Песьні-жальбы (1910)/Думкі/Ноч

Усход сонца Ноч
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1910 год
Месяц
Іншыя публікацыі гэтага твора: Ноч (Між палёў шырокіх…).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




НОЧ.
Між палёў шырокіх
Я адзін стаю;
Ахваціла ціша
Ўсю душу маю.
Ночэчка мая ты,
Водблеск глыбіны!
Ты душу чаруеш
Сьпевам цішыны.
Многа ў гэтым сьпеві
Оклічоў жывых:
Іх ня зловіш вухам,
Чуеш сэрцам іх.
Ночэчка мая ты,
Ціхі сон вясны!
Колькі зор на небі,
Як блішчаць яны!
Водблескам пажароў
Неба край гарыць —
Там двурогі месяц
Землю сьцеражыць…
Ночэчка мая ты,
Ціхая дума!
Не ахваціш вокам,
Ды і слоў німа
Апісаць абраз твой,
Хараство, спакой,
Толькі ў цябе ўнікнеш
Чуткаю душой.