія ў гэтых нямых кавалках дрэва гаварлівыя, пявучыя, вабныя сваёй зграбнасьцю й грацыяй начоўкі, вядзерцы й лыжкі?

Ці-ж можна адмаляваць пры гэтым жывую ігру яго твару, выразныя рухі яго цела, як ён ўсё разважваў і туды і сюды, і ў добрую і ў кепскую старану, нібы закладваў фундамант вялікаму гораду, нібы перад стварэньнем новых істотаў, якія павінны кіраваць усясьветнасьцю?

Гэта ўсё трудна апісаць чалавечым пяром. Я ня маю адвагі гэтага рабіць і буду лепей маўчаць.

Даніла гарэў на сваім ўласным агні, лез усё вышэй і вышэй па сходах сваёй творчасьці і вёў сваю работу старанна, цярпліва й з вялікай асьцярогай.

Гэтак ішоў дзень за днём.

Лішнім будзе гаварыць і аб тым, як ён еў і спаў. Аб гэтым можа сьведчыць яго высахшы твар і бліскучыя вочы, якія звычайным людзям здаваліся-б няпрытомнымі.

Ня лепш за яго выглядала і яго жонка.

Але ня варта гаварыць аб такіх будніх і прозаічных рэчах, калі ў мастака дух быў абхоплен арэолам адвечнасьці, калі асобны, містычны настрой панаваў над ім. Занізка было-б для яго асобы напамінаць яму аб ядзе й сьне.

Аўдоця яму, грэх гаварыць, аб гэтым і ня пікнула, нават, бо была пэўна, што пры гэтым ён-бы ня выцярпеў і, ня гледзячы на сваю дабрату бязьмерную, даў-бы паленам па галаве й роднаму бацьку…

IV.

І расла яго творчасьць, як травы вясной пад гарачым сонцам, як цуд-казка, якая раптам прыняла формы праўдзівасьці.

Гэта былі ня вёдры, не начоўкі, а дзіўны сон пекных формаў, перададзены кемнай рукой на драўляных пасудзінах. Гэта былі застыўшыя ў барэльефы малітвы-мары Данілавай душы. Гэта быў зэніт яго лятуценьняў, апофэоз яго трыумфу. Гэта было тое, дзеля чаго варта і жыць і пакутваць…

Мы пэўны, што звычайнае, простае вока бачыла-б у гэтых пасудзінах звычайныя й простыя рэчы і зусім ня дзівілася-б. Звычайнае вока лічыла-бы урачыстае сьвята Данілавага сэрца няпрытомным фанатызмам, хворай ілюзіяй-самаабманам, але што разумеець звычайнае вока людзкое? Яму даступны толькі звычайныя рэчы. Яно часта-густа глядзіць на золата, думаючы, што гэта камень. Звычайнае вока не захопліваецца парывамі вялікай душы, ня блішчыць агнём шчырага падзякаваньня майстру — гэнію. Яно нічога не прыкмячае, нічога ня бачыць, бо сьляпое да таго, што выходзіць з шырэй будніх рамак жыцьця. Звычайнаму воку недаступна мінута шчасьця й бясьсмерцьця.

Але затое ў пані з двара нязвычайнае вока, пані ўгледзіць дарагі скарб там, дзе ён папраўдзе ёсьць.

Гэтак, прынамсі, думаў Даніла, а з ім, разумеецца, і яго жонка Аўдоця, як яны на малых саначках вязьлі ў двор пані бялюткія, як малако, як пена марская, пасудзіны, адпаліраваныя, гладкія, як добрае шкло. Пасудзіны былі грацыйныя, зграбныя, як-бы жывыя і ўваздушныя, і здалося — вось-вось у паветра панясуцца. Пад яркім зімовым сонцам яны пераліваліся ў розныя колеры.

Што хвілю Даніла з Аўдоцяй спыняліся, зьдзьмухваючы сьнежныя пылінкі з гэтых пасудзін. Кожную пасудзіну Даніла пробаваў рукамі на звон. Кожная пасудзіна выдавала свой асабісты згук-голас, так што можна было падабраць з іх новы, пасвойму гармонічны, музычны інструмэнт, накшталт гусьляў ці ліры, на якім можна было-б іграць шчырыя, чулыя песьні шчырай і чулай душы бондара Данілы…

На што тут патрэбны струны, на што ноты, на што урачыстыя абставы багатых салёнаў і ненатуральная пышнасьць адукаваных людзей, калі ўсё можа выканацца ў сваёй першай крыніцы хараства — ў прастаце і шчырасьці?

