Пан Тадэвуш (Міцкевіч/Тарашкевіч)/Быліца адзінаццатая

Быліца дзясятая Пан Тадэвуш
Паэмы
Аўтар: Адам Міцкевіч
1834
Арыгінальная назва: Pan Tadeusz
Пераклад: Браніслаў Тарашкевіч
Быліца дванаццатая

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Быліца адзінаццатая
1812 ГОД

ЗМЕСТ:
Вясеннія варожбы[1] — Уваход войска.— Набажэнства.— Урадовая рэабілітацыя Яцка Сапліцы.— З гутарак Гярваза і Пратаза відаць блізка канец працэсу.— Улан, падлабуньваецца к дзяўчыне. — Канец спрэчкі за Курту й Сакола. - Затым госці збіраюцца грамадой к бяседзе. — Прадстаўленне важом нарачоных параў.


О годзе дванаццаты! хто цябе бачыў у краю!
Слывеш ты ў народзе й дагэтуль за год ураджаю
й вайны; пра цябе спамінаюць старыя дагэтуль,
жаўнеры пяюць, напяваеш ты песні й паэту.
Цудоўна азнаймлен здаўна тэй каметы усходам,
ты быў папярэджаны весткай глухой між народам;
душу ліцвіноў ахапіла із сонцам вясеннім
дзіўное прачуцце, казаў бы прад свету сканчэннем,
чаканне тужлівае, моў бы на шчасця гадзіну.

Калі першы раз на вясну выганялі скаціну,
заўважылі й то: хоць галодна яна і схудзела,
не бегла ж на рунь[2], што на полі ужо зелянела,
а клалася ўсё на раллю і, схіліўшы галовы,
раўла ці жавала стары свой наедак зімовы.

Плугі свае цягнучы на ярыну, і сяляне
не цешацца неяк з даўжэннай зімы мінавання,
і песняў ад іх не чутно, і працуюць ляніва,
казаў бы, запомнілі нат пра сяўбу і пра жніва.
Валоў і пад’ездкаў ў баронах што шаг, то стрымаюць,
з трывогай к заходняй старонцы усё спагдядаюць,
моў, з гэнага боку аб’явіцца нейкае дзіва;
на птушак вяртаўшыхся тож уважаюць пужліва.
Ўжо з выраю бусел вярнуўся на роднае кола,
вясенні сцяг белага крылля распяўшы вясёла;
ва ім жа палкамі цягнулі і ластаўкі жыва,
ў грамадкі збіралісь над водамі з крыкам, рухліва,
замёрзлу зямлю сабіралі на хаткі-ляпёнкі.
Пад вечар чутно ў хмызняку шопат цягнучай слонкі,
і гусі дзікія із шумам лятуць над лясамі,
змарыўшыся, там на папас ападаюць стадамі,
а ключ журавоў ў вышыні недасяжнай галосе.
То чуючы, ночна старожа пытае ў трывозе,
чаму то крылатае княства ўсё так замяшана,
якая то бура іх выгнала гэтак зарана.

Аж вось, як бы новыя стаі пярэстых крылатых,
гурты ясных кітак, флажкоў і убораў багатых
бліснулі на ўзгорках, спадаюць ужо на балоні.
То конніца! Зброя дзіўная, харошыя коні!
Так полк за палком. А між імі, як снег той вясною,
дарогай плывуць там жалезны шарэнгі ракою;
блішчаць між лясамі штыкі і чарнеюць фуражкі,
варушыцца масай пяхота, казаў, бы мурашкі.

На поўнач усе! Ну, як бытта на час той з выраю[3]
з птушнёй і народ варухнуўся да нашага краю,
пагнаны сюдэма інстынктам якімсь непанятным.

І днём і ўначы плывуць коні, арлы і гарматы;
адбліскі пажараў палаюць на небе мясцамі,
зямля аж дрыжыць, і чуваць перуны старанамі.

Вайна! Не было на Літве ні куточка, ні пушчы,
дзе гук бы яе не дайшоў. Міжы цёмных тых гушчаў
мужык, што ягоны дзяды і бацькі паўміралі,
за лесу ж граніцы ніколі і не вызіралі,
што іншых на небе зусім не уцямліваў крыкаў,
акроме віхроў, на зямлі ж кром звярынага рыку,
што іншых гасцей, як суседзяў лясных, і не бачыў,
цяперака бача на небе: пажар замаячыў,
і ляснула ў пушчы — то куля з гарматы папала,
відацца, зблудзіўшы, дарогі у лесе шукала,
галіны, камлі секучы. Стары зубр барадаты
ў імху задрыжэў, натапурыўшы грыву калмату,
прыўстаў, абапёрся мацней на пярэднія ногі,
патрос барадою й глядзіць, настаўляючы рогі,
 
здзіўлена: да што за дзіўное бліскучае йгрышча? —
гранат, заблудзіўшыся, круціцца з шумам ды свішча,
аж стрэліў маланкаю. Зубр першы раз ва ўсім жыцці
спалохаўся, ўцёк, каб схавацца ў глыбейшым укрыцці.

Бітва! Дзе? у якой старане? дзецюкі ўсе пытаюць,
К аружжу! Жанчыны да неба ўжо рукі ўздымаюць;
так пэўныя ўсе ў перамозе, крычаць са слязамі:
«Сам бог з Напальёнам, а сам Напальём жа із намі!»

Вясна ты, вясна! Хто це бачыў тады ў нашым краю,
вясна незапомная ты і вайны і ўраджаю!
Вясна! хто це бачыў тады, як была ты цвітуча
травою, і збожжам, і зеллем, людзьмі так бліскуча,
багата здарэннямі, светлай надзеяй так поўна!
Я бачу цябе і дасюль, летуценне чароўна!
Ў няволі радзіўшысь, скаваны ужо пры спавіцці,
адну толькі меў я такую вясну ў сваім жыцці.

