Раздзел дваццаць першы. Гендон прыходзіць на выручку Раздзел дваццаць другі. Афяра вераломства
Раман
Аўтар: Марк Твэн
1940 год
Арыгінальная назва: The Prince and the Pauper (1881)
Пераклад: Янка Маўр
Раздзел дваццаць трэці. Прынц арыштаваны

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ДРУГІ

АФЯРА ВЕРАЛОМСТВА

Зноў пачаліся сумныя вандраванні караля Фу-Фу Першага ў кампаніі брадзяг і адшчапенцаў; зноў прышлося яму цярпець наглыя здзекі, дурныя жарты і злосныя выбрыкі Джона Кэнці і Гуго — за спіной у атамана гэтага вандроўнага табара. Апрача Кэнці і Гуго, у яго не было сапраўдных ворагаў. Некаторыя нават любілі яго, і ўсе захапляліся яго смеласцю, яго жвавым розумам. На працягу двух-трох дзён Гуго, пад нагляд якога быў адданы кароль, цішком рабіў усё, што мог, каб атруціць хлопчыку жыццё; а ўночы, у часе звычайных гулянак, забаўляў усю банду, робячы яму ўсялякія дробныя пакасці — заўсёды нібы выпадкова. Два разы ён наступаў каралю на нагу — таксама выпадкова! І кароль, як належала яго каралеўскаму сану, аднёсся да гэтага з пагардлівай абыякасцю, нібы не заўважыўшы; але калі Гуго ў трэці раз зрабіў тое самае, кароль ударам кія зваліў яго на зямлю, на вялікае задавальненне ўсёй банды. Раз’юшаны ад гневу і сораму Гуго ўскочыў на ногі, схапіў кій і шалёна напаў на свайго маленькага праціўніка. У адзін міг іх акружылі,

Гуго не шанцавала.

падбадзёрвалі крыкамі, біліся аб заклад, хто пераможа. Але беднаму Гуго не шанцавала. Яго ярасныя, нязграбныя ўдары былі адбіты рукой, якую лепшыя майстры Еўропы навучылі ўсім тонкасцям фехтавальнага майстэрства. Маленькі кароль стаяў зграбна і вольна, пільна сачыў за кожным рухам праціўніка і адбіваў град удараў, што сыпаліся на яго, з такой лёгкасцю і ўпэўненасцю, што гледачоў ахапіла дзікае захапленне; кожны раз, калі яго спрактыкаванае вока заўважала хібу праціўніка і быстры, як маланка, удар апускаўся на галаву Гуго, рэў і рогат навокал ператвараліся ў буру. Праз чвэрць гадзіны Гуго, пабіты, увесь у сіняках, бязлітасна высмеяны, уцёк з поля бітвы. А цэлага і непашкоджанага пераможцу натоўп са смехам падняў на плечы і панёс да пачэснага месца, поплеч з атаманам, дзе ён урачыста быў прызнаны «каралём баявых пеўняў». Яго ранейшы зняважлівы тытул быў урачыста скасаваны, і было абвешчана, што кожны, хто асмеліцца гэты ранейшы тытул вымавіць, будзе выгнаны з банды.

Усё спробы прымусіць караля прынасіць карысць бандзе скончыліся няўдачай. Ён ўпарта адмаўляўся гэта рабіць: мала таго, ён заўсёды імкнуўся ўцячы. У першы раз яго ўвапхнулі ў пустую кухню; ён не толькі там нічога не ўкраў, але яшчэ хацеў клікнуць гаспадара. Яго аддалі медніку памагаць у рабоце; ён не хацеў нічога рабіць, мала таго, ён пагражаў пабіць медніка яго-ж паяльнікам; нарэшце і меднік і Гуго толькі аб тым і думалі, каб не даць хлопчыку ўцячы. Ён пагражаў сваім царскім гневам кожнаму, хто спрабаваў уціснуць яго волю. Яго паслалі пад наглядам Гуго прасіць міласціну разам з абарванай жабрачкай і хворым дзіцем; але нічога з гэтага не вышла — ён не хацеў прасіць міласціны ні для сябе, ні для другіх.

Так прайшло некалькі дзён; нягоды гэтага брадзячага жыцця, тупасць, нізасць і пошласць яго мала-па-малу рабіліся нязноснымі маленькаму палонніку, і ён ужо пачынаў адчуваць, што вызваленне ад нажа пустэльніка было толькі часовай адтэрміноўкай смерці.

