Пан Тадэвуш (Міцкевіч/Тарашкевіч)/Быліца восьмая

Быліца сёмая Пан Тадэвуш
Паэмы
Аўтар: Адам Міцкевіч
1834
Арыгінальная назва: Pan Tadeusz
Пераклад: Браніслаў Тарашкевіч
Быліца дзявятая

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Быліца восьмая
ЗАЕЗД

ЗМЕСТ:
Астраномія Войскага. — Увага Падкаморага над каметамі. — Таёмная сцэна ў пакоі Суддзі. — Тадэвуш, хочачы спрытна выблытацца, пападае ў вялікія клопаты. — Новая Дыдона. — Заезд. — Апошняя возненская пратэстацыя.— Граф здабывае Сапліцава.— Штурм і разня. — Гярвазы — піўнічым. — Бяседа на заездзе.

Прад бурай бывае хвіліна ціхая й панура,
калі праляціць над людскімі галовамі хмура
і стане, а, грозячы тварам, дых ветру стрымае,
маўчыць і вачыма малянкаў зямлю абягае,
мясцы вызначаючы, жарнуць дзе громам па громе:
хвіліна такога зацішша ў Сапліцавым доме.
Казаў бы, прачуцце якіх надзвычайных здарэнняў
дых сперла і дух узнасіла у край летуценняў.

Было па вячэры. Суддзя, а з ім дворныя госці
ішлі на падворра, каб вечару ўжыць прыямносці;
сядаюць на прызбах, засланых шаўковай муравай.
Усенька кумпання з маркотнай, ціхою паставай
ўзіраецца ў неба, якое, здаецца, зніжалась
сціснялася й болей і болей к зямлі прыбліжалась,
аж разам абое, закрыўшысь заслонаю цёмнай,
як пара каханкаў, звяралісь гамонкай таёмнай,
тлумачачы сэрца у кволых уздыхах стрыманых,
у шэптах, у шорахах, словах кароткіх, парваных,
з каторых складаецца музыка ночы дзіўная.

Сава пад страхой сваім енкам яе пачынае;
во, мяккім крылом кажаны лапатнулі і мецяць
пад хату, дзе твары людскія і шыбіны свецяць;
бліжэй кажановыя сёстры, матыліцы роем
віюцца там, белым жаноцкім прынаджаны строем.
Найгорай апрыкрылі Зосі, бо ў ясныя вочы
ёй б’юцца, прыняўшы за свечкі ў надходзячай ночы.
Ваднёў на паветры збіраюцца круглыя хэўры
і круцяцца, граючы, бытта гармонікаў сферы[1];
між тысяч гамонак разрознюе вуха дзяўчыны
акорд машары і фальшывы паўтон камарыны.

А зараз і ў полі пачнуцца вячэрні канцэрты;
во, строіць канчаюць музыкі свае інструменты.
Ўжо тройчы зыкнуў там дзяркач, лугавы запявала,
за ім жа ад ройста уторыў хтось басам удала;
успырхнулі з гнёздаў сваіх бакасы ужо гонкі
ды круцяцца й бэкаюць, бытта бы б’юць у бубёнкі.

Фіналам на звон машары і птушыныя клікі
азваліся хорам падвойным ставы два вялікі,
казаў бы, у горах каўказскіх закляты вазёры,
што дзень весь маўчаць, толькі вечарам граюць, як хоры.
Адзін з тых ставоў, што сам ясны й меў бераг пясчысты,
з грудзей сваіх выдыхнуў енк і ціхі, і ўрачысты;
другі жа, із дном забалочаным, з горлішчам мутным,
ураз адказаў яму крыкам жалосна магутным,
ў абодвух пяялі там жабаў нязлічаны горды,
пагоджаны хоры абодва ў вялікі акорды.
Fortissimo[2] гэты грымеў, а той ціха спявае,
адзін нараканнем зычыць, а другі уздыхае;
вось так два ставы між сабой гаманілі праз поле,
як, граючы напераменку, дзве гарфы Эоля[3].

Змярканне гусцела. І толькі ў гаі і ля рэчкі
у лозах блішчэліся воўчыя вочы, як свечкі,
а пры берагох гарызонту, пры сцісненых, вузкіх
мільгалі мясцамі вагні на начлегах пастушскіх.
Урэшце і месяц свой срэбны ліхтар выстаўляе
і, вышаўшы з бору, і неба й зямлю асвячае,
Цяперка яны, ў палавіну з цямноты адкрыты,
драмалі супольна, бы муж з сваёй жонкай спавіты,
шчаслівыя: неба у чысты абоймы туліла
зямельную грудзь, што ад месяца срэбрам свяціла.

Ужо проці месяца зорка адна і другая
бліснула; ўжо тысячы, ўжо міліён іх міргае.
 
Кастор з сваім братам Палюксам найболей яснелі,
калісь у славян празываныя: Лелі й Палелі;
цяпер жа дзве братнія зоркі інакш ахрысцілі:
Каронай адну, а другую Літвою манілі[4].

А далей нябеснай Вагі заблішчэлі дзве шалі.
На іх гэта бог днём стварэння (старыя казалі)
разважваў чаргою зямлю і усенькі планеты,
аж кінуў у пропасць паветра цяжар увесь гэты,
а после вагу залацісту павесіў на небе,
каб людзі узор сабе бралі з яе у патрэбе.

На поўначы свеціцца круг таго зорнага Сіта,
што бог праз яго (гэтак кажуць) прасяваў жыта,
як з неба кідаў ён для нашага бацькі Адама,
калі праз грахі зачынілася райская брама.

А крышачку вышай свяціўся, к яздзе ўжо гатовы,
дышлом да Палярнае Зоркі, там Воз Давідовы[5].
Ды ведалі добра пра воз той старыя ліцвіны,
што звалі яго Давідовым без важнай прычыны,
бо воз то Анёльскі. На ім прад часамі Люцыпер
ляцеў проці бога на долькі, наўскоч калі выпер
і гнаўся па Млечным шляху у нябесны парогі,
Міхал, яго збіўшы з ваза, скінуў воз із дарогі;
цяпер паміж зорак бадзяецца воз папсаваны,
паправіць яго не дазволіў Міхал зазлаваны.

Старыя ліцвіны таксама і то разумелі
(а ведамасць тую, відацца, ад рабінаў мелі),
што Цмок задыякавы доўгі, таўсты, мігатлівы,
каторы на небе віе сваіх зор перавівы,
якога памыльна празвалі Змяём астраномы, —
не змей, але рыба, з імя Левятан то вядомы.
Калісьці ён жыў у марох, але после патопу
зарокся, відацца, з прычыны вады недахопу;
анёлы ж, каб ту асаблівасць пакінуць напамкі,
на небе развесілі рыбы смяротны астанкі.
Так пробаршч мірскі у касцёле (звычай такі ўсюды)
развесіў адкопаны волатаў рэбры і дуды[6].

Такія гісторыі зорак, што з кніг раскумячыў
ці чуў з перадання, цяперака Войскі тлумачыў.
 
