Пан Тадэвуш (Міцкевіч/Тарашкевіч)/Быліца дванаццатая

Быліца адзінаццатая Пан Тадэвуш
Паэмы
Аўтар: Адам Міцкевіч
1834
Арыгінальная назва: Pan Tadeusz
Пераклад: Браніслаў Тарашкевіч

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Быліца дванаццатая
КАХАЙМАСЯ

ЗМЕСТ:
Апошняя старапольская бяседа. — Архісервіз. — Аб’ясненне яго фігур. — Ягоныя рухі. — Дамброўскі абдараваны. — Першы ўрадовы акт Тадэвуша пры абняцці маёнтку. — Канцэрт над канцэртамі. — Паланез. — Кахаймася.


Ў канцы дзверы залі во насцеж із трэскам адпёрты.
Пан Войскі у шапцы ўвайшоў з галавою задзёртай;
ні з кім не вітаецца й сесць пры стале не сядае,
бо Войскі у новым характары тут выступае,
маршалкам двара. З булавою, адзнакай ураду
і тэй булавою чародна, як майстра абраду,
паказуе ветла мясцы і гасцей усіх садзе.
На сам-перш галоўнай ўсяго ваяводства уладзе
пачэснае крэсла Маршалку дае, Падкамору:
з сланёвай касцей, аксамітнае — дзеля ганору;
а з правага боку пры ім генарал, пан Дамброўскі,
налева заселі Князевіч, пан Пац, Малахоўскі,
між іх Падкаморына, далей жа іншыя пані,
паны, афіцэры і розная шляхта й зямляне.
Мужчыны й жанчыны па пары на змену у радзе
займаюць парадкам мясцы, дзе іх Войскі пасадзе.

Суддзя, пакланіўшыся, хутка гасцей пакідае,
сялян грамаду частаваць на падворку бо мае.
Сабраўшы іх там за сталом, на дзве стаі даўжэнным,
сеў сам ён на гэтым канцы, а клябан аж на гэным.
Тадэй жа і Зося зусім да стала не прыселі,
заняты пачосткай сялян, яны ходзячы елі.
І так маладыя (звычай спрадвечнага роду)
на першай бяседзе прыслужуюць самі народу.
А госці тым часам, патраваў чакаючы ў залі,
усе са здзіўленнем вялізны сервіз аглядалі,
 
каторага быў дарагі і мэталь і работа.
Легенда казала, што князь Радзівіл, той Сірота[1],
яго заказаў у Венецыі адумыслова,
аздобы ж паводле тутэйшае думкі, краёвай.
Сервіз быў забраны пасля ў часе войнаў тых шведскіх
і неяк затым перайшоў аж у дом у шляхецкі,
сягоння сяродак стала ён займае вясёла
вагромністым кругам у відзе карэтнага кола.
 
Сервіз ада дна і аж да берагоў быў наліты
і белымі пенкамі, й цукрам, бы снегам спавіты:
то значыцца, так прадстаўляў выгляд краю зімовы.
Ў сярэдзіне самай чарнеецца бор вараннёвы[2],
пры ім па бакох стаяць хаты і вёскі й засценкі,
а стрэхі пакрыты шаронам з цукровае пенкі.
А на берагох жа начыння стаяць для аздобы
малыя надутыя із парцэляны асобы
у польскіх уборах; бы тыя артысты на сцэне,
яны выглядаюць, казаў бы, даюць прадстаўленне;
жэст дужа выдатны, а іхныя барвы дзіўныя,
ну, голасу толькі няма, ў астальным як жывыя.
«А што прадстаўляюць?» — пыталіся госці цікаве.
Тут Войскі падняў булаву сваю й гэтак во праве
(тым часам гарэлку даюць прад ядой наўкола):
«А з дужа Масцівых Паноў Дабрадзеяў дазволам,
што тутака бачыце многа фігур, як аздобы,
то польскага сойміку гэта гістор’я й асобы:
нарады і галасаванне, трыумфы і звады;
так сцэну адгадую й вам аб’ясніць дужа рады.

Направа мы бачым во шляхты вялізную гранку,
відацца, спрасілі прад сеймікам іх на гулянку.
Во столік накрыты, гасцей аніхто ж і не садзе,
стаяць так у кучках, і кожная кучка штось радзе.
А глянь, сярод кожнай стаіць па адным чалавеку,
з каторага вуснаў адкрытых, паднятых павекаў
і рук неспакойных відацца — аратар, тлумача,
і пальцам выводзе, і на далані нешта знака.
Прамоўцы, відаць, захваляюць сваіх кандыдатаў,
пазнаеце з мін слухачоў, хто з якім рэзультатам.

У групе другой шляхта слухае пільне, зважае,
той, рукі за пояс заткнуўшы, вушшу настаўляе,
_а той з даланёй пры вушох моўчкі крупе ўсё вусы,
відацца, што цягне прамова яго на спакусы.
І рады аратар, бо іх за наверненых мае,
і гладзе кішэнь, бо у ёй ужо краскі трымае.
Затое у трэцяй вун групе інакшая справа:
за полы хапае аратар налева, направа.
Паглянь! вырываюцца, йдуць на бакі науцекі,
а тут во ад злосці слухач ледзь не покнецца нейкі!
гразіць кулакамі й прамоўцы губу затыкае:
 
аратар праціўніка, знаць, пахваліў — не стрымае!
Другі вун, як бык той, свой лоб пахіліўшы, трымае,
казаў бы, аратара возьме ўжо зараз на рогі;
вун тыя схапілі за шаблі, а тыя — у ногі!

Адзін міжы кучкамі шляхціц стаіць, маракуе,
відаць, чалавек бесстаронны, баіцца, мяркуе.
Даць крэску каму? ён не ведае і сумнявайца,
пытаецца лёсу, наставіў вялікія пальцы
і, вочы зажмурыўшы, ногцем у ногаць во мера,
відацца, што крэску сваю кабале ён павера.
Як пальцы спаткаюцца, дасць тады афірматыву[3],
калі ж размінуцца, то кіне тады негатыву[4].

Налева тут іншая сцэна: то заля кляштору,
тым часам абвернена ў залю шляхецкага збору[5].
Старэйшыя радам на лавах, а хто маладзейшы,
стаяць; заглянуць у сяродак яны цікавейшы:
стаіць там маршалак, вазон у руках ён трымае,
падлічуе галкі, што шляхта вачмі пажырае.
Во вытрас апошнюю; возныя рукі ўздымаюць,
імя абабранага ўрадніка так абвяшчаюць.

Адзін толькі шляхціц на згоду агульную дмухне.
Акном галаву сваю выткнуў з кляштарнае кухні,
і гляньце, як вылупіў вочы, ўзіраецца смела,
разявіўся — з’есць, моў бы, хоча сабранне то цэла.
Ну, лёгка згадаці, што шляхціц той выкрыкнуў: «Veto!»[6]
Пабачце, як да калатні паслужыла ім гэта:
ўжо ціснуцца ў дзверы натоўпам, відацца, да кухні,
схапілі за шаблі, крывавая бойка там бухне.
А вунака на калідоры, панове, ўважайце
старэнькага дужа ксяндза, што ідзе у арнаце,—
то прыар кляшторны; сакрамант з касцёла выносе,
хлапец жа у комжы ўсё звоне, ўступіціся просе.
Жагнаюцца, шаблі хаваюць, стаяць на каленях,
а ксёндз туды йдзе, дзе аружжа скрыгоча у сенях,
і ўсіх там уціша і згодзе, як толькі прыбудзе.

