Снапок (1910)/І плач не паможэ

Пястун І плач не паможэ
Верш
Аўтар: Альберт Паўловіч
1910 год
Сыноўская апека
Іншыя публікацыі гэтага твора: І плач не паможа.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




І ПЛАЧ НЕ ПАМОЖЭ

Сын радзіўся на сьвет Божы,
Як дзьве кроплі з бацькам схожы, —
Гэта так здаецца.
Праз два тыдні кумы сталі,
Сынку „Зміцер“ імя далі, —
Гэта так вядзецца.
Сын расьце, ўжо знае сьмехі,
Ждуць с сынка бацькі пацехі —
Гэта так здаецца.
Песьцяць надта, смокчуць губы,
Зьміцер лоўка бье у зубы, —
Гэта так вядзецца
Матка зноў неўсцерэгае —
Ён маленькі, дык ня знае! —
Гэта так здаецца.
У Змітра без перастрогі
Параслі ўжо добра рогі, —
Гэта так вядзецца.
Што угледзіць, давай скора,
А то набярэшся гора, —
Гэта так здаецца.
А дадуць, таўчэ і псуе,
Паліць, емаліць, рве, муштруе, —
Гэта так вядзецца,
Дзярэ кніжкі, дзе злучыцца,
Бацькі рады: будзе ўчыцца, —
Гэта так здаецца.
Кніжэк многа накуплялі,
Сына ў школу адаслалі, —
Гэта так вядзецца.
Год, другі — сынок у школі,
Час не траціць на сваволі, —
Гэта так здаецца.
А ён, абы выйшоў с хаты,
Ловіць рыбу, бье курчаты, —
Гэта так вядзецца.
Зміцер, глянь, ужо дзяціна —
Сам — як мех, як сані сьпіна, —
Гэта так здаецца.
Не вучыўся, не стараўся,
З лайдакамі піў, спазнаўся —
Гэта так вядзецца.
Маці кажэ: „ў войску будзе,
Там з яго мо выйдуць людзі“. —
Гэта так здаецца.
Ўжо гвардзейцам сын харошы,
Пішэ к бацьку прыслаць грошы —
Гэта так вядзецца.
Бацька шле — як скончыць службу,
Пасталее, звядзе дружбу. —
Гэта так здаецца.
Сын тымчасам, як грош мае,
Ў рэстаранах пье, гуляе —
Гэта так вядзецца.
Ну, нехай! як верне ў хату,
Завядзём яго мы к свату, —
Гэта так здаедца.
Ажаніць мо як удасца?
Аж куды там! Ліха, трасца! —
Гэта так вядзецца.
Ў вёсцы будзе яму міла.
Аж ня так, ня тут то было! —
Гэта так здаецца.
Змітр прыехаў. Хмурыць вочы,
Ў вёсцы ўсіх і знаць ня хочэ, —
Гэта так вядзецца.
Не раўня яму ўсе сталі —
Сьвіт, сермяг не паскідалі —
Гэта так здаецца.
У Змітра ўжо шмат зухвальства,
Ён і стражнік, і начальства, —
Гэта так вядзецца.
Бацька рад, і вёска рада:
Ёсьць засшчыта, помач, рада, —
Гэта так здаецца.
Ды дарма уся спадзея
Ад такога дабрадзея, —
Гэта так вядзецца.
Гдзе нешчасьце, ці крадзежа,
Яго дзело трапіць сьвежа, —
Гэта так здаецца.
Але Зміцер ані дбае,
Як запьецца, дык гуляе, —
Гэта так вядзецца.
У шынку абіў парогі,
Маці цягне стуль за ногі, —
Часта так здаецца.