Пан Тадэвуш (Міцкевіч/Тарашкевіч)/Быліца дзявятая

Быліца восьмая Пан Тадэвуш
Паэмы
Аўтар: Адам Міцкевіч
1834
Арыгінальная назва: Pan Tadeusz
Пераклад: Браніслаў Тарашкевіч
Быліца дзясятая

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Быліца дзявятая
БІТВА

ЗМЕСТ:
Якія небяспекі вынікаюць з непарадачнага папасу. —Неспадзяваная водсеч — Сумнае палажэнне шляхты. — Квастарскія адведзіны — варажба ратунку. — Маёр Плут лішнімі залётамі сцягуе на сябе буру. — Стрэл з пісталетаў, сігнал на бой. — Дзялы Крапіцеля, дзялы і небяспекі Мацея. — Конаўка засадай ратуе Сапліцава.— Езная помач, атака на пяхоту. — Дзялы Тадэя. — Паядынак важароў, перарваны здрадай. — Войскі хітрым манеўрам перахіляе вагу бітвы. — Крывавыя дзялы Гярвазага. — Падкаморы — велікадушны пераможнік.

Так моцна храпелі, што іх не будзіла
міганне агнёў ні ўвайшоўшых вялікая сіла,
якая успала на шляхту, што спала без рухаў,
казаў, павукі-касары ды на сонных дзе мухаў;
ледзь бзыкне каторая, ўжо павучыныя ногі
яе абнімаюць, і душа так мушак кат строгі.
Сон шляхты цвярдзейшы за сон тэй мушынай пароды:
ніводзін не бзыкне, ляжаць без душы, як калоды,
нягледзь што іх тамака дужыя рухі хапалі,
круцілі, моў бы снапы ў перавяслы, вязалі.

Адзін яшчэ Конаўка толькі, якому ў павеце
не знойдзем раўні мацнінёй галавы на банкеце,
што выпіці можа ліпцова мядку дзве барылкі,
язык не сцвярдзее ж, а ногі не зробяцца хілкі,
дык ён жа, хоць выпіўшы многа й заснуўшы глыбока,
даваў яшчэ знакі жыцця. Прыадкрыў адно вока
і бача! ці мары ці сон! два страшэнныя твары
якраз над сабой, а пры кожным вусішчаў па пары;
над ім яны дыхаюць, тыцкаюць ў губы вусамі
і чэцверам рукаў махаюць кругом, як крыламі.
Спалохаўся, хоп – і жагнацца, рукою сярдзіта
тармосе, ды права рука як да боку прыбіта;
ён левай — дармо! Чуе, духі у моцныя столкі
так цесна яго спавілі, як дзіцятка у полкі.
Спалохаўся страшна і вока уміг закрывае,
ляжыць і не дыхае, стыгне, ледзь-ледзь не ўмірае.

Крапіцель рвануў бараніцца, а толькі па часе,
бо, звязан сваім паясом, ён ляжаў, бы ў атласе.
Аднак гэтак пружна падскочыў і гэтак скруціўся,
што, паўшы на грудзі другіх, па галовах каціўся
і кідаўся, моў бы шчупак па пяску ці па лузе,
а роў, як вядзмедзь, бо меў сілу у лёгкіх і ў пузе.
Зароў тады: «Здрада!» І абуджана ўсенька грамада
адклікнула хорам: «Ратуйце! тут здрада! тут здрада!»

А рэхам той крык далятае к люстранае залі,
дзе Граф, і Гярваз, і джакеі ўсе спалі.
Прачхнуўся Гярвазы, дармо вырываецца шчыра,
бо звязаны ў кій і да ўласнага ж нават рапіра;
зірнуў праз вакно ён, аж тамака людзі з аружжам,
у чорненькіх шапках, зялёных мундзерах і — дужа!
Адзін, папяразаны шарфам, трымаючы шпагу,
яе гастрыём жа кіруючы ўсеньку ватагу,
шаптаў там: «Вяжы іх!» Наўкола ляжаць, як цяляты,
джакеі у путах; і Граф у палон во забраты,
сядзіць без аружжа, не звязан; пры ім два бандыты
стаяць са штыкамі. — Пазнаў іх, не ў цемя бо біты
Гярваз: Маскалі!!!

А калісьці Рубайла быў лоўкі:
не раз на руках і нагах хоць бывалі вяроўкі,
аднак жа звальняўся, бо ведаў аб нейкім манеры
павязы зрываці, быў дужы й сабе к таму верыў.
Задумуе моўчкі шукаць да ратунку дарогі:
моў, спіць, а выцягуе рукі і ногі,
а бруха і грудзі сціскае, як можа, так дужа,
і зразу ўсё цела прыкорча, надзьме і напружа,
як вуж, галаву калі й хвост свой хавае ў скрутулку,
Гярваз такі з доўгага тоўсты, кароткі, як булка.
Крыху расцягнуліся, нават аж скрыпнулі звязы,
а лопнуць не лопнулі. Ключнік, ад злосці й абразы
тут ніцма к зямлі павярнуўшы свой твар зазлаваны,
заплюшчыўшы вочы, ляжаў, моў бы стоўп спілаваны.
Бубняць барабаны. Спачатку разважлівым стукам,
а после гусцейшым, штораз праразлівейшым грукам.
Затым загадаў афіцэр гэнай сілы варожай
джакеяў і Графа на залі замкнуць пад старожай,
а шляхту у двор, дзе другая шчэ рота стаяла.
Дармо вырываўся Крапіцель, злаваўся нямала.

Штаб стаў у дварэ. І ужо туды збройна зляцелі
Грачэхі, Падгайскія, Бірбашы й розны Бергелі —
Сапліцы радня або верны яго прыяцелі.
На водсеч прышлі, як пачулі ўначы аб нападзе,
к таму і з Дабрынскімі ўжо ад даўна былі ў звадзе.

А хто батальён Маскалёў туды з вёсак справадзіў?
а хто там суседства так хутка з засценкаў зграмадзіў?
Асэсар ці Янкель? Хоць розныя розна казалі,
а толькі ж ніколі напэўне аб тым не празналі.

Ўжо сонца усходзе, абліта крывавай чырвенню;
тупы беражок, як абдзёрты з касулькаў-праменняў,
у чэрні нагруджаных хмар паламаных хавае,
якраз у кавальскіх вуглёх так падкова палае.
А вецер, узмогшыся, гоне балоні з усходу,
густыя, пакрышаны, мовіў бы, крышыны лёду;
з ім кожны сцюдзёным дажджом пералётным цярушэ
а вецер ганяецца стыну і дождж гэты суша,
за ветрам ізноў жа балон падлятае вільготны, —
і так увесь дзень пераменна сцюдзёны і слотны.