Панове не помніце, бо маладыя вы людзі!
Як між самаўладнае шляхты, бурлівай і збройнай,
не трэба паліцыі было ані пешай, ні коннай.
 
Як вера цвіцела, тады шанавалася й права,
свабода з парадкам была, а з дастаткам і слава!
Па іншых, чувацца, старонках — паліцыя, кары,
настаўлены там ад ураду канстэблі[7], жандары;
як толькі бяспеку пільнуюць на гэтку манеру,
мячом, то, каб тамака воля была — не паверу».
Тут бразнуў ў сваю табакеру й сказаў Падкаморы:
«Ну так, Пане Войскі, ды кіньма усе разгаворы
на после. Прызнаюся, соймік хоць дужа цікавы,
ды госці галодны, скажы падаваці патравы».

А Войскі на тое, к зямлі пахіляючы «ляску»;
«Мой Ясневяльможны Паночку, зрабіце мне ласку,
скажу вам апошнія толькі на сойміку штукі:
староннікі нова маршалка бяруць во на рукі
і з залі выносяць. Пабачце, як тут паны-браты
падкідуюць шапкі і губы адкрылі — віваты!
А з боку другога няўдачны панок засмучоны,
аднюсенькі, шапку націснуў на лоб задумёны,
а жонка прад домам: згадала, якая падзея,
і, бедная, ўжо на руках пакаёўкі во млее.
Ах, бедная! Ясне Вяльможнаю мела ўжо звацца,
а толькі Вяльможнаю зноў тры гады прабівацца!»

Тут Войскі канчаў апісанне, даў знак булавою.
І парамі ўходзяць ужо лякаі чарадою,
разносячы стравы: і боршч, каралеўскім што званы,
й расол старапольскі; а штучна расол гатаваны,
пан Войскі бо ведае розныя дзівы й сакрэты:
укінуў туды колькі пэрлаў і штуку манеты
(расол такі крэпе здароў’е і кроў ачышчае).
А стравы усе каб спісаць, то і сіл не хапае!
Бо хто ж зразумее нязнаныя ў час ужо нашы
паўміскі кантузаў, аркасаў і розныя бляманшы[8],
з дамешкамі рознымі помухлі і фігатэлі[9],
зайчыны, сарніны, драганты, пінэлі, прунелі[10];
а гэныя ж рыбы: ласось і сухі й дунаецкі,
пры ім асятрына, кавёр і венецкі й турэцкі,
а штукі вялізны, на локаць, таўшчэразны каркі,
і флёндры, і карпы-цвікі, і шляхетныя карпы.
Урэшце кухарскі сакрэт: гэта рыба такая,
не рэзана, смажана ад галавы, а таўстая
сярэдзіна печана, хвост жа у сосе мачае.
 
Ды госці зусім не пыталі названня тых страваў,
не застанаўляў іх кухарскі сакрэт так цікавы,
з жаўнерскім яны апетытам усё паядалі
і венгрыну поўны кілішкі сабе падлівалі.

Тым часам сервіз сваё снежна пакрыцце змяняе[11],
абдзёрты са снегу, зялёную барву прымае,
бо лёгкая, летнім цяплом разагрэта ступенна,
памалу растаяла лёду цукровага пена
й дагэтуль нявіднае дно прыадкрыла зысподу;
цяпер прадстаўляе абраз пару новага году,
бліснуўшы зялёнаю рознабарвістай вясною.
Во рознае збожжа выходзе належнай чаргою:
пшаніцы шафранавай колас буйны, залацісты,
во жыта палетак відаць маляваны, срабрысты
і штучна во зроблена грэчка уся з шакаладу,
цвіцяць тут і яблыні й грушы вялізнага саду.

Ледзь часу хапае гасцём дароў лета спазнаці,
дармо яны Войскага просяць, каб іх затрымаці,
сервіз, як планета, стрымаць абароту не можа,
змяняе пару: маляванае золатам збожжа,
набраўшы у хаце цяпла, памалюсеньку тае,
ўжо травы пажоўклі, лісцё чырванее, злятае,
казаў бы чувацца насеннага ветру павевы;
ў канцы ўсе, хвілінку да гэтага стройныя, дрэвы,
цяпер як абдзёрты яны ад віхру і шарону,
так гола стаяць: то адно жагаркі цынамону
або прадстаўляўшыя хвою галінкі ляўрыну,
што нібы у шпількі адзеты ў зёранцы кміну.
А госці, віно папіваючы, дай жа галіны
і пні, і карэнне на закусь зрываць, як маліны.
Пан Войскі абходзе сервіз, дужа рады, ахвочы,
звяртае свае да гасцей, трыумфуючы, вочы.

Дамброўскі тады прычыніўся, што надта ў здзіўленні,
і кажа: «Пан Войскі, ці гэта кітайскія цені?
ці гэта на службе у Пана Пінэтава[12] бісы?[13]
Дагэтуль у вас на Літве ўсё такія сервізы,
дагэтуль кіруеце ўсе вы старым абычаем?
Скажы мне, бо я ўсё жыццё прамайначыў за краем».
 
З паклонам адказуе Войскі: «Не, Ясне Вяльможны
Паночку мой, гэта не вымысел нейкі бязбожны!
То памятка толькі ад гэных бяседаў ад слаўных,
якія давалі калісьці ў паноў старадаўных,
калі яшчэ Польшча магутнасці й шчасця ўжывала.
А я што зрабіў, то у гэтай во кнізе пісала.
Пытаеш, ці ўсюды ў Літве так бяседы шчэ ладзяць?
На жаль! і да нас ужо новыя моды улазяць.
Крычыць не адзін панічок, што не любе ён збыткаў,
як жыд які, есць, гасцём скупе наедку, напіткаў;
шкадуючы венерыну, п’е ён напітак чартоўскі,
віно падраблянае, модны шампан той маскоўскі;
у карты ж за вечар пасля столькі золата страце,
што даў бы бяседу за то і для ста шляхты-брацці,
а нат (бо што маю на сэрцы, скажу то сягоння,
хай Пан Падкаморы не гневіцца і не бароне),
калі я сервізам цудоўным так пільне займаўся,
то нават і Пан Падкаморы з мяне пасмяяўся!
Казаў: старасвецкая нудная дужа махіна,
і выгляд, што мае яна, як забаўка дзяцінна,
і што для людзей такіх слаўных не гожая будзе.
Суддзя! і Суддзя гаварыў, што гасцей яна знудзе.
Тым часам, як бачу з прысутных паноў заздзіўлення,
то варта харошая штука была пабачэння.
Не ведаю, ці калі-колечы лёс яшчэ здара
гасціць у двары Сапліцоўскім такіх дыгнітараў.
Што Пан Генарал на бяседах ёсць знайка, то бачу,
затым жа і гэтую кніжку я Пану прызначу:
прыдасца, як будзеш бяседы спраўляці патронам,
манархам якім загранічным, нат — для Напалеона!
Ды перш, чым аддаці скарбніцу кухарскае штукі,
скажу, якім чынам папала яна мне у рукі».

Аж гоман паўстаў за дзвярмі; галасоў жа нямала
«Няхай жа жыве наш Пятух на Дасцеле!» — крычала,
і шляхта натоўпам з Мацеем у залю ўплывала.
Суддзя вёў гасця за руку да самога застолля
й садзіў яго міжы важоў у пачэсным тым коле,
гаворачы: «Пане Мацею, нядобры суседзе,
так позна прыехаў, без мала ужо па абедзе».
«Наеўшыся, — кажа Дабрынскі, — не дзеля наедку
прыбыў, а цікавасць напала, мой пане суседку,
каб зблізка зірнуць на сваё нац’янальнае войска.
 