Сапліцава блізка пры шляху вялізным ляжала,
кудой з боку Нёману двух важароў прыбывала:
Язэп Панятоўскі й Вестфальскі кароль Гіеронім.
Ўзялі часць Літвы ўжо ад Горадні да аж па Слонім;
тут дадзены войску загад, каб зрабіць адпачынак,
ды польскі жаўнер неахвотна рабіў той прыпынак;
паход, што кароль перарваў, палякі наракалі:
хутчэй маскаля каб здагнаць, былі б рады, казалі.

У месце паблізкім стаў штаб Панятоўскага князя;
абоз сорактысячна войска ў Сапліцава ўлазе;
са штабамі тож там стаяць генарал пан Дамброўскі,
Князевіч, затым Малахоўскі, Гедройць і Грабоўскі.

Ўжо позна было, як вайшлі; таму кожны, дзе можа,
заняці кватэру ў дварэ ці у замку варожа.
Як толькі загады далі, пастаўлялі дазоры,
то ўсе расхадзіліся спаць у забраты каморы.
А з ноччу ўсё сціхла ў дварэ, у абозе і ў полі;
відацца адно, як бы цені, так блудзяць патролі,
і рэдкія бліскі ў абозе распаленых вогнішч,
чувацца чаргою паролі ваенных становішч.

Жаўнеры, важы й гаспадар — то усенька ўжо спала;
вачэй толькі Войскага сном тым салодкім не брала,
 
бо Войскі назаўтра бяседу рыхтуецца справіць,
такую, каб ей дом Сапліцаў навекі праславіць:
сабраліся ж польскаму сэрцу так мілыя госці,
а кром таго, заўтра вялікія дзве ўрачыстосці,
касцельнае свята й сямейнае свята таксама.
Трох параў заручыны маюць адбыцца няждана,
а з вечара ўсім заявіў генарал пан Дамброўскі,
што хоча, абед каб быў польскі.
Хоць позна, а Войскі
пяць кухараў хутка з суседства склікае і шпара
хутчэй завіхацца ля працы, а сам гаспадара.
У хвартусе белым, мастак на кухарскія штукі,
шляфміцу надзеў, аж па локці закасуе рукі,
трымае мушыну лапатку і ёй адганяе
той гнюс, што к прысмакам так жадна ляціць, налязае,
другою рукою, працёршы, уздзеў акуляры,
з-за пазухі кніжку дастаў: там кухарскія чары.

А звалася гэтая кніга: «Кухар дасканалы»[4].
І спісана там акуратна усе спецыялы
на польскіх сталох; з ёю згодна і граф на Танчыне
бяседы свае выпраўляў у італьскай краіне,
што папа Урбан[5] з іх дзівіўся тады беспрастанку,
з ей згодна пасля князь Кароль Радзівіл, той Каханку,
калі у Нясвіжы прымаў караля Станіслава,
наладзіў такую бяседу, што ейная слава
дасюль на Літве у народных расказах трывае.
Як Войскі з тэй кнігі што ўцяме, тады абвяшчае,
а кухары ўсенька то зараз жа робяць умела.
У руху нажоў пяцьдзесят, і работа кіпела;
а кухцікі круцяцца, бытта бы чэрці, так чорны.
Нясе адзін дровы, другі саганы ужо поўны
з віном, малаком; скавароды, катлы наліваюць,
дым бухае, кухцікаў двое мяхі раздуваюць,
а Войскі, агонь каб у печы ямчэй распаліці,
загадуе топлена масла на дровы наліці
(то, ведама, збытак вялікі багатага дому).
Падсыпуюць кухцікі ў печ там пукі сухалому,
другія бяруць на ражны аграмнясты пячэні
валовыя, сарнія, схабы дзікоў і аленні;
а птушак скубаюць, аж пуху зрываюцца хмуры,
глушцы там і цецерукі так галеюць, як куры.
 
Ды мала курэй і было, бо ад гэнай выправы,
што ў часе заезду зрабіў Сак Дабрынскі крывавы
на слаўны куратнік, як Зоськіна то гаспадарства
зніштожыў, не кінуўшы штукі хаця б для лякарства,
то птушкамі шчэ не магло зацвіцеці нанова
калісьці так слаўнае гэтым кругом Сапліцова.
А мяса ўсялякага быў там вялікі дастатак,
ўсё, што сабраць удалося і з дому, і з ятак,
з суседства, здалёку і зблізку, і з лесу ці мала!
Ну, словам, птушына адно малака не хапала.
Дзве рэчы, каторых пан шчодры к бяседзе шукае,
дастатак і штука — абедзве Сапліцава мае.

Ўсходзіў ўрачысты ўжо дзень Найсвяцейшае Пані
Красотнай. Пагода цудоўная, час самы ранні,
а неба так чыста наўкола зямлю аблягала,
як вогнута мора ціхое над ёй спачывала;
шчэ некалькі зор зіхаціць, як бы пэрлы праз хвалі;
адзіная белая хмурынка з сіняе далі
бліжэй падляціць, і крыло у блакіце нырае,
як перра анёла-старожы, калі уцякае
на неба: начною малітвай людской прытрыманы,
спяшае папасці да ўсходу ў нябесныя брамы.

Апошняя зорачка-пэрла на небе тускнее
і гасне, а неба сярэдзінай лобу бляднее,
злажыўшыся правай шчакою на захадні цені,
адтуль смуглавата, а справа ужо у чырвені;
далей рассуваецца круг, як павека шырока,
й відацца адгэтуль бялок велізарнага вока,
відацца абводка і зрэнка — прамень ужо пырснуў
па зводзе закругленым неба ён выгнуты бліснуў
і ў хмурынцы белай, бы з золата піка, павіснуў.
На гэты жа стрэл, як на дзенны сыгнал, вылятае
вагнёў і ракет мільёны, па свеце шыбае.
А сонечна вока ўзышло. Яшчэ крышку заспана,
дрыжаць залатыя расінцы, раскрыты так рана;
ў сем фарб блішчыць сонейка запар: сафірнае разам,
крывавіцца разам рубінам і жоўкне тапазам,
аж зазігаціць найчысцейшым крышталам празрыста,
затым, як брылянт, гэтак ясна, урэсце вагніста,
як месяц, вяліка, як зоркі, мігуча бясконца:
так небам нязмерным ідзе адзінокае сонца.
 
