Прынц і жабрак (Твэн/Краўцоў)/Разьдзел XXXIII. Адварды — кароль

Разьдзел XXXII Прынц і жабрак
Разьдзел XXXIII. Адварды — кароль
Аўтар: Марк Твэн
Крыніца: http://knihi.com/Mark_Tven/Prync_i_zabrak.html
Канчатак

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Майльс Гэндон і да лупцоўкі на Лёнданскім мосьце меў даволі кур’ёзны маляўнічы выгляд, а пасьля таго яшчэ больш расхарашыўся. Было ў яго сьпярша крыху грошай, а цяпер нічога не засталося — кішэньнікі абчысьцілі яго да апошняга фарсінга.

Але бяды мала, абы толькі знайсьці яму хлопчыка. Як сапраўдны салдат, ён ня пусьціўся за ім наўгад, а перш за ўсё абмеркаваў плян шуканьня.

Што павінен быў хлопчык рабіць, куды пайсьці? — Натуральна, — разважаў Майльс, — першаю справаю ён скіраваўся ў сваю старую кватэру — гэтак зробіць кожны бяспрытульны, ўсё роўна ці ў сваім ён розуме, ці звар’яцелы. Дзе-ж ён раней знаходзіўся? Яго лахманы, а таксама пратэнсіі падазроннага бадзякі, як відаць, знаўшага хлопчыка, паказвалі, што ён жыў у адным з найбяднейшых і ў адным з самых гразных кварталаў Лёндану. Але-ж ці лёгка яго знайсьці, дый ці хутка знайдзе ён яго? Не, мабыць, шуканьне ня зьвязана будзе з труднасьцямі і не зацягнецца. Яму навет ня трэба шукаць самога хлопчыка, а толькі глядзець, дзе натаўп: сярод вялікага, ці невялікага натаўпу ён, напэўна, рана ці позна, знайдзе яго; подлая чэрнь дзеля пацехі і вясёласьці пачне на кожным кроку дразьніць і квяліць хлопчыка, які, па звычаю, будзе выдаваць сябе за караля. Тады ён, Майльс, пасвойму расправіцца з гэтымі панамі забярэ свайго выхаванца і ўцешыць ласкавымі словамі і ўжо больш яны ніколі не расстануцца.

Гэткім чынам, Майльс пусьціўся ў пашуканьні. Праходзіла гадзіна за гадзінай, а ён усё бадзяўся па гразных, глухіх вуліцах, шукаючы вачыма зборышчаў і спатыкаючы іх нямала, але, ўсё такі, не знаходзячы паміж імі свайго хлопчыка. Няўдача вельмі зьдзіўляла яго, але не наводзіла на безнадзейнасьць; паводлуг яго перакананьня, плян дзеяньняў быў правільны, толькі ў адным сэнсе рахуба не ўдалася, справа зацягвалася, а ён думаў, што хутка ўправіцца.

Нарэшце пачало сьвітаць. Шмат міляў адмахаў Гэндон, шмат натаўпаў сустрэў, але бясплодна; нарэшце, ён змогся, прагаладаўся і пачуў моцнае жаданьне спаць. Ён не адмовіўся-б пасьнедаць, але-ж чым заплаціць? Яму яшчэ не даводзілася прасіць жабраніны; закласьці меч — ўсё роўна, што разьвітацца з гонарам; праўда, ён мог-бы збыць тое-сёе з свае вопраткі, але-ж дзе знайсьці ахвотніка на гэткае дабро?

Надыйшоў поўдзень, а Гэндон усё бадзяўся, але цяпер ужо за простым народам, ішоўшым за каралеўскаю працэсіяй; ён разьлічаў, што сапраўдная ўрачыстасьць павінна была асабліва цягнуць да сябе маленькага вар’ята, і дзеля гэтага валокся ў пазакручваным хвасьце паходу па ўсіх Лёнданскіх вупіцах, да Вэстмінстэру й Абацтва. Доўга хадзіў ён, праціскаючыся то ўперад, то ўзад; але ашуканы ў сваіх надзеях і скрыўджаны, ён, нарэшце, прыстаў і пачаў прыдумваць новы плян. Калі Гэндон прачхнуўсся ад свае задумы, дык ён заўважыў, што пакінуў горад далёка ззаду за сабою і што дзень хіліцца да канца. Ён быў каля ракі; тут раскінены былі багатыя заместавыя лецішчы — месца, дзе гэткі абадранец, як ён, ня мог разьлічаць на радасны прынятак.