Зашмат гаварыць — ані тое, ні сее, хоць свойска!
Ну, шляхта пабачыла й цягне, і Пан мяне згледзеў
і тутака садзіш за стол— але дзякуй, суседзе!»
Ўверх дном адвярнуў сваю нават талерку, то знача,
што есці не будзе, чагось нездаволен — няйначай.

«Ах, Пане Дабрынскі, — азваўся к яму сам Дамброўскі, —
то ж ты гэта, слаўны рубака такі Касцюшкоўскі,
Мацею ты, Розачка! Знаю цябе я са славы.
Ну, бачце! дагэтуль тчэ моцны і гэтакі жвавы.
А колькі ж то часу мінула! Глянь, я пастарэўшы,
глядзі, і Князевічу волас ужо пашарэўшы,
а ты йшчэ з малодшымі мог бы схапіцца у долькі;
красуецца Розга твая, кажуць, часу то столькі!
Я чуў, што нядаўна ты нат маскалёў тут ацвічыў.
А толькі браты дзе твае? Я страшэнна бы зычыў
пабачыць Цызорыкаў гэтых і вашыя Брытвы,
’кземпляры апошнія ўжо старавечнае Літвы».

Суддзя адказаў: «Генарале, па гэным звіцястве
Дабрынскія блізка усе пахаваліся ў Княстве;
хіба увайшлі да якога твайго легіёну!»
«А праўда, — казаў маладзенечкі шэф эскадрону, —
ў мяне у кампаньі другой ёсць вусаты страшыла
вахмістрам, Дабрынскі, празваны іначай Крапіла,
мазуры ж яго ведзмядзём празываюць літоўскім,
а варта яго прывясці: маладзец не такоўскі».
«Ёсць, — кажа паручнік, — і іншыя родам із Літвы,
жаўнер адзін, ведамы добра пад прозвішчам Брытвы;
другі, той, што ездзе з трамблёнам сваім на фланкеры[14],
а ёсць і ў стралецкім палку яшчэ два грэнадзёры
Дабрынскія».
«Ведаць хацеў бы аб іх камандзіры, —
казаў Генарал, — аб Рубайле, Цызорыку спраўным;
мне правіў пан Войскі аб ім столькі дзіваў так слаўных,
як проста аб нейкім із волатаў тых старадаўных».
«Цызорык, — пан Войскі казаў, — хоць у краі застаўся,
ды боязна следства было, прад Масквою хаваўся;
усеньку зіму, бедачына, туляўся па лесе
і толькі што выгнаў. Ў ваенным цяпер інтарэсе
ён мог бы прыдацца, бо рыцарскім ёсць чалавекам,
а толькі шкада, што крыху ўжо прыціснуты векам.
 
А вось жа і ён!» Тут пан Войскі паказуе ў сені,
дзе чэлядзь, сяляне натоўпам стаялі ў сцісненні,
а над галавамі ўсіх лысіна бела, бліскуча
з’явілася раптам, як месяцу поўні з-за тучаў,
і тройчы ўзышла і зайшла у галоў абалокі.
Шоў Ключнік і кланяўся, ўсіх распіхаючы ўбокі,
а вышаўшы, кажа:
«А Ясне Вяльможны Гатмане,
ці то Генарале, ды справа не ў тытулаванні,
Рубайла — то я і прыйшоў на тваё закліканне
з сваім во Цызорыкам гэтым, які не з аправы,
ні з напісаў, але ад гарту дабыў сабе славы,
што нават аб ім жа і Ясне Вяльможны Пан ведаў.
Каб ён гаварыці умеў бы, то, можа б, паведаў
крыху пахвалы аб руцэ уладальца старога,
якая служыла і доўга і верна, падзякаваць бога,
Айчызне й сямейцы вяльможных Гарэшкаў таксама,
аб чым у людзёх і дагэтуль не згінула слава.
Мапанку! то ж рэдка які пісарчук правантовы[15]
так зручна сцінае пяро[16], як Цызорык галовы.
Задоўга й лічыці! А вушы й насы незлічоны!
Ды шчэрбы ніякай няма йшчэ на брэдзе ягоным,
ніколі не спляміў яго і разбойніцкі ўчынак;
адкрытая толькі вайна, або так — паядынак.
Ну, раз толькі! Дай яму, Пане, ты вечна спачынак!
Нязбройнага сцяў чалавека (праз шкоднасць ягону!)
А й то, няхай бог будзе сведкам, рrо publico bono».
«А ну, пакажы, — смеючыся, прамовіў Дамброўскі, —
харошы цызорычак, меч то сапраўдны катоўскі!» —
і сам аглядае мяча і дзівуецца шчыра,
чаргова другім афіцэрам дае ту рапіру.
Прабуюць усе, але здолее ледзьве каторы
падняць яе ўверх. Хоць не ўсе афіцэры у зборы;
казалі, Дамбінскі, што сілай рукі сваёй слаўны,
каб быў бы, рапірай валодаў бы лёгка і спраўна.
З прысутных адзін толькі шэф эскадрону Дварніцкі,
таксама начальнік, плютону паручнік Ружыцкі,
круцілі жалезным друком, хоць не лішне свабодна:
і так з рук у рукі рапіра хадзіла чародна.

Князевіч, што праўда, і ростам з усіх найбуйнейшы,
там быў, паказалася, і у руках наймацнейшы.
 
Узяўшы рапіру, так лёгка, як шпагаю, дзвігнуў
і над галавамі гасцей, як маланкаю, мігнуў,
прыпомніўшы выкруты польскай фехтарскай навукі:
млынок і крывы ўдар, і цяты, і крадзены, штукі
крыжовыя й розныя тэмпы контрпунктаў, тэрцэтаў,
якія умеў, бо быў сам ён із школы кадэтаў.

Калі, смеючыся, вымахваў, Рубайла ў здумленні
прыпаў, са слязамі яму абнімае калені
і енча за кожным зваротам мяча: «Генерале,
як лоўка! Ці быў канфед’ратам? Як хораша, ўдале!
Удар во Пуласкіх! А так Дзержаноўскі складаўся.
Во Савы[17] удар! У каго Пан з рукой муштраваўся?
Ў Дабрынскага можа Мацея? А во, Генарале,
й мая гэта штука, дальбо, не хвалюся зухвале,
удар у засценку Рубайлавым толечкі й знаны,
«мапанку удар» ад майго бо імя і празваны.
А хто ж яго вас навучыў і так спрытна, удала?»
З каленаў падняўся, ў абоймы схапіў генарала.
«Спакойна памру! Чалавек бо знайшоўся на свеце,
дзіцятка маё дарагое прытуле нарэшце;
бо то ж аддаўна дзень і ноч галава мне балела,
па смерці маёй каб рапіра мая не ржавела!
Дык не заржавее! А мой жа ты Ясне Вяльможны,
даруй, Генарале: пакіньце ражны свае розны,
нямецкія шпадкі! то ж сорам са шляхты дзіцяці
кіёчкі насіць: па шляхотнаму трэ ваяваці.
Я свой жа Цызорык табе во пад ногі складаю,
то найдаражэйшы мой скарб, што на свеце я маю.
Не меў ні дзіцяці, ні жонкі, бы вецер у полі,
а ён быў мне жонкай, дзіцём; не выходзіў ніколі
з абоймаў маіх, бо ад раніцы да сумароку
кукобіў яго, уначы са мной спаў ён пры боку;
калі ж пастараўся (хоць людзі гавораць — не скора),
завесіў над ложкам яго, як той жыд дзесяцёра!
Нат думаў з рукой закапаць у магілу й аружжа,
знайшоўся наследнік, аднак, — хай Табе цяпер служа!»

