Прынц і жабрак (Твэн/Краўцоў)/Разьдзел XXXII. Дзень каранацыі
← Разьдзел XXXI | Прынц і жабрак Разьдзел XXXII. Дзень каранацыі Аўтар: Марк Твэн Крыніца: http://knihi.com/Mark_Tven/Prync_i_zabrak.html |
Разьдзел XXXIII → |
Вернемся, аднак, і займем месца ў Вэстмінстэрскім абацтве а 4 гадзіне раніцай памятнага дня каранацыі. Мы тут будзем не адны; хоць яшчэ цёмна, але асьветленыя факеламі галерэі напоўнены публікаю, гатоваю прасядзець нярухома паўдня, чакаючы падзеі, якую, быць можа, ня кожнаму дана бачыць двойчы ў жыцьці — каранацыі. Але, Лёндан і Вэстмінстэр падняліся на ногі а трэцяй гадзіне ўночы, з першым гарматным стрэлам, і натаўпы багатых, не належаўшых да знаці, грамадзян, купіўшых права пропуску на галерэі, тоўпяцца каля ўваходаў.
Гадзіны йдуць досіць марудна. Усялякі рух спыніўся, таму што памешканьне саўсім перапоўнена. Цяпер мы можам сесьці і, ад няма чаго рабіць, тое-сёе разглядзець. Перад намі, куды ні глянеш, адкрываюцца ў паўцемры часьці галерэяў і бальконаў, усеяных гледзячамі; другія заслонены колённамі і выступамі. Відаць таксама ўсю вялізную паўночную галерэю — пакуль што, яшчэ незанятую ўпрывілеёванаю публікаю, для якой была прызначана. Шырокая пляцформа, засланая багатымі тканінамі, — уся, як на далоні; пасярэдзіне месьціцца пасад, на ўзвышэньні, да якога вядуць чатыры ступенькі. У сяджэньне пасаду ўстаўлена пліта неабчэсанага каменя — Сконскі камень, — на якім садзілася грамада пакаленьняў шотляндзкіх каралёў пры ўрачыстасьці каранаваньня, і з бегам часу ён быў высьвечаны для тае самае мэты ангельскімі монархамі. Пасад і падножжа ўкрыты залатою парчою.
Навокал ціша, факелы цьмяна мігцяць, час памаленечку йдзе. Але, вось, пачынае сьвітаць, агні пагашаны і мягкае ранешняе сьвятло запаўняе ўвесь прастор сабору. Цяпер можна бачыць формы вялічавага будынку, праўда, ня досіць ясныя, ахіненыя туманам, таму што сонца яшчэ ня выглянула з-за воблакаў.
А сёмай гадзіне першы раз нарушаецца санлівая манатоннасьць: першая знатная дама зьяўляецца на залі, апраненая, як Салямон у славе сваёй; прыдворны ўвесь у машасьце і ў шоўку, праводжвае яе да яе месца, а другі, якраз гэтак-жа сама, апранены, падбірае даўгі шлейф, і калі лэді сядае, дык ён кладзе ёй шлейф на калены; затым ставіць пад ногі ўслончык і зьмяшчае каронку ў выгаднае месца, каб зручна было дастаць яе, калі надайдзе мінута дзеля адначаснага ўзлажэньня каронаў на галовы ўсіх вяльможаў.
