Руслан і Людміла (рэдакцыя 1938 г.)/Песня пятая

Песня чацвёртая Руслан і Людміла (рэдакцыя 1938 г.)
Паэмы
Аўтар: Аляксандр Пушкін
1820
Арыгінальная назва: Руслан и Людмила
Пераклад: Андрэй Александровіч
Песня шостая

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Песня пятая


Якая мілая княжна!
І прыгажэй яе не знаеш:
Такая чулая яна,
І мужу верная жана,
Гуляе крышку... што-ж, бывае!
Тым цікавейшая яна.
Заўсёды прыгажосцю новай
Умее нас зачараваць;
Ці льга, скажыце, параўнаць
Яе з Дэльфіраю суровай?
Адной — паслала доля дар
І зрок і сэрца зачароўваць;
Яе усмешка, яе слова
Навеюць мне кахання жар.
Ў спадніцы тая, бы гусар,
Вусоў і шпор ёй не хапае!
Шчасліў, каго пад вечарок
У зачарованы куток
Людміла слаўная чакае,
Мой мілы друг — пакліча так:
Але шчаслівы й той юнак,
Хто ад Дэльфіры уцякае
І нават не знаёмы з ёй.
А ўсё-ж не ў гэтым справа. Стой!
Трубіў-жа хто? Хто чарадзея
На сечу грозную пазваў?
Хто ведзьмара перапужаў?
Руслан. Ён помстай палымнее,
Дасяг ён замка ліхадзея.
Ужо ён пад гарой стаіць,
Прызыўны рог, як бура, вые.
Нецерпялівы конь кіпіць
І снег капытам моцным рые.
Чакае карлу князь. Ды вось
Па шлему ўдарыў па стальному
Рукой небачанаю хтось;
І быў удар падобен грому;
Руслан зірнуў у высь-прастор
І ўбачыў ён — над галавою
З узнятай страшнай булавою
Круціўся карла Чарнамор.
Шчытом прыкрыўшыся, нагнуўся,
Мячом патрос і замахнуўся;
Ды той пад хмары ўзвіўся ўміг,
На момант знік — з вышынь сваіх
На князя зноў ляціць ён з жахам.
Праворны віцязь адляцеў.
І ў снег негадана з размаху
Вядзьмар упаў — ды там і сеў;
Руслан з каня далоў, без страху
Злавіў, за бараду хапае.
Вядзьмар-жа тужыцца, крахціць
І ўміг з Русланам узлятае...
Ў трывозе конь услед глядзіць;
Ужо вядзьмар па-над палямі;
На барадзе герой вісіць;
Лятуць над змрочнымі лясамі,
Лятуць над дзікімі гарамі,
Лятуць над прорваю марской;
Руслан нямее ад натугі,
Але-ж за бараду зладзюгі
Як след трымаецца рукой.
Між тым, аслабшы ад напругі,
Быў сілай рускай задзіўлён
Вядзьмар, магутнаму Руслану
„Паслухай, князь", — так кажа ён, —
Табе я шкодзіць перастану;
Тваю я мужнасць пазнаю,
Дарую крыўду ўсю сваю,
Спушчуся — толькі з угаворам..." —
“Маўчы, каварны чарадзей! —
Сказаў наш віцязь: — з Чарнаморам,
Хто кпіў над мілаю маёй,
Руслан не знае дагавора!
Мой грозны меч — адпомсціць скора.
Ляці, як знаеш, хоць куды,
А быць табе без барады!"
Страх забірае Чарнамора;
Ў дасадзе, ў горасці нямой
Дарэмна доўгай барадой
Стамлёны карла устрасае;
Руслан яе не выпушчае
І шчыпле валаса парой.
Два дні вядзьмар героя носіць,
На трэці літасці ён просіць:
“О рыцар, зжалься нада мной,
Я ледзь дышу, аслаб, даволі;
Пакінь жыццё, ў тваёй я волі;
Скажы — спушчуся, дзе захочаш...”
„Цяпер ты наш; ага, скрыгочаш!
Чакай, скарыся рускай сіле,
Нясі мяне к маёй Людміле."

