Радасны будзень (1935)/V/З дарогі

Прамінуў я дарогу вялікую З дарогі
Верш
Аўтар: Уладзімір Хадыка
1935 год
Нервамі ўпрагуся

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




V

З ДАРОГІ

Замільгалі стрэхі
І лягло над вечарам —
Трохі той уцехі,
Што завуць сустрэчамі.

Трохі той гаворкі,
Што даўно не бачылі…
Ў небе тыя-ж зоркі,
І святла не страцілі.

Поле з новым кроем,
А што рэшта з межамі —
— Ўсе апошнім боем
Ў добры час дарэжам мы.

— Нехацімец, братка,
Справа чорту вартая…
— Дойдземся парадку,
Дапаможам партыі.

Узгарэўся клопат
Смехам прыгаруненым…
Вецер бег галопам
Ля цымбал наструненых.

Вецер нёс матывы
Песень ненапісаных…
Ў сіні клёны стылі
Чорнымі абрысамі.

Прыцем даў мне лапу
З прымаўкай сяброўскаю…
Спорны дождж закапаў,
Грымнуў гром за вёскаю.

Дзікі шал прабег там
Над мурогам скошаным
А сказаў-бы нехта,
Што грунём няпрошаным, —

На сухім папары,
Голыя і босыя, —
Танцавалі хмары —
Дзеўкі чорнакосыя;

Пад разбіты бубен,
Спуджаная свістамі,
Плакала на дубе
Скрыпка галасістая;

І што ў дах не кроплі
Стукалі узлётамі —
Клекаталі соплі,
Слёзы жываглотавы.

Што зямля у млосці
Не дажджом напоена —
Кроў бязмежнай злосці
Тут была затоена.

Хмель былы і гонар
Ёй не раз тут сніліся —
Вочы на пагоны
І на нож маліліся.

Падпаўзала брэдам
Здані лютасць марная:
Падагрэтым следам
Мчала сіла карная…

Слаўся адвячорак
Шыбамі пабітымі…
Стражніцкімі гора
Стоптана капытамі…

Аж гудзяць — прыклады,
І сабакі спушчаны…
Хутар тоўстазады
Абвалокся пушчамі

І павіс над краем
Барадой-рагожаю —
Старадаўнім баем,
Мордаю варожаю…

Завывалі злыдні.
Трызнілі расплатамі.
Баявыя тыдні
Кіравалі хатамі.

Іх не сцяць, не зрэзаць —
Не прапець адходную
Куляю з абрэза,
Злосцю падкалоднаю.

Ім зіхцець давеку, —
Хай-жа свецяць ў памяці
Творцу-чалавеку
Ў цемрадзі і ў замяці.