Раздзел дзевятнаццаты. Кароль у сялян Раздзел дваццаты. Прынц і пустэльнік
Раман
Аўтар: Марк Твэн
1940 год
Арыгінальная назва: The Prince and the Pauper (1881)
Пераклад: Янка Маўр
Раздзел дваццаць першы. Гендон прыходзіць на выручку

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАТЫ

ПРЫНЦ І ПУСТЭЛЬНІК

Цяпер ён быў схованы ад дома высокім плотам. У смяртэльным жаху ён напружыў усе сілы і панёсся к далёкаму лесу. Ён ні разу не азірнуўся да таго часу, пакуль не падбег да ўскраю лесу: тады толькі ён глянуў назад і ўбачыў двух мужчын. Гэтага было досыць; ён не стаў разглядаць іх, а пабег далей, пакуль не апынуўся ў змрочнай пушчы лесу. Тут толькі ён спыніўся, лічачы, што тут ужо няма небяспекі. Ён чутка прыслухоўваўся, але навакол стаяла глыбокая, урачыстая цішыня — жудасная цішыня, прыгнятаўшая душу. Толькі зрэдку, напружваючы слых, ён адрозніваў гукі, але такія далёкія, глухія і таямнічыя, што здавалася — то былі не сапраўдныя гукі, а стогн і енк мерцвякоў. Гэтыя гукі былі больш страшныя, як тая цішыня, якую яны парушалі.

Спачатку ён хацеў да самага вечара не рухацца з месца; але ён спацеў, і яму хутка зрабілася холадна; прышлося ісці, каб сагрэцца хадой. Ён пайшоў нацянькі праз лес, спадзеючыся выйсці дзе-небудзь на дарогу, але памыліўся. Ён усё ішоў ды ішоў; але чым далей ён ішоў, тым, відаць, гусцей станавіўся лес. Цямнела, і кароль зразумеў, што хутка прыдзе ноч. Ён уздрыгануўся пры думцы, што яму прыдзецца правесці ноч у такім жудасным месцы; ён пачаў спяшацца, але ад гэтага пасоўваўся яшчэ марудней, бо ў змроку не бачыў, куды ступае; спатыкаўся аб корні, заблытваўся ў галлі і кустах.

І як ён узрадаваўся, калі нарэшце ўбачыў слабы агеньчык! Ён асцярожна падышоў да яго, часта прыпыняючыся, каб агледзецца і прыслухацца. Гэты агеньчык блішчэў у акенцы ўбогай маленькай халупкі. Акенца было без шкла. Кароль пачуў голас і хацеў быў уцякаць і хавацца; але, учуўшы, што той, каму належаў голас, моліцца, — раздумаўся. Ён падкраўся да адзінага акенца ў халупе, прыўзняўся на пальцах і глянуў у сярэдзіну. Пакойчык быў маленькі, з зямлянай падлогай, шчыльна ўтоптанай; у куце была пасцель з саломы, пакрытая рванай коўдрай; тут-жа ля пасцелі стаялі вядро, кубак, міска, некалькі гаршкоў і скавародак; побач невысокая лава і табурэтка на трох ножках; на камінку дагарала полымя. Перад распяццем, асветленым адною толькі свечкай, стаяў на каленях стары, а побач з ім на драўлянай скрынцы ляжала раскрытая кніга і чалавечы чэрап. Стары быў вялікі, кастлявы; валасы і вусы ў яго былі вельмі даўгія і белыя, як снег, на ім была вопратка з аўчын, якія пакрывалі яго ад шыі да пят.

«Святы пустэльнік! — сказаў сабе кароль. — Вось калі мне пашанцавала!»

Пустэльнік падняўся з кален. Кароль пастукаў. Нізкі голас адказаў:

— Уваходзь, але пакінь грэх за парогам, бо зямля, на якую ты ступіш, свяшчэнная!

Кароль увайшоў і спыніўся. Пустэльнік утаропіў на яго бліскучыя, неспакойныя вочы і спытаў:

— Хто ты такі?

— Я — кароль, — пачуў ён адказ, просты і скромны.

— Калі ласка, заходзьце, кароль! — у захапленні ўсклікнуў пустэльнік.

Затым, з ліхарадачнай мітуснёй і безупынна паўтараючы: «Калі ласка!» пустэльнік пасунуў лаву да агню, пасадзіў на яе караля, падкінуў у агонь галля і ўзбуджана забегаў па пакою з кута ў кут.

— Калі ласка! Шмат хто шукаў прытулку ў гэтым свяцілішчы, але яны аказаліся нявартымі і былі выгнаны. Але кароль, які адмовіўся ад кароны, пагарджае непатрэбнай пашанай, што належыць яго сану, які апрануўся ў рыззё, каб прызначыць сваё жыццё на асвяшчэнне і змярцвенне свайго цела, — ён горды, ён жаданы госць! Ён астанецца тут да самай смерці.