Дамброўскі, крыху смеючыся, а болей праняты,
гавора: «Калега, калі мне уступіш дзіця ты
І жонку, то сам застанешся залішне самотны
на старасць сваю; удавец і сірота журботны.
Скажы мне, якую ты прымеш за дар нагароду,
за ўдоўства й сіроцтва тваё што дало б асалоду?»
«Няўжо я Цыбульскі? — разжаліўся Ключнік, не жарты, —
што жонку прагрэў маскалю, разаграўшыся ў карты[18],
як песня гавора! — А мне будзе до’ і на гэтым,
што мой жа Цызорык блісне яшчэ раз перад светам
у гэтай руцэ! — Хіба сам Генарал тое знае,
што трэба, пры ім каб тасемка была бы даўгая,
даўжэнны бо меч; а рубаць трэ ад левага вуха
аберуч, пратнеш тады ад галавы аж да бруху».

Узяў генарал той Цызорык з гартоўнае сталі:
насіць задаўгі, таму слугі ў фургоне схавалі.
А што з ім далей прылучылася, розна казалі,
ды толькі ж ніколі наверна аб тым не празналі.

Дамброўскі пытае Мацея: «А ты што не рады,
калега, здаецца, з прыходу лег’ёнскай грамады?
Маўчыш, такі кіслы? Няўжо табе сэрца не скача,
як вока арлы залатыя і срэбныя бача?
Пабудку калі Касцюшкоўскую трубяць над вухам?
Мацею, лічыў бы цябе за вялікшага зуха!
Як шаблі не возьмеш, не хочаш сядзеці больш конна,
прыдамся, з калегамі піць будзеш весела, згодна
за Напалеона здароўе, за Польшчы надзеі».

«А! — кажа Мацей, — чуў і бачу, якія падзеі!
Аднак двух арлоў у адным жа гнязде не вядзецца,
а панская ласка адно да парогу, здаецца.
Вялікі герой Напальён, я не буду пярэчыць!
Пуласкія, другі мае, калі ўспомніць да рэчы,
казалі не раз, спаглядаючы на Дымур’ера[19],
што Польшчы то польскага трэба героя цяпер, а
не нейкага йтальца, француза, трэ’ роднага Пяста,
ну, нейкага Яна, Язэпа, Мацея — і баста!
А войска! і польскае ж нібы! а ўсё: фізільеры,
чуваць, грэнадзеры, саперы і кананіеры!
У гэтым натоўпе ёсць болей нямецкіх назоваў,
як нацыянальных, што нат не уцяміш ні слова.
А з вамі, відацца, і туркі, й татары, не зверы,
й не людзі, сызматыкі, што ім ні бога, ні веры:
 
бо бачыў я сам, як у вёсках жанчын нападаюць,
касцёлы рабуюць, нявінных людзей абдзіраюць.
Ідзе Напальён на Маскву! а далёка дарога,
калі туды выбраўся ён, абмінаючы бога!
Чувацца, што ўжо ён папаў пад пракляцце біскуп’е;
усё гэта...» Хлеб памачыў тут Мацейка у супе
і еў, не канчаючы гэтак апошняга слова.

Не ў смак Падкамору прышлася Мацеева мова,
і шэмрала моладзь; Суддзя перарваў тады свары,
прыход абвясціўшы заручанай трэцяе пары.

То Рэент; ён сам сябе Рэентам хутка абвесціў.
Дагэтуль насіў сабе польскую вопратку ў чэсці,
ды будуча жонка, Тальмена, пад страхам разводу
яму наказала пакінуць шляхоцкую моду[20],
адзеў таму Рэент французскую вопратку нову.
Знаць, фрак адабраў і душы яму добру палову:
ідзе, моў бы кій праглынуўшы, стырчком, нерухава,
як жораў; ані не зірне ні улева, ні ўправа;
хоць важная міна, відацца, што церпе ён мукі,
не ведае, як пакланіцца, дзе дзець свае рукі,
а любе ж так жэсты! за пояс рукамі ўсё садзе —
няма паяса! дык па брусе бяспоясным гладзе;
памылку сваю спасцярогшы, збянтэжан, спёк рака,
абедзве усунуў рукі ў кішаню адну фрака.
Ідзе, як праз розгі, між шэптаў і жартаў гасцёўскіх,
за фрак засаромлены, як за учынак шальмоўскі.
Як вочы ж Мацея спаткаў, задрыжэў аж з баязні.

Дагэтуль Мацей жыў із Рэентам добра, ў прыязні,
цяпер жа глядзеў гэтак: дзіка і востра настолькі,
што Рэент збялеў, зашпіляў свае гузікі толькі,
казаў бы, той фрак з яго злупе Мацейка сярдзіты.
Дабрынскі ж сказаў адно толькі: «Дурны ты, дурны ты!»
і гэтак быў згоршаны з Рэента перапранання,
што зараз устаў ад стала, выгнаў без развітання,
цішком на каня — і вярнуўся назад да засценка.

Тым часам прыгожая Рэента Пані, Тальменка,
блішчыць хараством — ну, дзівіцеся ўсенькі народы!
 
Убор з галавы аж да пят наймаднейшае моды.
А што за сукенка і на галаве што за строі,
дармо і пісаць, бо ніяк не апіша пяро іх;
хіба змаляваў бы іх пэнзаль: і цюль, і птыфенне,
і розны карункі, кашміры, і пэрлы, й каменне,
й ружова аблічча, ў бліскучых вачох ажыўленне.
Пазнаў яе Граф. Пабялеў ад здзіўлення й знявагі,
устаў ад стала і шукаў ля сябе ужо шпагі:
«І ты гэта, — ўсклікнуў,— ці, можа, маняць мае вочы?
Пры мне ты другому сціскаеш руку так ахвоча?
Жанчына няверная ты і так зменна душою!
Й не скрыеш ад сораму твару свайго пад зямлёю?
Няўжо ты не помніш сваёй такой свежай прысягі?
А я, легкаверны, насіў твае стужкі, як сцягі!
А толькі бяда рывалю, што мяне зневажае!
Хіба ўжо ж па трупе маім к алтару ісці мае!»

Сарваліся госці, і Рэент страшэнна змяшаўся;
гадзіць рывалёў Падкаморы хутчэй паспяшаўся;
Тальмена сама тады Графа ўзяла на старонку
й шапнула: «Йшчэ Рэент мяне не узяўшы за жонку,
калі прашкаджаеш, то годзе майначыць празнадта,
а зразу скажы мне, ды коратка і вузлавата:
ці любіш мяне, ці у сэрцы сваім не змяніўся?
Калі ж ты гатовы, то зараз са мной каб жаніўся!
сягоння! Ад Рэента я адступлюся, як гэтак».
Граф кажа: «О, незразумелая мне ты, кабета!
Калісь у сваіх пачуццёх ты была паэтычнай,
цяпер выдаешся зусім для мяне празаічнай!
Што вашы жанімскія сувязі, як не аковы,
што звязуюць рукі адно, а не душы йдэовы?
Павер мне, бываюць асведчыны нат без вызнання,
І ёсць абавязкі такія, што без забавязання!
Два сэрцы на розных канцах на зямлі, два гаручы,
гавораць з сабою, як зоркі праменнем дрыгучым;
хто ведае! можа, зямля так да сонца імкнецца
і мілай для месяца так заўсягды выдаецца,
што вечна глядзяць і бягуць найбліжэйшай дарогай
к сабе, а не могуць прыпасці адно да другога!»
«Ну, годзе, — прарвала Тальмена, — бо я не планета,
а з божае ласкі, ды годзе ўжо, Графе, кабета;
я ведаю, кінь жа плясці ані сёе, ні тое.
Ды асцерагаю: як піснеш мне слова якое,
 
каб шлюб мой сарваць, то, як бог ёсць на небе, клянуся,
што з гэтымі во кіпцюрамі к табе дабяруся
і…» «Не,— кажа Граф,— не змяшаю я вашага шчасця!» —
і вочы з пагардай убок адвярнуў без учасця
і, каб пакараці гарэй так няверну каханку,
агонь пастаянны звярнуў ён на Падкамаранку.