Заціх, скарыўся Чарнамор;
Дамоў ён з віцязем крануўся;
Ляціць — і мігам апынуўся
Сярод сваіх жахлівых гор.
Тады Руслан адной рукою
Ўзяў меч славутай галавы.
Схапіўшы бараду другою,
Адсек, нібы сцябло травы.
“Знай нашых!” — выгукнуў сурова, —
Ну як, драпежнік, без красы?
Без сілы?” І на шлем сталёвы
Сівыя важыць валасы.
І кліча ён каня ліхога.
Вясёлы конь ляцеў, іржаў.
Наш віцязь карлу ледзь жывога
У торбу за сядло паклаў.
Каб нават міг не быў утратай,
Бяжыць наверх гары крутой,
Дасяг і з радаснай душой
Бег у чароўныя палаты.
Шлём запрыкмеціўшы кудлаты,
Знак пераможнасці страшной.
Прад ім арапаў дзіўны рой.
Нявольніц гурты баязлівых,
Як прывіды з усіх старон,
Бягуць — хаваюцца. А ён
Адзін княжну шукае мкліва,
Гукае голасна яе, —
А рэха склепаў маўчалівых
Руслану голас надае;
Усхваляваны, нецярпліва
Ён адчыняе дзверы ў сад —
Ідзе, ідзе — і не знаходзіць;
Навокал вокам ён абводзіць,
А ні душы сярод прысад,
Ў альтанках пуста; на вяршынах,
Каля крыніц, скрозь у далінах
Няма Людмілы — знік і след.
Нічога вуха не ўспрымае,
Ўміг князя холад абымае,
Ў вачах яго цямнее свет,
Трывогай думкі набягаюць:
„Палон... няволя... хто-ж там знае…
Быць можа... хвалі... міг...” І жах
Яго авіў, з нямой журбою
Панікнуў віцязь галавою;
Яго гняце нявольны страх;
Стаіць, нібы закамянелы;
Цямнее розум; ашалелы
Агонь, ды роспач і любоў
Цякуць, як яд, у яго кроў.
Здалося — цень княжны любімай
Даткнуўся вуснаў маладых...
І раптам, жудасны, нястрымна
Стаў бегаць па садах густых;
Людмілу з енкам заклікае,
І скалы з гор крутых скідае,
Знішчае ўсё сваім мячом —
Альтанкі, дрэвы вырывае
Масты у пене хваль ныраюць,
Стэп агаляецца кругом!
Далёка гулы адбіваюць
І рык, і трэск, і шум, і гром;
Меч люта свішча па абшарах,
Край апустошаным ляжыць —
Шукае люты князь афяры.
Мячом размахвае, дрыжыць
Паветра, што ён рассякае...
І раптам — нечаканы ўдар
З княжны нябачанай збівае
Апошні Чарнамора дар...
Умомант знікла чараў сіла:
Прад іхі адкрылася Людміла!
Не верыць сам сваім вачам,
Узняты шчасцем нечаканым,
Наш віцязь падае к нагам
Да жонкі любай і адданай,
Цалуе рукі, сеці рве,
Лье слёзы, мілую заве.
Але яна — спіць моцным сном.
Вачэй і губ не раскрывае,
І мары палкасным агнём
Ёй грудзі лёгка падымаюць.
З яе не зводзіць воч сваіх,
Ён ад тугі не знаў спачыну...
І раптам кліч у гэты міг
Пачуў ён дабрадзея фіна:

„Мужайся, князь! Ў зваротны пуць
Збірайся з спячаю Людмілай;
Напоўні сэрца новай сілай,
Каханню, чэсці верным будзь.
Нябесны гром на злосць праб'ецца,
І запануе ціш адна —
І ў светлым Кіеве княжна
Перад Владзімірам прачнецца
Ад зачарованага сна".

Руслан ажыўлен чулым сказам,
Ў абдымкі моцна ўзяў жану
І з гэтай ношай невыказнай
Ён з вышыні ідзе адразу,
Усхваляваны, ў даліну.

І моўчкі, з карлай за сядлом,
Паехаў ён сваім пуцём;
Ў яго руках ляжыць Людміла
Прыгожая, нібы зара,
І на плячо багатыра
Яна спакойны твар схіліла.
Пярсцёнкам звіты валасы,
Спакойна ветрык іх калыша;
Як часта грудзі яе дышуць!
Як часта ў водблісках красы,
Як розай, твар яе ўспыхае.
І лятуценні і любоў
Русланаў вобраз нараджаюць,
І вусны шапатліва зноў
Імя Руслана вымаўляюць.
Ў салодкіх марах ловіць ён
Яе чароўнае дыханне,
Усмешку, слёзы, нежны стогн
І юных грудак хваляванне...

