Радасны будзень (1935)/VI/Абрысы старадаўняй пушчы

Я доўга і упарта марыў Абрысы старадаўняй пушчы
Верш
Аўтар: Уладзімір Хадыка
1935 год
Зор ранніх знікла дыядэма

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Абрысы старадаўняй пушчы,
Святую смагу баек там —
Нутром на попел ператрушчу,
Змяшаю з друзам папалам.

Ўскапаю дзедаўскі дрывотнік,
Па каліву перабяру…
І што не змог народ нямотны —
Я да канца дагавару.

Праз грані дум прайду у негаць
Прыгонных продкаў, курных хат…
За ўласным ценем мне не бегаць,
Не зводзіць вершамі дзяўчат.

Залёты, што былі дагэтуль,
Пазбаўлены свайго кутка…
Прыдумаць дружыну паэту
Цяжэй, як вобраз для радка.

Не схілены на ласку, сорам
Замрэ ў ладах натхнёных струн —
Тады ніякім загаворам
Не збыць паэзіі каўтун.

Дык лепш змагацца з невядомым,
Ісці благому насустрэк.
Я сон знайду, я буду дома,
Як спыняць рух вужакі рэк.

Зляту на сухазем‘е лістам —
Ўладар начэй і дзён ўладар.
Вятры па горле галасістым
Прагоняць вір крыві і хмар.

Тады сваіх здабыткаў кайстру —
Што не дабраў, што стойваў сам, —
Я перадам другому майстру,
Другому сэрцу перадам.