Тым часам Маёр загадаўшы калоды цягаці,
што сохлі ля плоту, у кожнай паўкруг высякаці
сякерай; у тыя паўкругі калод утыкае
ён ногі палонных, а после другой замыкае.
Так разам калоды, скалочаны моцна гваздамі,
сціскаюць за ногі не горш, як сабакі зубамі;
вяроўкамі после мацней шнураваліся рукі
на шляхты плячох. Шчэ Маёр для вялікшай іх мукі
казаў пазрываці з галоваў усе канфед’раткі,
а з плечаў плашчы, і кантушы, і нат тарататкі,
а нат жупаны. Вось так шляхта сядзела радамі,
скавана ў калоду, і толькі званіла зубамі
на сцюжы й дажджы. Непагода ўсё горш забірала.
Дармо тут Крапіцель няўрымставаў, злуўся нямала.
Дармо і Суддзя тут за шляхту ўступаецца, просе,
са слёзамі просяць таксама Тальмена і Зося,
нявольнікаў каб не трымаці так строга, сярдзіта.
І праўда, начальнік іх ротны, той Рыкаў Мікіта,
быў добры маскаль і даваўся крыху удабрухаць,
ды што ж, калі сам ён Маёра Плута мусіў слухаць!

Маёр той быў родам паляк, із мястэчка Дзяровіч,
калісь называўся па-польску (так кажуць) Плутовіч,
ды перакуліўся; латруга, як часта бывае,
паляк, калі ў службе у царскай скуру адмяняе.
Плут з люлькай прад фронтам стаяў, падпіраўся у бокі,
як хто пакланіўся, ён нос задзіраў у балокі,
заместа ж адказу, на знак свайго злога гумору,
клуб дыму пускаў і адходзіўся без разгавору.

Суддзя гэтым часам жа Рыкава неяк лагодзе,
таксама набок і Асэсара нешта адводзе;
каб як без суда абысціся, выдумуюць раду,
а што найважнейшае, без умяшання ураду.
І кажа тут Рыкаў тады да Плута да Маёра:

«Паслухайце, я б адпусціў тых палоненых скора.
Пад суд аддамо іх? Ну, шляхце бяда то вяліка,
а вам жа за то не дадуць аніякага ліха.
Здаецца мне, лепей, Маёр, без суда залагодзіць,
Суддзя толькі мусе Маёравы труд знагародзіць.
Ну, скажам: сюды мы прыходзілі дзеля візіты,
так цэлымі будуць і козы, і воўк будзе сыты.
Бо прыказка кажа: ўсё можна, анно асцярожна,
пячэню пячы і на царскім ражне сабе можна,
а лепшы то мір, хоць благі, за найлепшу нязгоду,
заблутаўшы добра вузлы, запусці канцы ў воду.
Без рапарту будзе, нічога ніхто не заўважа.
А рукі на тое, каб браць, гэтак прыказка кажа».

Ўсарваўся Маёр тут, аж пырскае, бач, абурэннем:
«Ці ты ашалеў гэта, Рыкаў, з такім прадлажэннем?
А царская служба не дружба, ты, Рыкаў, дурача!
Я маю пусціці мяцежнікаў, што гэта знача?
У часе ваенным такім! Ну, паны вы, палякі,
я вас навучу бунтавацца! Га, шляхта, лайдакі,
Дабрынскія, знаю вас добра! няхай сабе мокнуць!»
(І тут рагатаў праз вакно, што гатовы быў покнуць.)
«То ж гэта той самы Дабрынскі сядзіць у сурдуце, —
гэй, здзерці сурдут! — два гады што са мной на рэдуце[1]
павадзіўся. Хто распачаў? ды ён сам, не паверыш!
Танцую, а ён і раздзёрся: «Зладзюгу за дзверы!»
А, бачыш, чаму: за растрату палковае касы
пад следствам я быў і вялізныя меў амбарасы.
Няхай, а яму то чаго? Я танцую мазура,
аж стылу: «Зладзюга!» І шляхта прыкрыкнула: «ў-ра!»
Зняважыў мяне, а цяпер во папаўся, шляхцюра.
Казаў я: Дабрынскі! эй, прыйдзе каза да ваза!
Ну, бачыш, Дабрынскі: цяперака будзе лаза!»

Ды хутка шаптаў ён, к Суддзі пахіліўшыся, ў вуха:
«Суддзя, калі хочаш, каб гэта сайшло бы на суха,
дык тысячу рублікаў за галаву і — гатова;
за кожнага тысячу! гэта апошняе слова».

Суддзя шчэ хацеў таргавацца; Маёр і не слухаў,
зноў лётаў па хаце і дымам густым толькі бухаў,
падобны да нейкага шэрмалю ці да ракеты[2].
А з просьбамі, з плачам за ім жа хадзілі кабеты.
«Маёр, — адазваўся Суддзя, — як дайшло бы да права,
што выграеш? Тут не тачылася бойка крывава,
і ран не было. Што паелі паўгускі і куры,
заплацяць па статуту штраф грашыма ці ў натуры.
А я проці Графа зусім не звярнуся да права,
бо гэта усенечка толькі суседская справа».

Плут кажа: «Суддзя хіба з «Жоўтаю кнігай»[3] не знаўся?»
«А што то за жоўтая кніга?» — Суддзя запытаўся.
«О, — кажа Маёр, — гэта кніжка ямчэй за статуты,
бо ў ей што ні слова — пятля ці Сібір, або кнуты;
па ей будзе ўсё у Літве па ваеннаму праву,
а вашыя ўсе трыбуналы ўжо хутка пад лаву.
Дык згодна з ваенным законам за гэтаку псоту,
напэўне, не меней, сашлюць у сібірну работу».
«А я, — Суддзя кажа, — паскарджуся да губарнатра».
«Ну, скаржся, — адказуе Плут, — хоць і да імператра!
Бо то ж імператар, калі зацвярджае указы,
бывае, што кару ён з ласкі звяліча ў два разы,
Паскаржся, а можа знайду калі, позна ці рана,
маспане судзейскі, кручочак які і на Пана.
То ж Янкель шпіён, за каторым сачыла улада,
а твой жа рандар, ты прымаеш яго за камрада.
Магу пад арэшт вас забраць усіх чыста адразу».
«Мяне, — ка’ Суддзя — пад арэшт? Не пасмей без наказу!»
І спор разгараўся ўсё болей гарачы й напорны,
аж новы тут госць заязджае ў дзядзінец у дворны.