Хоць вечарам вочы слабыя былі ў старога
і праз акуляры не мог ён дагледзець нічога,
сузорраў назовы і форму ён ведаў нацямкі,
паказываў пальцам іх месца й дарогі напрамкі.

Сягоння не слухалі Войскага і не зважалі
зусім на то Сіта, на Цмока, на гэныя Шалі.
Сягоння і вочы, і думкі усіх прыцягае
госць новазаўважаны, што нечакана шыбае
па небе: камета найпершай вялікасці й мочы
з’явілась на захадзе і проста ляцела к паўночы[7];
крывавым на воз той анёльскі касюрылась вокам,
моў, месца Люцыпра заняці хацела знарокам;
касу яна доўгу адкінула й неба часць трэццю
захутала ею ды тысячы зорак, як сеццю,
цягнула з сабой, а сама галавою фанарнай
імкнулася проста на поўнач да Зоркі Палярнай.

Народ тады ўсенькі тутэйшы з прачуццем трывожным
глядзеў кожну ноч на той цуд на нябесны варожы.
Аб злой варажбе тады й іншыя знакі казалі:
залішне ўжо часта злавешчыя птушкі крычалі,
калі на палёх на пустых сабіраліся ў купы
і дзюбы вастрылі, моў, чакалі ўжо хутка на трупы.
Сабакі зачаста, бывала, зямлю неяк рылі
і голасам немым, як смерць яны зветрыўшы, вылі,
а то на вайну або голад; а стражнікі бору
на могліцах бачылі самі дзявіцу памору[8]:
ішла за вышэйшае дрэва вышэй галавою,
скрываўленай хусткай махаючы левай рукою.

Стуль розныя вывады робіў стаяўшы пры плоце
цівун, што прышву справаздачу даваць аб рабоце,
і пісар дваровы у шэптах ціхіх з аканомам.

І пан Падкаморы сядзеў там на прызбе прад домам.
Гасцём перабіў ён гамонку звычайнай манерай:
бліснуўшы пры месяцы важнай сваей табакерай
(са шчырага золата ўсенька, з брылянтаў аправа,
за шклом у сяродку партрэт караля Станіслава),
узяў, пазваніў і, зажыўшы, прамовіў: «Э, пане
Тадэвуш, Вашэціна зорак для нас выяснянне,
то рэха таго, што пачуў там у школе на лаве,
 
а я б прастакоў запытаўся аб гэтакай справе
цудоўнай. І я астраноміі слухаў два лета
у Вільні; Пузыніха, мудра й багата кабета,
даход свой з сяла аддала, блізка дваста штось хатаў,
на закуп тых шклоў, тэлескопаў і розных прыладаў;
тады абсарватарам быў ксёндз Пачобут[9], муж слаўны,
астронам і рэктар усей Акадэміі спраўны,
ў канцы ж тэлескоп свой пакінуў і катадру тую,
вярнуўся у кляштар, у цэлю манаску ціхую
й памёр там прыкладна. Я знаюся тож із Снядэцкім,
і ён чалавек дужа мудры, хаця сабе й свецкі.
Дык вось жа паны астраномы планету, камету
не йнакш разважаюць, як нашы мяшчане карэту;
цікавяцца, аслі яна ў каралеўску сталіцу
паехала, аслі з рагатак куды за граніцу,
а хто у ей ехаў? чаго? з каралём ці што справіў?
кароль жа пасла ці з вайною ці з мірам адправіў?
таго не пытаюцца. Помню, з даўнейшага часу
Браніцкі карэтай сваёю крануўся да Ясаў[10],
тады пацягнуўся за гэнай нягоднай карэтай
хвост таргавічанаў даўгі, як за гэтай каметай,
а просты народ не мяшаўся ў публічную раду,
згадаў жа адразу, што хвост той варожа на здраду.
Чувацца, празваўшы камету народ невучоны
мятлою, што вымеце, знача, яна міліёны».

А Войскі на гэта з паклонам: «А праўда то, Ясне
Вяльможны наш Пан Падкаморы, успомніў я ласне
аб тым, што казалі, як быў я малы йшчэ дзіцятка;
ну, помню, гадоў хоць не меў тады больш ад дзесятка,
як бачыў у бацькаўскім доме паручніка сцягу
гусарскага, князя Сапегу; вяліку адвагу
ён меў, ваяваў, быў надворны маршал каралеўскі,
урэшце, памёр як вялікі ўжо канцлер літоўскі,
пражыўшы сто дзесяць гадоў. За Сабескага Яна,
за Трэцяга, быў ён пад Венай у сцягу гатмана
Яблонская[11]. Вось жа Сапега казаў не фацэц’і,
а праўду: як конна садзіўся кароль там Ян Трэці,
а нунцыюш папскі жагнаў караля на дарогу,
пасол аўстрыяцкі граф Вільчык цупнуў яму ў ногу,
падаўшы страмёны (таго вымагала патрэба!),
кароль тады крыкнуў: «Дзівосы! зірніце на неба!»
Глядзяць яны, аж над галовамі суне камета
 
дарогай,, якою цягнулі вайскі Магамета,
з усходу на захад. А после ж і ксёндз Бартахоўскі,
складаючы свой панегірык на трыумф кракоўскі,
што «Fulmen Orientis»[12] празваны, расказываў многа
аб гэтай камеце. Той самай каметы дарога
і выгляд апісаны ў творы «Яніна», дзе дана
усенька гістор’я паходу Сабескага Яна,
адбіты у кнізе вялікі там сцяг Магамета
І гэна, падобна да гэтай, што бачым, камета».

«Ну, й аман, — прамовіў Суддзя, — варажбу я Вашэці
прымаю; каб з гэтаю зоркай з’явіўся Ян Трэці!
Герой жа вялікі на захадзе сёння, дык, можа —
якраз нам ягона прыбыцце камета варожа...»

А Войскі на то, галаву пахіліўшы, не рады:
«Камета не толькі вайны, а, бывае, знак звады!
Не добра, што гэтак з’явілася над Сапліцовам,
бо мо’ пагражае нам нейкім няшчасцем дамовым.
Завады і спрэчак нямала ж мы мелі, на гора,
у час палявання і ў часе вячэры учора.
Асэсар із Рэентам зло калаціліся зрання,
а вечарам Графіча вызваў Тадэй на спатканне.
Відацца, што спор ад скуры ад вядзмеджай паходзіў:
І каб мне Дабродзей Суддзя тады не перашкодзіў,
праціўнікаў я пры стале бы, магчыма, ўлагодзіў,
хацеў расказаць бо прыпадак таксама цікавы,
падобны зусім да здарэння ўчарашняе справы,
што здарыўся першым стральцом за даўнейшага часу,
Райтану Тадэю паслу, а з ім князю Дынассу.
Здарэнне такое было:
Генарал ад Падольскіх
зямель[13] праязджаў із Валыні да менняў да польскіх
ці, можа, калі не мылюся, на сойм да Варшавы.
Дарогай адведываў шляхту, ці то для забавы,
ці для папулярнасці; ну, і заехаў да пана
Тадэя, святой ужо памяці сёння, Райтана,
каторы ад нас жа пасля быў паслом навагрудскім
і ў доме каторага я гадаваўся па-людску.
Дык вось жа Райтан на прыезд тады князя йнарала
гасцей запрасіў. І сабралася шляхты нямала;
далі прадстаўленне (бо князь улюбёны ў тэатры);
 