Было не асабліва холадна. Ён расьцягнуўся на зямлі, пад плотам, каб адпачыць і пакруціць мазгамі. Але хутка соннасьць аходала яго, і калі да вушэй яго даляцеў далёкі грукат гарматаў, дык ён прамовіў: «Новы кароль каранованы», і тут-жа заснуў. Больш, як трыццаць гадзін, ён быў бяз сну і адпачынку, затое і прачхнуўся чароднаю раніцай толькі каля дванаццатае гадзіны.

Ён устаў, разьбіты, акачанелы, галодны, памыўся ў рацэ, падмацаваў жывот, глінуўшы крыху вады, і пацягнуўся ў бок Вэстмінстэру, нездаволены сабою за тое, што змарнаваў гэтулькі часу. Цяпер голад натхніў яго новым плянам: ён папрабуе пабачыць старога Гёмфры Марлё ды пазычыць у яго грашакоў, а пасьля… ды пакуль што і гэтага даволі, а там будзе відаць, што рабіць.

Гадзіны каля адзінаццатае ён дабраўся да палацу; і хаця цэлыя натаўпы хораша апраненае публікі ішлі ў тым самым кірунку, аднак-жа, ад Гэндона не магло ўтаіцца, што ён служыў рэчаю агульнае ўвагі, дзякуючы свайму касьцюму. Ён супыніўся і пачаў выглядаць якога-нібудзь дабрадзея, які ўзяў-бы на сябе труд далажыць аб ім старому царадворцу — аб тым, каб самому пралезьці ў палац, не магло быць і мовы. Якраз у той час праходзіў хлопчык, якога звычайна сьцёбалі за віну прынца. «Ну, калі гэта ня той самы бадзяка, аб якім гэтак трывожыўся яго вялікасьць, дык хай назавуць мяне аслом. Ён якраз адпавядае апісаньню — Бог не стварыў больш за адно падобнае страхацьцё. 3 якой-бы гэта прычыны загаварыць з ім?»

Майльс Гэндон вывяў яго з труднага палажэньня; ён адвярнуўся, — як звычайна бывае з чалавекам, на якога хто-нібудзь пільна пазірае ззаду, — і, заўважыўшы, што хлопчык цікавіцца ім, падыйшоў да яго і спытаўся:

— Вы, здаецца, толькі што выйшлі з палацу. Вы там жывеце?

— Але, пане.

— Ці ня знаеце, часам, сэра Гёмфры Марлё?

Хлопчык здрыгануўся. «Божанька, — падумаў ён, — гэта-ж ён пытаецца пра нябожчыка тату».

— Ведама, што знаю, — пачуўся адказ.

— Вось і добра, а што. ён там?

— Але, — сказаў хлопчык, дадаўшы ў памяці сваёй: «Там, але, там — у зямлі сырой».

— Ці магу я папрасіць аднае ласкі: скажэце яму маё імя і скажэце, што я маю перадаць яму асабіста пару словаў.

— 3 ахвотаю споўню вашае даручэньне, пане.

— Тады паведамце, што яго хоча бачыць Майльс Гэндон, сын сэра Рычарда. Вельмі шмат вам буду абавязаны, галубок.

Хлопчык быў расчарованы. «Кароль, здаецца, ня гэтак называў яго», праляцела ў яго галаве, «але нічога, гэта, напэўна, родны брат таго дзівака, і зможа даць яго вялікасьці такія-сякія ведамасьці».

— Пачакайце крыху вун там, сэр, а я схаджу і прынясу вам адказ.

Гэндон адыйшоў у паказанае месца — гэта была ніша ў сьцяне палацу, з каменнаю лаўкаю; у благую пагоду тутака хаваліся вартаўнікі. Не пасьпеў ён сесьці — бач, ідуць два алебардаўцы з афіцэрам; апошні супыніўся і загадаў Гэндону ісьці за ім. Той пакарыўся, і хутка быў арыштованы, як падазронная асоба, што бадзяецца ў ваколіцах палацу. Справа набірала дрэннага кірунку. Бедны Майльс хацеў быў вытлумачыцца, але афіцэр груба перабіў яго, прыказаўшы салдатам абязброіць і ператрасьці яго.

— Дай-жа Божа, каб яны што-нібудзь знайшлі ў мяне ў кішанёх, — сказаў Гэндон, — ужо я сам, як мае быць, шукаў, але толку мала.