Дзівосны уезд. Бо наперадзе бег, як бы важны
ганец, такі чорны рагаты баран, а паважны.
Рагоў жа чатыры: з каторых два моў бы дугамі
стаяць над вушмі і абодва убраны званкамі;
два іншы тырчаць убакі ад лабаціны вонкі,
на іх натрасаюцца медныя кулечкі звонкі.
А за бараном шлі валы і авечкі рахманы,
за быдлам шлі цяжка чатыры вазы пакаваны.

Згадалі усе, што ксяндзоўскі то ўезд, квастаровы.
Суддзя, каб не ўхібіць павіннасці гаспадаровай,
стаяў на парозе. Ксёндз ехаў на першай там брычцы,
каптур нацягнуўшы, стараўся, відаць, засланіцца —
ды зразу спазналі; мінуў толькі вязняў, звярнуўся
да іх тады тварам і пальцам да губ дакрануўся.
Фурман і другога ваза гэтаксама пазнаны:
стары гэта Розачка, за мужыка перабраны.
Як толькі пабачыла шляхта, усе закрычалі;
сказаўшы: «Дурныя!» — рукою даў знак, каб маўчалі.
На трэцяй падводзе Прусак быў у світцы падцёртай,
а Зан із Міцкевічам ехалі аж на чацвёртай.

Тым часам Падгайскія, Вільбікі ды Ісаейчы,
і Бергелі, Бірбашы, Котвічы ды Тэраейчы,
пабачыўшы шляхту Дабрынскую ў цяжкай няволі,
із гневаў старых астыгаць пачынаюць паволі,
бо польская шляхта, хоць страшна яна калатліва
й парывіста біцца, аднак жа зусім не імсціва.
Дык зараз бягуць да старога Мацея па раду.
А ён ля вазоў расстаўляе усеньку грамаду
і кажа чакаць.
Барнадын жа пашоў да пакою.
Яго ледзь пазналі там, хоць не змяніўшы быў строю,
ды выгляд зусім меў адменны. Звычайна суровы,
маўклівы, цяперака нос задзіраў над галовы
і з мінай вясёлай, квастар моў прасціна-рубаха,
адразу, ўвайшоўшы, смяяўся:
«Ха-ха, ха-ха-ха, ха!
Паклоны, чалом! Ха-ха-ха! Дасканальная справа!
Паны афіцэры! дзе днём удаецца аблава,
а ў вас уначы! Ловы добрыя, бачыў звярыну;
скубаць трэ, скубаць трэба шляхту, лупіць з іх лупіну!
Вазьмеце вы іх на мунштук, бо то шляхта здзічэла.
Віншую Маёра із Графічам! Слаўнае дзела!
Вось гэта пячэня! Багаты паніч, а з магнатаў,
дык не выпускай яго з клеткі без трыста дукатаў.
Узяўшы, на кляштар дай мне, хіба ж не мылюся,
грашоў якіх тры: за тваю бо душу я малюся.
Як я барнадын, так малюся за вашыя душы!
Бо смерць то і штабс-афіцэраў хапае за вушы!
Пісаў жа ксёндз Бака, што смерць не шкадуе, катуе
й магната, й пралата, й па сукні нялітасна стукне,
утне і па палатне, па каптуры й па фрызуры,
нічога бліскучы мундзеры і гладкі манеры.
Та смерць, — кажа Бака, — матуля, яна, як цыбуля,
шчыпае, слязу выціскае, а роўна прытуле
й дзіця, што люляе, й хлапца-малайца, што гуляе!
То так гэта: сёння жывём, а назаўтра гніём!
дык нашага толечкі, што паядзём і пап’ём!
Паночку Суддзя, ці не час ужо быў бы паснедаць?
Сядаю й другіх запрашаю застолле наведаць.
Каб зразаў, Маёр, хіба любіш? А Пане Паручнік,
каб гэтак у вазе харошай гарачанькі пунчык?»

«Яно то не шкодзе, — азваліся два афіцэры, —
і з’есці й булькнуць за Суддзю: няўжо мы стараверы!»

Здзівіліся хатнія, гледзячы на барнадына:
адкуль узялася ў яго і вясёласць ды й міна.
Суддзя тады кухару ўжо паўтарае прыказы:
унесена ваза і цукар, бутэлькі і зразы.
Тут Рыкаў і Плут завіхаліся чынна і бойка,
к ядзе налягалі, а з тым запівалі так стойка,
што праз паўгадзіны змялі яны дваццаць тры зразы
і выпілі пунчу палову вялізнае вазы.
Сыт, вёсел Маёр, разваліўся у крэсле плюшовым
і, ўзяўшы, запаліваў люльку білетам банковым,
а губы абцёршы з яды беражочкам сарвэты,
звярнуў свае вочы, усё смеючысь, на кабеты
і кажа: «Люблю вас, прыгожыя Пані, як вэты[4]!
Паснедаў калі чалавек, то клянусь на 'палеты,
што закусь найлепша па зразіках, то размаўлянне
з харошымі дамамі, гэтак як Вы, мае Пані!
А дайце — у карты! у гальба-цывальба ці ў віста?
Або патанцуем? Няхай кадукоў мяне трыста!
То ж я найпярвейшы ў стралецкім палку мазурыста!»
Затым ён да дамаў бліжэй накланяўся, схіляўся,
пускаючы дым, кампліменты ім правіць стараўся.
«Скакаць! — кажа ксёндз, — калі высушу добрую пляшку,
хоць ксёндз, падкашу я сутану манаскую нашу
й пайду мазурочка! А ведаеш толькі, Маёрку,
мы п’ём, але егры там мерзнуць на панскім падворку.
Гуляць, то гуляць! Ты, Суддзя, дай ім бочку сівухі,
Маёр як пазволе, хай п’юць сабе егры, бо зухі!»
«Прасіў бы, — адкажа Маёр, — ды няма ў тым прымусу».
«Суддзя, — падшапнуў тады ксёндз, — дай ім бочку спіртусу».
І так, калі весела штаб у дварэ забаўляўся,
за домам у войску прып’яністы баль пачынаўся.

Той Рыкаў Мікіта ўсё моўчкі да чар прыкладаўся.
Маёр жа і піў, але разам да дам прыхіляўся.
Ахвоту звычайна да танцаў ён меў, як падпіўшы.
Вось кінуў і люльку; руку Талімены схапіўшы,
хацеў танцаваць, ды ўцякла; ажно бача, тут Зося!
І кланяйца й сланяйца і да мазурачка просе:
«Гэй, Рыкаў, пакінь жа трубіць на сваёй ты на люльцы,
вон люльку, ты граеш нязгорша і на балабульцы,
там, бачыш, гітара, пайдзі і вазьмі, брат, гітару —
й мазурку! Хутчэй! Я, Маёр, іду ў першую пару...»
Гітару узяў капітан і настройвае ладна,
а Плут к Талімене са скокамі чэпіцца звадна.

