ДОЛЯ БАТРАЧКІ.
Маці ў службу выпраўляе
Родную дзяціну
І украдкам выцірае
Горкую сьлязіну.
—„Будзь паслушна ты, дачушка“,—
Навучае матка:
„Дагаджай чужым ты, служка,
Ды цярпі, дзіцятка!
Не адзін раз твае вочкі
Заплывуць сьлязою;
Твая доля цямней ночкі, —
Цяжка быць слугою!
Не уважыць чужаніца
Ручэк тваіх белых;
Поту выльецца крыніца
З шчочэк загарэлых.
Леткам ўстанеш раней зоркі,
Перша пойдзеш ў поле…
Ох, дачушка, хлеб твой горкі,
Горка твая доля!“ —
Маці дочку разважае,
Сябе цешыць стара;
Жаль ёй к сэрцу падступае,
Як бы тая мара. —
Вось, дзяўчына ўжо гатова,
Пакідае хатку.
— „Ну, матулька, будзь здарова!“
І цалуе матку. Вышла маці ў сьлед за ёю,
Стала пры парогу
І, падпёршы твар рукою,
Глядзіць на дарогу.
Доўга матка ўсё глядзела,
Доўга паглядала, —
Покі Ганны хустка бела
З вачэй не прапала…
|