За што, о Божа праведны, магучы,
Караеш так няшчасны свой народ?
Чаму на стогн маўчыць Твой гром бліскучы
На стогн, што да Цябе йдзе з году ў год?
За што над намі даў перамаганьне
Табою створанай бядзе і цьме,
Спладзіўшы быт сірочага кананьня
Сыном і іхняй матцы-старане?
*
Ты пярунамі крышыш горы, скалы,
І пушчам гібелі Твой шле пажар,
А нашых крыўд скрышыць, спаліць і хвалай
Зьмяніць ня можаш, Сьвету Уладар!
Зямлю услаў Ты ў моры-акіяны,
Што год разводзьдзем мыеш рэк сваіх,—
Чаму-ж ня змыеш Ты цярпеньняў раны
З душы і сэрца верных слуг тваіх?
*
Вачамі сонейка і зор агністых
Агляд Ты робіш дзень і ноч міроў,
І толькі сьцежак нашых камяністых
Ня бачыш Ты, ўсясільны Цар цароў.
Ня бачыш тых магіл, што путы родзяць,
Магіл расьсеянных, як мак, Табой, Скуль цені прадзедаў выходзяць
І ўзносяць рукі ўвысь к Табе з мальбой.
*
Ты ў цьвет сваіх нялічаных народаў
Мінуўшчыну і будучыну ўбраў,
А ў нас—караючы чужой свабодай—
Мінулае—і тое адабраў.
Бадзяцца кінуў на нязьмерным сьвеце,
Нявольнікамі кінуў нас гібець
За тую веру, што бацькі і дзеці
Лет сотні ў моц Тваю вучылісь мець.
*
Паўзводзіў царствы, даў ім панаваньне,
І над пасадамі ўзьнёс свой пасад,
А нашу Бацькаўшчыну на’т прыстаньня
Пазбавіў, выгнаў чэзнуць сярод крат.
Прадаў на глум і годным і нягодным
Усё, што ёсьць сьвятым для нас і ў нас:
Мы дома—як ня дома, правам родным
Сваім ня сьмеема пажыць хоць раз.
*
І Ты глядзіш на гэта ўсё, і неба,
Тваё маўчыць, як падзямельля мур;
Мальбы няшчасных: долі, праўды, хлеба!
Ты глух паняць, паслаць маланкі бур.
Паймі! пачуй! Сон наш і свой стрывожы,—
Закон і суд свой праведны пашлі!..
Вярні нам Бацькаўшчыну нашу, Божа,
Калі Ты Цар і неба, і зямлі!
|