«Маёрскае слова, не буду тады дваранінам,
калі змахляваў, а хацеў бы я быць сукінсынам,
калі набрашу; запытайся, а ўсе афіцэры
пасведчаць, і згодзяцца з гэтым усе кавалеры,
што тут, у другой нашай арміі, ў корпусе дзьвятым,
ў пяхотнай дывіз’і другой, у палку пяцьдзёсятым,
у егерскім, Плут найпярвейшы за ўсіх мазурысты.
Хадзі жа, Паненка! Не будзь жа, як конь наравісты!
Бо я укараю паненачку па-афіцэрску...»

Тут скочыў, хапіў за руку Талімену па-зверску
і шырака цупнуў у белыя плечы, аж пляснуў.
Тадэй жа, ад боку прыпаўшы, у твар яму хляснуў.
Прыцуп той Плута й памардасіна ляснулі разам
адно за другім, як у гутарцы сказ да за сказам.

Маёр як здурнеў, ажно вочы працёр, пабялелы
ад гневу, зароў: «Бунтаўшчык!» — і ляцеў ашалелы
са шпагай. Аж ксёндз з рукава дастае пісталета:
«Палі, мой Тадэйка, — крычыць, — у цымбалішча гэта!»
Тадэвуш, хапіўшы, намерыўся, выпаліў скора,
ды хібіў, анно абсмаліў, аглушыўшы, Маёра.
З гітарай зрываецца Рыкаў: «Бунт! бунт!» — галасуе,
ляціць да Тадэя: ўжо Войскі з застолля мяркуе
й махнуў во рукою наводле: ў паветры нож свіснуў
паміжы галовамі й перш ударае, як бліснуў.
Папаўшы у дно у гітару, наскрозь яе верце,
ды Рыкаў скланіўся набок і ўхіліўся ад смерці.
Стрывожаны крыкнуў: «Тут бунт! Эй жа егры! — ей богу!» —
за шпагу хапіў бараніцца, збліжаўся к парогу.

З другога канца урываецца шляхты ўжо многа
праз вокны, наперадзе Розга Мацея старога.
Плут, Рыкаў у сені і клічуць на помач жаўнераў;
ужо падлятае к ім трое чырвоных каўнераў,
прад імі праз дзверы штыкі, як маланкі, бліскучы,
на іх жа тры схілены шапкі так чорны, як тучы.
Мацей пры дзвярох стаіць, Розгу падняўшы, пільнуе,
прыліпшы к сцяне, як той кот, што на мышы палюе,
аж цяў во страшэнна: мо’ тры галавы палажыў бы
стары, каб прыгледзеўся лепей, ці менш гарачыў бы.
Пакуль яшчэ сунулі шыі, ён здзёр ім фуражкі,
і так па штыкох толькі бразнуў удар яго важкі.
Яны адступаюць, а Розачка іх выганяе
на двор аж.
Шчз большае там замяшанне гуляе.
Сапліцы староннікі ўжо не глядзяць на нязгоды,
Дабрынскім наўзавады ўсе разрываюць калоды.
То бачучы, некалькі еграў як-та падбягае.
Шаржант, даляцеўшы, Падгайскага ўраз прабівае,
двух іншых параніў, страляе у трэцяга вязня.
А гэта было пры калодзе Хрысціцеля ласне.
Ён меў ужо вольныя рукі, дык біцца гатовы
ўсарваўся, падняў свой кулак, моў бы молат дубовы,
і зверху так дзёрнуў расейцу ніжэй патыліцы,
што ўбіў у замок карабіна і твар, і сківіцы.
Хоць кляпнула, порах, заліты крывёй, не спаліўся,
шаржант ля Хрысціцеля ног на аружжа зваліўся.
Хрысціцель схіліўся, хапае аружжа за дула
й крутнуў, як крапілам, аж ветрам усіх скалыхнула.
Ад тога млынка радавых зразу двое упала,
а трэцім ударыў Хрысціцель у голаў капрала.
Тады ад калоды і іншыя ходу са страхам:
так шляхту Крапіцель накрыў тэй круцёлкай, як дахам.

Парэзаны хутка вяроўкі, разбіты калоды.
Ўжо вольная шляхта напала на тыя падводы,
а з іх дабывае мячы, палашы, тасакі
і стрэльбы, і косы, а Конаўка два штурмакі
й мех куляў; насыпаўшы да штурмака да сваёга,
набіты другі аддае для Сака маладога.

Пайшла мітульга, бо стральцоў ужо моц наляцела.
Ні шляхта не можа сячы ужо накрыжкі смела,
ні егры страляць; ужо зблізу урукапаш б’юцца —
кусаецца шабля за шаблю, аж іскры нясуцца,
ламаецца шабля аб штык або аб рукаятку,
ўжо б’юць кулакамі, мяшаецца ўсё у сумятку.

Дык Рыкаў ляціць, дзе стадола з прыплоткамі тыча,
і, стаўшы аж тамака, на маскалёў сваіх кліча,
каб кінулі гэну бітву без ніякага ладу,
дзе, зброі не ўжыўшы, падуць ад кулачна нападу.
Дык злы, што у гэткім натоўпе агню даць не можа,
бо нельга разрозніць ніяк, дзе сваё, дзе варожа,
камандуе: «Стройся!» — сабраць каб жаўнераў да шыку,
а толькі ж каманды ані не чуваць дзеля крыку.
Стары жа Мацейка, на долькі ручныя няздольны,
узад адступаючы, пляц прад сабой рабіў вольны
направа й налева. Тут кончыкам Розгі умела
штык з дула сатрэ, моў са свечкі той кнот закапцелы,
а там вун, наводле махнуўшы, зразае ці коле.
І так асцярожны Мацей уступае у поле.

З найбольшым, аднак, на яго насядае упорствам
гіфрайтар стары, што займаўся ў палку інструкторствам;
ён майстра, аж страх, са штыком на усякія штукі.
Стуліўся і скорчыўся, моцна хапіўшы у рукі
ружжо; замок правай, а левай за дула трымае,
падскакуе, круціцца, часам ураз прысядае,
то леву апусце, а правай наперад аружжа
так суне, моў гадзіна джыгалам вострым варуша,
то зноў яго ўзад хапане, на калене ўспірае
і, скачучы так, на старога усё насядае.