Тымчасам жонкі пэраў зьяўляюцца адна за аднэй, блішчастым ланцугом, а царадворцы бегаюць і снуюць, садзячы і прыстройваючы іх. Сцэна пачынае ажываць. Усюды рух і жыцьцё, ўсюды пярэстасьць. Крыху пачакаўшы, ізноў запаноўвае ціша; ўсе знатныя дамы зьехаліся, ўсе пазаймалі свае месцы — вялізны квятнік, яскравы й пярэсты, ўсеяны брылянтамі, быццам Малочны Шлях — зорамі. Тут усе вякі ў зборцы: жоўтыя, зморшчаныя, сівавалосыя ўдовы, якія памятаюць яшчэ каранацыю Рычарда ІІІ і смутныя старадаўныя часы, відныя дамы сярэдніх гадоў, грацыёзныя маладыя жанчыны, харошанькія дзяўчаты з бліскучымі вачыма і сьвежым колерам твару. Яны, яшчэ можа быць, і не патрапяць налажыць сваіх каронак, калі надайдзе ўрачысты момант, з прычыны неспакойства, дзеля таго, што выпадак для іх новы. Але, магчыма, што й справяцца са сваёю задачаю, таму што прычоска ўва ўсіх сумысьля гэтак прырыхтована, што ня цяжка ўмацаваць карону, як толькі даны будзе знак.
Мы бачылі, як зіхацела брылянтамі нялічаная грамада дамаў, і не змаглі ўтрымацца, каб ня выказаць зьдзіўленьня. Але, вось, перад намі штосьці сапраўды нязвычайнае. Гадзіны каля дзевятае хмары расплываюцца, сонцаў прамень ўрываецца ў цемнаваты будынак і аблятае па бліскучых радох дамаў, запальваючы шматколерныя агні асьляпляльнага бліску. Нявольна ўздрыгваешся, як ад электрычнае струі, бачачы гэткі эфэкт. Але, вось, сярод іншых чужаземных паслоў у сонечную паласу ўваходзіць і прадстаўнік нейкае дзяржавы далёкага ўсходу. Усім займае дух: зьяньне, што мігцячы льецца вакол яго — непераможнае, ён з галавы да ног усеяны брылянтамі і падчас найменшага руху яго рассыпаецца цэлы дождж іскраў.
Але лепш будзем гаварыць у прайшоўшым часе. Прайшла гадзіна, дзьве гадзіны, дзьве з паловаю, пакуль пачуліся гучныя стрэлы гарматаў, абвясьціўшыя, нарэшце, прыбыцьце караля і ўсяе працэсіі. Прысутныя адразу павесялелі, хоць і ведалі, што яшчэ прыдзецца чакаць, таму што каралю трэ’ было прырыхтавацца і апрануцца дзеля сапраўднае асабліва-ўрачыстае цэрамоніі, але гэты час можна са смакам ужыць на агляданьне пэраў каралеўства, ў далікатных парадных касьцюмах. Іх урачыста праводжвалі, паказвалі месцы і з боку клалі каронкі. Публіка на галерэях з цікавасьцю сачыла за падходзіўшымі адзін за адным гэрцогамі, графамі, баронамі, імёны якіх карысталіся гістарычнаю вядомасьцю ў працягу пяцёх сталецьцяў. Калі ўсе паселі, адчыніўся абраз, якога нельга запомніць.
У хуткім часе пляцформу заняло вышэйшае духавенства ўва ўсіх вопратках і ў мітрах, праводжанае клірам; пасьля зьявіўся лёрд-пратэктар ды іншыя саноўнікі, і, нарэшце, аддзел лейб-гвардзейцаў у стальных латах.
Надыйшла паўза. Па даным сыгнале, загрымела музыка, і Том Канці, ў доўгай парчавой мантыі, паказаўся каля ўваходу і ўзыйшоў на ўзвышэньне. Уся многалюдная грамада ўстала і пачаўся абрад каранаваньня.
Панясьліся хваляю гукі добрароднага гымну; Тома Канці ўрачыста падвялі да пасаду. Старадаўныя абрады адбываліся з вялікаю павагаю, пры гэтым публіка ня зводзіла вачэй з караля. Па меры таго, як цэрамонія падходзіла да канца, Том усё бялеў ды бялеў; туга і роспач усё глыбей залазіла ў душу яго, усё больш балюча тузала дакора суменьня.