Сягонняка просты парод із усей ваколіцы
Сабраўся яшчэ да усходу наўкола капліцы,
казаў бы на новага цуду чакаў аб’яўленне.
Ну раз, што народ — ён набожнае меў ухіленне,
другое — з цікавасці: сённяка у Сапліцове
збяруцца ў касцёле усе генаралы-паноўе,
героі ўсё слаўныя, павадыры легіёнаў,
якіх ужо ведаў народ, шанаваў, як патронаў,
каторых усенькі тулячкі, паходы і бітвы
былі, як ванэлія нацыянальная Літвы.

Прышло ужо пара ’хвіцэраў і многа жаўнера;
народ акружыў іх, глядзіць, ледзь вачом сваім вера,
што бача сваіх землякоў у мундзерах народных,
гаворачых польскаю моваю, збройных, свабодных.

Імша пачалася. Не стоўпе касцёлічак гэны
сабраных, народ станавіўся ў траве на калены,
адкрыўшы галовы, ўглядаўся на ганак каменны.
А волас народу, найбольш палавы або белы,
увесь залаціўся, як збожжа палетак даспелы;
мясцамі галоўкі дзяўчатаў прыгожа цвіцелі,
убраныя ў свежыя краскі, у павіны вочы[6],
ў расплецены стужкі, прыкрасу касуляў дзявочых,
паміжы мужчынскіх галоў — васількі або макі.
Ўсё поле пакрыўшы пярэсты натоўп разнаякі,
на голас званка, бы ад ветру павею, схіліўся,
галовамі нізка, што спелая ніва, скланіўся.

Сягоння сялянкі нясуць на алтар багамаці
дар першы вясны, пукі зелля з палёў, сенажаці;
убрана ў вянкі і букеты усё наукола:
алтар, абразы, нат званіца і ганкі касцёла.
Падчас толькі ранішні ветрык усходні свавольны
зрывае вянкі і кідае людзём на галовы
і пахам абдасць, як з кадзіла той дым багамольны.

Калі ж у касцеле было па імшы, па казанні,
то вышаў, старшэйшы павагай у гэтым сабранні,
стары Падкаморы, маршалкам павету абраны,
а выбар зрабілі сканфедэраваныя станы[7].
Ён меў ваяводскі мундзер: жупан, золатам шыты,
кантуш градытуравы[8] з фрэнзляй, паяс на ім літы,
 
пры ім карабэля вісіць з галаўнёй яшчуровай;
а шыя вялікаю шпількай блішчыць брылянтовай,
і канфедэратка на ім жа бялюсенька-бела,
і белая чапліна кітка на шапцы тырчэла
(то толькі на фэст надзяецца та кітка багата
із чапліх чубоў: кожна перайка варта дуката).
Вось гэтак убраны, на ўзгорра ўзышоў прад касцёлам;
сяляне, сялянкі, жаўнеры стаўпіліся колам.

Ён кажа:
«Браточкі! казаў ужо ксёндз на амбоне,
што Напалеон, прывярнуўшы свабоду Кароне,
цяпер усей Польшчы й Літоўскаму княству вяртае;
вы чулі, што пастанаўляе урад наш ухвалы,
ўжо універсалы на вальны на сойм рассылае.
Я маю сказаць пару слоў усяго да народу
аб тым, што к сямейству Сапліцаў тут мае нагоду,
к тутэйшым паном.

Хіба помне уся вакаліца,
што тут нарабіў той памершы — пан Яцка Сапліца;
аднак калі знаюць ягоны грахі ўсе ў павеце,
то час і заслугі таксама абвесціць па свеце.
А нашага войска прысутныя тут генаралы
усё расказалі, які быў нябожчык удалы.
Не быў (як казалі) пан Яцка памёршы у Рыме,
жыццё адмяніў сваё толькі, і стан свой, і імя,
за віны ж старыя, што проці Айчызны і бога,
сплаціў ён дзядамі геройскімі, жыў дужа строга.

Калі пад Гунліндын[9] Рышпанс, генарал знамяніты,
збіраўся ў адход, баючыся, што будзе пабіты
(не ведаў таго, што Князевіч к яму паспяшае),
то Яцка, Чарвяк, на мячы, на штыкі не зважае,
праз войскі з пісьмом ад Князевіча йдзе да Рышпанса,
каб стойка стаяў, бо змянілась на лепшае шанса.
Ў Гішпаньі пасля, калі тамака нашыя ўланы
бравурна ўзялі Сама-сьерры[10] хрыбет шанцаваны,
ён побач з самым Казятульскім быў ранен два разы.
Затым разнасіў даручэнні і тайны наказы,
і бегаў па розных старонках настрой спазнаваці,
таварыствы й змовы патайна вязаць, закладаці;
урэшце, ў Сапліцаве, ў родным кутку, затрымаўся,
 
гатовіў паўстанне, ў заездзе пагіб, не даждаўся.
Якраз да Варшавы аб смерці ягонай вядомасць
прышла ў ту хвіліну, калі імператар ягомасць
яго наградзіў за старыя дзяды, за вайсковы:
дык знак кавалераўскі Лег’і яму Ганаровай.
Дык вось жа, прымаючы гэта усё пад увагу,
трымаючы дадзену мне ваяводскую ўладу,
усім абвяшчаю сваёй канфад’рацкаю «ляскай»[11];
што Яцка і службай сваёй й імператарскай ласкай
змыў пляму інфаміі[12], вернен да чэсці,
між правых[13] ізноў патрыётаў знаходзіцца ўрэшце.
А хто бы пасмеў на Сапліцаў на гонар радзінны
ўзвадзіці старыя, цяпер ужо змытыя, віны,
пад кару такі пападзе за няпраўны дакоры,
па статуту будзе запісан у суд, без разбору:
ці рыцар, ці ўшляхчаны хто: gravis masculae notae[14],
няславу кідаць на другіх каб пазбыўся ахвоты;
а дзеля таго, што цяперака роўнасць прызнана,
дык сцігуе трэці артыкул мяшчан і сялянаў.
Прысуд маршалкоўскі адразу пан пісар умесце
у актах сваёй гемеральнасці[15], возны абвесце.

