Песьні-жальбы (1910)/Думкі/На полі вясной

Вясной На полі вясной
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1910 год
Усход сонца
Іншыя публікацыі гэтага твора: На полі вясною.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




НА ПОЛІ ВЯСНОЙ.
Люблю я прывольле
Шырокіх палёў,
Зялёнае морэ
Ржаных каласоў

І вузкіе ўстужкі
Мужыцкіх палос.
Люблю цябе поле!
Люблю я твой плёс!

І грушы старые,
Што ў жыце шумяць,
Зялёные межы,
Далёкую гладзь;

Люблю я дарогі,
Што леглі між гор;
Ў нізу пад гарою
Ручча разгавор…

Люблю я узгоркі,
Песчаны курган
І сіняго неба, —
Далёкі туман.
Люблю пазіраць я
На поле вясной,
Як ветрык жартлівы
Плыве збажыной.

Калышыцца жыта,
Радамі бяжыць,
Плыве без прэстанку
І ціха шуміць…

Люблю я прывольле
Шырокіх палёў,
Зялёнае морэ
Ржаных калосоў.