Між тым, па долах, па гарах,
І ў белы дзень, і па начах
Наш віцязь едзе, змардаваны.
Яшчэ далёк рубеж жаданы,
А дзева спіць. Але аднак
Няўжо-ж стамлёны князь-юнак,
Пакутнік вечны, беззаганна
Жану ён толькі вартаваў,
Няўжо-ж стрымаўшы парыванне,
Узлёт няскромнага жадання,
Ён асалоду адчуваў?
Манах, каторы захаваў
Патомству вернае паданне
Аб слаўным віцязі маім,
Нас упэўняе смела ў тым:
І веру я! Няма без згоды
Прыемнай, любай асалоды:
Ўдваіх мы шчасныя заўсёды.
Пастушкі, сон княжны прыгожай
Не схожым быў на вашы сны,
Парой дакучлівай вясны,
Ў цяньку пад дрэвамі. Мурожны
Маленькі помню я лужок
Сярод бярозавага гаю,
Я помню цёмны вечарок,
І сон я Ліды памятаю...
Ах, першы пацалунак мой,
Пяшчотны, лёгкі, трапятлівы,
Не разагнаў, сябры, страшной
Яе дрымоты церпялівай.
Ды хопіць казак жартаўлівых!
Пашто ўспаміны пра каханне?
Яе уцеха, гараванне
Забыты мною з даўніх пор;
Цікавіць нас ў апавяданні
Княжна, Руслан і Чарнамор.

Прад імі сцелецца раўніна.
Дзе зрэдку стрэнецца сасна;
І грозны выгляд кургана
Чарнее круглаю вяршынай
У яркай неба сіняве.
Руслан глядзіць — і здагадаўся,
Што пад'язджае к галаве;
Хутчэй імклівы конь памчаўся;
Ён бачыць цуда, у прастор
Яно глядзіць застыглым вокам.
А валасы, як чорны бор,
Паросшы на чале высокім;
Жыцця ланітам не стае;
Свінцовай бледнасцю пакрыты,
І вусны страшныя адкрыты,
І зубы сціснуты ў яе...
Над амярцвелай галавою
Ужо апошні дзень наспеў.
Тут віцязь храбры прыляцеў
З Людмілай, з карлай за спіною.
Гукнуў: — „Дзень добры, галава!
Я тут! Твой здраднік пакараны!
Глядзі, вось ён, вядзьмар паганы!"
І князя словы хараства
Яе раптоўна ажывілі.
На міг пачуцці разбудзілі,
Ачнулася, нібы ад сна,
Зірнула, страшна застагнала...
Пазнала віцязя яна
І брата з жудасцю пазнала.
Падула ноздры; на шчаках
Агонь барвовы нарадзіўся.
І ў паміраючых вачах
Апошні гнеў яе адбіўся.
Шаленствам, лютасцю працята,
Яна зубамі скрыгатала,
І языком халодным брату
Дакор няясны барматала...
Ужо яе ў той самы час
Была пакута пакідала:
Агонь чала імгненна гас,
Слабела цяжкае дыханне,
І закаціўся зрок і знік,
І хутка князь і чараўнік
Страшное ўбачылі скананне.
Яна заснула вечным сном.
Маўкліва віцязь аддаліўся;
Дрыжачы карлік за сядлом
Не смеў дыхнуць, не варушыўся
І чорнакніжным языком
Старанна дземанам маліўся.