А што да крыжа Ганаровае Лег’і, справа
такая: хоць крыж не паспеў, ды не зменшала слава.
Каб Яцку яго даручыць, мне было б дужа міла;
на жаль! красавацца крыжом можа толькі магіла,
павешу яго на тры дні, а затым можна зняці
й павесіць ужо у капліцу у дар багамаці».

Так скончыўшы, ордэн дастаў Падкамор з пакрывала
й павесіў на скромным крыжы тэй магілы памалу
ў какарду увязану стужачку ярка-чырвону
й крыж белы звяздзісты, што меў залатую карону.
Ад сонца касулькі звязды заяснелі мігава:
як водбліск астатні зямной пана Яцкавай славы.
Тым часам народ «Анёл-Панскі» гавора на лямант,
каб грэшніку быў супакой на век вечны і аман!
Гасцей і сялян грамаду пан Суддзя абхаджае,
усіх да Сапліцава ён на бяседу спрашае.

На прызбе ля дому тым часам заселі два старцы,
а мелі яны пры каленях мядку два паўгарцы.
У сад углядаюцца, дзе міжы макам цвітучым
 
улан, як падсоўнік, стаяў ў каўпаку у бліскучым,
з залочанай бляхай і з пеўня пяром, пры паненцы.
А тая паненка ў зялёнай, як рута, сукенцы
свае вачаняты, як браткі, блакітныя гэткі,
к хлапцу падымае; дзяўчаты, збіраючы кветкі
ў гародзе далей, адвярталі зумысля галовы
ад пары ўлюблёнай, каб ім не мяшаці размовы.

А старцы мядок папіваюць, з кары табакерай
частуюцца ўсё і гавораць так згоднай манерай:

«Ну, так то, Пратазанька мой», — кажа Ключнік Гярвазы.
«А так то, Гярвазаныса мой», — кажа Возны Пратазы.
«Так, так!» — паўтаралі і ў такт галавою ківалі.
Аж Возны прарваў то ківанне і кажа дарэчы:
«Што скончыцца дзіўна працэс паш, таго не пярэчу.
Бывалі на гэта й прыклады; я помню працэсы,
дзе горшыя, як міжы намі, бывалі эксцэсы,
аднак інтэрцыза[16] усенькі пакончыла клопат:
вось так пагадзіўшыся з Борзабагатымі Лопат,
а род Крапштулёў із Купсцямі, Путрамант з Піктурнай
і так з Адынцамі Мацкевіч, з Квілецкімі Турна.
Ды што гаварыць! Гэта ж мела і Польшча замешкі
з Літвою, гарэйшыя, як із Сапліцам Гарэшкі,
аднак як пайшла ў галаву да па розум Ядвіга[17],
то так без судоў абышлася усенька інтрыга.
То добра, як ёсць у старонак дзяўчаты ці ўдовы
на выхадзе: зараз табе кампраміс і гатовы.
Звычайна трывае працэс найдаўжэй з духавенствам,
калі каталіцкае, ці з найбліжэйшым радзімствам,
таму што тады нельга справы пакончыць жанімствам.
Так Ляхі із Русамі ў спорах бясконцых, бясплодных,
бо з Леха і з Руса паходзяць, з братоў дваіх родных;
з ксяндзамі крыжакамі многа працэсаў жа мела
Літва, аж пакуль у канцы іх не выграў Ягела.
Урэшце, цягнуўся так доўга й працэс гэны знаны,
ў каторым цягаліся з Рымшамі дамініканы,
аж выграў яго паўнамоцнік кляшторны, ксёндз Дымша,
адкуль пагаворка: вялікшы пан бог, як пан Рымша;
а я шчэ дадам: лепшы мёд за Цызорык бывае».
Тут к Ключніку палугарцоўкай сваёй прапівае.
 
«А праўда то, праўда! — адкажа Гярвазы ўзрушоны, —
і дзіўныя лёсы і гэтае нашай Кароны,
і нашай Літвы! Гэта ж так, як муж з жонкаю — пара!
Бог лука усё, але дзеле чартоўская мара!
Ах, браце Пратазы! што вочы убачылі нашы!
То ж гэта да нас прыбылі во ізноў караняшы!
Калісьці служыў з імі й я, як былі канфед’раты;
а помню я добра: то хлопцы усё зухаваты!
Ах, каб гэта Стольнік дажыўшы вось так да сягоння ж!
О, Яцка!.. Ды годзе — мінулага ўжо не здагоніш!..
Сягоння Літва із Каронай злучаецца згодна,
то значыцца, згладжана, згоджана ўсё ўсенародна».