Кароль паспяшыў перапыніць яго і паведаміў сапраўднае становішча справы, але пустэльнік не звярнуў на гэта аніякай увагі, нават быццам не чуў яго, а казаў далей з усё большым палам і ўсё павышаючы голас:

— Тут ты будзеш жыць у міры. Тут ніхто не знойдзе твайго прытулку, каб непакоіць цябе просьбамі вярнуцца да пустога і марнага жыцця, якое ты пакінуў, паслухаўшы бога. Тут ты будзеш маліцца, ты будзеш вывучаць свяшчэннае пісанне; ты будзеш размышляць аб вар’яцтве і памылках нашага свету і аб вялікім шчасці на тым свеце; ты будзеш жывіцца сухарамі і травамі і кожны дзень катаваць сваё цела дзеля ачышчэння душы. Ты будзеш насіць на голым целе валасяніцу; ты будзеш піць толькі ваду; ты будзеш мець шчасце карыстацца спакоем, але, поўным спакоем, бо той, хто прыдзе шукаць цябе, вернецца асмеяным; ён не знойдзе цябе, ён не патурбуе цябе.

Стары ўсё хадзіў з кута ў кут. Ён ужо не гаварыў голасна, а нешта мармытаў. Кароль скарыстаў гэта, каб расказаць сваю гісторыю; пад уплывам нейкай трывогі і няяснага прадчування расказаў яе вельмі красамоўна. Але пустэльнік прадаўжаў хадзіць і мармытаць, не звяртаючы на яго ўвагі. Усё яшчэ мармочучы, ён наблізіўся да караля і сказаў выразна, падкрэсліваючы кожнае слова:

— Тс! Я табе адкрыю вялікую тайну!

Ён нахіліўся да хлопчыка, але зараз-жа адхіліўся, нібы прыслухоўваючыся.

Потым падышоў, крадучыся, да акна, высунуў галаву, углядаючыся ў змрок, потым на пальцах вярнуўся, прыхінуў свой твар да твара караля і прашаптаў:

— Я архангел!

Кароль моцна ўздрыгануўся і сказаў сабе:

— «Ах, лепш ужо я астаўся-б з брадзягамі, а то цяпер я ва ўладзе вар’ята!»

Яго трывога павялічылася і ясна адбілася на яго твары. Ціхім, усхваляваным голасам пустэльнік казаў далей:

— Я бачу, ты адчуваеш, якая святасць акружае мяне! На твары тваім відаць святы страх! Ніхто не можа знаходзіцца ў гэтай святасці і не адчуваць страху: гэта-ж і ёсць святасць неба. Я адлятаю туды і вяртаюся ў адзін міг. Пяць гадоў назад сюды, на гэтае самае месца, з неба былі прысланы ангелы, каб апавясціць мяне, што я назначан архангелам. Ад іх выходзіла асляпляючае святло. Яны скланілі перада мной калені, кароль! Але, скланілі перада мной калені! Бо я яшчэ больш вялікі, як яны. Я ўзнёсся на неба і гутарыў з патрыярхамі. Дай мне руку, — не бойся, — дай мне руку. Ведай, што ты паціскаеш тую руку, якую паціскалі Авраам, Ісаак, Іакаў! Я быў у залатых палацах, я бачыў самога госпада бога!

Ён спыніўся, каб паглядзець, якое ўражанне зрабіла яго прамова; затым змяніўся з твару і зноў усхапіўся на ногі, усклікнуўшы сярдзіта:

— Так, я архангел, толькі архангел! А я мог-бы быць папай! Гэта шчырая праўда. Мне гэта сказаў голас з неба ў сне, дваццаць гадоў назад. Так, мяне павінны былі зрабіць папай! І я быў-бы папай, бо такая была воля неба; але кароль зруйнаваў мой манастыр, і я, бедны, ганімы манах, астаўся без прытулку і быў кінуты на волю лёсу. У мяне адабралі маю вялікую будучыню.

Ён зноў замармытаў, з дзікай злосцю ўдараючы сябе кулаком па ілбу; час ад часу мармытаў пракляцці і ўскрыкваў:

— І вось чаму я толькі архангел, калі мне прызначана было зрабіцца папай!

Так прайшла цэлая гадзіна, а бедны маленькі кароль сядзеў і мучыўся. Затым злосць старога сціхла, і ён зрабіўся надзвычайна ласкавым. Голас яго памякчэў, ён сышоў з неба на зямлю і пачаў балбатаць так проста, так сардэчна, што хутка зусім пакарыў сэрца караля.

Стары пасадзіў хлопчыка бліжэй да агню, стараючыся, каб яму было больш утульна; спрытна і далікатна перавязаў яго парэзы і драпіны; затым пачаў рыхтаваць вячэру, увесь час весела гутарачы; ён то пяшчотна пляскаў хлопчыка па шчацэ, то гладзіў яго па галаве так ласкава, што ўвесь страх і агіда да архангела вельмі хутка змяніліся павагай і любоўю да чалавека.

Гэты прыемны настрой працягваўся да канца вячэры; затым, памаліўшыся перад распяццем, пустэльнік улажыў хлопчыка спаць ў маленькай суседняй каморцы, захутаўшы яго старанна і любоўна, як маці; потым, яшчэ раз прылашчыўшы яго на развітанне, пайшоў і сеў ля агню, безуважліва варочаючы дровы ў печцы.