Нарэшце, надыйшоў апошні абрад. Архіепіскап Кэнтэрбэрыйскі падняў з падушкі ангельскую карону і ўзьнёс яе над галавою дрыжаўшага непраўдзівага караля. Мігам зіхаценьне радугі асьвяціла вялізны сабор, бо ўсё сабраньне знаці, як адзін чалавек, разам падняло свае каронкі і застыла ў гэткім палажэньні.
Глыбокая ціша панавала ў абацтве. У гэту памятную мінуту зьявілася дзіўная постаць; але ніхто з тых, што глядзелі, не зьвярнуў увагі, пакуль яна не паказалася ў галоўным цэнтральным прыдзеле. Гэта быў хлопчык у грубай, падранай вопратцы, ў падраных атопках, з непакрытаю галавою. Ён выцягнуў руку з урачыстасьцю, не адпавядаўшай яго гразнаму, нікчэмнаму выгляду, і прамовіў:
— Забараняю вам класьці карону на галаву гэтага здрадніка! Кароль — я!
Мігам некалькі рук са злосьцю апусьцілася на хлопчыка; але Том Канці, ў сваёй каралеўскай вопратцы, выступіў наперад і гучна крыкнуў:
— Не чапаць яго! Ён — кароль!
Зьдзіўленьне, зьмяшанае з панікаю, заўладала сабранымі; некаторыя пасходзілі са сваіх месцаў і, нічога ня цямячы, пазіралі то на галоўныя дзеяўшыя асобы, то адзін на аднаго, быццам не маглі зразумець, ці сапраўды ня сон гэта перад імі, і ці пры сваім яны розуме. Лёрд-протэктар быў зьбянтэжаны ня менш за іншых, але хутка заўладаў сабою і гукнуў загадным голасам:
— Не прыдавайце значэньня — кароль ізноў занядужаў! Схапіць абарванца!
Яго загад быў-бы споўнены, але Том Канці тупнуў нагою і крыкнуў:
— Не чапаць яго! Ён — кароль!
Уся грамада спруцянела, ўва ўсіх абвісьлі рукі, ніхто не варухнуўся, ніхто ня вымавіў ні слова, ніхто ня ведаў, як быць, з чаго пачаць, да таго неспадзяваным і незразумелым было ўсё тое, што адбывалася. Пакуль глядзеўшыя разьбіраліся ў сваіх пачуцьцях, хлопчык ішоў уперад, з гордай постацьцю і пэўным выразам у вачох, пакуль ня ступіў на ўзвышэньне. Думанны кароль радасна кінуўся яму насустрэчу і, ўпаўшы на калены, прамовіў:
— О, гаспадару, пазволь беднаму Тому Канці першаму прысягнуць на вернасьць табе і сказаць: «Узлажы на сябе карону і прымі ўладу, якая належыць да цябе паводлуг права».
Грозныя вочы лёрда-протэктара спыніліся на прыйшоўшым хлопчыку; але зараз-жа выгляд яго твару зьмягчэў, даўшы месца нясказанаму зьдзіўленьню. Тая самая зьмена адбылася і з іншымі царадворцамі. Яны паглядзелі адзін на аднаго і міма волі адступілі крыху назад. Ува ўсіх праляцела адна і тая самая думка: Якая дзіўная падобнасьць.
Зьбянтэжаны лёрд-протэктар з мінуту ці дзьве ня ведаў, што пачаць; пасьля сказаў з глыбокай пашанаю:
— Пазволь, сэр, задаць табе некалькі пытаньняў, якія…
— Гатоў адказваць, мілёрд.
Гэрцог задаў яму некалькі пытаньняў датычна двара, памёршага караля, прынца, прынцэсаў — хлопчык адказваў правільна, не заікаючыся. Ён апісаў парадныя залі палацу, апартамэнты памёршага караля і прынца Уэльскага.