Праціўніка зручнасць укеміў жа Розачка стары,
дык левай рукою уздзеўшы на нос акуляры,
ён праваю шабелькі грыф пры грудзёх аж трымае,
гіфрайтара рухі сачыць вачыма, адступае,
сланяецца сам на нагах, бы п’янчужка лядача.
Гіфрайтар барджэй падбягае і, пэўны удачы,
каб зараз хутчэй са старым да пакончыці справу,
яшчэ прыпадняўся і выцяг руку сваю праву,
ружжо папіхаючы; так жа ж пры гэтым сіліўся
штуршком і аружжа вагою, што аж пахіліўся:
Мацюк рукаятку ад шаблі — смікалісты дужа! —
пад штык падстаўляе і так падбівае аружжа
ды, шаблю спускаючы, тне маскаля па правіцы
і зараз наводле па твары сячэ, па сківіцы.
Так паў той гіфрайтар, найлепшы фяхтоўшчык з маскаляў,
траіх бо храстоў кавалер, чатырох жа медаляў.

Тым часам то левае шляхты крыло ля калодаў
ўжо блізка было перамогі. Крапіла там ходаў,
здалёку відны, там і Брытва заўзяты махае,
той вале ў галовы, другі папалам разразае.
Бы тая машына, каторую дужа штукарне
надумалі немцы, якую празвалі яны малатарня,
а разам сячкарня з нажамі, з цапамі, што можа
як трэба парэзаць салому і выпайсаць збожжа:
так разам сякуць і малоцяць Крапіла і Брытва,
і ворага труць гэты знізу, той зверху, як жыта.

Пакінуў Крапіцель тут пэўную ўжо перамогу,
ляціць аж на права крыло Мацюку ў дапамогу.
Там прапаршчык, смерць адамсціць каб гіфрайтара тога,
з даўжэнным шпантонам ідзе на Мацея старога,
(шпантон гэта разам сякера і піка, не ў ходзе
цяперака на сухапуці, а толькі у флоце
яшчэ ужываецца, быў жа ж тады і ў пяхоце).
Той прапар хлапец малады, а смікалісты дужа,
як толькі Мацей яму ўбок адбівае аружжа,
ўсё ўзад адступае; стары жа ж не можа угнацца:
не ранячы ворага, змушан адно адбівацца.
Ўжо раз да крыві яму прапаршчык пікай упіўся,
ужо рэзнуць бердышам зверху старога злажыўся:
Крапіла не змог даляцець, дык ураз з паўдарогі,
крутнуўшы аружжам, пусціў афіцэру пад ногі.
Косць скрышана; прапаршчык бердыш із рук выпускае
і слоніцца; шляхта й Хрысціцель ужо надлятае,
за шляхтай ад лева крыла і маскоўская сіла
змяшана ляціць. Пачынаецца бой ля Крапіла.

Хрысціцель, аружжа патраціўшы ў Мацькі зашчыце,
за гэту прыслугу без мала не страціў што жыцце,
бо стылу дваіх маскалёў да з усенькае сілы
чатыры рукі учапілі ў чупрыну Крапілы;
упёршы нагамі, а дужыя! — цягнуць, як ліны
пружкія, што ўвязаны моцна да шчоглаў віціны.
Дармо іх Крапіцель лупцуе у тыл беспрастанку,
хістаецца; глянуў — аж блізка Цызорык-Мапанку
рубае, дык крыкнуў: «А Езус-Марыя! Гярвазы!»

Трывогу Хрысціцеля Ключнік пазнаўшы адразу
па крыку, звярнуўся й пусціў брэд[5] гартоўнае сталі
паміжы Крапілы патыліцу й рукі маскаллі.
Рванулі назад і нямымі раўлі галасамі;
рука жа ж адна, што сплялася мацней з валасамі,
вісець засталася; крывёю бурліць і балтайца.
Так ворлік, кіпцюр свой адзін як загоне у зайца,
другі ж, зверыну каб стрымаці за дрэва зашчэпе,
а заяц як торгне й арла на дзве часткі расшчэпе:
пры дрэве у лесе той правы кіпцюр застаецца,
а звер з акрываўленым левым па полі нясецца.

Хрысціцель свабодны, наўкола глядзіць ваяўніча,
выцягуе рукі, аружжа шукае і кліча;
тым часам таўчэ кулакамі, расставіўшы кроку,
й стараецца блізка трымацца Гярвазага боку,
аж бача Сака, свайго сына, у тай паталоцы:
у правай штурмак, а у левай з усенькае моцы
у сажань даўжэнна дуб’ё валачэ за сабою,
суката, набітае крэменем, рознай жарствою[6]
(здружыціся можа з Хрысціцеля толькі рукою).
Хрысціцель, як толькі угледзеў магутна Крапіла,
хапіў, цалаваў, аж падскочыў ад радасці мілай,
крутнуў, і ужо па галовах яно малаціла.

А после што ён вырабляў і глушыў як без меры,
дармо то й пяяць, бо і Музе ніхто б не паверыў.
Не верылі ў Вільні ж убогай тэй бабе, не даме,
якая стаяла на самым шчыце ў Вострай Браме
і бачыла, як гэта Дзееў, ваявода маскоўскі,
ўжо браму адбіўшы, вёў полк казакоў нетакоўскіх,
і як там тутэйшы адзін мешчанін, Чарнабацкі,
забіў таго Дзеева й збіў увесь полк той казацкі[7].

Даволі, што сталася так, як прадбачыўшы Рыкаў;
стральцы ў мітульзе паняслі паражэнне вяліка.
Бо дваццаць і тры на зямлі з іх ляжала забітых,
а трыццаць і некалькі енчыла раненых, збітых,
а шмат пайшло ў сад, у хмялі, на раку наўцекі,
нат некалькі ў доме ў жанчынаў прасіла апекі.

Вясёлая шляхта ўжо радасна лётае й кліча,
адны ўжо да бочак, другім ужо пахне здабыча,
і толькі ў ксяндза была міна яшчэ ваяўніча.
Не біўся дагэтуль ён сам (бо бароняць каноны
ксяндзу ваяваць), але як чалаавек быў свядомы,
то добрыя рады даваў і пляц бою абходзіў,
узрокам, рукою сваіх заахвочваў, прыводзіў;
цяперака кліча усіх да яго далучыцца,
на Быкава ўдарыць, канца перамогі дабіцца.
Тым часам да Быкава шле пасланца, каб сказаці,
што можа, аружжа злажыўшы, жыццё захаваці,
калі ж ён адцягваць будзе са здачай аружжа,
акружаны будзе й адно на разню так заслужа.

А Рыкаў, аднак, і не думаў прасіць іх пардону;
сабраўшы наўкола сябе тады з паўбатальёну,
крычыць: «Да аружжа!» Шарэнга за ружжы хапае,
аж хрумснулі (ружжы даўно ўжо набітыя мае);
крык: «Цэлься!» — і ружжы радочкам даўгім заблішчэлі;
«Чаргою агня!» — і адно за другім загрымелі.
Той стрэле, а гэны наб’е, той хапае у рукі,
чуць посвісты куль, хруст замкоў, шампаловыя гукі.
Шарэнга уся выдаецца рухомістым гадам
бліскучым, што ёрзае гасячай ног адным радам.