«А дзіўна і тое, — прамовіў Пратазы, — аб Зосі,
каторай рукі пан Тадэвуш цяперака просе,
прад годам была варажба, як бы знак які з неба!»
Гярваз перабіў: «Паннай Зофіяй зваць яе трэба,
ужо не малая, не трэба вадзіці за ручку,
к таму з дыгнітарскай крыві, то ж то Стольніка ўнучка».
«Дык вось жа, — канчае Пратазы, — то знак быў прарочы
аб лёсе яе, а я бачыў на собскія вочы;
прад годам у свята тут нашая чэлядзь сядзела
з мядком, ажно бачыма: баць! —і з падстрэшша зляцела
дваіх вераб’ёў, знаць самцоў, дзеручыся, як зверы;
адзін, што крыху маладзейшы, пад горлам быў шэры,
а чорны другі — і давай па падворку у пыле
скубацца, куляцца, што проста зямлю нат парылі.
Глядзём, ажно слугі з сабою пашэптуюць нешта
і кажуць: хай шэры — Сапліца, а чорны — Гарэшка;
і так, колькі раз той шарак на вярху быў шчасліва,
крычалі: Сапліца ура! а Гарэшкі труслівы!
як чорны жа ходаў, крычалі: Папраўся, Сапліца!
паддацца магнату для шляхціца, брат, не гадзіцца!
І так смеючыся, чакаем бітвы тэй развязкі;
аж Зосенька, літасцю знята ці з ласкі,
падбегла й рукою ваякаў накрыла; задзёры
ў руцэ яшчэ біліся так, што ляцелі з іх пёры,
заўзятасць такая была у маленечкім ліху.
На Зосю тут гледзячы, бабы казалі паціху,
што, пэўне, дзяўчыны такое ужо прызначэнне:
пакончыць старое між двух семяйствоў скалачэнне.
А бачу сягоння, што праўдачку бабы казалі.
 
Хоць праўда, што Графа у гутарках тых намячалі,
а не Тадэвуша...»
А Ключнік таму не пярэча:
«Ці мала дзіўнога, ўсяго не спазнайш, чалавеча!
І я раскажу адну рэч, хоць не гэтаку чудну,
як та варажба, але ўсё ж да уцямлення трудну.
Даўней быў бы рады я ўсеньку Сапліцаў сямейку
у лыжцы вады утапіць, адно толькі Тадэйку
чамусь палюбіў; сам не ведаў, чаму — спадабаўся!
Бывала, ўважаю, як з мальцамі ён задзіраўся,
скартуе усіх; колькі раз прылятаў ён да замку,
я ўсё падбухторываў мальца ў баёвым напрамку.
На ўсё быў дасціпны: ці то галубоў выдзіраці
на вежы, ці то емялу на дубе абарваці,
злупіці варонне гняздо з найвышэйшае хвоі;
я думаў: радзіўся хлапец пад шчаслівай звяздой, і
адно мне бывала шкада, што ён з роду Сапліца!
Не думаў, што можа з маёю паненкай жаніцца
і быць маім панам на замку. А ўжо заручоны...»

Спынілася тутака гутарка, п’юць задумлёны,
чуваць толькі часам кароткія іхныя сказы:
«Так, так, пан Гярвазы». — «Так, так, пан Пратазы».

Та прызба ля кухні, каторае вокны стаялі
расчынены насцеж і дым, як з пажару, шыбалі,
аж тутака з дымных клубоў, як галубачка бела,
кухмістара шапка-шляфміца ураз забялела,
і Войскі праз кухні вакно, па-над старцаў галовы
во выткнуў сваю галаву, моўчкі слухаў іх мовы,
урэшце падаў ім бісквітаў на сподку фільжанкі
і кажа: «Цяпер закусіце мядок свой, мапанкі.
І я раскажу вам таксама гістор’ю цікаву-
ю спору, што мог бы ён меці развязку крываву,
калі у лясох налібоцкіх гайсаў і папасваў
Райтан і там выдумаў штуку на князя Дынассаў.
За гэную штуку без мала не страціў здароў’я,
а як я паноў пагадзіў, раскажу вам, паноўе» —
ды Войскага повесці кухары тут перарвалі:
каму ён сервіз загадае стаўляці, пыталі.

Так Войскі пашоў, а старыя, зачэрпнуўшы мёду,
задуманы вочы звярнулі у глыб агароду,
 
дзе бравы улан гаварыў з нарачонай сваёю.
Далонь яе ўзяўшы улан сваёй левай рукою
(а правая на тэмляку, бо быў ранец, відацца),
такімі славамі пачаў у дзяўчыны пытацца:

«Зофія, ты мусіш канешне мне гэта сказаці,
пакуль не заменіш пярсцёнкаў, я мушу то знаці.
То мала, што прошлай зімою была ты гатова
ўжо даці мне слова! Тады не прыняў твайго слова,
не бачыў вагі у такім у прымушаным слове!
Тады прабываў дужа коратка я ў Сапліцове,
не быў так пусты, каб звадзіці сябе пракананнем,
адным што паглёдам збудзіў у табе я каханне.
Я не фанфарон і хацеў бы заслугай уласнай
зыскаць тваё сэрца — хоць доўга, абы не напрасна.
Цяпер ты ласкавая слова сваё паўтарыці;
ды чым жа на ласку такую я ўмеў заслужыці?
А мо’ не сардэчная склоннасць цябе прыцягае,
а толькі што цётка і дзядзька цябе намаўляе?
Замуства — то, Зосенька, справа вялікае вагі!
Свайго толькі сэрца пытайся, ніякай павагі
у гэтым не слухай, ні грозьбаў якіх, ні намоваў.
Калі да мяне ты не чуеш нічога такога,
то можам заручыны нашы яшчэ адкладаці,
вязаць тваёй волі не буду, магу пачакаці.
Паспеху няма, да таго ж загадана мне ўчора
застацца інструктарам тут, у Літве, пакуль хвора
рука не паправіцца, не зажыве мая рана.
І што ж ты адкажаш на гэта мне, Зоська кахана?»