зрабіў фаерверкі пан Кашыц, каторы у Ятры;
тож пан Тызенгаўз танцароў там прыслаў, а капэля
Агінскага й Солтана з Дзятлава, як на вяселле.
Ну, словам, на дзіва даваліся гучны забавы
у доме, а ў лесе рабілі вялізны аблавы.
А ведама добра, Панове Вашмосці, што тыя
усе, колькі памяць стрымае, князі з Чартарыі,
хаця з Ягелонскай крыві, да уловаў не чуюць
ахвоты вялікай, і то не таму, што лянуюць,
а з густаў чужынскіх; таму гэтаксама князь Адам
да кніжкаў быў звернуты тварам, да псярні жа задам,
часцей, як у лесе, ў жаноцкіх альковах папасваў.

У князеўскай свіце нямецкі быў князь там, Дынассаў;
аб ім гаварылі, што быў у краёх афрыканскіх
і, госцячы там, паляваў у князёў негрыцянскіх
ды тыгрыса пікай забіў у баі рукапашна,
а после з таго пахваляўся Дынассаў той страшна.
У нас на дзікоў палявалі на гэтую пору.
Рабтан тады стрэлам забіў аграмнясту мацёру,
прытым з небяспекай вялікай, бо зблізку ён стрэліў,
дык мэтнасць стральца пахвалялі усе як прымелі.
А толькі той немец Дынассаў няўважліва слухаў
пахвалаў і, ходзячы, нават пад нос сабе дмухаў:
што мэтны той стрэл, даказаў толькі смелае вока,
што бела аружжа, то смеласць рукі, — і шырока
пачаў развадзіцца аб Лібіі, ўловах і шпісе,
аб мурынскіх тых каралькох і аб гэным тыгрысе.
Маркотна Райтану на сэрцы ад гутаркі княжай,
а быў ён жывы, дык ударыў па шаблі і кажа:
«Э, князю! хто смела глядзіць, той і б’е не на жарты:
той шпіс карабэлі, а дзік жа мой тыгрыса варты!» —
і спор зачыналі тут з немцам занадта ўжо жвавы,
а толькі, на шчасце, пан князь перарваў ім расправы,
гадзіў па-французску. А што прыгаварываў зблізку,
не ведаю, толькі ж іх згода — як попел на прыску.
Райтан бо заеўся й чакаў, каб на гэтаку штуку
пры добрай аказіі даць таму немцу навуку;
за тую ж навуку чуць сам не патраціў здароўе;
было ж то назаўтра, а як — раскажу вам, паноўе».

Тут Войскі, замоўкнуўшы, праву руку падымае,
з падзякаю ад Падкамора табаку прымае
і доўга густуе; прарванага ж гэтак расказу,
каб смак слухачоў загастрыць, не канчае адразу;
урэшце пачаў, але зноў жа яму перабілі
цікавую повесць такую, што ўсе аступілі!
Бо нехта прыслаў чалавека к Суддзі Ягамосці
сказаць, што чакае яго з інтарэсам там хтосьці.
Суддзя, ўсім дабранач аддаўшы, паклыпаў рупліва;
дык зараз усе да сябе расхадзіліся жыва.
Хто спаць шоў да хаты, а хто і на сена ў адрыну,
Суддзя з падарожным цікавай гаворкі не кінуў.

Ўжо іншыя спяць, а Тадэй па сянёх усё дружа,
моў, вартаўніком пры дзвярох ён у дзядзькі там служа;
да дзядзькі ён мае паважную справу, без меры,
параіцца мусе йшчэ сёння. Пастукаць у дзверы
не смее, на ключ бо запёрты: Суддзя размаўляе
з кімсь тайна; Тадэвуш чакае, вушшу настаўляе.

Аж чуе рыданне з пакою. Памалу, як можна,
ля клямкі, зірнуў праз дзіру ад ключа асцярожна:
аж бача — дзівосы! Суддзя і Чарвяк на каленях
стаялі, абодва у слёзаў гарачых струменях.
Чарвяк абцаловываў рукі Суддзі (дзе прычына?),
за шыю Суддзя абнімаў, цалаваў барнадына.
Урэшце, па доўгім такім перапынку размовы,
паціху прамовіў манах той наступныя словы:

«Бог сведкам, браточку, што я датрымоўваў тайніцы,
якую, праз жаль, за грахі прысягнуў ў спавядніцы;
што, богу й Айчызне сябе усяго пасвяціўшы,
пыху і шуканне дачасных пахвалаў забыўшы,
дагэтуль я жыў і памерці хацеў барнадынам,
не выдаўшы прозвішча, мала што толькі прад гмінам [14],
а нат прад табой і сваім нат раднюсенькім сынам!
Аднак жа мне ксёндз правінц’ял[15] ужо даў дазваленне:
in mortis articulo[16] можна зрабіць выяўленне.
Жывы ці вярнуся? хто ведае, што з таго стане:
ў Дабрыне вялікае, браце, пайшло замяшанне!
Француз шчэ далёка; дык, знача, зіма пакуль пройдзе,
то трэба чакаць, але шляхта цярплівасць ці знойдзе?
занадта, відаць, пра паўстанне я іх набухторыў,
і сцямілі блага, а Ключнік паблутаў найгорай!
І Граф, варыят жа! чувацца, пабег да Дабрына!
ды нельга было перашкодзіць, бо важна прычына:
пазнаў мяне Мацька стары, а калі ён адкрые,
прапала тады Чарвяка пад Цызорыкам шыя!
Гярваза ніхто не стрымае! Жыццё — гэта мала:
з такога адкрыцця аснова ўсей змовы прапала б.

Дык мушу сягоння быць там сярод тых падзеяў,
хоць меў бы прапасці; шляхта без мяне ашалее!
Дык будзь жа здароў, дарагенькі, спяшацца я мушу.
Калі ж прападу, уздыхні ты за грэшную душу;
ў прыпадку вайны табе ведама ўсенька тайніца;
канчай, што твой брат распачаў, не забудзь, што Сапліца!»

Ксёндз, вочы абцёршы, габіт і каптур насувае,
паціху, відаць, аканіцу у сад адчыняе
і так у гарод, праз вакно перажэргнуўшы, скача.
Суддзя адзінокі астаўся на крэсле і плача.