Хоць егеры п’яны, здурнеўшы з таго замяшання,
хібляюць да мэты, хоць рэдка каторы і ране,
радзей жа яшчэ забівае, а ўсё ж двох Мацеяў
паранілі і затаўклі аднаго з Баўтрамеяў.
З нямногіх рушніцаў адстрэлюе шляхта здалёку
і з шаблямі хоча на ворага ўдарыць з наскоку,
ды старшыя здзержуюць; кулі разгоніста свішчаць,
сякуць, і зганяюць, і хутка дзядзінец ачысцяць,
ужо пачынаюць па шыбінах дому званіці.

Тадэвуш, застаўшыся ў доме жанчын бараніці
з наказу ад дзядзькі, пачуўшы, што горай і горай
бітва разгараецца, выбег; за ім Падкаморы,
якому Тамаш карабэлю прынёс ужо з хаты,
спяшыць і становіцца зараз наперадзе шляхты.
Бяжыць ён, а шляхта уся за ягоным загадам;
стральцы падпусцілі і сыпнулі куляў, як градам.
Ляглі Ісаевіч і Вільбік, дзве раны у Брытвы.
Устрымуюць шляхту ад тэй небяспечнай ганітвы
Чарвяк і Мацей. Астыгае і шляхта ў запале
й назад адступае. Маскаль тое бача і вале.
Ўжо думае Рыкаў апошні удар ім задаці,
з дзядзінца сагнаць усю шляхту й дваром заўладаці.

Ужо «Стройся ў атаку! — крычыць ён жаўнерам, — на штыкі!
Уперад!» — Шарэнга ўся, выткнуўшы дулы, як тыкі,
схіляе галовы, ідзе, прыспяшаючы шагу.
Дармо па іх шляхта страляе, не траце адвагу,
шарэнга прайшла паўдзядзінца ужо без адпора;
паказуе шпагай на дзверы тут Рыкаў і скора
крычыць: «Паддавайся, Суддзя, бо пажарам застрашу!»
«Палі,— кажа той,— то цябе ў тым агні я усмажу!»

Ах, двор Сапліцоўскі! калі і дагэтуль шчэ цэлы
твае усё свецяцца сцены там белы,
як шляхты суседска грамада дагэтуль часамі
сядае з Суддзёй за гасціннымі шчыра сталамі,
то п'юць хіба часта за Конаўкі там за здароўе:
без Конаўкі, пэўне, было б ужо па Сапліцове!

Дагэтуль не шмат зрабіў Конаўка ворагу шкоды.
Хоць першы са шляхты ён звольнены быў із калоды,
хоць зараз знашоў у вазе свой штурмак знамяніты,
ту Конаўку мілу і куляў мяшэчак набіты,
а біцца не біўся; казаў ён, што нашча не верыў
сабе, пакуль мерачкі спірту як трэ не адмерыў:
да бочкі пашоўшы, хіліў сабе жменяй, як чаркай,
так падмацаваўся ды добра сагрэўся і шпарка;
паправіўшы шапку, бярэ сваю Конаўку ў рукі
з каленаў, наладжуе ў стрэльбіне розныя штукі
й пляц бою кругом азірае. Глядзіць, аж бліскуча-
я хваля штыкоў шляхту б’е і паб’е немінуча,
плыве проці гэтае хвалі, к зямлі пахіліўшысь,
сярэдзінай пляцу нурцуе, у травы зашыўшысь
густыя; аж там, дзе паросшы крапіва-кусака,
засеўся і згэтуль падмігуе жэстамі Сака.

Сак дом бараніў і стаяў з штурмаком ля парогу,
да мілае Зосенькі загарадзіўшы дарогу.
Ад Зоські ў залётах пагарджаны Сак засмучоны,
гатоў жа быў згінуці дзеля яе абароны.

Шарэнга стральцоў ужо маршам к крапіве прыпёрла,
аж Конаўка цынгелем ціснуў, і з конаўкі горла
пускае на ворага тузінам куль рассяканых;
Сак тузін другі, і стральцы аканчальна змяшаны.
Шарэнга са страху віецца у клуб, адступае,
кідаючы збітых; Хрысціцель жа іх дабівае.

Далёка стадола ужо. Баючыся адходу
задоўгага, Рыкаў ляціць пад баркан ля гароду;
збірае у кучу разбітае роты там жменькі
і строе па новаму шых: з аднэй доўгай шарэнгі
ён робе трыкутнік: наперадзе ставе клін востры,
а стылу ўпірае ў баркан два бакі яго просты.
І добра зрабіў, бо ад замку язда ужо вале.

Граф, быўшы запёрты у замку пад вартай маскаляй,
як варта ўцякла, пасадзіў тых джакеяў на коней
і, чуючы стрэлы, язду у вагонь сваю гоне,
паперадзе сам із жалезам, высока паднятым.
Аж Рыкаў як крыкне: «Агню батальёнам, рабяты!»
І шмыгнула ўздоўж па замкох, моў бы нітка вагніста,
і з выткнутых дулішчаў свіснула куляў са трыста.
Трох конных параніла, трупам адзін залягае.
Паў графавы конь, паў сам Граф; крычачы, падбягае
Гярваз на ратунак, бо бача, што егры ўжо мелі
на мэце з Гарэшкаў апошняга, хоць па кудзелі.
Бліжэй быў Чарвяк, Графа целам сваім закрывае
й, дастаўшы пастрэл за яго, з-пад каня дабывае,
адводзе, а шляхце паказуе, каб расступіцца,
хавацца за студню, платы, за якою сцяною,
а Графу на лепшы мамент зачакаці з яздою.

Цудоўна уцяміў і споўніў ягоныя планы
Тадэвуш. Стаяў, за драўляную студню схаваны,
а як быў цвярозы і добра страляў з дубальтоўкі,
(трапляў да падкінутай высака ўверх залатоўкі),
Маскву цвіча страшна. Старэйшых усё выбірае;
фяльфебля ад першага стрэлу, глядзі, забівае,
затым із двух дул па дваіх ён зажарыў шаржантах,
ў сяродак трыкутніка лупе, дзе штаб, і па кантах.
Тады ўжо і Рыкаў злуецца, махае рукамі,
кусае нат шпагу і тупае грозна нагамі:
«Маёр,—закрычэў,—ці ты бачыш? стралок вун пракляты
паложа каманду, прапалі тады і салдаты!»