На схіле цёмных берагоў
Якойсьці рэчкі ціхацечнай,
Ў прахладнай змрочнасці лясоў
Стаяла хата між адвечных
Густых і сосен і дубоў.
Марудна лілася рака,
Непадалёку асака
І плот, іх хваля амывала,
Вакол іх ціха булькатала
Пры лёгкім шуме вецярка.
Ляжала цёмная даліна
У гэтых хмурыстых мясцінах;
Здавалася, там цішыня
З пачатку свету панавала.
Руслан спыніў свайго каня.
Было ўсё ціха, глуш маўчала;
Ад расцвітаючага дня
Даліна з саматлівым гаем
Зіяла праз світання дым.
Руслан на луг княжну здымае,
Садзіцца ля яе, ўздыхае
З салодкім смуткам і нямым
Тут човен бачыць прад сабою,
Ён плыў у веях вецярка,
І чуе песню рыбака
Над ціхабруйнаю ракою.
Па хвалях невад раскідаў
І веславаў рыбак няспынна,
Да берагоў ён падплываў,
Да ўласнай згорбленай хаціны.
І бачыць добры князь Руслан:
Спакойна човен прыплывае;
А з цёмнай хаты выбягае
Насустрач дзева; стройны стан,
Каса распушчана нядбала,
Усмешка, ціхі зрок вачэй,
І грудзі й плечы... чаравала,
Нібы няма яе мілей!
Рыбак абняў сваю дзяўчыну.
Садзяцца там, дзе хваля б'е,
І час шчаслівага спачыну
Для іх з любоўю настае.
Але ў здзіўленасці маўклівай
Каго-ж у рыбаку шчаслівым
Наш юны віцязь пазнае?
Хазарскі хан, абраны славай,
Ў каханні і ў вайне крывавай
Яго сапернік малады,
Ратмір, пра славу і Людмілу
Забыўся ў гушчары глухім.
І здрадзіў ён навекі ім
Ў абдымках жонкі сваёй мілай.

Герой прыблізіўся, і ўміг
Пустэльнік пазнае Руслана,
Ўстае, ляціць. Раздаўся крык...
І абымае віцязь хана.
“Што бачу я? — спытаў герой, —
Нашто ты тут, нашто пакінуў
Трывогі долі баявой,
І ты, што ты ўслаўляў няспынна?” —
“Мой друг, — так адказаў рыбак, —
Душы абрыдзеў рокат сланы,
Пагібельных праяваў знак.
Дай веры: лёгкія забавы,
Каханне, мірныя дубравы
Мілей за ўсё — у сотню крат —
Цяпер згубіўшы смагу боя,
Не рызыкую галавою,
Здаволен верным шчасцем, брат.
Пра ўсё забыўся я, друг мілы,
І нават прыгажосць Людмілы”.
“Шаноўны хан, я вельмі рад! —
Сказаў Руслан: — яна са мною.”
“Ці праўда? Доляю якою?
Што чую? Руская княжна...
Яна з табою, дзе-ж яна?
Дазволь... ды не, баюся здрады, —
Яна мне сэрца ўскалыхне;
Дзяўчына-ж мілая ў мяне,
Я раздзяляю з ёю радасць.
Яна — жыццё мне, радасць, слава!
Яна вярнула мне ізноў
Юнацтва згубленае, нават
І мір, і чыстую любоў!
Дарэмна шчасце абяцалі
Чароўнасць вуснаў маладых;
Дванаццаць дзеў мяне кахалі:
Я для яе пакінуў іх;
Пакінуў церам іх вясёлы,
У пушчы з любаю зажыў;
Склаў шлём і меч цяжкі, дзябёлы,
І славу й ворагаў забыў.
Пустэльнік мірны і нязнаны,
Застаўся ў ветлівай глушы,
З табой, друг мілы, друг адданы,
З табою, свет маёй душы!”

Пастушка мілая стаяла,
Лавіла гук размовы іх,
Яна ўсміхалася, сваіх
Вачэй-жа з хана не спускала.

Рыбак і князь на берагах
Да цёмнай ночы прасядзелі
З сяброўскай шчырасцю ў вачах —
Хвіліны быстрыя ляцелі.
Чарнее лес, маўчыць гара;
Ўзыходзіць месяц — ціха стала;
Герою ўжо ісці пара.
Напяўшы ціха пакрывала
На дзеву спячую, Руслан
Ідзе і на каня садзіцца;
Задумліва маўклівы хан
Душой услед яму імчыцца,
Руслану шчасця, перамог,
Кахання, славы ён жадае...
І ўзлёты юных дум, трывог
Павольна смуткам ажыўляе...

Чаму нам доля не дала,
Каб ліра свой пяшчотны гоман
Геройству толькі аддала,
Яшчэ (што ў свеце невядома)
Любоў і дружбу даўніх лет?
Нудлівай ісціны паэт,
Чаму павінен для патомства
Парок і злоснасць агаляць,
І змрок падкопаў вераломства
Ў праўдзівых песнях выкрываць?

