Смык беларускі (1920)/Ня ўсім адна сьмерць

Жыдок Ня ўсім адна сьмерць
Верш
Аўтар: Францішак Багушэвіч
1920 год
Не чурайся
Іншыя публікацыі гэтага твора: Ня ўсім адна сьмерць.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Ня ўсім адна сьмерць.

Жыў пан ў палацы, — багаты:
Ня мог палічыць сваіх грошы,
У склепе як бульба дукаты…
А пан з яго быу нехарошы.
А жыў у раскошы вялікай:
Захочэ бывала каб гралі,
Дык цешуць яго і музыкай;
Захочэ, каб людзі скакалі,
Дык скачуць, бывала, п‘юць і ядуць…
А плакаць дык плакалі многа,
А часам і плакаць не так-то дадуць.
А пана баялісь, як Бога
А піў ён, а еў! Дык а Божэ!
Каб на той хлеб зарабіў
Дык за раз гадоў тры ён можэ
Сваей працы у міску ўбіў.
Еў, ды піў, ды крыўдзіў народ,
Ды грошы здзіраў, гдзе прымог.
Мусіць думаў тут вечный жывот,
Аж іначэй падумаў сам Бог.
А у хаце-ж крывой жыў мужык,
І калекі быў ён, і хварэў,
Хата ў дзюрах, як лапаць ды з лык, —
Сам па два дні нічога ня еў.
Калісьці быў кажуць ліхі
I першы падліза у пана;
Былі на душы ўсякі грахі,
I пекло даўно абецана.
А жыць было цяжка, бядота,
Людцы праклінаюць за штосьці…
Каму-ж гэтак жыць ёсьць ахвота, —
Ніколі ніякай радосьці?
Тымчасам у пекле ды чэрці
I хаму і пану празначылі кут.
Пытаецца чорт цётанькі — сьмерці:
„Калі ім абодвым будзе капут?“
У чвартак чысты была калейка
Скончыцца пану і хаму,
Каб без пазвону душа зладзейка
Стала у пякельную браму.
Паслаў чорта (трохі храмога),
Каб душы абедзьве ён разам
Проста да чорта старшога
Прывёў с чортаўскім указам.
Храмы чорт паляцеў перш у хату;
Глядзіць, аж мужык за сталом.
На дзюру ў кажусе кладзе лату,
Потым хату мяце памялом..
Чорт падумаў — ня хутка умрэ!
Пабягу я да пана да гляну.
Прыляцеў, аж сьмерць пана бярэ;
Дактары сьцерагуць, лечуць рану,
Што па горле касой сьмерць чыркне,
Дык яны, дактары, капляў тыц, —
I не знаць, ці касіла, ці не,
Зараз рану загояць як ніц!
Умарылася сьмерць, пан раве
Уміраць ані мысьле сабе;
Аж кашулю парваў, коўдру рве,
I усё гроты пад бруха грабе,
Калі дзынь-дзылін! шусьць: ксёндз прыйшоў!
Смерць касой як махнула с плеча, —
Пан як рэзаны вол так зароў,
Чорт душу ухапіў згарача
I ківае на сьмерць, каб ісьці
Забіраць мужыка, бо змеркло,
А яму-ж трэба душы нясьці,
Прад паўночай каб стань аж у пекло,
„А ты хіба яго не запер?
„Я-ж пярвей мужыка апрастала —
Кажэ сьмерць — ён дык легка умёр,
„Клікаў сьмерць, бо хлеба не стало,
„Ен прад тым і у споведзі быў;
„Умяраў як заснуў, ані пікнуў!“
Чорт са злосьці сабакай завыў.
А тут старшый яго зараз клікнуў.
Чорт панскі хапіўшы дух знік
Мужыцкі-ж валочыцца той дух.
Не мае прытулку нігдзе той мужык,
А пан ідзе ў шчот у пекле за двух.
А чорт за упуск душы-бядоты,
Што за сьмерцьцю ня ішоў ён сьлядом,
Саслани у рыштанскія роты
Над пякельным чартоўскім судом.
Сьмерць затое, што у хату ідучы
Душу забіраць, ня клікала чорта,
Праз тры дні смактала анучы
І ў халоднай сядзела запёрта.