Дык Плут да Тадэя ускрыкнуў, узбураны гневам:
«Гэй, пане паляк, ці не сорам хавацца за дрэвам!
Не будзь жа трусом, выхадзі, як таго вымагае
жаўнерская чэсць». А Тадэвуш яму адказае:
«Маёр! калі лічышся гэтакім смелым жаўнерам,
чаго ж ты хаваешся там у стральцоў за каўнерам?
Цябе не баюся, дык спробуй жа выйсці з-за плоту;
раз даў табе ў морду і біцца не страціў ахвоту.
Нашто праліванне крыві. Міжы намі знявага,
няхай жа канчальна рашыць пісталет або шпага.
Аружжа на выбар бяры ад гарматы да шыла;
а не, пастраляю усіх, як варон, вас, аж міла».
І кажучы гэта, прымерыўшы добра, зажарыў:
стаяўшага з Рыкавым побач паручніка ўдарыў.

«Маёр, — кажа Рыкаў,— ну, на паядынак з ім смела
ідзі, адамсціць за яго папярэдняе дзела.
Каб гэтага шляхціца нехта ды іншы забіў бы,
то, бачыш, Маёр, сваёй ганьбы ніяк ты не змыў бы.
Дык гэтага шляхціца трэба у поле звадзіці,
як нельга з ружжа, тады шпагаю можна ўлажыці.
Бо куля, то цура, а штык малайчына, бо коле,
Сувораў стары гаварыў; выхадзі, брат, у поле,
бо перастраляе усіх нас: прыцэлісты дужа».
На гэта Маёр жа адказуе: «Рыкаў, мой дружа!
Мо’ сам ты пашоў бы, на шпагі у нас ты пярвейшы,
ці, можа, з паручнікаў нашых які маладзейшы.
Бо мне ж, як Маёру, тут быць із салдатамі нада,
ка мне усяго батальёну належа каманда».
То чуючы, Рыкаў выходзе са шпагаю смела,
агонь загадаў перастаць, махнуў хусткаю белай;
пытае Тадэя, аружжа ён хоча якое?
Згадзіліся коратка й згодна на шпагі абое.
Тадэвуш аружжа не меў; як шукалі дзе шпагі,
то выскачыў Граф і умовы сарваў без развагі.

«Ах, Пане Сапліца, — крычыць, — з перапрошаннем Пана,
Пан вызваў Маёра! Тым часам я на Капітана
пакрыўджаны: ён бо да замку майго сёння ўночы»
(«Да нашага замку», — ўстаўляе Пратаз неахвоча)
«ўварваўся, — заканчуе Граф,— з цэлай бандай зладзеяў,
то ён гэта, Рыкаў, пазвязваў маіх там джакеяў.
Скараю й яго, як разбойнікаў тых пад высокай
скалою, што звецца ў Сіцыліі Бірбантэ-роккай».

Тут-разам замоўклі усе, супынілі стралянне,
цікавае войска слядзіць камандзіраў спатканне.
Ідуць сабе Рыкаў і Граф, прыадвернуты бокам,
ўзаемна так грозячы правай рукою і вокам;
рукамі жа ж левымі ўраз адкрываюць галовы
із ветлым паклонам (звычай бо такі ганаровы,
што ворага трэ’ прад забойствам як след прывітаці).
Спаткаліся шпагі ужо і пашлі скрыгатаці.
Ўздымаючы ногі, з прыладам на права калена,
ваякі падсілкуюць ўперад і ўтыл пераменна.

А Плут на Тадэя так гледзячы ўсё перад фронтам,
нараду вёў скрытую ціха з гіфрайтарам Гонтам,
якога у роце мастацтва стралецкае знана.
«Ці бачыш, — Плут кажа,— таго вун мяцежніка пана?
Калі яму ўсадзіш ты кулю пад пятым рабром,
дастанеш чатыры рублі ад мяне серабром».
Гонт стрэльбу адводзе, к замку пахіліўся, адылі[8]
таварышы верныя Гонту шынелямі ўкрылі;
ды мера не ў рэбры ён, а ў галаву Тадавуша.
Паціснуў і блізенька трапіў, у верх капялюша.
Тадэй адвярнуўся, аж тут налятае Крапіла
на Рыкава — «Здрада!»— ўся шляхта завыла,
Тадэвуш яго засланяе: ледзь што з галавою
стуль Рыкаў паспеў уцячы да расейскага строю.

Дабрынскія зноў жа наўзавады лупяць з Літвою;
нягледзь на даўнейшыя споры паміжы сабою,
па-брацку паможа адзін аднаму, намудруе.
Дабрынскія бачаць, як лоўка Падгайскі картуе
шарэнгу стральцоў і бліскучай касою рубае,
дык радасна клічуць: «Няхай жа жывуць нам Падгаі!
Ура, ліцвіны! Ну, гарачы іх бой і малітва!»
Скалубы ж, пабачыўшы, як маладзецкі там Брытва,
хоць ранен, ляціць, сваю шаблю падняўшы пад хмуры,
ускрыкнулі: «Ўра, Мацюкі! хай жывуць і мазуры!»
Паддаўшы так духу сабе, на маскоўцаў ляцелі;
Чарвяк із Мацеем старым іх стрымаць не паспелі.

Як спераду ўдарылі гэтак на егерску роту,
пляц бою пакінуўшы, Войскі ідзе да гароду.
Пры боку ягоным ступаў асцярожна Пратазы,
яму аддаваў паціхутку пан Войскі прыказы.

Стаяла ў гародзе і блізка пад самым барканам,
ў каторы упёршыся Рыкаў сваім траягранам,
старая, вялікая сырніца, хоць неаздобна,
з бярвенняў, павязаных накрыж, да клеткі падобна.
Там многія копы сыроў у ёй смачных бялелі;
наўкола ж іх, сохнучы, густа снапамі віселі
шалей, i benedicta carda, і розныя травы,
ўсё Войшчанкі зелле аптэчнае, лекі, прыправы.
Ушыркі так сажні чатыры та сырніца мела
уверсе, а ўся на стаўбе на вялізным тырчэла,
як бусла гняздо. А той стоўб быў стары, хоць дубовы,
ужо пахіліўшыся, выгніўшы аж да паловы,
гразіў паваліцца. Не раз то Суддзі гаварылі
раскінуць будоўлю збуцвелу ад веку, адылі
Суддзя адмаўляўся, казаў, што яму папраўляці
куды ахватней, як разбурываць, перастаўляці,
усё адкладаў будаваць і рабіў адгаворы,
тым часам пад стоўб той казаў уваткнуць дзве падпоры.
Будоўля, падкрэслена гэтак, аднак не трывала,
насом за баркан над трыкутнік салдат вызірала.