Але па начах, у сне, ён забываўся на ўсё і зноў засядаў на троне ўладаром. Затое як жудасна было яго абуджэнне! Пачынаючы з таго часу, як яго захапілі, і да паядынку з Гуго цяжкасці яго нізкага жыцця раслі з кожным днём, і цярпець іх станавілася ўсё трудней і трудней.

На другую раніцу пасля паядынку Гуго прачнуўся, палаючы помстай да свайго пераможцы. Ён замышляў супроць караля ўсялякія падкопы. У яго з’явілася два планы. Адзін складаўся з таго, каб найболей балюча абразіць «выдуманы» каралеўскі гонар хлопчыка; а калі гэты план не ўдасца, — узваліць на караля якое-небудзь злачынства і потым аддаць яго ў рукі няўмольнага правасуддзя.

Паводле свайго першага плана, ён прапанаваў зрабіць штучную язву на назе караля, правільна мяркуючы, што гэта абразіць і зняважыць яго больш за ўсё, а калі язва будзе гатова, ён разам з Кэнці прымусіць караля сесці ля дарогі, паказваць яе прахожым і прасіць міласціны на лячэнне. Для таго, каб зрабіць такую язву, звычайна падрыхтоўвалі цеста з нягашанай вапны, мыла і жалезнай іржавіны, накладвалі гэту мешаніну на рамень і моцна абвязвалі рэмнем нагу. Ад гэтага скура вельмі хутка злазіла, і выгляд мяса быў жудасны; затым нагу націралі крывёю, якая, высахшы, чарнела і надавала больцы агіднейшы выгляд. Затым хворае месца перавязвалі бруднымі анучамі, але так, каб жудасная язва была відаць і выклікала спачуванне прахожых.

Гуго дагаварыўся з меднікам — тым самым, якога кароль хацеў стукнуць па галаве паяльнікам; яны павялі хлопчыка нібы на работу, але як толькі вышлі ў поле, павалілі яго на зямлю; меднік трымаў яго, а Гуго як мага мацней прывязваў да яго нагі вапняную прыпарку.

Кароль раз’ярыўся, лаяў іх, пагражаў павесіць абодвух, як толькі верне сабе сваю карону; але яны моцна трымалі яго, смеючыся з яго дарэмных спроб вырвацца, і рагаталі над яго пагрозамі. Між тым мазь пачала хутка раз’ядаць скуру; яшчэ трохі часу — і нягоднікі зрабілі-б сваю справу, каб ім не перашкодзілі.

Але ім перашкодзілі: з’явіўся «раб», той самы брадзяга, які з такім палам праклінаў англійскія законы. Ён адразу спыніў подлую работу і садраў прыпарку з нагі караля.

Кароль хацеў узяць у свайго збаўцы дубіну і тут-жа на месцы правучыць нягоднікаў; але той не дазволіў яму падымаць шуму, а параіў адкласці справу да ночы, калі ўсе будуць у зборы і ніхто з боку не перашкодзіць. Яны ўсе разам вярнуліся ў лагер; аб усёй справе было расказана атаману. Атаман выслухаў, падумаў і заявіў, што караля няварта прымушаць прасіць міласціну, бо ён відаць, прызначаны да чагосьці вышэйшага і лепшага, — і тут-жа на месцы перавёў яго з жабракоў у злодзеі!

Гуго ўзрадаваўся надзвычайна. Ён ужо прабаваў прымусіць караля красці, але пацярпеў няўдачу; цяпер, вядома, ніякіх перашкод не будзе: не адважыцца-ж хлапец не паслухаць свайго атамана. Ён задумаў у той-жа дзень украсці, каб перадаць караля ў рукі закона; пры гэтым зрабіць усё так спрытна, каб яно вышла нібы выпадкова, бо кароль баявых пеўняў быў цяпер агульным любімцам, і брадзягі, не маючы асаблівых сімпатый да Гуго, абышліся-б з ім не надта ласкава, каб той вераломна выдаў таварыша агульнаму іхняму ворагу — закону.