Хвілінку Тадэй пачакаўшы, за клямку хапіўся
і бразнуў; адчынена — ён увайшоў, пакланіўся:
«Стрыёк дарагенькі, — гавора, — ўсяго я дзён колькі
прабавіўся тут, дні прайшлі, бы хвіліначка толькі;
і часу не меў я з табою даволі набыцца,
а мушу ўжо ехаць упрочкі і мушу спяшыцца —
во зараз, сягоння, мой дзядзечка, заўтра найдалей.
Хіба не запомніў, што Графа мы біцца пазвалі.
Я вызаў паслаў, дык і біцца мая цяпер справа,
а як паядынкі ў Літве забаронены правам,
дык еду таму на граніцы Варшаўскага княства.
Хоць Граф фанфарон, але мае даволі віцяства[17]
й на месца назначана, думаю, пэўне, што стане,
расправімся; а калі божа спагадліва гляне,
скараю яго і затым за Ласосну дам цягу,
туды, дзе чакаюць шарэнгі з-пад братняга сцягу.
Я чуў, што ад бацькі загад мне тастамантам даны
у войску служыць, дык тастамант няўжо скасаваны?»

«Тадэвуш, — адбуркнуўся дзядзька, — ці Ваша купаны
ў гарачай вадзе, або круціш, як ліс той цкаваны,
што йначай бяжыць, а іначай хвасцішчам махае?
Раз вызвалі, біцца належа, то праўда старая.
Ды ехаць сягоння, адкуль такі Ваша заўзяты?
 
А прад паядынкам звычай з давён даўных прыняты,
што сведкі спаткаюцца. Граф, можа, ўсё залагодзе
і нас перапросе; чакай, Ваша, гэта не шкодзе.
Хіба, можа, іншая муха адсюль выганяе,
кажы тады шчыра, нашто ўся таемнасць такая?
Стары я, а знаю юнацтва сардэчныя чары;
быў бацькам табе (тут пагладзіў Тадэя па твары);
шапнуў мне на вуха мой пальчык маленькі бывалы,
што з дамамі маеш тут нейкія, Ваша, кабалы.
І хуткая ж моладзь да дамаў цяперака, к ліху!
Кажы мне, Тадэвушка, шчырую праўду, паціху!»

«Ну, пэўне,— згадзіўся Тадэвуш, што ёсць і прычыны
інакшыя; можа, у гэтым і сам сабе вінны!
Памылка! няшчасце! ды ўжо ж то паправіць затрудна!
Даўжэй не магу заставацца я тут баламутна!
Памылка юнацтва! а болей няма што й казаці:
я мушу з Сапліцава як найбарджэй выязджаці».

«Ого, — кажа дзядзька,— любоўныя спрэчкі ці згубы!
Я бачыў, што Ваша учора загрызшы быў губы
і нешта глядзеў з-пад лаба на адну тут дзяўчынку,
а мела таксама й яна кіславатую мінку.
Ну, ведаю,— глупствы, калі йшчэ дзяціная пара
ўлюбляецца, гора бывае ў іх рознага хмара!
То рады, шчаслівы, то йзноў засумуюць, грызуцца,
то йзноў пакалоцяцца, здацца, во-во падзяруцца,
то, стоячы моўчкі ў кутох, да сябе не гавораць,
а часам у поле ўцякаюць ад гэткага гора.
Як гэтакі шал нападае на вас, тады трэба
крыху пацярпеці, а знойдзецца рада, як з неба.
Бяру на сябе прывясці вас і хутка да згоды.
Патраплю, нябось! бо і я быў старым не заўсёды.
Скажы мне усенька, я, можа, таксама ўзаемна
адкрыюся з нечым цікавым, што будзе прыемна».

Тадэвуш гавора чырвоны, цалуючы рукі
у дзядзькі: «Ну, праўду скажу я цяпер без прынукі.
У Зосю, у дзядзькаву я выхаванку ўлюбіўся,
хоць колькіма толькі славамі з ёй абмяніўся.
А кажуць, што дзядзька на жонку ўжо мне прызначае
прыгожу дачку Падкаморага і багачая.
Цяпер я не мог бы із паннаю Рожай жаніцца,
 
як Зоську люблю; немагчыма так сэрцам змяніцца!
Не чэсна з адною жаніцца, другую кахаці.
Час вылеча, можа, дык трэба хутчэй выязджаці».

«А мой жа Тадэю! то спосаб любіць невіданы, —
прарваў яму дзядзька,— ўцякаць ад асобаў каханых!
Ну, добра, што шчыра сказаў, бо іначай зрабіў бы
ты глупства з ад’ездам. А што, каб я сам пасуліў бы
ту Зоську Вашэці?.. Дык з радасці — што не падскочыш?»

Тадэй жа на гэта: «Кажу я Вашэці у вочы,
што не спадзяваўся; ды ласка стрыя дабрадзея
нічога не зможа зрабіць. Ах! дармо і надзея!
бо Пані Тальмена не дасць мне ніколечкі Зосі!»
«Ну, будзем прасіць», — кажа дзядзька. «Ніхто не упросіць
яе, — перабіў тут Тадэвуш, — не, страціў я змогу
чакаць і прасіць, таму заўтра хутчэй у дарогу.
Ну, багаславі мяне, дзядзька, на труд, на віцяства,
усё ўжо гатова, і зараз паеду у Княства».

Крутнуў Суддзя вусы і з гневам зірнуў на Тадэя:
«То так Ваша шчырымі словамі заводзіць умее?
Спачатку казаў — паядынак, а после — каханне,
і гэты ад’езд — ой жа! ёсцека тут заблытанне.
Ужо мне казалі, і сам я глядзеў, што за штука!
Васпан шаламуцька ды кругагалоўка й манюка!
А дзе ж то, Дабродзей, увечары быў пазаўчора
й, як выжал, сачыў ля двара, штось згубіўшы заскора?
Глядзі мне, Тадэвушка! мо збаламуціўшы Зосю,
а сам уцякаеш цяперака, малакасосе,
ды так не удасца! Кажу табе: любіш, не любіш,
а Зосю — нідзе не падзенешся, мілы — пашлюбіш;
а не, то бізун! — станеш заўтра ў мяне на каберцы[18]!
І ён шчэ аб чуццях пляце, аб нязменлівым сэрцы!
Махлярствам займаешся! Фэ! Пачакай, Тадавушу,
зраблю яшчэ следства, тады надзяру табе вушы!
Сягоння мне клопату, але галава забалела,
а тут разбірай шчэ ягона смаркатае дзела!
Ну, годзе! йдзі спаць!» — адчыніўшы тут насцеж святліцу,
ён клікнуў на Вознага: той разбірае Сапліцу.
Адходзіў Тадэй, галаву апусціўшы на грудзі:
і прыкрая гутарка! што цяпер з гэтага будзе?
Ніколі не быў гэтак злаяны востра. З жальбою
прызнаў: справядліва, і сам чырванеў прад сабою.
А што, як праведае, скажа мне Зося на гэна?
Прасіці рукі? А што скажа тады Талімена?
Дык трэба ўцякаць, бо злажылася горай, як дрэнна.