К тэй сырніцы Войскі із Возным ідуць асцярожна,
магутнаю жэрдзяй, як пікай, узброены кожны;
за імі плыве праз густыя каноплі ’хмістрыня
і кухцік, малы, але дужы і спраўны хлапчына,
Прышоўшы, упёрлі друкі ў верх стаўба, весь падгнілы,
а самі, ў канцох вісячы, пхнуць з цалюсенькай сілы,
як плытнікі тыя увязшу на рапах[9] віціну
даўгімі друкамі ад берагу пхнуць на глыбіну.

Аж стоўб затрашчэў: захісталася сырніца, гнецца,
з бярэмам сыроў на трыкутнік маскоўскі той прэцца,
гнецца й забівае; ўжо там, дзе стаялі салдаты, —
палены, і трупы, й сыроў беласнежныя латы,
крывёй і мазгамі заліты. Трыкутнік парваўся,
Крапіла лупіў там, і Брытва ужо завіхаўся,
і Розачка сек; ад двара гушча шляхты ўлятае,
а Граф на рассыпаных конніцу з брамы пускае.

Яшчэ бараніцца стральцоў толькі восем прымела
з шаржантам. Гярваз налятае, стаяць яны смела,
дул дзевяць намерыўшы ў Ключніка з мэтным прыгледам;
ляціць ён на стрэл і ўсё круце Цызорыка брэдам.
Угледзеўшы гэта, Чарвяк залятае дарогу,
сам валіцца і падбівае Гярвазаму ногу;
звалілісь, як жарнулі тыя агню усім зводам.
Ледзь свіснула толькі, сарваўся Гярвазы і ходам
ускочыў у дым, двум стральцам адсякае галовы.
Ўцякаюць, а ён удагонку сячэ на паловы;
яны ў панадворак, Гярвазы за імі няспынна,
яны ў бок гумна, дзе расчынена насцеж адрына,
Гярваз на іх шыях праз дзверы туды уязджае
і знік у пацёмках, аднак жа бітвы не кідае,
чувацца праз дзверы бо енкі, і крыкі, і ўдары.
Ды хутка заціхла; выгодзе Гярвазы стуль стары
з мячом акрываўленым.
Шляхта, здзяржаўшы так поле,
разбітых стральцоў даганяе, рубае і коле.
А Рыкаў крычыць, хоць адзін, што не здасца так скора,
і б’ецца насмерць, аж падходзе к яму Падкаморы
і, шаблю падняўшы, прамове паважным так тонам:
«Паслухай мяне, сваёй чэсці не спляміш пардонам.
Ваяка няўдачны, аднак даказаў ты адвагу
вялікую, здайся й спакойна аддай сваю шпагу,
бо, бачыш, нас сіла, дык зможам, як шаблямі бразнем.
Жыццё захаваеш і гонар, маім будзеш вязнем!»

Дык Рыкаў, зважаючы па Падкамора павагу,
скланіўся, узяў і аддаў яму голую шпагу,
усю закрываўлену, й кажа :«Ляхі, паны-браты!
бяда мне, бяда, што не меў аніводнай гарматы.
Казаў мне Сувораў: «Ну, помні жа, Рыкаў, таварыш,
не йдзі без гарматаў на ляхаў, бо кашы наварыш!»
Ну, што ж! калі егры п'яныя, Маёр піць дазволіў!
Ах, Плут! ён праз меру сягоння ужо пасваволіў!
Камандаваў ён, таму сам прад царом і адкажа,
а я, Падкаморы, й цяперака прыяцель ваш жа.
Бо гэтак і прыказка кажа, што хто каго любе,
то той таго, Пан Падкаморы, і здорава чубе.
Я знаю: вы слаўны напіцца, ахвотны пабіцца,
а толькі ж пакіньце, паны, над стральцамі глуміцца».

Тады Падкамор карабэлю уверх падымае
й праз Вознага зараз агульны пардон абвяшчае;
агледзіці раненых кажа і трупаў браць з поля,
я рэшту стральцоў абяззброеных весці ў няволю.
Шукаюць Плута; ў крапіву ён глыбока зашыўся
і, лежачы гэнам без руху, мярцом прычыніўся;
а вышаў, пабачыўшы ўрэшце, што ўжо па бітве.
Такі меў канец той апошні заезду Літве[10].

Зноскі

правіць
  1. Рэдута — баль (Б. Т.).
  2. Шэрмаль, ракета — штучныя агні, феерверкі (Б. Т.).
  3. «Жоўтая кніга», названая так па яе вокладцы,— варварская кніга ваенных царскіх законаў. Не раз у мірны час урад абвяшчае, што цэлыя правінцыі знаходзяцца ў стане вайны, і, адпаведна «Жоўтай кнізе», аддае ваеннаму кіраўніку поўную ўладу над маёмасцю і жыццём грамадзян. Вядома, што ад 1821 г. і да паўстання (1831 г.) уся Літва падпарадкоўвалася дзеянню «Жоўтай кнігі», якой выканаўцам быў вялікі князь царэвіч (А. М.).
  4. Бэты — салодкая закусь па ядзе (белар. «нават» знача: на вэт, на канчатак) (Б. Т.).
  5. Брэд— востры бок (Б. Т.).
  6. Літоўская дубіна робіцца наступным чынам: знаходзяць малады дуб і насякаюць яго знізу ўверх сякерай так, каб, зрэзаўшы кару і мяздру, злёгку параніць дрэва. У тыя рубцы ўтыкаюць вострыя крэмені, якія з часам урастаюць у дрэва і ўтвараюць цвёрдыя гузы. У язычаскія часы дубіны з'яўляліся галоўнай зброяй літоўскай пяхоты; іх ужываюць часам і цяпер і называюць насекамі (А. М.).
  7. Пасля паўстання Ясінскага, калі літоўскія войскі адступалі да Варшавы, рускія ўвайшлі ў пакінутую Вільню. Генерал Дзееў са світай уязджаў праз Вострую Браму. Вуліцы былі пустыя, жыхары заперліся ў дамах. Але адзін мешчанін, пабачыўшы гармату, кінутую ў завулку і зараджаную картэччу, нацэліў яе ў браму і запаліў кнот. Гэты адзін стрэл выратаваў тады Вільню: генерал Дзееў з некалькімі афіцэрамі загінуў, астатнія, баючыся засады, адышлі ад горада. Цвёрда не ведаю прозвішча таго мешчаніна (А. М.).
  8. Адылі — а толькі, аднак, тыкеле (Б. Т.).
  9. Рапы — падводнае каменне (Б. Т.).
  10. Бывалі і пазней яшчэ заезды, хаця не такія слаўныя, аднак досыць шумныя і крывавыя. Каля 1817 года грамадзянін У... у Навагрудскім ваяводстве пабіў у час заезду ўвесь навагрудскі гарнізон, а камандзіраў узяў у палон (А. М.).