На заўтра, к налецьцю
Свой сею загон,—
Ад бацькі прымеціў
Так сеяць, як ён.
Лубянку-сявалку
Дзед сплёў мне даўно,
Ў сявалцы бяз малку
Бурштын-сам зярно.
Знаток сваёй рэчы,
Іду к старане,
Каб вецер у плечы,
Ня ў вочы, дзьмуў мне,
Прывычнаю жменяй
Зярняты кладу,—
Дзе болей, дзе меней
Сьляджу на хаду.
Сьляджу, каб абсевак
Ня кінуці дзе,
Бо з ім неспадзевак
Благіх шмат ідзе.
Кулёвай саломай
Дасеў прысьцялю,
Ад злога залому
Сяўбу бласлаўлю.
Ляжыце, зярнята,
Ў парадак, у рад, Усходзьце багата,
Каб сейбіт быў рад.
Абходзь ты наўкола,
Рунь, Юр’я сьвяты!
Ты, добры Мікола,
Пільнуй ад слаты.
Дай, хмарка-вясёлка,
Жывучай расы,
Маланкай-агнёўкай.
Ня зводзі красы.
Свой град, Градавіца,
Ў пару сутрымай:
Пярун, Грамавіца,
Ў жніво сунімай!
|