Адказуе Зося, ўздымаючы вочы нясмела:
«Не помню ўжо добра таго, што даўней праляцела;
а ведаю, ўсе так казалі, што замуж мне трэба
ісці за Васпана. Згаджаюся з воляю неба
й старэйшых я заўжды». Спусціўшы затым свае вочы,
прыбавіла: «Перад ад’ездам (як Пан шчэ ахвочы
успомніць), калі ксёндз Чарвяк паміраў у начную
ту буру, то моцна нас Пан шкадаваў, не адну і
слязу прараніў. Тыя слёзы стаяць пастаянна
мне ў памяці, й шчыра скажу: з таго веру я ў Пана,
што любіш мяне. Калі пацеры ўвечар ці зрана
за вас гаварыла, то так прад маімі вачамі
Тадэвуш стаяў із вялікімі тымі слязамі.
 
К зіме Падкаморына ехала неяк да Вільні,
з сабою й мяне узяла, я тужыла так пільне
усё да Сапліцава, ў гэты маленькі пакойчык,
пры століку дзе мы спаткаліся з Панам аднойчы
й рассталіся после. Не ведаю, скуль і ўзялося:
та думка аб вас, як расада, засеяна ўвосень,
праз цэлую зімку у сэрцы маім каранела,
што так, як казала, няспынна я ўсё летуцела
аб гэтым пакойчыку, нешта мне сэрца шаптала,
што Пана спаткаю ізноў тут, і праўда — спаткала.
Вось, маючы ў думках, бывала, пра то заплялася
і ў гутарцы часта — было то у запусным часе;
дзяўчаты смяялісь, казалі, што я закахана;
да ўжо ж: як каго і люблю, то хіба толькі Пана».

З такога прызнання ў каханні Тадэвуш быў рады,
сціснуў, пад руку яе ўзяўшы, і вышлі із саду
у дамскі пакой; гэта быў жа пакойчык той самы,
ў каторым Тадэвушка прад дзесятымі жыў гадамі.

Цяпер там заняты быў Рэент, цудоўна убраны,
ухаджаваў каля сваёй нарачонае дамы,
улёт падаваў ёй там розны сыгнеты[18], ланцужкі,
бутэлечкі, слоікі, і парашочкі, і мушкі;
вясёл, на сваю маладую глядзіць трыумфальна,
а то ж маладая канчае рабіць гатавальню:
прад люстрам пыталася рады у грац’яў-багіняў;
круцілася многа пры ёй пакаёвых ’хмістрыняў:
жалезкай адны завіваюць ёй косы ў пярсцёнкі,
другія стаяць на каленках, майструюць фальбонкі.

Калі гэтак Рэент із дамай сваёй забаўляйца,
стукнуў раптам кухта ў вакно, што угледзелі зайца!
Як выскачыў заяц, шмыгнуў сенажацяй, лазою
і, ўскочыўшы ў сад, між гароднінай там маладою
сядзіць; яго выстрашыць лёгка з расадніку можна
й цкаваць, як паставіць хартоў па пярэсмык нарожны.
Асэсар бяжыць і за шыю Саколку ўжо смыча,
і Рэент за ім паспяшае, Куртатага кліча.
А Войскі абодвух з хартамі паставіў пры плоце,
а сам ідзе ў сад: і лапаткай мушынай калоце,
і свішча, і пляскае, звера страшэнна трывожа;
нацкоўшчыкі кожны трымае харта на аброжы,
 
паказуюць пальцам, адкуль мае заяц той рушыць,
і цмокаюць сціха; сабакі наставілі вушы
і выткнулі морды на вецер, дрыжаць нецярпліве,
як бы дзве стралы на адзінай цяціве.
«Пыф!» — Войскі ускрыкнуў, і заяц шмыгнуў із-пад плоту
на луг, а харты уздагонку, і без абароту
Сакол і Куртаты няшчаснага ўжо ачапілі
адразу з абодвух бакоў, як два птушыны крыллі,
і зубы, як кіпці, яму у хрыбет утапілі.
І енкнуў зайчына, бы та навародна дзяціна,
жалосна! Нацкоўшчыкі бегам, ляжыць ён без духа,
харты ж яму белую поўсць вырываюць з-пад бруха.

Нацкоўшчыкі гладзяць сабакаў, а Войскі дзялецкі,
дабыўшы тым часам з-за пояса ножык стралецкі
і ножкі абрэзаўшы, кажа: «Вось роўну адправу
дастануць сабачкі, здабылі бо й роўную славу,
сягоння іх роўная хіжасць і роўная праца;
дык варты палац пана Паца, а Пац варт палаца.
Нацкоўшчыкі варты хартоў, а харты паноў варты.
І гэтак во скончыўся спор ваш даўгі, не на жарты;
вы ў споры й закладзе мяне за Суддзю абабралі,
прысуд выдаю свой: абодва паны не прагралі.
Закладкі назад я уласнікам іхнім вяртаю,
а вы падпішэце і згоду, як трэ’ па звычаю».
Дык тыя звярнулі к сабе распагоджаны ліцы
і, доўга раздзелены спорам, злучылі правіцы.