Задуманы так, ледзь зрабіў ён шагоў якіх пару,
аж гляне і бача дарогу заходзячу мару,
у белі, з фігураю сціблаю, доўгай, худою.
Ішла на Тадэя з працягненай ўперад рукою,
асветленай месячным бліскам, дрыгучым, лагодным;
к яму прыступіўшыся, енкнула ціха: «Нягодны!
Шукаў майго ўзроку, цяпер жа яго унікаеш,
лавіў мае словы, а вушы цяпер затыкаеш,
казаў бы у словах маіх і ва ўзроку атрута!
Ну, добра мне так, што такога найшла шаламута!
Не знаўшы какецтва, не ўмела я мучыць, дурачыць
і шчасце дала; дык ты гэтак умеў адудзячыць!
Трыумф твой над сэрцам мягкім зацвярдзіў тваё сэрца,
што лёгка здабытае кінуў цяпер ў паняверцы.
Ну, добра мне гэтак! навучана спробай страшною
і гаджуся больш за цябе я сама прад сабою!»

«Тальмена,—Тадэй прымаўляе,— дальбог жа, не цвёрда
то сэрца прычына ўнікання, ані там якая пагарда,
а толькі што людзі пабачаць, праседзяць, заўважаць;
дык нельга адкрыта, падумай сама ты, што скажуць?
І непрызваіта ды трэба лічыцца і з грэхам!»
«А, з грэхам! — яму адказала са злосным прысмехам. —
Ягнятка нявіннае! Я не гляджу, што кабета,
з любві ані дбаю, што можа адкрыцца ўсё гэта,
і хоць бы мяне абняславілі... ты жа ж мужчына!
А што гэта шкодзе катораму з вас, каб навіна
аб тым, што раманаў завёў хоць капу, разышлася?
Кажы мне ўсю праўду: кідаеш?» — слязьмі залілася.
«Тальмена, а што гэта свет бы сказаў чалавеку, —
прамовіў Тадэвуш, — каторы цяпер, ў маім веку,
здаровы, на вёсцы, ўлюбляўся — як моладзі столькі,
а нават жанатых, дзіцятых, ідуць жа аднолька
пад нацыянальны сцягі ваяваць за граніцу.
Ды памятай, што прад сабою ты бачыш Сапліцу.
 
Служыці у польскім у войску мне бацька абвесціў
тастамантам; гэта ж пацвердзіў і дзядзька нарэшце.
Дык заўтра паеду канчальна, зрабіў пастанову,
дальбо, Талімена, канчальна, павер майму слову».
«Я,— кажа Тальмена,— не думаю загараджаці
дарогу да славы, ні шчасцю твайму прашкаджаці!
Мужчына, ты знойдзеш каханку сабе падхаднейшу
да сэрца і шмат багацейшую, мо, харашэйшу!
Адно для пацехі хай ведаю я прад расстаннем,
што склоннасць твая была шчырым, праўдзівым каханнем,
што гэта не быў толькі жарт ці распуста дурная;
каб толькі мне знаць, што мяне мой Тадэвуш кахае!
Няхай гэта слова «кахаю» хоць раз шчэ пачую,
у сэрцы схаваю, у думках сваіх запішу я.
Лягчэй і прабачу, як кінеш мяне ты кахаці,
успомніўшы, як ты кахаў!» — і давай тут рыдаці.

Тадэвуш, пабачыўшы, як яна плача, ўпрашае
так чула і толькі драбніцы такой вымагае,
збянтэжыўся, шчыра праняў яго жаль нейкі й літасць,
і каб перагледзеў бы сэрца свайго тады скрытасць,
то, можа, у гэтай хвіліне б і сам не дазнаўся,
любіў Талімену ці не. Таму жыва азваўся:
«Тальмена, бадай мяне ясны забіў бы пярун жа,
як тое няпраўда, што шчыра кахаў, ці то дужа
любіў. Ты кароткі хвіліны са мной правадзіла,
ды гэты хвіліны прайшлі нам так соладка, міла,
што доўга у думках нішто іх зацерці не зможа;
ніколі, Тальмена, цябе не забуду, дальбог жа».

Тальмена скікнула й на шыю Тадэвушу пала.
«Дык любіш! жыву я! Таго ад цябе і чакала!
Хацела ўжо сёння ад собскай рукі я загінуць;
цяпер, калі любіш мяне, то ці зможаш пакінуць?
Дала табе сэрца, даю ўсё майно без завету,
усюды пайду за табою, і кожны куточак мне свету
з табой будзе мілы! Каханне з найгоршай пустыні
сад роскашы зробе хлапцу маладому й жанчыне».

Тадэвуш сілком адкараскаўся з чэпкіх абоймаў
і кажа: «Ці страціла розум? куды гэта? Тойма
са мною? чаго? То ж я проста жаўнер! Валачыцца
 
з якой маркітанкай[19]?» «Дык, можа, тады пажаніцца»,—
казала Тальмена. Тадэй жа на гэта: «Ніколі!
Не думаю ўходзіць цяперака ў гэткія ролі!
Дармо напірацца, бо гэта усё небыліца!
я дужа удзячны, аднак немагчыма жаніцца.
Спакойна падумай сама, да чаго то падобна.
Кахаймася, добра ды так сабе — кожны асобна.
Хутчэй мушу ехаць, я тутака не застануся.
Дык будзь жа здарова, Тальмена, назаўтра крануся».

Сказаў, нацягнуў капялюх, завярнуўся ўжо бокам —
ісці, ды Тальмена стрымала яго сваім зрокам
і тварам, Медузы[20] маўляў, галавою. Застаўся
нявольна й з трывогай на постаць Тальмены ўглядаўся:
стаяла збялеўшы, без руху, без дыху, без жыцця,
аж зараз, руку працягнуўшы, як меч да прабіцця,
і з пальцам замераным проста ў Тадэвуша вочы:
«Ах, так! — закрычала,— язык твой, нягодніча, цмочы
і яшчаркі сэрца! Нішто, як табою занята,
адшыла Асэсара, Рэента, Графа празнадта;
што звёў ты мяне і цяпер пакідаеш сіроту:
нічога! я знаю мужчынскую вашу работу
і ведаю, кожны з вас мог бы так веру зламаці,
не ведала толькі, што подла умееш брахаці!
Я чула усё пад дзвярмі! Ну, дык вось яно: Зося
паночку прыпала да смаку? Мо’ ўжо удалося
пазводзіць? Ледзь толькі няшчасну адну абмарочыў,
пад ейным акном шчэ да новай ахвяры падскочыў!
Ўцякаеш, праклён даляціць на другу аж планету;
застанешся, выдам нячэснасць тваю ўсяму свету.
Ўжо іншых вось так, як мяне, не звярнуць твае штукі!
Вон! бачыць не хоту я подлага гада, манюкі!»

На гэту абразу, што шляхціц не можа гадзіцца,
каторай ніколі не чуў аніводзін Сапліца,
Тадэй задрыжэў весь, на твары збялеўшы, як трупны,
але ціснуў праз зубы: «Дурная!» — й нагой яшчэ тупнуў.