Паваджаных Войскі хацеў кавалераў гадзіці
прыкладамі мудрымі, ну — і давай вывадзіці
расказ пра дзіка, што ў лясох Налібоцкіх папасваў,
і аб калатні між Райтанам і князем Дынассаў[21],
ды госці канчалі тым часам марожыну есці
і з замку ішлі на дзядзінец праветрыцца дзесьці.

З збаноў там сяляне чаргою мядочак цягнулі;
ўжо строіцца музыка, весела кліча на гулі.
Шукаюць Тадэя, каторы стаяў на старонцы
і важнае нешта шаптаў сваёй будучай жонцы.

«Зафія! я мушу з табою параіцца ў рэчы
паважнай; пытаўся у дзядзькі, і ён не пярэчыў.
Ты ведаеш, шмат із тых вёсак, што маю ўладаці,
па праву павінны былі б на цябе прыпадаці.
Падданыя то не мае, а твае то сяляне,
не смеў бы устраіваць іх ды без волі іх пані.
Няўжо, калі маем Айчызну ўжо, дзякаваць бога,
са зменай шчаслівай сяляне не зышчуць нічога,
акроме таго, што дасталі бы пана другога.
Што праўда, дагэтуль то імі ўпраўлялі ласкава,
што ж будзе па смерці маёй, то няведама справа.
Жаўнер я, абое смяротныя мы; прызнаюся,
бо я ж чалавек, што і собскіх капрызаў баюся:
Дык лепш ад улады адмовіцца ўжо чалавеку
Й аддаці сялян нашых лёсы пад права апеку.
Як вольны мы самі, то хай будуць вольны й сяляне;
аддайма ім тую зямлю на век-вечна ўладанне,
па ёй што зрадзілісь, якую крываваю працай
здабылі, з каторай і жывяць усіх, і багацяць.
А мушу сказаць, што праз гэты надзел, безумоўна,
паменшыцца нашы даход, трэба жыць будзе скромна.
Я змалку прывык да такога жыцця, меў пагоду;
а ты, мая Зосенька, ты із высокага роду,
ў сталіцы гады правяла маладыя і гэтак
ці згодзішся жыці на вёсцы, далёка ад свету,
ў двары?»
Адказала тут скромная Зося нясмела:
«Я толькі жанчына, улада не бабскае дзела.
То ж Пан будзеш мужам, а я маладая да рады;
што зробіш, то ўсенечкім сэрцам згаджуся, без звады.
Як воласць звальняючы, зробішся крышку бяднейшы,
то будзеш затое для сэрца яшчэ даражэйшы.
Аб родзе сваім мала чула й не дбаю пра тое;
а толечкі й помню, што беднай была сіратою,
Сапліцамі ўзята затым за дачку, гадавана,
як родна дзіця, а цяперака й замуж аддана.
Калі ж і жыла я у месце вялікім, даўно то
й было, а на вёсцы мне жыць — то з вялікай ахвотай.
Павер, што мяне заўсягды мае пеўні і куркі
балей забаўлялі за тыя усе Пецярбуркі.
Ну, часам, малая, тужыла к забавам, дзе людзі;
цяперака ведаю: горад мяне толькі нудзе.
Аб тым праканалась зімой па кароткім пабыце
у Вільні, што створана я на вясковае жыцце:
паміжы забаваў тужылася да Сапліцова.
А працы не страшна, бо я маладая й здарова,
насіці ключы і хадзіць каля дому умею;
пабачыш, як я гаспадарства наўчыцца пасмею».

Як Зося канчала казаці апошнія сказы,
то к ей жа падходзе і здзіўлены й кіслы Гярвазы:
«Ўжо ведаю, — кажа, — Суддзя расказаў мне пра вольнасць!
Ды не разумею, што сцягуе гэта у воласць!
Баюся, каб гэта чаго не было па-нямецку!
то ж вольнасць зусім не мужыцкая рэч, а шляхецка!
Ну, праўда, выводзімся ўсе мы ад бацькі Адама,
аднак жа, я чуў, мужыкі то паходзяць ад Хама,
жыды ад Яхвета, а шляхта ад старшага Сіма,
таму нам як старшым і трэ панаваць над усіма.
Ну, ведама, ксёндз навучае інакш на амбоне…
гавора, што гэтак было у Старым шчэ Законе,
аднак як Хрыстос, хоць і сам каралеўскага роду,
радзіўся ў мужыцкім хляве між жыдоў, для народу,
 
то гэтым прынёс усім станам і роўнасць, і згоду.
Няхай сабе будзе і так, калі йначай не можна!
Тым болей, што, як гэта чую, і Ясне Вяльможна
Паненка мая, Пані Зоф’я, згаджаецца й рада;
загадываць ёй, а мне слухаць, пры ёй бо улада.
А толькі каб вольнасці гэткай мы не давалі
пустой і на словах, як то прымушалі маскалі;
нябожчык пан Карп для сялянаў быў даўшы і волю[22],
маскаль аблажыў жа патройным падаткам іх долю.
Дык раджу ушляхціць сялянаў старым абычаем,
абвесціць публічна, што мы у свой герб іх прымаем.
Хай часці сялянаў Паўкозіча дасць мая Пані,
другая Ляліву Сапліцаў няхай жа дастане.
Тады мужыка і Рубайла прызнае ўжо роўным,
як будзе ён шляхціцам, панам вяльможным, гярбоўным.
Пацвердзе ўсё сойм.
Пані муж хай не мае трывогі,
што, земляў аддаўшы, вы будзеце самі убогі;
не дасць таго бог, кабы ручкі дачкі дыгнітарскай
былі ў мазалёх ад работы якой гаспадарскай.
Ё спосаб на гэта. — У замку, я ведаю, скрыня,
ў каторай схавана Гарэшкаў старое начынне,
пры тым жа і розны сыгнэты, канакі, мадэлі[23],
багатыя ніткі, і збруя, і цуд-карабэлі.
А Стольніка скарбец, укрыты ў зямлі ад грабежы,
у спадку да Пані Зафіі, бясспорна, належа;
у замку яго пільнаваў я, як вока зраніцы,
і ад Маскалёў, і ад вас жа, панове Сапліцы.
І добры йшчэ мех у мяне сваіх собскіх таляраў,
сабраных гадамі і з выслугі, й з панскіх прыдараў.
Я думаў, калі нам да замку прызнаюць жа рац’ю,
сабраныя грошы пусціць на муроў рэпарац’ю;
ды на гаспадарстве на новым прыдасца ў патрэбе,
дык, Пане Сапліца, к табе прабяруся найлепей,
жыць буду у Пані сваёй на ласкавым я хлебе,
Гарэшкаў калышучы трэцяе ўжо пакаленне,
к цызорыку Пані дзіця даючы настаўленне,
як будзе то сын, а сын будзе, бо войны надходзяць,
а ў часе ж ваенным найболей сыноў усё родзяць».

