⁂ (Ў хаце сьветлай і прасторнай…) Старэц
Верш
Аўтар: Альберт Паўловіч
1910 год
Пястун
Іншыя публікацыі гэтага твора: Старац (Паўловіч).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




СТАРЭЦ

Чуць дзень той настане, ад самаго раньня,
Чуць блісьне свет сонца ў вакно, —
Дзядочэк старэнькі, як світка, сівенькі
У дождж і ў пагоду адно:
Лахмоцьця, што мае, атопкі ўздзевае,
Дзьве торбы за плечы кладзе,
Падвяже вяроўку і так на жаброўку
Падпёршыся кіем ідзе.
Чуць ногі валочэ, у нос штось бармочэ
(Ў дарозе заўсёды шэптаў):
Ці пацеры можэ, ці, крый таго Божэ,
Свой век і жыцьцё сваё кляў.
Як ўспомніць былое, сваіх дзетак трое
І як пазміралі яны:
Перш-на-перш-то матка, за ёй і дзіцятка;
Як смутна гудзелі званы;
І як ўсё багацьце, што было у хаце
Пажар ненасытны паеў.
Сам зсунуўся з болю, увяз у нядолю,
Астаўся адзін, асівеў
Цяпер пры дарозе, пры крыжу й бярозе
Ён мейсцэ сабе абабраў.
Да самаго змрока, прыжмурыўшы вока,
С кантычкі ныдліва спеваў.
Хоць мокра, хоць суха, хоць часам за вуха
Без жаласьці хваце мароз,
У спек і завеі сядзіць без спадзеі,
Ці кіне яму хто хоць грош.
І гэтак другая ўжо восень мінае —
Пад крыжэм вякуе наш дзед:
І хворы ня еўшы, сядзіць скачанеўшы
Без стравы: хлеб — цэлы абед
! Пяе чуць праз зубы, калоцяцца губы,
Увесь ён трасецца і сам,
Стаіць на каленях і ў гэткіх цярпеньнях
Чэкае канца сваім дням.
Ды цяжка ўздыхае, калі ўспамінае
Былое, што ў вечнасць зыйшло.
Нераз ля бярозы цяклі яго сьлёзы
І сэрцэ крывёю зліло.
Яго не пытайце і жаль не ўздыймайце
Ён вам не здалее сказаць,
Як ў жыцьці раз першы крыж той падпершы,
Сеў с торбай пачаў жабраваць,
Сперш ён ня смела, хоць сэрцэ балело,
Прыгнуўся і сеў на зямлі,
Здалеўшы ўсе мукі, выцягіваў рукі
Да тых што мінаючы йшлі.
Ня дзіво, мой браце, па гэтакай страце
Што з гора калі і запьеш,
Тады на гадзіну забудзеш судзьбіну
І здасца табе, што жывеш.