Аж Рэент азваўся: «Стаўляў я каня з панарадам
да йшчэ апісаўшыся быў перад земскім урадам,
што гэты во персцень Суддзі пакідаю ў залог жа;
а рэч, што пайшла у заклад, то вярнуцца не можа.
Дык персцень няхай жа Пан Войскі на памятку прыме
і кажа на ім сабе выбіць альбо сваё імя,
альбо, як захоча, Грачэхаў гярбоўны аздобы;
крываўнік шчэ гладкі, а золата добрае пробы.
Цяпер жа уланы каня у язду хоць забралі,
ды збруя пры мне засталася, яе кожны пахваліць,
што дужа выгодна й трывала, хароша, як цацка:
кульбачка вузкая, па модзе турэцка-казацкай
наперадзе куля, а ў ей дарагое каменне,
з рубронту[19] падушачка, што высцілае сяджэнне.
На лук калі ўскочыш, не то што на нейкую дошку:
між куляў сядзіш на пушку так выгодна, бы ў ложку;
галёпам калі як прыпусціш (тут Рэент Балесты,
каторы любіў, як то ведама, розныя жэсты,
расставіўшы ногі, як бы на каня уссядае,
і нібы галёпам ляціць, усім целам ківае).
Галёпам калі як прыпусціш, блішчыць ад папонкі,
як золатам, б’е ад каня на абедзве старонкі,
бо фрэнзелькі золатам гусценька так накрапляны,
шырокі страмёны сярэбраны ды пазлачаны;
а на рамянёх мунштука й аброці для прыкрасы
пабліскуюць гузікі гожа з перловае масы,
ў нагрудніку месяц вісіць там у форме Лялівы,
то ёсь маладзік. А ўсенечкі спрат асаблівы,
здабыты (як вестка нясе) у баі падгаецкім
на неякім шляхціцы турку і дужа важнецкім,—
прымі, Пан Асэсар, хай сведча маю пашаноту».

Адкажа Асэсар, вясёл з усяго абароту:
«І я ж то калісьці ад князя Сангушкі мне даны
паставіў закладам нашыйнікі два, выкладаны
харошым яшчурам і з колцамі з шчырага злота,
і смыч той, із шоўку весь тканы, якога работа
так дорага, як і камень, на смычы тым што свеце.
Хацеў, каб у спадку па мне то дасталі бы дзеці:
напэўне, дзяцей буду мець, бо сягоння жанюся;
аднак жа, Пан Рэент, я нізка табе пакланюся
й прашу, каб прыняў ты мой спрат за багатую збрую
сваю у замену, на памятку спрэчкі, якую
ганорна канчаем цяпер, хоць даўгімі гадамі
вялі між сабой. Няхай згода цвіце паміж намі!»

Ўтраёх тады жыва вярталіся разам да хаты
абвесціць, што скончыўся спор Сакала із Куртатым.

Казалі, што гэнага зайца пан Войскі ля дому
тайком гадаваў і пусціў у садок пакрыёму,
згадзіці каб споршчыкаў лёгкай дабычай прыемнай.
Зрабіў гэту ўсенькую штуку стары так таемна,
што лёгка зусім ашукаў ён усё Сапліцова.
Хоць кухцік праз колькі гадоў і шапнуў пару словаў,
Асэсара з Рэентам каб скалаціці нанова,
дык толькі ж дармо так на хортавы гонар замерыў,
стары запярэчыў, а кухце ніхто не паверыў.

Бяседы чакаючы, госці, сабраўшыся ў залі
вялікай у замку, наўкола стала размаўлялі,
калі пан Суддзя у мундзеры вайводскім уходзе
ды пана Тадэвуша й Зосю з сабою выводзе,
'Гадай сваю леву руку к галаве падымае,
начальства сваё так ваенным паклонам вітае;
а Зоська, спусціўшы пагляд на зямлю, чырванела,
аднак жа гасцём пакланілася дзыгам умела.
(Тальменаю хораша дзыгаць была навучона.)
Хоць на галаве яна мела вянок нарачонай,
убор астальны быў той самы, ў якім у капліцы
складала свой сноп веснавы багамаці дзявіцы.
Ізноў для гасцей яна зелля сноп новы нажала;
аднэй рукой краскі і травы з яго раздзяляла,
другой на галоўцы бліскучы свой серп папраўляла.
Важы бралі краскі, цалуючы ручку удала;
і дзыгала Зося ізноў ды ізноў паланела.

Аж раптам Князевіч за плечы узяў яе смела,
па-бацькоўску пацалаваўшы ў лобік дзяўчынку,
паставіў на стол, так падняўшы уверх, як пярынку.
І пляснулі ўсе у далоні і ўскрыкнулі: «Брава!»,
захоплены Зосі прыгожасцю, ўсенькай паставай,
найболей жа ўборам яе тым літоўскім, прастацкім:
бо для важоў, што ў жыцці тым сваім у туляцкім
так доўга блудзілі па розных краёх на чужыне,
прыцяг меў вялікі народны убор на дзяўчыне,
бо прыпамінаў ім і іхны гады маладыя,
й каханне; без мала што не са слязамі старыя
ваякі з цікавасцю стол грамадой абступілі,
каб вочы й галоўку вышэй падняла бы, прасілі
адныя; крыху павярнуцца наўкола — другія.
Дзяўчына саромліва той абарот выпаўняе,
а вочы аднак жа рукамі усё засланяе.
Тадэвуш глядзіць, паціраючы рукі, так рады.

А вышла ў тэй сукні яна ці то з нечай парады,
ці ведала гэта інстынктам (дзяўчына згадае
чуццём заўсягды, што да твару яе прыпадае),
даволі, што злаяна сёння была ад Тальмены,
 
у першы то раз у жыцці, за упор свой нязменны,
не хочучы модных убораў, і вымагла плачам,
што так і пакінулі дзеўку у строі прастачым.

Спаднічка даўгая і бела; сукенка каротка
з камлёту зялёнага з гожай ружовай абводкай.
Гарсэцік зялёны, ружовыя стужкі даўгія
шнуруюць яго у пружочкі ад нізу да шыі,
і туляцца грудцы пад ім, як пад лісцем пучочкі,
бялеюць ад плеч рукавы беласнежнай сарочкі,
як крыллі матыллі уздутыя, к лёту узняты,
пакорпаны ля далані, гожа стужкай апяты.
Абціснена шыя таксама сарочкай вузкою,
каўнерык завязаны жычкаю (стужкай такою).
Завушніцы з костачак вішні адроблены штучна,
вырэзываў іх Сак Дабрынскі мастацка і зручна
(два сэрцы гаручыя, й два прабівалі іх гроты,
а даны, як Сак удаваўся да Зосі ў залёты);
вісяць на яе каўняры два шнурочкі бурштыну,
а на галаве зелянее вянок размарыну.
Істужкі ад косаў на плечы яна папусціла,
а жнейкаў звычаем сабе на чало узлажыла
сярпочак крывы, свежым жаццем травы шліфаваны,
бліскучы, як той маладзік над чалом у Дыяны[20].

