Песьні-жальбы (1910)/Мужычае жыцьцё/За падаткі

Доля батрачкі За падаткі
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1910 год
На прадвесьні
Іншыя публікацыі гэтага твора: За падаткі.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЗА ПАДАТКІ.
Колькі ўжо раз за падаткі
Стараста пужае!
Ой, нехай іх,—горка з імі,
Хто таго ня знае?! —
Аж тут пісар прыежджае
Разам з старшынёю…
Ой, нічога не парадзіш
З горкою бядою.
—Пачэкайце, залатые! —
Бух ім я у ногі!
А назаўтра я Красульку
Пацягнуў за рогі.
Зарыкала так жалобна
Бедная жывёла
І мне сэрцэ немым рыкам,
Як нажом, парола,
Жонка плачэ у качэргах;
Гэтак па дзіцяці,
Ззаду за труной ідучы,
Толькі плачэ маці…
Я йшоў з боку,—і здушылі
Горла мне залозы!
Выйшоў ў поле,—паліліся
З вачэй самі сьлёзы.