Пайшоў, але ў сэрцы як рэхам той «гад» паўтарыўся.
Хлапец уздрыгнуўся, бо чуў, што на то заслужыўся;
так, чуў, што зрабіў ён вялікую крыўду Тальмене,
што праўду казала яна, гаварыла сумленне;
а толькі ж праз гэтыя жалі гарэй счамярэла.
Аб Зосі! ах! нават падумаць не важыўся смела.
То ж гэтая Зося так мілая, свежа, прыгожа!
І дзядзька нат сватаў, была бы і жонкаю, можа,
каб чорт на грахі шаламутны не скусіў з паспехам:
папхнуў на махлярства, а сам адышоўся са смехам!
Пагарджаны ўсімі, аблаян, праз дзён гэтак пару
жыццё змарнаваўшы, пачуў заслужоную кару!

У буры пачуццяў, казаў бы катва[21] супачынку,
маланкаю бліснула думка аб тым паядынку:
«Забіці нягодніка Графа!» — крычэў ён у злосці.
А помста за што?..— Узлягло невыразнае штосьці...
Дык гнеў той страшны, як заняўся у мігценні вока,
так выветрыў. Зноў абняла яго жаласць глыбока.
І думаў: «Як слушна была пры стале спасцярога,
што ёсць паміж Графам і Зосяй да змовы дарога,
дык што з таго? Можа Граф Зосю кахае і дужа,
а можа й яна яго Любе і возьме за мужа?
Якім тады правам хачу я замужства сарваці
і, сам жа, няшчасны, шчэ долю другім адбіваці?»

Упаў у адчай і ўжо страціў змагаціся сілу.
Адно уцякаць — а куды? хіба толькі ў магілу!

Адчайна руку затапіўшы ў багатай чупрыне,
ляцеў да лугоў, дзе ставы два блішчэлі ў даліне,
і стаў над балоцістым. Там, у зялёным пратонні,
паглёд затапіўшы свой жадна, балоцісты воні
з раскошай у грудзі цягнуў і раскрыў свае вусны.
Бо і самагубства, як кожны паступак распусны,
вымыснае: ён у шальным галавы завароце
пачуў невымоўны пацяг затапіцца ў балоце.

Тальмена згадала з шалёнай Тадэя паставы
адчай, дык, пабачыўшы, што паляцеў ён да ставу,
хоць гневам страшным, справядлівым к яму шчэ гарэла,
спалохалась: сэрца ў сапраўднасці добрае мела.
Жалела, што іншу Тадэвушка смеў палюбіці,
хацела скараць, а не думала хлопца губіці.
Пусцілась за ім, як мага; падымаючы рукі,
крычэла: «Чакай, затрымайся, пакінь свае мукі,
рабі, што хаця!» Але ён сваёй шпаркай бягою
далёка яе перагнаў і — стаяў над вадою!
Тым самым жа берагам, дзіўным здарэннем падзеяў,
пад’ехаў пан Граф із кумпаніяй раду джакеяў.
Захоплены ночы красою лагодна пагоднай
і цуднай гармоніяй дзіўнай аркестры падводнай,
тых хораў, якія гучэлі, як гарфы эольскі
(ніякія жабы не граюць так слаўна, як польскі),
каня затрымаў і запомніў зусім пра выправу,
сплаўлены слухаў, звярнуўшыся вухам да ставу.
Вадзіў вачыма па палёх, па нябеснай па пляжы;
відаць, укладаў ён у думках начныя пейзажы.

І праўда! Ваколіцы від надзвычай маляўнічы!
Два тыя ставы да сябе пахілілі абліччы,
як пара каханкаў; стаў правы, нялішне шырокі,
меў чыстыя гладкія воды, як дзеўчыны шчокі;
а левы крыху быў цямнейшы, як твар той юнацкі,
паросшы мужчынскім пушком, а смуглявы і хвацкі.
На правым — пясок залацісты блішчэў берагамі,
казаў бы, як светлых распушчаных кос валасамі;
а левы наежан лазою, вярбою чубаты,
абодва ставы паапрануты ў зелені шаты.

З іх дзве ручаінкі, як рукі, адна абымае
другую. Далей ручаіна у дол упадае;
ўпадае, а толькі ж не гіне, бо ў роў, у цямноту
нясе за сабою на хвалях луны пазалоту;
спадае пластамі вада і цуркамі, як нізкі;
блішчаць на іх, жменямі кінуты, месячны бліскі.
Святло у раве разбіваецца ў дробныя іскры,
іх жыва хапаюць і ўносяць струіначкі быстры,
а зверху спадае зноў жменямі бліск той празрысты,
казаў бы, пры ставе сядзіць Свіцязянка, трымае
рукою бяздонны збанок і ваду налівае,
другою ж рукою з падоліка ў водны струмені
кідае заклятага золата поўныя жмені.

А далей, з рава таго ўцёкшы, ручай раўніною
віецца і ціхне, аднак жа плыве даліною;
відаць, на дрыгучай яго павалоцы уроча
уздоўж расхвалёваны месячны свет, як мігоча,
бы вуж той жамойцкі харошы, гівойтасам званы,
хаця міжы верасу, здэцца, ляжыць задраманы,
паўзе ж, бо на змену то срэбрам, то золатам ззяе,
аж раптам з ваччу ці ў мох, ці у землі знікае;
так струй пакручасты, бруісты хаваўся ў альшынах,
што на гарызонту чарнелі далёкіх краінах,
ўздымаючысь лёгка узвыш, невыразна для вока,
як духі, што часцю відацца, а часцю ў балоках.

Укрыты ў раве сядзіць млын там паміжы ставамі,
казаў бы стары апякун, што падслухаў часамі
каханкаў прызнанне і шэпты, злуецца, шамоча,
трасе галавою, рукамі і грозьбы балбоча;
так млын той, весь мохам паросшы, касматы,
кулак свой пальчасты пусціўшы у ход віраваты,
ледзь клякнуў, крануў свае качкі[22] зубаты, дубовы,
ураз тых ставоў заглушыў ён любоўныя змовы,
збудзіўшы і Графа.
Убачыўшы Граф нечакана
Тадэя так блізка к пазыц’і, крычыць нестрымана:
«К аружжу, лавіце!» Падскочылі зараз джакеі
і перш чым Тадэвуш паспеў разглядзецца ў падзеі,
схапілі. Лятуць да двара, у падворра варожа.
Двор будзіцца, брэшуць сабакі, крычыць і старожа.
Суддзя вылятае, на плечы халат свой успяўшы,
падумаў: разбойнікі! але тут, Графа пазнаўшы,
пытаецца: «Што гэта знача?» Граф шпагаю мігнуў,
ды прад безаружным Суддзёю ў запале астыгнуў
і кажа: «Сапліца! адвечны мой вораг радзінны,
я скарджу цябе за старыя і свежыя віны,
сягоння мне справу здасі за фартуну забрану,
пярвей, чым памшчуся за гонар, за чэсць зневажану!»