— Дзіўна, страшэнна дзіўна, незразумела! — цьвярдзілі ўсе ў адно слова. Справа набірала іншага кірунку, надзеі Тома Канці мацнелі; але лёрд-протэктар памахаў галавою і сказаў:
— Гэта, сапраўды, дзіўна, але й наш кароль мог-бы гэтак-жа добра адказаць. Апошняя ўвага засмуціла Тома, надзеі ізноў пачалі пакідаць яго.
— Аднак-жа гэта яшчэ ня доказ, — дадаў протэктар.
Цяпер вецер моцна павеяў — толькі ня ў той бок, куды трэ’ было, ён спагадаў таму, каб Том заграз на пасадзе, а законны пратэндэнт быў аднесены адкрытым жыцьцёвым морам. Лёрд Гэртфорд натужліва раскідаў розумам, памахваў галавою — няпрыемная думка заўзята навязвалася: «І для дзяржавы, і для нас небясьпечна пакінуць без разрашэньня гэткую загадку; яна можа пасяліць нязгоду і ўзварухнуць пасад». Ён адвярнуўся і загадаў:
— Сэр Томас, арыштаваць яго… Не, пачакайце!… Твар яго раптам паясьнеў, і ён паставіў пратэндэнту гэткае пытаньне:
— Дзе дзяржаўная пячатка? Рашы мне гэткую задачу — і канец справе; толькі прынц Уэльскі можа адказаць! Ня трудная штука, але ад яе залежыць лёс пасаду і дынастыі.
Праўду кажучы, гэта была шчасьлівая, ўдачная думка: ўсе прысутныя тут саноўнікі, маўкліва, згоднымі з гэтым паглядамі выказвалі сваё задаваленьне. Але, ніхто, апрача сапраўднага прынца, ня мог раскрыць тайны згубленьня вялікае дзяржаўнае пячаткі. Гэты бедны, маленечкі самазванец добра падмуштраваўся да экзамену, але тут ён сьсячэцца, тут ужо і супольнікі яго ня змогуць даць адказу. Вельмі добра, раскошна, трэба раз назаўсёды палажыць канец небясьпечнай гульне. І прыдворныя трохі памахвалі галовамі і ўнутрана ўсьмяхаліся, чакаючы, што дурны хлопчык зьбянтэжыцца і прызнаецца да свае віны. Аднак-жа, якое-ж было іхняе зьдзіўленьне, калі нічога падобнага ня здарылася, калі яны пачулі яго спакойны, рашучы адказ:
— Задача саўсім нятрудная.
Затым, ня доўга думаючы, ён адвярнуўся і аддаў загад з няпрымушанасьцю чалавека, прывыкшага загадраць.
— Мілёрд Сэнт-Джон, схадзеце ў мой кабінэт у палацы — ніхто лепей за вас не знаёмы з ім; тамака, ў левым кутку, што далей ад уваходных дзьвярэй, каля самае падлогі вы знайдзеце ў сьцяне медны гузік; націсьніце яго і выскачыць маленькая патайная скрыначка; аб ёй ня толькі вам невядома, але нікому на сьвеце, апрача мяне і пэўнага майстра, устроіўшага яе. Там ляжыць вялікая дзяржаўная пячатка. Прынясеце яе сюды.
Усё сабраньне адразу далося пры гэтых словах, і яшчэ болей зьдзівілася, калі маленечкі прынц паказаў на пазванага пэра бяз ніякага хістаньня ці небясьпекі памыліцца, з гэткім спакойным, пэўным выглядам, як быццам змалку знаў яго. Зьбянтэжаны лёрд Сэнт-Джон ледзь што не паслухаў, ён навет зрабіў рух, каб пайсьці выпаўніць даручэньне, але апамятаўся і, крыху зачырванеўшыся, прыняў ранейшы спакойны выгляд. Том Канці голасна зьвярнуўся да яго:
— Чаго марудзіце? Хіба ня чулі загаду караля? Ідзеце!