І вось у вызначаны час Гуго прывёў сваю афяру ў суседнюю вёску; яны абодва павольна хадзілі па вуліцах. Адзін з іх пільна глядзеў па баках, чакаючы зручнага выпадку выканаць свой злосны план, другі таксама ўважліва ўглядаўся ва ўсе закавулкі, каб пры першай-жа магчымасці пусціцца наўцёкі і назаўсёды выратавацца ад свайго ганебнага рабства.

Абодвум трапляліся зручныя выпадкі; але ні той, ні другі не

— Пачакай тут, я зараз вярнуся.

скарысталі іх, бо ў глыбіні душы абодва рашылі на гэты раз дзейнічаць напэўна; ніводзін не хацеў рызыкаваць, не ўпэўніўшыся загадзя ва ўдачы свайго намеру.

Гуго пашанцавала першаму. Насустрач ішла жанчына з клункам у руках. У Гуго зларадна бліснулі вочы, і ён сказаў сабе:

«Падохнуць мне на гэтым месцы, калі я не ўзвалю гэтую справу на цябе! Ну, барані цябе божа, кароль баявых пеўняў!»

Ён стаяў і чакаў, — з выгляду спакойны, але ўнутрана вельмі хвалюючыся, — пакуль жанчына пройдзе каля яго; тады ён ціхенька сказаў:

— Пачакай тут, я зараз вярнуся! — і стаў падкрадвацца да жанчыны.

Але надзеі яго не суджана было споўніцца. Гуго непрыкметна падкраўся да жанчыны ззаду, выхапіў клунак і пабег назад, абкруціўшы клунак кавалкам старой коўдры, што вісела ў яго на руцэ. Жанчына падняла страшэнны крык: яна не бачыла, якім чынам знік клунак, але зараз-жа заўважыла крадзеж, бо ношка яе раптам зрабілася лягчэйшай. Гуго, не спыняючыся сунуў клунак у рукі каралю.

— Цяпер бяжы за мной, — сказаў ён, — і крычы: «Трымайце злодзея!» Ды глядзі, старайся заблытаць іх!

Праз момант Гуго ўжо знік за рогам і паімчаўся што было моцы па звілістай вуліцы, а яшчэ праз мінуту ён зноў вынырнуў на вачах усіх з самым нявінным і роўнадушным тварам і спыніўся за слупам, пазіраючы, што будзе.

Абражаны кароль кінуў клунак вобземлю; коўдра расхінулася акурат у тую мінуту, калі прыбегла жанчына, а за ёю людзі. Жанчына ўхапіла адной рукой караля за руку, а другой рукой свой клунак і, высока падняўшы яго ўгару, пачала доўгую прамову, асыпаючы хлопчыка лаянкай; хлопчык хацеў вырвацца, але не мог.

Гуго ўсмак нагледзеўся, — вораг яго злоўлены і не ўнікне кары. Ён шмыгнуў у завулак і пабег к лагеру, пасмейваючыся, радуючыся, ён бег і прыдумваў, як больш праўдападобна рассказаць сваім усю гэту гісторыю.

Кароль між тым шалёна вырваўся з моцна трымаўшых яго рук і з абурэннем крычаў:

— Пусці мяне, дурная жанчына! Кажуць табе: я не краў. Вельмі патрэбна мне тваё барахло!

Іх акружыў натоўп, асыпаючы караля лаянкай і пагрозамі; закапцелы каваль у скураным фартуху і закасанымі да лакцей рукавамі падышоў да яго, кажучы, што трэба правучыць яго; але ў гэты момант у паветры бліснула даўгая шпага і апусцілася плашма на руку каваля. Уласнік шпагі прыязна і ветліва сказаў:

— Пачакайце, добрыя людзі! Лепш дзейнічаць мірна, без злосці, без лаянкі. Гэтую справу не нам разбіраць, а закону. Выпусці хлопчыка, добрая жанчына!

Каваль змерыў вокам статнага воіна і адышоў прэч, з

Кароль кінуўся да свайго збаўцы.

абурэннем паціраючы пабітую руку; жанчына неахвотна выпусціла маленькага караля; гледачы непрыязна паглядзелі на незнаёмца, але разважліва маўчалі. Кароль кінуўся да свайго збаўцы з палаючымі шчокамі і гаручымі вачыма:

— Ты доўга марудзіў, сэр Майлс, але цяпер прышоў упару. Загадваю табе, пасячы гэты натоўп нягоднікаў на кавалкі!