Суддзя, пражагнаўшыся, крыкнуў: «А ў імя жа Ойца
І Сына! тфу! Графе, ці Ваша разбойнік, забойца?
Дальбог жа! Ці гэта згаджаецца з Графа ўраджэннем
і узгадаваннем, і Пана на свеце значэннем?
Не дамся пакрыўдзіцца!» Тутака слугі суддзіны
ляцелі, няслі адны стрэльбы, другія дубіны.
А Войскі здалёку стаіць і, цікаў, спаглядае
у Графавы вочы: нажа ў рукаве ён трымае.

Ўжо мелі бітву пачынаць, ды Суддзя перашкодзіў.
Дармо бараніціся, новы бо вораг надходзіў:
ў альшыне, заўважылі, бліснула: выстрал з рушніцы!
Ўжо конніцы тупат гучыць на масце да Сапліцы,
і тысяча горлаў варожых «Гайда» вераснула.
Здрыгнуўся Суддзя, яго вуха Гярваза пачула.
«Суддзя, паддавайся, — Граф кажа, — бо будзе вам горай!
не чуеш? ужо пад’язджаюць саюзнікі скора».

Аж тут і Асэсар надбег, крычачы: «Арыштую
ў імя імператарскай мосці! Ну, штуку благую
задумаў, пан Граф! Шпагу дай, не рабі патарочы[23],
бо войска паклічу! А хто нападае уночы,
ды збройна, то, сказана тысяча двастым указам:
як злодзе...» Аж Граф яго хляснуў па твары тут плазам.
Асэсар, аглушаны, паў ў крапіву, як палена;
падумалі ўсе, што паранен, што будзе з ім дрэнна.
«Ох! — крыкнуў Суддзя, — дык разбойства ужо пачалося!»
І ахнулі ўсе, а усіх заглушыла тут Зося;
крычэла яна, за Суддзю ухапіўшы рукамі,
казаў бы, на нейкім баданні калота цвякамі.

Тым часам Тальмена дапала між шляхтавых коней
і выцягла к Графу свае заламаны далоні:
«На гонар твой, Граф! —праразліва яна галасіла,
загнуўшы у тыл галаву, валасы распусціла —
на ўсё на святое цябе на каленках мы молім,
мы дамы слабыя, дык нам не адмовіш ніколі!
Ах, жорсткі! пярвей мусіш нас ты, жанчын, забіваці!»
І пала, самлеўшы, Граф скочыў яе ратаваці,
задзіўлены й крышку змяшаны трагічнаю сцэнай:
«Ах, Панна Зафія, — прамовіў, — і Пані Тальмена!
Не, кроў безбаронных маей не запляміла шпагі.
Сапліцы, вы — вязні мае, дык ніякай знявагі.
Бо так і ў Італьі, калі пад скалою высокай,
якую завуць сіцылійцы там Бірбантэ-роккай,
паймаў я разбойнікаў: збройных казаў забіваці,
раззброеных, зараз забраўшы, казаў павязаці;
за коньмі ішлі і трыумф харашылі мой светны,
пасля іх павесілі там, ля падножжа, ля Этны».

Было для Сапліцаў вялікае шчасце — не жарты! —
што Граф тады, маючы коней шмат лепшых ад шляхты,
жадаючы першы спатычкі, іх пакінуў у тыле
і бег перад іхняй яздою, напэўне, з паўмілі
з джакействам сваім: а джакейства паслужна і карна,
было, гэтак кажучы, войска яго рэгулярна,
як шляхта, звычаем паўстанчым, была галасліва,
страшэнна да вешання скора, бо дужа бурліва.

Меў час ужо Граф прыастыгнуці з гневу, з запалу,
дык думаў, каб бой без крыві як закончыць памалу;
Сапліцаў, як вязняў ваенных, замкнуці ён кажа
у доме; пры іхных дзвярох жа пастаўлена стража.

«Гайда на Сапліцу!» — і шляхта ўварвалася гурмам,
весь двор абступае наўкола, бярэ яго штурмам
і лёгка, важар бо узяты, ў рассыпцы залога;
жадаецца шляхце, папасці як ворага тога!
Дадому не ўпушчаны, гурмам бягуць к фаліварку,
да кухні. А там: саганы і сляды ад прыварку,
агонь ледзь загасшы і страваў запах яшчэ свежы,
і хрустанне псоў, дагрызаўшых астаткі ад ежы,
хапае за сэрцы усіх, адмяняе намеры,
гнеў студзе й смак гостра ваякам усім да вячэры.
Змарыўшыся маршам, зацяжлівым саймікаваннем,
«Ах, есці! каб есці!» — крычалі адны з пракананнем,
другія ж: «Піць! піць!» Рассыпаныя шляхты дзве хэўры
наконта наедку й напітку рабілі манеўры.
Аж к небу іх голас лунае; дзе толькі даходзе,
аскому у губе, а голад у брусе наводзе.
На кліч той, пададзены з кухні так неспадзяване,
расходзіцца армія ўсенька на фуражаванне.

З-пад дзвераў Суддзёўскіх адпёрты, Гярвазы упарты
прымушаны быў адступіць дзеля графаўскай варты.
Памсціцца не маючы змогі на воразе гэтым,
імкнецца да іншай, а важнай таксама шчэ мэты.
На праве ён знаецца добра, жадае урэшце
хутчэй асадзіць свайго пана на новым памесці
легальна й фармальна; дык Вознага рупна шукае,
ў канцы аж за печаю беднага спасцерагае.
Схапіўшы яго за каўнер, на падворра валоча
й Цызорыкам змерыўшы ў грудзі Пратазу, тароча:
«Пан Граф Пана Вознага смее ласкава прасіці,
 
каб рачыў прад шляхтай братвой абвясціці
уводзіны Графа у замак Гарэшкавы стары,
у вёску і ў двор, на засеяны грунты, папары,
ну, словам, cum boris, cum gais et graniciebus,
cum kmetonibusque, scultetis et omnibus rebus[24].
Без пропуску ўсё, як належа, брашы, як умееш!»
«Крыху зачакай, Пане Ключнік! ці не разумееш, —
прамовіў адважна, з рукамі за пояс, Пратазы, —
што хоць я і споўню усе тут загады, прыказы,
ды акту не будзе ніякай законнае мочы,
бо вымушан гвалтам аружным, абвешчаны ўночы».
«Няпраўда! — адказуе Ключнік,— няма тут напасці,
я ветла прашу; калі акт гэты цёмна ўжо скласці,
Цызорыкам зараз агню так скрашу, што Вашэці
ў ваччу, бы ў касцёлах сямі, гэтак светла засвеце».

«Гярвазанька, — Возны прамовіў, — чаго сярдаваці?
Я возны, дык рэч не мая, каб дзяды разглядаці;
то ж ведама: вознага то старана запрашае,
што хоча дыктуе, а возны усё абвяшчае.
Бо возны закону пасол, а паслоў не караюць;
раз так, то за што мяне тут і пад стражай трымаюць.
Ну, акт напішу, анно толькі фанар прынясіце,
во ўжо абвяшчаю вам: «Ціхаце, не гаманіце!»