Лёрд Сэнт-Джон нізка пакланіўся — усе заўважылі, што паклон быў надта тонкі, дзеля таго, што і кароль і пратэндэнт маглі аднолькава прыняць яго на свой рахунак — і выйшаў.
Цяпер у бліскучай групе прыдворных пачуўся рух — марудны, ледзь заметны, але ўпарты, падхільны — рух, які можна прасачыць пры пакручваньні калейдаскопу, калі яркія часьці аднае фігуры распадаюцца, творачы новую. У даным выпадку новым цэнтрам, вакол якога групаваліся сабраныя, быў абарваны хлопчык. Том Канці стаяў блізу што адзінока. Надыйшла мінута цяжкага чаканьня й трывогі, нават няшмат якія маладушныя людзі, яшчэ акружаўшыя яго, крыха па крысе набраліся духу і пачалі прылучацца да большасьці. У рэшце ўсяго, Том Канці, у сваёй каралеўскай вопратцы, пакінены ўсімі, застаўся саўсім адзін, сярод ачышчанае пляцформы.
Але вось паказаўся лёрд Сэнт-Джон. Калі ён падходзіў да сярэдняга прыдзелу, чаканьне й цікавасьць публікікі да таго была вялікая, што размовы й шэпты мігам сьціхлі, запанавала глыбокая ціша, і толькі глухія шагі яго было чутно. Усе вочы скіравалі на яго. Падыйшоўшы да пляцформы, ён супыніўся, нізка пакланіўся Тому Канці і сказаў:
— Гаспадару, пячаткі там няма!
Натаўп чэрні не адвярнуўся-б з гэткаю шпаркасьцяй ад якога-нібудзь ахопленага чумою, як адлілі ад няшчаснага маленькага пратэндэнта на карону, зьбялеўшыя, перапалоханыя царадворцы. Мінуту пачакаўшы, ён ужо быў адзінокі, бяз прыяцялёў і апякуноў, служачы мішэньню дзеля сцэнтрованых на ім злосных і пагардлівых паглядаў. Лёрд-протэктар гнеўна крыкнуў:
— Выкінуць жабрачка на вуліцу і прагнаць пад бізуном праз увесь горад — мізэрны дурань на большае не заслужвае!
Афіцэры гвардыі кінуліся споўніць загад, але Канці спыніў іх:
— Назад! Хто закране яго. той заплаціць галавою!..
Лёрд-протэктар быў аканчальна зьбянтэжаны.
— Ці добра вы шукалі?— спытаўся ён у лёрда Сэнт-Джона. Хоць-жа, аб гэтым няварта і пытацца. Маленечкая рэч, нічога нявартая яшчэ магла згінуць, — у гэтым няма нічога дзіўнага, але якім чынам зьнікла гэткая буйная рэч, як дзяржаўная пячатка, як гэта ніхто і сьледу яе не заўважыў — вялікі залаты кружок…
Том Канці з зіхацеўшымі вачыма, выступіў наперад і гукнуў:
— Стойце, годзі! Яна гэткая, круглая, тоўстая. На ёй выразаны нейкія літары й гэрбы? Так? Ну, цяпер я ведаю, якая вялікая дзяржаўная пячатка, што нарабіла гэтулькі клопату. Калі-б вы мне раней растлумачылі, дык я аддаў-бы вам яе яшчэ тры тыдні назад. Як-жа, ведаю, дзе яна ляжыць, хоць ня я першы паклаў яе туды.
— А хто-ж, гаспадару? — спытаўся лёрд-протэктар.
— Той, хто стаіць перад вамі, — законны кароль Англіі. Ды ён і сам скажа вам, дзе яна знаходзіцца, тады вам прыдзецца паверыць, што ён ведаў аб гэтым раней. Падумай, гаспадару, прыпомні — гэта было апошняе, што ты зрабіў у той дзень, перш, чымся выбег з палацу, у маім рызьзі, каб пакараць салдата, скрыўдзіўшага мяне.
