Спадчына (1922)/III/Мусіць трэба было

Песьня Мусіць трэба было
Верш
Аўтар: Янка Купала
1922 год
Дайце мне…
Іншыя публікацыі гэтага твора: Мусіць, трэба было.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




МУСІЦЬ ТРЭБА БЫЛО.

Пасьвячаю Вл. Cтанкевічанцы.

Ці на небе ня мільён зорак льсьніць!
Кожна зорка дзесь кагось весяліць.
Толькі-ж месца там ня стала
Для аднэй, што мне-б міргала…
Мусіць трэба было!

Ці-то мала ўдоўж і ўшыр вырас сьвет?—
Для ўсіх даў ён і прыпын і прывет.
А я век, як тое зданьне,
Не знайшоў сабе прыстаньня…
Мусіць трэба было!

Ці дарожак і на захад і ўсход
Легла мала на зямлі з году ў год?
Бо сьлед к шчасьцю на ўсім сьвеце
Ня судзіў мне Бог сустрэці.
Мусіць трэба было!

Ці-то вецер толькі ў волі жыве—
Дзе захоча і ляціць і плыве?
Я-ж куды не пасуліўся,
Ўсюды ў путах толькі віўся…
Мусіць трэба было!

Ці зямелька не гадуе людзей,—
Ці ў іх сэрца ястраб выпіў з грудзей?
Бо дзе з сэрцам не зьвяртаўся—
Я на камень натыкаўся…
Мусіць трэба было!

Ці дзявочы ручкі зьвялі ў бядзе?
Ці-ж нікога не галубяць нідзе?—
Каб я лёг і ў дамавіне—
Воч ніхто мне не зачыне…
Мусіць трэба ўжо так!