Нічога ў яго не знайшлі, апрача нейкае паперы. Афіцэр распасьцёр яе, а Майльс усьмяхнуўся, пазнаўшы «каракулькі», накіданыя яго маленькім прыяцелем у памятны дзень прыезду ў Гэндон-Голь. Афіцэр надуўся, прачытаўшы ангельскі тэкст пісьма, а Гэндон зьбялеў, калі пачуў:

— Ізноў новы пратэндэнт на пасад. Ды іх, сапраўды, хутка будзе больш, як грыбоў пасьля дажджу. Узяць бадзяку і глядзець за ім добра, а, пакуль што, аднясу гэты важны дакумэнт каралю.

І ён пасьпешна адыйшоў, пакінуўшы арыштованага пад даглядам салдатаў.

— Ну, цяпер надыйшоў канец маім прыгодам, — прамармытаў Гэндон, — напэўна прыдзецца целяпацца на вяроўцы цераз гэтую паперачку.

А што будзе з маім бедным хлопчыкам — аднаму Богу вядома.

Раптам ён пабачыў афіцэра, які пасьпешна вяртаўся, і сабраўся з духам, рыхтуючыся адважна спаткаць бяду. Афіцэр прыказаў пусьціць арыштованага і вярнуць яму меч; затым, пашанліва пакланіўшыся, сказаў:

— Ці ня ласка, сэр, ісьці за мною.

Гэндон пакарыўся, але падумаў: «Калі-б я ня йшоў на пэўную сьмерць і не баяўся граху, дык задушыў-бы гэтага нягодніка за яго насьмешлівую пашану».

Яны прайшлі многалюдны падворак і апынуліся каля вялікага порталу; тут афіцэр, ізноў з паклонам, перадаў Гэндона важнаму царадворцу, які спаткаў яго з глыбокай пашанаю і павёў цераз вялізны калідор, з выстраенымі ў два рады бліскучымі ліўрэйнымі лёкаямі (якія нізка кланяліся ім, а за плячыма ледзь не паміралі са сьмеху, які насілу стрымлівалі, бачачы нашае «вароняе пудзела»), пасьля па шырокіх сходах, дзе тоўпіліся прыдворныя; нарэшце, увайшоўшы ў вялікую залю, праваднік праклаў яму дарогу сярод сабранае знаці. Тут ён пакінуў Гэндона, пакланіўшыся і папрасіўшы скінуць капялюш. Вочы прысутных, натуральна зьвярнуліся на дзівачную фігуру; адны наморшчылі лабы, другія насьмешліва ўшыльваліся.

Гэндон саўсім атарапеў. Перад ім, пад пышным балдахінам, на ўзвышэньні, сядзеў малады кароль, схіліўшы галаву і гутарачы з нейкаю райскаю птушкаю ў чалавечай постаці, мусі, з гэрцогам. Майльс падумаў: «І без таго цяжка расставацца з жыцьцём у цьвеце гадоў, а тут яшчэ публічнае паніжэньне». Яму ўжо хацелася, каб якнайхутчэй прыкончылі яго — выхадкі некаторых бліскучых паноў, стаяўшых каля яго, былі вельмі вялікаю крыўдаю. Але тут кароль крыху падняў галаву, і Гэндон добра разглядзеў яго твар. Яму заняло дух. Ён стаяў быццам прыбіты гваздамі, ня зводзячы вачэй з караля.

— Што гэта, здань? — вырвалася ў яго, — кароль царства прыяваў і ценяў на пасадзе!

Ён прагаварыў яшчэ некалькі адрывачных фразаў, не адрываючы вачэй; пасьля абвёў вачыма раскошна апраненую грамаду ды раскошны салён, мармычучы: «Але-ж гэта рэальнасьць, ява… ня сон!» — дый зноў утаропіўся ў караля… "Ці здань гэта, — думаў ён, — ці сапраўды такі кароль, ангельскі монарх, а не бяспрытульны Том, за якога я лічыў яго. Як рашыць гэтую загадку?

Раптам шчасьлівая думка бліснула ў яго галаве. Ён падыйшоў да сьцяны, узяў крэсла, прынёс яго і сеў.

Пачуліся злосныя воклікі, нечая рука цяжка спусьцілася яму на плячо, нечы голас гукнуў:

— Устань, бесцэрамонны камэдыянт! Як сьмееш ты сядзець у прысутнасьці караля!

Заварушэньне прыцягнула ўвагу яго вялікасьці; ён выцягнуў руку і гукнуў:

— Пакіньце, гэта яго прывілей!