Надыйшло маўчаньне, ніхто не заікнуўся; вочы ўсіх былі вырачаны на прыйшоўшага хлопчыка, які стаяў, схіліўшы галаву і зморшчыўшы лоб, перабіраючы ў памяці масу дробных уражаньняў і стараючыся ўспомніць адзін нязначны факт; калі яму ўдасца ўспомніць — ён дастане назад пасад свой, калі не, дык прападаць яму жабраком і адшчапенцам. Мінута праходзіла за мінутаю, а хлопчык усё капаўся ў памяці, не варушачыся. Нарэшце, ён уздыхнуў, ціха памахаў галавою і прамовіў дрыжаўшым голасам, поўным зьнямогі;
— Усё прыпамінаю, усю драбязу, але аб дзяржаўнай пячатцы пры гэтым і спаміну ня было.
Ён памаўчаў, пасьля падняў галаву і прамовіў з мягкасьцю і дастойнасьцю:
— Мілёрды і джэнтльмэны, калі вы хочаце пазбавіць вашага законнага караля яго правоў толькі таму, што ён ня можа даставіць вам гэткага пустога доказу, дык я не магу замінуць вам, я тут бясьсільны. Але…
— О, гэта вар’яцтва, гаспадару! — з жахам гукнуў Том Канці. — Пачакайце, падумайце, вашая вялікасьць. Не здавайцеся — справа яшчэ не праграная. Слухайце, што я буду казаць— сачэце за кожным словам. Я напомню вам тую раніцу, як усё было, папарадку. Мы размаўлялі… Я расказваў вам пра сваіх сёстраў Наньні і Бэтты, — але, але, прыпамінаю, пра сваю бабку, пра грубыя гульні, пра хлопчыкаў Офаль-Корту. Ці-ж ня так, і вы таксама прыпамінаеце. Вельмі добра, далей — вы ня ўспомніце. Вы напаілі й накармілі мяне, з далікатнасьці, адаслаўшы слугаў, каб я не сароміўся свае невыхаванасьці. Так, і гэта таксама памятаеце.
І Том выкладваў усе падробнасьці, а другі хлопчык пацьвярджальна памахваў галавою, а многалюднае сабраньне й царадворцы пазіралі абзадачаныя, зьдзіўленыя. Расказ меў падобны да праўды характар, але якім чынам, паўстае запытаньне, маглі блізка зыйсьціся прынц і жабрак? Ніколі яшчэ ніводнае сабраньне ня было гэтак абзадачаным і зацікаўленым.
— Дзеля жарту, гаспадару, вы памяняліся вопраткаю. Пасьля мы падыйшлі да люстра, і гэтак падобны былі адзін да аднаго, што абодвым здалося, быццам ніякага пераапрананьня й не адбывалася. Раптам вы заўважылі ў мяне на руцэ сіняк — вось ён, дасюль яшчэ не магу пісаць, пальцы быццам зьдзеравянелі. Вашая вялікасьць падскочылі, палаючы гневам, грозячы расправіцца з салдатам і скіраваліся да выхаду. Прабягаючы каля стала, схапілі тую рэч, якую называюць дзяржаўнаю пячаткаю, але, схапілі яе, і нецярпліва азіраючыся, як-бы шукаючы месца, дзе схаваць… Тут вы заўважылі…
— Так, так, годзі! Дзякуй Богу, — гукнуў абадраны пратэндэнт на пасад. — Ідзеце, мой добры Сэнт-Джон, у рукаве мае кальчугі, што вісіць на сьцяне, знайдзеце пячатку.
— Так, вашая вялікасьць, так, — закрычаў Том Канці, — цяпер карона Англіі ваша, і таму, хто здумае пярэчыць вашым правом, не знасіць галавы. Сьпяшайцеся, ляцеце, сэр Джон!
