На паняволеных гонях (1928)/Палітвязень

У вастрозе Палітвязень
Верш
Аўтар: Леапольд Родзевіч
1928 год
Няволя, змаганьне, перамога
Іншыя публікацыі гэтага твора: Палітвязень (Родзевіч).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПАЛІТВЯЗЕНЬ

У мурох тых, як у гранцы
З панскай волі трутнем стаўся,
Гібне, ў вільгаці, у цемры,
Хоць ня збойца, не пракраўся.

За вакном варона крача,
Што ня можна быць іначай.
За акутымі дзьвярамі
Цэрбэр бразгае ключамі.

Есь ён поліўкі з гароху
І глытае сум за воляй.
А яго ядуць плюгаўствы,
Зьздек, ражым, іх самаволя.

За вакном варона…

Ўскочыў на зуб дэфэнзыве,
Бо схацеў так шпік дасужы.
Ў самаго-ж не пападае
Зуб на зуб ад страшнай сьцюжы.

За вакном варона…

Думкай лётае па вёсках
І па фабрыках шумлівых.
Сам штодня мяшок каменны
Мерыць крокам нецярпліва.

За вакном варона…

Катаваньнем не зламалі
Пролетарскі дух рашучы,
Прасьлязіўся як у цэлю
Матылёк праз краты лучыў.

За вакном варона…

Кожны дзень жджэ, што Кастрычнік
Раздрузгоча ўсе запоры.
Кожны момант дакучае:
— Шэсьць гадоў сядзі ў пакоры.

За вакном варона крача
Што ня можа быць іначай.
За акутымі дзьвярамі
Цэрбэр бразгае ключамі.