Радасны будзень (1935)/VI/Трывога будняў

З імглы выводзіць век зубасты Трывога будняў
Верш
Аўтар: Уладзімір Хадыка
1935 год
Куляецца за колам кола

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




VI

ТРЫВОГА БУДНЯЎ

Вярсту галоўнага сутыку
Прабегла будняў талака.
І просяць вусны ў рэштках крыку
Вады азёр, як малака.

Маркотным часам злосць за сцёгны
Хапае, як сляпень, як здрок…
А лета шляхам расцяробным
Канчае свой ўраджайны крок.

На штурм ўздымаюць сад ападкі,
Каб колас зрэзаны здагнаць.
Ноч абіраецца па кладках
Праз ціш, ў якой не знойдзеш дна.

Пшаніцы залатая грыва
Ў крутую кінута тарпу.
Двары ўсе ў клёнах і крапіве —
На застаўкі усе храпуць.

Ўрачыстасць тояць хмар паромы…
Я з радасцю яе радню —
За жыватворчы сон утомы,
За дужую бадзёрасць дню.