Апошнія словы ледзь толькі дакончыў Гярвазы,
як поступам важным падходзе ўрачыста Пратазы;
 
скланіўся і зараз з-за пазухі контуша выняў
пахвальныя вершы на аркушы два з палавінай.
Злажыў жа іх падафіцэр малады, бледналіцы,
што слаўныя оды калісьці пісаў у сталіцы,
а после у войска пайшоў, але й там белетрысты
ўсё вершы рабіў. Прачытаў ужо Возны іх трыста,
дайшоў аж да месца узвышнага: «О, ты, катора
і радасць, і мукі раскошныя будзіш так скора!
якая к Белёне[24] як звернешся тварам прыгожым,
зламаюцца зразу і пікі, й шчыты ўсе варожы!
Змажы сёння Марса Гіменам, нязгоднай каб гідры[25]
сычаныя змеі хацела б далонь твая выдраць»!
Тадэвуш і Зося запляскалі і не кідалі,
моў, хваляць, а слухаць зусім не хацелі ўжо далей.
З загаду Суддзі ксёндз клябан аж на стол узлязае
і волю Тадэя сялянам усім абвяшчае.

Таку навіну ледзь пачулі прыгонны сяляне,
к Хадою падскочылі, палі у ногі і пані!
«Здароўечка нашым паном!» — закрычалі, бы п’яны;
Тадэй жа ускрыкнуў: «Здароўе усіх грамадзянаў,
і вольных, і роўных, палякаў!» — «Народу здароўе!» —
усклікнуў Дамброўскі; люд крыкнуў: «Віват і паноўе
важы, віват войска, народ і усенькія станы!» —
грымелі віваты, дзесяткі разоў паўтараны.

Адзін толькі Бухман быць рады з усімі не рачыў,
праект пахваляў, але толькі б яго перайначыў:
перш-на-перш легальна на тое б камісью назначыў,
якая б... Ды часу на гэта тады не хапала,
і Бухмана ўчоная рада напрасна прапала.

На замку дзядзінцы стаялі бо ўжо афіцэры
із дамамі, тут жа з сялянкамі разам жаўнеры.
Крычаць: «Паланеза!» — сабратыя ўсе ў адно слова.
Вядуць афіцэры ўжо музыку гучну, вайскову.
Тут шэпча Суддзя, адвярнуўшыся да генарала:
«Скажэце, Панок, каб капэля яшчэ пачакала,
бо, ведаеш, сёння пляменніка я заручаю,
а ў нашай фамільі было заўсягды у звычаю
пры музыцы нашай і простай, вясковай жаніцца.
Пабачце, стаяць дудары, цымбалісты й скрыпіца;
пасцівы народ: скрыпачу, знаць, капэля не ў носе,
дудар пакланіўся, вачмі дазвалення ўжо просе:
 
калі іх адпраўлю, то бедны музыка заплача;
народ жа пры музыцы іншай зусім і не скача.
Хай нашая музыка грае, народ развяселе,
тады ужо выступе й ваша цудоўна капэля.
Даў знак.
Тут скрыпач закасаў сваёй світкі рукаўцы,
узяўшы за грыф, абапёр бараду на падстаўцы,
пусціў як каня наузавады, смык па скрыпіцы.
За ім дудары (дужа рады з дазволу Сапліцы),
як бы сабе ў крылле б’ючы, частым плеч сваім рухам
мяхі надзімаюць і твары напоўнююць духам;
казаў бы, то пара сарвецца, ўзляціць у паветра,
як дзеці бухматы Барэя[26], паўночнага ветра.
Цымбал не хапала.
Было цымбалістаў нямала,
пры Янкелі ж граці нікому адвагі не стала.
(А Янкель праз зімку няведама дзе прабіваўся,
цяперака раптам із войскам ізноў паказаўся.)
Ўсе ведаюць добра, што з ім да на гэтым струмэнце
ніхто не зраўняецца ў бегласці, смаку, таленце,
дык просяць заграці, падносяць цымбалы пад рукі;
бароніцца, кажа, што рукі згрубелі, як крукі,
ад грання адвык, для паноў та ігра за прастача,
ўцякае з паклонамі. Зося, як тое пабача,
к яму падбягае й падносе на белай далоні
дручкі, што па струнах звычайна мастак імі звоне,
другою ж рукою сіву бараду яго лашча
і, дзыгнуўшы, кажа: «Ну, Янкель, зайграй, калі ласка!
Заручыны гэта ж мае, мой стары прыяцелю,
а сам жа не раз абяцаўся мне йграць на вяселлі!»

Любіў Янкель Зосю, кіўнуў барадою на згоду,
вядуць музыканта ў сярэдзіну міжы народу
і садзяць на крэсла, кладуць на калені цымбалы;
на то узіраецца горда музыка удалы,
як той ветэран, што на службу ізноў жа прызваны,
калі унукі са сцяны цягнуць меч гартаваны,
смяецца дзядок, хоць даўно у руках меў аружжа,
ды чуе — шчэ моцна далонь і з аружжам падружа.
Прад ім на каленках стаяць пры цымбалах два вучні,
настройваюць струны нанова і пробуюць гучне;
 
мастак з прызакрытымі напалавіну вачамі,
з дручкамі у пальцах сядзіць нерухома ў маўчанні.

Спусціў іх на струны, адразу б’е ў такт трыумфальны,
после гусцей дай сячы, як дажджом ды навальным;
здзівіліся ўсе — але гэта была толькі спроба,
бо ўжо й перарваў, падымае дручкі свае оба.

Зноў грае. Так лёгенькім рухам дручкі задрыжэлі,
казаў бы, то мухі у струны крылом зазвінелі,
ціхое, ледзь чутнае толькі чувацца брынчэнне.
Мастак узіраецца ў неба, шукае натхнення.
Аж глянуў з гары на інструмант уверана, горда
і, рукі падняўшы, ударыў магутным акордам.
Здумеліся ўсе.
Во сарваліся з струн і ляцелі
дзікім табуном, як бы гукі янчарскай капэлі,
званілі званкамі і зэлямі[27], ў розны бубёнкі:
грыміць «Паланез трэцямайскі» і скочны і звонкі!
І дыхае радасцю, радасцю пое ўсе сэрцы:
дзяўчаты і хлопцы не могуць стрымацца на месцы.
А думкі старэйшых з тым гукам у прошласць нясліся,
у лепшы часы, як сенат і паслы ўсе зышліся
пасля ужо трэцяга мая на ратушы ў залі,
з народам зноў згоднага там караля частавалі
й пяялі у танцах: «Віват наш кароль, наш каханы!
віват увесь сойм і народ, і усенькія станы!»

Мастак прыспяшае ўсё такт і ўсё тон напружае,
аж раптам — фальшывы акорд, як сык гада, пускае,
як скрыгат жалеза па шкле: аж усіх здрыганула,
й прачуцце злавешчым крылом іх вясёласць змахнула.
З трывогай пытаецца гурба народу вяліка,
ці струмант не стройны, ці то памыліўся музыка?
Не змыліцца гэткі мастак! Ён зумысле чапае
здрадліву струну і мелодыю муце, мяшае,
усё галасней біючы у акорд збунтаваны,
проць тонаў мелодыі згоджанай сканфед’раваны.
Аж Ключнік паняў мастака, закрыў твар свой рукамі
і крыкнуў: «То ж то Таргавіца! змяя міжы намі!»
І лопнула раптам са свістам струна тая злая...
Музыка да прымаў бяжыць, такт мяшае, зрывае,
і, кінуўшы прымы, бяжыць із дручкамі да басаў.
 