Усе адступілі, зьдзівіўшыся. А кароль казаў далей:

— Хай будзе вядома вам, лэді, лёрды і джэнтльмэны, што гэта наш верны і любы слуга, Майльс Гэндон, які сваім рыцарскім мечам выратаваў караля ад пабояў, можа навет і ад сьмерці — і за гэта ўзьведзены намі ў рыцары. Ведайце таксама, што яшчэ за вышэйшую паслугу— за збаўленьне свайго караля ад бізуна й пагарды, мы надаём яму званьне пэра Англіі, графа Кэнцкага, з наградаю абшарамі й даходамі, належнымі яго высокаму званьню. Мала таго, прывілей, якім ён толькі што скарыстаўся, застаецца за ім, з нашае волі, і адсюль права сядзець у прысутнасьці каралёў Англіі пераходзіць да старшага ў яго родзе, з пакаленьня ў пакаленьне, аж пакуль будзе істнаваць ангельскі пасад.

Дзьве асобы, з прычыны задзержкі ў дарозе, прыехаўшыя з вёскі толькі гэтаю раніцай і ўжо каля пяцёх мінут быўшыя ў палацы, з няпэўнасьцю і зьдзіўленьнем пазіралі то на караля, то на «вароняе пудзела». Гэта быў сэр Гью і лэді Эдыта. Але новы граф ня бачыў іх. Ён ня зводзіў вачэй з караля.

— Ах, Божа, — мармытаў ён, — каго я лічыў жабрачком і звар’яцелым хлопчыкам! Каго я хацеў зьдзівіць сваім багатым замкам, семдзесяцьма пакоямі, дваццацьма сёма слугамі! А я-ж думаў, што ён ніколі нічога ня знаў, апрача лахманоў, штурханцоў ды аб’едкаў. І я яго хацеў усынавіць, абчасаць! Божа, цяпер мне і твар сорамна будзе паказаць!

Апамятаваўшыся, ён кінуўшыся на калены і, схапіўшы руку караля, прысягнуў яму ў вернасьці і дзякаваў за падараныя абшары й тытулы. Пасьля ўстаў і пашанліва адыйшоў у бок, служачы паранейшаму рэчаю агульнае ўвагі і агульнае зайздрасьці. Але вось кароль заўважыў сэра Гью і зьвярнуўся да яго з гнеўным голасам і зіхацеўшымі вачыма:

— Пазбавіць гэтага бандыта званьня і прысвоеных двароў і пасадзіць за краты, пакуль я не патрэбую яго.

Ранейшага сэра Гью вывялі.

У гэты час нейкі рух адбыўся ў процілежным канцы залі; сабраныя расступіліся, і паміж двома бліскучымі радамі паказаўся Том Канці, ў арыгінальнай, багатай вопратцы, з прыдворным саноўнікам наперадзе. Ён упаў на калены перад каралём.

— Я даведаўся аба ўсім, што адбывалася за апошнія тры тыдні, і вельмі задаволены табою. Ты кіраваў дзяржаваю са шчыра царскай шляхетнасьцю і велікадушшам. Ці знайшоў ты сваю маці і сёстраў? Добра, я патурбуюся аб іх, а бацька твой будзе павешаны, калі на гэта будзе воля закону і калі ты патрэбуеш. Ведайце ўсе, што адсюль сіроты, якіх трымаюць у Прытулку Хрыста ад шчодрасьці караля, павінны карыстацца ня толькі фізычнаю, але й духоўнаю страваю, а гэты хлопчык будзе жыць там да канца дзён сваіх і займаць пачэснае месца сярод выхаваўцаў. А за тое, што ён выпаўняў абавязкі караля, лічым за дабро даць яму асобную ад’знаку; выняткова толькі яму аднаму даецца права насіць вопратку, якая цяпер на ім, ніхто больш ня мае права апранацца падобна да яго. Куды-б ён ні зьявіўся, яго касьцюм павінен напамінаць народу, што ён быў каралём, і ніхто ня сьмее адмаўляць яму ў пашане. Ён пад апекаю пасаду, ў пацьвярджэньне чаго яму надаецца званьне «каралеўскага выхаванца».

Горды і шчасьлівы, Том Канці ўстаў, пацалаваў караля ў руку і выйшаў з залі. Не марнуючы часу, ён паляцеў да маці і да сёстраў — Наньні і Бэтты — расказаць ім пра ўсё ды падзяліцца з імі сваёю вялікаю радасьцю.