Захацеў-зажадаў чалавек божы, і сам сабе ў адзіноце уладзіў сьвята-гульню. І сонца на яго іначай глядзіць, і каменьні яму песьні пяюць, і сьмяротны бясьсьмерцьце творыць, і ад няшчаснага цэлыя вясёлкі шчасьця рассыпаюцца.

Даніла ціскаў да грудзей пасудзіну й любаваўся ёю!

— Якое моцнае вядро! як камень, як зялеза: хоць ты гарматы па ім вазі! Вун бач, жонка, як я стану на гэтае вядро нагамі, і ліха яго ня возьме.

Пры гэтым ён паставіў на сьнег вядро і намерыўся наступіць на яго нагою.

— А бо’, што ты робіш!? — крыкнула Аўдоця.

— Я не баюся — стану, бо моцнае! — заартачыўся Даніла.

— Ня можна… — у роспачы застагнала Аўдоця.

— А вось папрабую! — настайваў Даніла.

— Ты вар’ят! — заламала рукі Аўдоця.

— Го! го! го! — зарагатаў Даніла, — я гэта толькі пажартаваў, а ты думала, што запраўды стану. Эх, баба дурненькая! Го! го! го!

І сьмяяўся ён шчыра, як дзіця, якое выкінула вясёлую штуку.

Аўдоця маўчала і цяжка сапела. Яна не магла прысьці да сябе ад вялікага перапуду.

Гэткім чынам яны прывезьлі пасудзіны ў двор да пані. Тут радасьць тварыцеля-бондара вырасла да таго, што ажно дух захоплівала. Сэрца буяла й барабаніла так моцна, што Даніла сам пужацца пачаў. Гэткія хвіліны ў жыцьці рэдка здараюцца, хвіліны, калі ставіцца на страшны суд сьвятая сьвятых тваёй душы, калі вось думаеш: альбо папаў у рай, альбо ў пекла, калі на валаску паміж жыцьцём і сьмерцьцю знаходзіцца тое, да чаго ты ўвесь свой век хацеў дайсьці, за што ты пакутваў, богу якому ты маліўся…

А вясёлая сям’я вераб’ёў клапацілася каля стайні, білася-дралася паміж сабою, фанабэрылася, хохлілася і шчабятала свае плёткі-байкі без адпачынку. А сьнег блішчэў пад сонцам, пераліваўся ў розныя колеры, вочы сьляпіў і скрыпеў пад нагамі, як жывы.

Вясёлы быў сьвет божы і весела было на душы бондару Данілу, было лёгка і радасна, расла энэргія да новай працы…

— Зараз пачую прысуд пані — думаў ён. — Яна правідлова ацэніць мае вырабы, бо не такая дурная варона, як нашыя мужыкі.

І пані вырасла ў яго думках волатам-законадаўцам, якая адчыніць яму дзьверы ў мармуравыя палацы муз, якая надзенець на яго чало лаўровы вянок славы, якая напоіць яго амброзіяй бясьсьмерцьця.

Аўдоця чытала ўсё гэта на яго ўражлівым твары і яе ня менш яго кідала ў гарачку.

На дзядзінцы ля паніных пакояў пад самым ганкам санкі прыастанавіліся. Тут наляцела, як саранча, цэлая плойма вераб’ёў, якія пачалі кружыцца, як заварожаныя, над бялюткімі пасудзінамі.

Ці іх вабіў пах сьвежага дрэва, ці мо’ былі захоплены пекнатой пасудзін — хто іх разьбярэ. Толькі яны кружыліся над саначкамі ўсё ніжэй і ніжэй і нешта гаварылі — шчабечылі паміж сабою на голаснай, зычнай мове птушак.

Спачатку Даніла цешыўся з гэтых малых прыхільнікаў яго таленту, любаваўся імі, а потым, о… не пасьпеў ён і ахнуць, як адзін верабей, пракляты падшывалец, апаганіў чысьценькі, як сьнег, белы цабэрак.

Крыкнуць не маглі ні Даніла і ні Аўдоця. Яны акамянелі ад неспадзеўкі. Як-бы апаганіў шальмец які сьвятую бажніцу. Ні слоў ні гневу не стае на гэта ў набожнай душы. Пракляцьце нямее на вуснах недакончанае. Помста бухае пажарышчам.

Доўга скрабаў Даніла цабэрак вострым сцызорыкам і ня прыкмеціў, як выйшла да яго аканомка і загадала аднесьці пасудзіны на кухню.

О, як закалацілася яго сэрца…

V.