Во тысяча розных, штораз галаснейшых, галасаў,
такт маршу, вайна і атака, штурм, чутныя стрэлы,
піск дзетак і матчыны плачы. Музыка умелы
так штурму жуду перадаў, што сялянкі дрыжэлі,
са страхам, слязамі цяпер спамінаючы ў жалі,
рэзь Прагі, каторую з песні й аповесці зналі;
дык рады, што ўрэшце музыка у струны усенькі
грымнуў, галасы іх здушыў, як прыбіў да зямелькі.

Ледзь выйсці быў час слухачом із таго задзіўлення,
зноў накшая музыка: зноў жа спачатку брынчэнне
ціхое і лёгкае, енчаць так тонкія стрункі,
як мухі, што вырваліся з сеткі паўчынай карункі.
Ды струнаў усё прыбывае, разрознены тоны
ўжо лучацца разам і вяжуць акордаў лег’ёны;
ўжо згоднымі гукамі складна у такт наступаюць
і нуту жалосную слаўнае песні складаюць,
аб тым аб жаўнеры тулячым, што лесам і борам
ідзе у кумпаньі з бядою, із голадам, горам
і падае ўрэшце пад коніка вернага ногі,
а конік нагою грабе яму гроб ля дарогі.
Старая то песенька, польскаму войску так міла!
Пазналі жаўнеры, музыку іх шмат абступіла;
заслуханы ў песні, на памяць сабе прывадзілі
той час, той страшэнны, калі на Айчызны магіле
спяялі ту песню й пайшлі на край света у прочкі;
прыводзяць на памяць даўгія вандроўкі гадочкі
па сушы, марох, па гарачых пяскох і марозе,
паміжы чужацкіх народаў, дзе часта ў абозе
за сэрца хапалі тэй песні народныя словы.
І, так размышляючы, сумна хілілі галовы.

Ды зноў паднялі, бо мастак падымае і тоны,
напружуе, такты змяняе, а ўсё пра лег’ёны.
Аж глянуў з гары зноў на струны уверана, горда
і ўдарыў дручкамі аберуч магутным акордам.
Удар быў запраўдна мастацкі, магутна-пярунны:
як медныя трубы, на моц раззвінеліся струны,
із трубаў тых слаўная песня пад неба лунала,
той марш трыумфальны, што «Польшча яшчэ не прапала»!
дык «Марш, марш, Дамброўскі, да Польскі!» — ўсе пляснулі зборам
 
і ўсе: «Марш, Дамброўскі, да Польскі!» — акрыкнулі хорам.

Мастак як бы сам задзівіўся і з песні і з штукі,
пускае ўжо з пальцаў дручкі, падымае ўверх рукі,
а ліссяя шапка спаўзла з галавы аж на плечы,
паважна паднята сіва барада у старэчы,
дзіўнога румянцу кругі, бач, на шчоках ягоных,
і свеціцца жар юнака ў яго зроку натхнёным,
калі ж на Дамброўскага глянуў, то вочы рукамі
закрыў, але слёзы з-пад рук паліліся цуркамі:
«Цябе, Генарале, — прамовіў,— Літва уся наша
Чакала так доўга, ну так, як жыды Масыяша,
цябе песняры ужо праракавалі ў народзе,
і неба нам цудам казала аб вашым прыходзе,
жыві і ваюй жа, ты нашы!..» Гаворачы, плача,
так любе Айчызну жыдоўскае сэрца прастача!
Руку падае пан Дамброўскі на шчыру падзяку,
той шапку здымае, ў руку пацалуе ваяку.

Зачаць паланеза пара. Падкаморы ўжо рушыў
і, лёгка закінуўшы вылеты ў важным кантушы,
пакручуе вусы, руку падае пані Зосі
і, ветла скланіўшыся, ў першую парачку просе.
За імі ж грамадзяцца іншыя парачкі скора;
знак дадзены, танец пачаты — вядзе Падкаморы.

Пабліскуюць над муравою чырвоныя боты,
б’е бліск карабэлі, паяе яго, слуцкай работы,
а сам жа ступае паволі, як бы не з ахвоты,
ды з кожнага боку і з кожнага руху спазнаці
не трудна яго пачуццё, яго думкі чытаці.
Во стаў, як бы хоча у дамы сваёй запытаці,
схіліў галаву, хоча нешта шапнуць ёй на вуха;
яна галаву адвярнула, ёй сорамна зуха;
во шапку здымае танцор, пакланіўся пакорна,
і дама зірнула, а толькі маўчыць такі ўпорна;
ён кроку звальняе, вачмі яе соча пагляды,
ў канцы усміхнуўся, з адказу, відацца, што рады,
ступае хутчэй, рывалёў ужо звысака мера
і шапку сваю канфед’ратку із чапліным перрам
насуне наперад, то йзноў над чалом патрасае,
пахіле на бок і пакручуе вусы, міргае.
 
Ідзе, а за ім жа зайздроснаю ўсе грамадою;
ён рад бы ўжо вымкнуцца з дамай сваёй маладою,
прыстане на месцы, руку сваю ветла узносе,
каб міма сабе прахадзілі, пакорна іх просе;
стараецца часам і зручна набок ухіліцца,
й дарогу змяняе, каб таварышоў так пазбыцца;
а толькі ж яны яго сцігуюць шыбка, начэпна
і ловяць усё выкрутасамі танца зачэпна;
злуецца, руку ужо на рукаятцы складае,
як бытта казаў бы: «Бяда вам, зайздросная зграя!»
Звяртаецца з гордым чалом, з вызываючым вокам —
і проста ў натоўп! а натоўп уступае шырока
дарогу; танцоры, змяняючы шых свой вялікі,
пускаюцца зноў жа за ім.
Адзываюцца ўсклікі:
«Глядзіце, усе маладыя! То можа апошні,
што так паланеза вядзе! Выкрутасы якія!»
Ішлі гэтак пара за парай і гучна й вясёла:
раскруцяцца складна ды зноў жа закруцяцца ў кола,
як вуж аграмнясты, што ломіцца ў тысячу звояў;
пярэста мяняюцца розныя колеры строяў:
і дамскіх, і панскіх, жаўнерскіх, як лускі бліскучы-
я, ў золаце косаў заходняга сонца паўзучы-
я па мураве, бы дыван той зялёны, распятай.
Вір танцаў, гром воплескаў, музыкі, клікі віватаў!

А толькі капраль жа Дабрынскі, той Сак, ні капэлі
не слухае, ані танцуе: яго не вяселіць;
ён рукі утыл залажыў, стаіць злы і пануры,
даўнейшыя к Зосі свае спамінае канкуры[28]:
як кошычкі плёў для яе, любіў краскі збіраці,
рабіці заушніцы, птушцы гняздо выдзіраці.
Няўдзячная! Колькі ж падаркаў так марна прапала!
Хоць бацька крычаў, і дзяўчына сама уцякала,
а ён! колькі раз, на баркане узлезшы, цікаўся
зірнуць праз вакно на яе; у каноплі скрадаўся
глядзець як Зоська палола ў сваім агародзе
ці там панавала сабе у курыным народзе!
Няўдзячная! Сак апусціў галаву, ўрэшце свіснуў
мазурку, затым сабе шапку на вушы націснуў,
ідзе у абоз, пры гарматах стаяла дзе варта,
і там, каб запомніцца крышку, гуляе ў дружбарта
 
з жаўнерамі, асаладжаючы чаркаю жаласць.
Такая для Зосі была у Дабрынскага сталасць.