Раптам ён спыніўся; потым некалькі разоў пастукаў пальцаў па ілбе, нібы стараючыся ўспомніць нейкую ўцякаючую ад яго мысль. Але гэта, відаць, не ўдавалася.

Раптам ён ускочыў і ўвайшоў у каморку госця.

— Ты кароль?

— Так, — праз сон адказаў хлопчык.

— Які кароль?

— Кароль Англіі.

— Англіі? Дык Генрых памёр?

— Але, памёр, Я сын яго.

Нібы чорны цень спусціўся на твар пустэльніка. Ён са злосцю сціснуў свае кастлявыя рукі, пастаяў крыху, часта дыхаючы і глытаючы сліну, потым хрыпла вымавіў:

— Ты, ведаеш, што гэта ён зрабіў нас бяздомнымі і беспрытульнымі[1]?

Адказу не было. Стары нахіліўся, углядаючыся ў спакойны твар хлопчыка і прыслухоўваючыся да яго роўнага дыхання.

— Ён спіць, спакойна спіць.

І твар яго праясніўся. На ім цяпер з’явіўся выраз злараднага задавальнення. Хлопчык усміхнуўся ў сне. Пустэльнік прамармытаў:

— Сэрца яго поўнае шчасцем! — і адвярнуўся.

Ён бясшумна хадзіў па пакоі, чагосьці шукаючы; то спыняўся і прыслухоўваўся, то паварочваўся, каб зірнуць на ложак; і ўсё мармытаў, мармытаў сабе пад нос. Нарэшце ён, відаць, знайшоў тое, што шукаў: стары, заіржавелы кухонны нож і брусок. Тады ён пракраўся да свайго месца ля агню, сеў і пачаў вастрыць нож, усё мармочучы сам сабе то цішэй, то мацней.

Вецер стагнаў вакол адзінокай хацінкі, таямнічыя галасы ночы даносіліся з невядомай далечы. Бліскучыя вочы адважных пацукоў і мышэй глядзелі на старога з усіх шчылін і нор, але ён рабіў сваю справу з захапленнем, нічога не заўважаючы.

Часам ён праводзіў вялікім пальцам па лязу нажа і з задаволеным выглядам ківаў галавой.

— Вастрэй робіцца! — казаў ён. — Так, вастрэй!

Ён не заўважаў, як бяжыць час, і мірна працаваў, заняты сваімі думкамі, якія часам выказваў голасна:

— Яго бацька пакрыўдзіў нас, разарыў нас і цяпер пайшоў у пекла гарэць на вечным агні! Але, у пекла, гарэць на вечным агні! Ён выкруціўся ад нас, але на тое была божая воля, так, божая воля, і мы не павінны наракаць. Але ён не выкруціўся ад пякельнага агню, усё знішчаючага, бязлітаснага, незгасальнага, і гэты агонь будзе гарэць да сканчэння века.

Ён усё вастрыў, усё вастрыў, то невыразна мармочучы, то ціхенька хіхікаючы ад радасці, то перапыняючы мармытанне выразнымі словамі.

— Гэта яго бацька ва ўсім вінаваты. Я толькі архангел. Каб не ён, я быў-бы папай!

…праводзіў вялікім пальцам па лязу..


…праводзіў вялікім пальцам па лязу..

Кароль паварушыўся ў сне. Пустэльнік бясшумна падскочыў да пасцелі, апусціўся на калені і занёс над хлопчыкам нож. Кароль зноў паварушыўся; вочы яго на міг расплюшчыліся, але ў іх не было мыслі, яны нічога не бачылі; праз мінуту па яго роўнаму дыханню стала ясна, што сон яго зноў моцны.

Некаторы час пустэльнік чакаў і прыслухоўваўся, не рухаючыся, затоіўшы дыханне; потым павольна апусціў руку і таксама ціха пракраўся назад, кажучы:

— Поўнач даўно ўжо мінула, нядобра будзе, калі ён закрычыць, — раптам выпадкова хто-небудзь будзе ісці міма.

Ён бясшумна кідаўся па сваёй бярлозе, падбіраючы дзе анучку, дзе абрывак вяроўкі; потым зноў вярнуўся і асцярожна звязаў ногі караля, не разбудзіўшы яго. Затым ён паспрабаваў звязаць і рукі; ён некалькі разоў хацеў злучыць іх, але хлопчык вырываў то адну руку, то другую акурат у той момант, калі вяроўка гатова была ахапіць іх; але нарэшце, калі архангел страціў ужо надзею, хлопчык сам скрыжаваў рукі, і ў адзін міг яны былі звязаны. Затым архангел прасунуў яму павязку пад падбародак і туга завязаў яе на галаве — так ціха, так асцярожна і спрытна, што хлопчык увесь час спакойна спаў і нават не паварушыўся.


  1. Кароль Генрых VIII (1491-1547) увёў у Англіі пратэстантызм, канфіскаваў царкоўныя і манастырскія землі. Яго царстваванне адзначана праследаваннямі і карамі смерцю за рэлігійныя погляды.