І, каб данасней гаварыці, на кучу калодаў
ўсаскочыў (ляжалі пры плоце яны ля гароду).
Узлез і адразу, моў вецер яго згэтуль здмухнуў,
так счэзнуў з ваччу. Толькі чулі, ў каноплі як бухнуў,
і бачылі, як праз каноплі праз цёмныя бела
яго канфед'ратка, бы белы галуб, праляцела.
Хоць Конаўка стрэліў у шапку, ды хіблена сцэліў.
Аж, бач, затрашчэлі во тыкі: Пратэзы у хмелі,
крычыць: «Пратэстую!» Цяперака пэўны уцечкі,
бо меў за сабою лазу ўжо і багнішчы рэчкі.

Пасля пратэстацыі гэтай, якая азвалась,
як стрэл той апошні з гарматы на здадзеных валах,
ў двары Сапліцоўскім было ўжо на ўсякім апоры.
Галодная шляхта пляндруе у кухні, каморы.
Крапіцель, заняўшы пазіцыю зразу ў аборы,
вала аднаго да йшчэ двух целюкоў закрапляе,
а Брытва ім вострую шаблю у горлы ўтапляе.
 
Таксама і Шыла тут спраўна ўжываў сваёй шпадкі,
кабанчыкаў і парасяткаў калоў пад лапаткі.
Пагроза і птушкам. Чулліва гусінае стада,
што некалі збавіла Рым перад гальскаю здрадай,
аб помачы кліча напрасна. Замест Манліуша[25]
ў катух урываецца Конна. Гусей адных душа,
другіх ён жыўцом паляваў на паяе ад кантуша.
Дармо гусі хрыпаюць, шыямі грозна махаюць,
дармо гусакі за напасніка з шыпам шчыпаюць:
ляціць ён, абсыпан іскрыстым развеяным пухам,
як коламі, несены крылляў гушчэразных рухам,
назваў бы яго ты акрыленым нейкім злым духам.

Разня ж найстрашнейшая міжы курамі, хоць крыку
найменей. Там Сак малады без ніякага зыку,
зрабіўшы лоўка пятліцу з даўжэннае пугі,
свяціў фанаром на курэй, а далей без натугі
з драбінкі пятлёю лавіў і цягнуў без аглядкі
з-над седала пеўні і розны шурпаткі, чубаткі.
Адну за другою ён душа й складае у купы;
прыгожыя птушкі, а елі ж парловыя крупы!
Ах, Сача нябачны! які ж цябе шал так уносе!
За гэта ніколі табе не даруе ўжо Зося.

Гярвазы таксама старыя часы ўспамінае:
ён, бач, паясы кантушовы ад шляхты збірае
і імі з Сапліцава склепу выцягуе жыва
і бочкі старое сівухі, і мёду, і піва.
Адныя адбілі, другія ў вялікай ахвоце
там шляхта, густа, як мурашкі, хапае і коце
да замку; начлежа уся там шляхоцкая хэўра,
заложана там бо галоўная Графа кватэра.

Пякуць яны, вараць і сквараць на вогнішчах скора,
аж гнуцца пад мясам сталы, разліўное ў іх мора!
Ўсю ноч хоча шляхта праесці, прапіць, прапяяці.
Паволі ж, аднак, пачыналі зяваць і драмаці;
зліпаюцца вочы, ківаюцца ўсей грамадою,
аж зваліцца змораны кожны на месцы чаргою:
той з місай, той з мяса куском, той ля піўшае лужы.
Так змог пераможнікаў сон, што, як смерць, такі дужы.

Зноскі

правіць
  1. Шкляны гармонік складаўся з шкляных кружкоў, аб каторыя цёрся валік (сфера) і выклікаў гукі (Б. Т.).
  2. Fortissimo — з усіх сіл (муз. тэрмін) (Б. Т.).
  3. Гарфа Эоля — род гарфы, струны каторай рухае вецер, выклікаючы гукі. Эоль — бажок вятроў (Б. Т.).
  4. Карона — Польшча, Літва — землі В. кн. Літоўскага (Б. Т.).
  5. Давідовы Воз — сузор’е, званае ў астраномаў (А. М.).
    Знача — Вялікая Вядзмедзіца, палярная зорка, нерухомая, у канцы паўночнага полюса (Б. Т.).
  6. Было ў звычаі завешваць пры касцёлах знаходжаныя забыткі капальных касцей, якія народ уважае за косці волатаў (А. М., Б. Т.).
  7. Памятная камета 1811 года (А. М.).
  8. Памор — пошасць (Б. Т.).
  9. Ксёндз Пачобут, былы езуіт, слаўны астраном, выдаў працу пра малюнак задыяку ў Дэндэрах і сваімі назіраннямі дапамог Лаланду вылічыць рух месяца. Гл. яго біяграфію, напісаную Янам Снядэцкім (А. М.).
  10. Браніцкі або Бранэцкі, вялікі гетман каронны і генерал расійскай службы, адзін з тварцоў Таргавіцкай канфедэрацыі. З'езд таргавічапаў адбыўся ў Ясах, на граніцы Бесарабіі і Валахіі (Б. Т).
  11. Дакладней, князь дэ Насаў-Зіген. Слаўны тады ваяка і падарожнік. Быў рускім адміралам і перамог туркаў у ліманах, потым яго самога ўшчэнт разбілі шведы. Нейкі час правёў у Польшчы, дзе атрымаў шляхецтва. Барацьба князя дэ Насаў з тыграм апісвалася тады ва ўсіх еўрапейскіх газетах (А. М.).
  12. «Fulmen Orientis»—Маланка Усходу (Б. Т.).
  13. Князь Адам Казімір Чартарыскі, галоўны стараста Падольскіх зямель (Б. Т.).
  14. Гмін — народ, натоўп (нямецкае Gemeinde) (Б. Т.).
  15. Правінцыял — начальнік манаскай правінцыі (Б. Т.).
  16. In articulo mortis — у небяспецы, пагражаючай жыццю (Б. Т.).
  17. Віцяства — рыцарства, мужства (Б. Т.).
  18. Малады шляхціц даставаў у скуру ад бацькі ці апекуна толькі на падасланым каберцы (Б. Т.).
  19. Маркітанкі — жанчыны, якія цягнуліся за войскам з гарэлкай, тытунём, харчамі (Б. Т.).
  20. Медуза — паводле грэцкай міфалогіі, страшылішча ў відзе жанчыны, якая забівае, сваім паглядам замяняючы ў камень (Б. Т.).
  21. Катва — якар (Б. Т.).
  22. Качкі — чэлюсці (Б. Т.).
  23. Патароча — перашкода (Б. Т.).
  24. Памяшанне благой лацінскай мовы з польскай ці беларускай, якое часта бывае ў старых актах; азначае: з барамі, з гаямі і граніцамі, кмецямі (сялянамі), солтысамі і ўсімі рэчамі (Б. Т.).
  25. Манлі(уш) абараніў у IV ст. да н. э, рымскі горад (Капітоль) перад гальскай навалай дзякуючы крыку гусей (Б. Т.).