Як ашпараныя, выскачылі з панінай кухні Даніла і Аўдоця. Пані, нават, не зацікавілася глянуць на пекную работу Данілы. Заплаціла толькі не таргуючыся і гэтым справа закончылася. Грошы ён выкінуў ля ганку, вышаўшы на двор.

Ці ў грашох была справа?

Пані, сама гэта не разумеючы, бязьлітасна плюнула чалавеку ў самую душу, зрабіла яму такую рану, якая ніколі ня выгаіцца. Крыўда была бязьмежна балючая, бяз меры неспадзяваная. Хацелася яму валасы сівыя рваць на галаве й выць павоўчаму. Ён выглядаў, як-бы яго скінулі з гары ў глыбокую яміну, дзе ён пакалечыўся на сьмерць, дзе ён аглушыўся й страціў прытомнасьць… Дзіка вадзіў ён вачыма па бакох, уніз, як-бы ён згубіў усё сваё багацьце, як-бы посьле пажару на попелішчы сваёй хаты. Рукі ў яго віселі, як чужыя, і сам ён алавяным зрабіўся.

Усю дарогу, ідучы назад у вёску, ён сваёй жонцы ні слова не казаў. Ішлі яны, як з хаўтуроў усё роўна. Ды ці гэта ня былі хаўтуры? Даніла пахаваў найлепшую частку сваёй душы. Памёрлі яго мары, якімі ён цешыўся ўсё жыцьцё. Зьніклі — згінулі надзеі, радасьці і ня цікава стала жыць на сьвеце божым…

Сонца сьветлае засумавала разам з ім. Поле сьнежнае няпрытульна-жудасным зрабілася. Сосны над белымі кажухамі сьнегу як-бы шапацелі аб вялікім Данілавым горы, і птушкі былі дужыя і няцікавыя. Увесь белы зімовы абшар пакрыла жалоба… Гэта жалоба-туга ваздушнымі хвалямі выносілася з Данілавай душы і труціла паветра.

Ці зразумеюць людзі яго трагэдыю? Не. Будуць кпінкі строіць з яго і дурнем палічаць.

Як вярнуліся Даніла з жонкай да хаты, дык ён паваліўся на кучу белых стружак ля свайго варштату і голасна заплакаў. Жонка ня пробавала яго ўцяшаць. Той самы роспач вісеў і над ёю цёмнай хмарай. Ціхутка яна стала перад абразамі й доўга шаптала малітвы, а сьлёзы, гарачыя й буйныя, капалі з яе вачэй на гліняную падлогу…

Пасьля гэтага здарэньня зрабіўся вялікі пералом ў душы бондара. Ён зрабіўся праз меру маўклівым і панурым. Цёнгле лаяў сваю жонку, якая маўчала, нібы вінаватая. Бондарства ён закінуў і інструмэнты яго паржавелі, бо ў хаце ён рэдка калі бываў — валяўся цэлымі днямі п’яны ў карчме пад сталом. Бедная Аўдоця цярпела і голаду і холаду, але пераносіла ўсё моўчкі, нікому ня жалячыся.

А як прывезьлі суседзі з карчмы няжывога Данілу, дык яна так сама голасу не падняла, толькі ціхутка плакала й шаптала малітвы.

А як людзі змайстравалі труну шурпатую й нязграбную і як палажылі Данілу ў гэту труну, тады толькі ўспомніла яна «залатыя рукі» нябошчыка. Прадставілася ёй, якім-бы вокам Даніла глянуў на гэту партацкую, грубую работу труны сваёй. Тут яе кабецкае кволае сэрца прабраў вялікі, шчыры жаль па дарагім чалавеку. І яе гора пачало вылівацца ў натхнёныя, паэтычныя вобразы сумных прычытаньняў.

Аўдоця павалілася вобземлю й пачала галасіць, даючы волю свайму гору. Ніхто ня мог яе супакоіць. Бабы, слухаючы, сьлёзы свае выціралі й дзівіліся, скуль бярэцца такі гладкі язык у заўсёды маўклівай Аўдоці.

Хутка за сваім старым паехала на той сьвет і яна. Па ёй ніхто не галасіў, бо была яна адзінюткая на цэлым божым сьвеце, без сваякоў і бяз родных.

Праўда, суседзі набожныя не забыліся паставіць крыжы на гэтых дзьвюх ціхіх магілках. Але што гэта былі за крыжы? — крывыя, нязграбныя, партацкія. Яны выглядалі няпрытульнымі й жудаснымі, як нядоля вясковая…

Менск, 1920 г.