А Зося танцуе вясёла: у першай хоць пары,
здалёку ледзь відна яна. На вялікім абшары
падворка, заросшага зеллем, у строі зялёным,
убраная ў розныя краскі, з вянком заручоным,
між красак і траў яна кружа няўгледжаным лётам,
кіруе гульнёй, як анёл начных зор абаротам.
Згадаеш, дзе кружа, бо к ей усе звернуты вочы,
працягнуты рукі, там гоман вялікшы гугоча.
Напрасна стараўся застацца пры ёй Падкаморы,
зайздроснік адбіў яго з першае пары ўжо скора;
й шчаслівы Дамброўскі нядоўга то шчасце трымае,
другому ўступіў, а ўжо трэці хутчэй паспяшае;
і гэты во зараз адбіты, пайшоў без надзеі.
Аж Зося, змарыўшыся, стрэла ў гульнёвай завеі
Тадэя і тут, баючыся далейшае змены,
каб з мілым застацца, закончыла танец даўжэнны.

Ўжо сонейка гасне, а вечар харошы надзіва!
Круг неба, так дзе-нідзе хмаркамі лёгка засланы,
сінее з гары, а на захадзе ў чырвень убраны.
Відаць, на пагоду, бо хмурынкі лёгкія свецяць,
залёгшы вун там, як бы спячае стада авечча,
а там вун драбнейшыя, качкі, казаў бы, на рэчцы.
На захадзе хмарка — малочная краска на грэчцы,
як сетка фіранак празрыстая, зверху парлова,
залочана па берагох, а глыбей пурпурова,
шчэ водбліскам захаду жарыцца, ззяе і тлее,
аж во пажаўцее, збялее й зусім пашарэе.
І сонца чало апусціла, балон зацягнула
і, раз яшчэ цёплым павеем дыхнуўшы, — заснула.

А шляхта ўсё п’е безупынна, віваты узносе
за Напалеона, важоў, за Тадэя і Зосю,
затым за ўсе тры заручоныя пары чаргою,
за ўсіх за прысутных, запрошаных ўсіх чарадою,
за ўсіх і прыяцеляў колькі іх памяць стрымае,
за ўсіх і памёршых, каторых тут памяць святая!
А тамака быў жа і я, мёд, віно сабе піў,
што толькі пабачыў, пачуў, то ў быліны змясціў.

Канец

Зноскі

правіць
  1. Радзівіл-Сіротка адбыў далёкія падарожжы і выдаў апісанне свайго паломніцтва па «святых мясцінах» (А. М.).
  2. Вараннёвы — канфітуровы (Б. Т.).
  3. Афірматыва — пацвярджаючы голас, згода (Б. Т.).
  4. Негатыва — адмоўны голас, нязгода (Б. Т.).
  5. Збор — сход, сабранне (Б. Т.).
  6. Veto — не пазваляю! (Б. Т.).
  7. Канстэбль (англ. constable)—паліцыянт (Б .Т.).
  8. Кантус — сальцасон; аркас — сцюдзёная страва з жаўтка і смятаны; бляманш — мігдальная галярэта (Б. Т.).
  9. Помухля — рыба (з мянтузаватых); фігатэлі — фаршы (Б. Т.).
  10. Драганты — здоблены цукар; пінэлі — зёрны з шышак лімбы (карпацкай елкі); прунелі — род сліўні (Б. Т.).
  11. У XVI і ў пачатку XVII стагоддзя, у эпоху росквіту мастацтваў, нават балі афармляліся мастакамі і былі напоўненыя сімваламі і тэатральнымі сцэнамі. На славутым балі, дадзеным у Рыме ў гонар Леана Х, быў сервіз, які па чарзе паказваў чатыры пары года — ён, напэўна, паслужыў узорам для радзівілаўскага. Застольныя норавы змяніліся ў Еўропе дзесьці ў палавіне XVIII стагоддзя, у Польшчы ж яны праіснавалі найдаўжэй (А. М.).
  12. Пінэці — слаўны на ўсю Польшчу чмутар; калі ў нас гасціў, не ведаем (А. М., Б. Т.).
  13. Бісы — бесы (з украінскага) (Б. Т.).
  14. Трамблён — стрэльба з шырокім вылетам; флянкер — фланг, крыло (Б. Т.).
  15. Пісарчук правантовы — рахункавод (Б. Т.).
  16. Пісалі тады гусінымі пёрамі, якія трэба было гастрыць (Б. Т.).
  17. Пуласкія бралі ўчасце ў Барскай канфедэрацыі. Казімір Пуласкі паў у амерыканскай ванне за незалежнасць. Дзержаноўскі і Сава (казак)—таксама канфедэраты (Б. Т.).
  18. У Літве шырока вядомая чуллівая песня пра паню Цыбульскую, якую муж праіграў рускім ваякам (А. М.),
  19. Дымур’ер — генерал, французскі агент і арганізатар пры Барскай канфедэрацыі (Б. Т.).
  20. Мода на французскае адзенне распаўсюдзілася ў правінцыі ад 1800 да 1812 года. Найбольш моладзі мяняла фасон адзення перад вяселлем, па жаданню сваіх нарачоных (А. М.).
  21. Гісторыя спору Райтана з князем дэ-Нассаў (Дынассаў), Войскім не даведзеная да канца, ведама з традыцыі. Памяшчаем яе дзеля цікавасці чытальніка. Райтан, узбураны пярэхвалкамі князя дэ-Нассаў, стаў побач з ім на пярэсмыку; якраз велізарны дзік-адзінец, раз’юшаны стрэламі і цкаваннем, ляцеў (на) пярэсмык. Райтан вырывае князю з рук стрэльбу, сваю кідае вобземлю, а схапіўшы рагач і падаючы другі немцу: «Цяпер, кажа, пабачым, хто лепей упраўляецца са шпісам». Ужо дзік налятаў, калі войскі Грачэха, стаяўшы воддаль, мэтным стрэлам паваліў звера. Паны зразу злаваліся; пасля пагадзіліся і багата абдаравалі Грачэху (А. М., Б. Т.).
  22. Расійскі ўрад не прызнае вольных людзей, апрача шляхты. Сяляне, звольненыя панам, зараз запісуюцца ў сказкі (спісак) царскіх сталовых памесцяў і заместа паншчыны мусяць плаціць павялічаны падатак. Ведама, што ў 1818 г. абываталі Віленскай губерні прынялі на сейміку праект звальнення ўсіх сялян і вызначылі з гэтай мэтай дэлегацыю да цара; але ўрад наказаў праект умарыць і ніколі болей аб ім не ўспамінаць. Не было іншага спосабу звольніць чалавека пад расійскім урадам, як толькі прыняць яго да фаміліі. Шмат каго такім чынам і ўшляхцілі з ласкі або за грошы (А. М., Б. Т.).
  23. Канак — багаты жаночы нашыйнік; манэля — бранзалетка, аздоба на руку (Б. Т.).
  24. Белёна — багіня вайны (Б. Т.).
  25. Гідра — казачнае грэцкае страшыдла, катораму на месцы адсечанай галавы вырастала некалькі новых (Б. Т.),
  26. Барэй — казачны валадар паўночных віхраў (Б. Т.).
  27. Зэлі — музычныя мядзяныя (мосяжныя) кружкі (Б. Т.).
  28. Канкуры — залёты (Б. Т.).