Усё сабраньне было цяпер на нагах, страціўшы галовы ад неспакою, трывогі і нязвычайнага ўзварушэньня. У ніжнім ярусе, на падмостках, на галерэях падняўся аглушальны шум — пашлі гутаркі, спрэчкі; у працягу некалькіх мінут цяжка было разабрацца ці пачуць, як трэба, што-нібудзь — усе гаварылі разам. Час праходзіў незаметна. Нарэшце, усё змоўкла: паказаўся лёрд
Сэнт-Джон, трымаючы ў паднятай руцэ вялікую дзяржаўную пячатку.
— Няхай жыве кароль! — загуло з усіх бакоў.
Мінут пяць у паветры стаяў гук галасоў, гром музыкі, віхрастае маханьне хустачкамі, і сярод гэтых радасьцяў, на пляцформе, галава ангельскага народу — абадраны хлопчык, зачырванеўшыся, шчасьлівы і горды, а перад ім пакленчыўшыя, магутныя васалы.
Калі ўсе падняліся, Том сказаў:
— Цяпер, гаспадару, вазьмі свае царскія рэгаліі і аддай Тому, слузе Твайму, яго лахманы.
— Узяць маленькага дурня, высьцебаць і кінуць у вастрог, — прыказаў лёрд-протэктар.
Але новы кароль, сапраўдны кароль сказаў:
— Я не дапушчу гэтага. Толькі дзякуючы яму я вярнуў сваю карону. Ніхто ня сьмее крануць яго пальцам. А што датычыць цябе, мой добры дзядзечка, лёрд-протэктар, дык з твайго боку вялікая няўдзячнасьць гэтак абходзіцца з тым, хто ўзьвёў цябе ў гэрцогі (тут протэктар зачырванеўся), ня будучы каралём. Чаго варт цяпер твой тытул? Заўтра-ж ты павінен выпрасіць у мяне, цераз гэтага хлопчыка, зацьвярджэньня ў новым званьні, а не, дык застанешся проста графам.
Пасьля гэткага адпору, яго сьветласьць гэрцог Сомэрсэцкі стушаваўся з пярэдніх радоў. А кароль зьвярнуўся да Тома і ласкава спытаўся:
— Бедны хпопчык, як гэта ты памятаў, куды я падзеў пячатку, а я ня мог успомніць?
— О, гаспадару, тут няма нічога дзіўнага, таму што я часам карыстаўся ёю.
— Карыстаўся… Але-ж чаму ты адразу не сказаў, дзе яна?
— Ды я й ня ведаў, вашая вялікасьць, што гэта й ёсьць тая самая пячатка. Мне ня тлумачылі, якая яна на выгляд.
— Што-ж ты ёю рабіў?
Том, замест адказу, зачырванеўся і спусьціў вочы.
— Кажы сьмела, добры хлопчык, ня бойся!— сказаў кароль. — Дзеля якое мэты карыстаўся ты дзяржаўнаю пячаткаю?
— Калоў гарэхі.
Бедны Том! Ад раптоўнага рогату, які пачуўся ў гэтую мінуту, ён ледзь стаяў на нагах. Але затое, калі ў кім-нібудзь і заставалася яшчэ якая-нібудзь няпэўнасьць, кароль Том Канці, ці не, дык апошні адказ аканчальна разьвеяў яе, таму што відочна даказаў незнаёмства хлопчыка з аснаўнымі атрыбутамі каралеўскае дастойнасьці.
Тымчасам з плечаў Тома зьнялі пышную каралеўскую мантыю і апранулі яе на караля, лахманы якога былі, гэткім чынам прыкрыты.
Ізноў пачынаецца абрад каранаваньня. Адварды памазаны ў каралі, на галаву яго накладаецца карона, пры аглушальным громе гарматаў, абвяшчаўшым аб вялікай падзеі ўсяму радаснаму, жывому Лёндану.