Княжны шукальнік недастойны,
Фарлаф, ён славы смак губляў,
Каго-б ніхто ўжо не пазнаў,
Ў пустыні дальняй і спакойнай
Сядзеў, Наіну ўсё чакаў.
І урачысты час настаў.
Прышла вядзьмарка і сказала:
“Ці знаеш ты мяне, герой?
Сядлай каня, ідзі за мной!”
І ведзьма кошкай раптам стала;
Конь пад сядлом, яна памчала;
Між змрочных дрэў па сцежках ён
Ідзе за ёю наўздагон.

Даліна дрэмле, заціхае
Ў начны адзетая туман,
І месячык перабягае
І з хмары у хмару, і курган
Імгненным бляскам асвятляе.
А моўчкі перад ім Руслан
Сядзеў з звычайнаю журбою
Перад любімаю княжною,
Глыбоку думу думаў ён,
І мары віліся кругамі,
І непрыкметна веяў сон
Над ім халоднымі крыламі.
На дзеву смутнымі вачамі
Ў дрымоце томнай ён зірнуў
І, стомленаю галавою,
Схіліўся да яе, заснуў.

І сніцца вешчы сон герою:
Ён бачыць, быццам-бы княжна
Над прорвай, страшнай глыбінёю,
Стаіць у сполаху яна.
І ўміг Людміла прападае,
Адзін стаіць над прорвай ён...
Знаёмы кліч, прызыўны стогн
Тут з прорвы ціхай вылятае...
Руслан імчыцца ўслед за ёй;
Тарчма ляціць у цьме глыбокай...
І раптам бачыць прад сабой:
Владзімір, ў цераме высокім.
Між блізкіх ветлівых людзей,
І між дванаццаццю сынамі,
З гурбой запрошаных гасцей
Сядзіць за поўнымі сталамі.
Таксама гнеўны князь стары,
Як і ў хвіліны расставання,
І ўсе сядзяць багатыры,
Ніхто не абарве маўчання.
Заціх вясёлы шум гасцей,
Не ходзіць чаша кругавая...
І бачыць ён сярод гасцей
Ў баю забітага Рагдая:
Забіты, як жывы, сядзіць;
І бурна з пеністага збана
Вясёлы п’е і не глядзіць
На задзіўлёнага Руслана.
Князь бачыць маладога хана,
Сяброў і недругаў... З-пад рук
Раздаўся гусляў беглы гук
І голас вешчага Баяна,
Забаў, герояў песняра.
Фарлаф заходзе, і ледзь сілы
Вядзе ён за руку Людмілу;
Сум не кідаў гаспадара,
Маўчыць і галаву схіляе,
Маўчыць князёў бліскучы рад,
Чуццё сваё ў душы хаваюць.
І знікла ўсё — санлівы чад
І холад князя абдымаюць.
І цяжка задрымаўшы ён
Лье слёзы мукі і пакуты.
Ён адчувае: гэта сон!
Але праявай злой закуты
І абарваць не ў сілах ён.

Ледзь месяц свеціць над гарою,
Гаі авіты цемнатою,
Даліна ў мёртвай цішыні...
І здраднік едзе на кані.

Прад ім раскрылася паляна;
Ён бачыць хмурысты курган;
Ля ног Людмілы спіць Руслан,
І ходзіць конь вакол кургана.
Фарлаф баязліва глядзіць;
Ў тумане ведзьма прападае,
Замёрла сэрца ў ім, дрыжыць,
З рукі ён повад выпускае,
Паціху выняў меч, як звер,
Надвое віцязя без боя
Ён прагне рассячы цяпер...
К яму пад’ехаў. Конь героя
Пачуўшы ворага — ўскіпеў
І заіржаў. Але дарэмна,
Руслан не чуе, сон страшэнны
Заслонай па-над ім вісеў!..
Тут здраднік, ведзьмаю натхненны,
Уткнуў рукой сваёй прэзрэннай
Герою у грудзі тройчы сталь...
І мчыцца баязліва ў даль...
З сваёй здабычаю праменнай.

Ўсю ноч без памяці Руслан
Ляжаў у змроку пад гарою.
Гадзіны беглі. Кроў ракою
Цякла з яго глыбокіх ран.
А раніцою зрок туманны
Адкрыў, спусціўшы цяжкі стон,
Насіліўся, падняўся ён,
Зірнуў, схіліўшы галаву, —
Упаў без памяці ў траву.