Ўсе хваляць і пляскаюць. Толькі адзін з афіцэраў
дабыў з кішэні свой партфель із пластамі папераў,
расклаў, алавік завастрыў, у губах пакумячыў,
на Зосю глядзіць і рысуе. Суддзя, ледзь убачыў
прылады к рысункам, пазнаў рысавальца самога:
палкоўніцкі, праўда, мундзер адмяніў яго многа,
багаты палеты, сапраўдна уласная міна,
пачэрнены вусік, гішпанка — харошы мужчына!
Падскочыў і кажа: «Як маешся, Ясьневяльможны
Пан Граф! хоць ваяка — малярскі прылад падарожны!»
А быў гэта Графін папраўдзе. Жаўнерам нядаўна,
ды маючы дужа вялікі даходы, ён спраўна
і коштам сваім цэлы полк кавалерскі паставіў
і зараз у першай бітве сваё імя праславіў,
палкоўнікам сёння яго Напальён імянуе;
Суддзя, прывітаўшыся з Графічам, з рангай, віншуе,
ды Граф і не слухае: гэтак заўзята малюе.
Тым часам зыходзе і пара друга нарачона:
 
Асэсар, нядаўна цара, а цяпер Напальёна
ўжо верны слуга; меў жандармаў аддзел у камандзе
й, хоць дваццаць гадзін усяго быў на ўрадзе,
надзеў ужо сіні мундзер, што меў польскі аблогі,
ды шаблю крывую цягнуў і званіў у астрогі.
А побач паважна ступала ягона каханка,
убраная стройна: то Тэкля была, Грачашанка;
Асэсар даўно ўжо пакінуў к Тальмене залёты
і, каб шчэ мацней пакараці какеткі пустоты,
да Войшчанкі хутка звярнуў свайго сэрца журботы.
Не надта была маладая, ўжо блізка паўвеку,
ды добрая і гаспадыня, і друг чалавеку,
й пасажная, бо кроме спадчыннай вёскі нядрэннай
шчэ сумкай із дару Суддзі павялічыла вена[21].

А трэцяе пары дармо дужа доўга чакалі.
Суддзя нецярплівіцца, шле ужо слуг, каб шукалі.
Вяртаюцца й кажуць, што той малады нарачонік,
пан Рэент, палюючы зайца, згубіў свой пярсцёнік,
шукае па лузе цяпер, а яго маладая
яшчэ прыбіраецца; хоць і сама паспяшае,
і хоць памагаюць жа ёй пакаёвы кабеты,
ніяк не магла шчэ закончыць сваёй туалеты;
ледзь будзе гатова яна на гадзіну чацвёрту.

Зноскі

правіць
  1. Адзін рускі гісторык такім жа чынам апісвае варожбы і прадчуванні рускага простанароддзя напярэдадні вайны 1812 года (А. М.).
  2. Рунь — зелянеючыя пасевы азімых (А. М.).
  3. Вырай у народнай мове знача асенні час, калі вандроўныя птушкі адлятаюць; ляцець у вырай знача ляцець у цёплыя краі. Адгэтуль пераносна народ называе выраем цёплыя краі і наогул нейкія казачныя краі, шчаслівыя, ляжачыя за морамі (А. М., Б. Т.).
  4. Вельмі рэдкая цяпер кніжка, выдадзеная больш ста год назад Станіславам Чарнецкім (А. М.).
  5. Часта апісвалі і малявалі тое рымскае пасольства. Гл. прадмову да кнігі «Кухар дасканалы». Гэта пасольства выклікала вялікае здзіўленне ўсяго заходняга свету; блеск і аздоба стала былі такімі выдатнымі, што адзін з рымскіх князёў усклікнуў: «Рым шчаслівы, прымаючы такога пасла». Чарнецкі сам быў галоўным кухарам Асалінскага (А. М.).
  6. Пава мае прыгожа ўзорысты хвост, як вочы (Б. Т.).
  7. У Літве, з уваходам французскіх і польскіх войскаў, па ваяводствах завязалі канфедэрацыі і абралі паслоў на сойм (А. М., Б. Т.).
  8. Градытуравы (франц, gros de Tour)—цяжкая шаўковая тканіна з французскай фабрыкі ў горадзе Тур (Б. Т.).
  9. Вядома, што пад Гогэнліндэнам польскі корпус пад камандаваннем генерала Князевіча вырашыў лёс перамогі (А. М.).
  10. Сама-сьерра — вузкі горны пралаз, што вядзе праз Пірэнеі з Францыі да Мадрыда (Б. Т.).
  11. «Ляска»—булава, знак улады (паланізм, па-беларуску: леска) (Б. Т.).
  12. Інфамія — няслава (Б. Т.).
  13. Правы — справядлівы (Б. Т.).
  14. Gravis notae maculae — запісанае цяжкай віны ў судовых актах (Б. Т.).
  15. Генаральнасць — галоўная ўправа канфедэрацыі (Б. Т.).
  16. Інтэрцыза — прадшлюбная ўмова (Б. Т.).
  17. Польскія паны пажанілі сваю каралеву Ядвігу з в. кн. літоўскім Ягелам і так зрабілі спрытны крок да дзяржаўнай уніі (Б. Т.).
  18. Сыгнет— персцень (Б. Т.).
  19. Рубронт (Франц. Robe ronde)—жаночая сукня або матэрыял на яе (Б. Т.).
  20. Дыяна — багіня ўловаў, мела на чале паўмесячык (Б. Т.).
  21. Вена — пасаг (Б. Т.).