Творы М. Багдановіча (1927—1928)/II/II/18
← 8. Забыты шлях | 18. Сталецьце руху беларускага народу Публіцыстыка Аўтар: Максім Багдановіч 1928 год |
21. Хто мы такія? → |
18.
СТАЛЕЦЬЦЕ РУХУ БЕЛАРУСКАГА НАРОДУ.
* 1912-1914.
Свой нарыс пачну я з часу пералому ў палітычнай гісторыі нашага народу, а ўласна — з канца 18-га сталецьця, бо ў тую пару ён адыйшоў ад зруйнаванай Польшчы да Расеі. Якім цяжарам ціснула яго плечы „крэпасное права“, панаваўшае колькі сталецьцяў; да якой забітасьці, пакорнасьці і зьбяднеласьці дайшоў ён, сьляпы, як крот, адарваны ад прасьветы, заціснуты надсільнай і беспрарыўнай працай; як пакалечылі душу яго бесканечныя гады паднявольнага жыцьця — аба ўсім гэтым ня буду я гаварыць: гэтае кожны і сам лёгка зразумее. Скажу толькі, што і ў падданстве ў Расеі беларускаму народу ня стала лягчэй: памешчыкі былі тыя-ж, уціск той-жа, а абароны, як і раньш, чакаць было не ад каго. Аб гэтым сьведчаць бадай што ня ўсе людзі, ведаўшыя ў той час наш край, але дзеля асьцярожнасьці разгледзім толькі ўрадавыя матар‘ялы.
У 1835 гаду віцебскі губэрнатар пісаў, што на Беларусі мужыкі змучаны нявольніцтвам і беднасьцю, а памешчыкі адурэлі ад сваёй моцы: прымушаюць крэпасных увесь час працаваць на панскі двор, пакідаючы ім толькі нядзелю; адбіраюць ад крэпасных усякую ўласнасьць; пашыраюць п‘янства, заводзячы корчмы, і руйнуюць ім мужыцкую гаспадарку (Семеўскі, т. II, стар. 486).
Беларускі генерал-губэрнатар князь Хаванскі такжа-сама гаварыў, што памешчыкі бяз розуму ціснуць мужыкоў, і што „ў іх аконам кіруе людзьмі пугаю, бізуном“ (Сем. II, ст. 487). У „Журнале Міністэрства Унутраных спраў“ у 1843 гаду ч. I гаворыцца (гл. стар. 242—262), што апрыч паншчыны, каторая адрабляецца у „гвалтах“ і „згонах“, мужыкі павінны былі адбываць, „шарваркі“ (значыцца, пачыняць грэблі і гаці з дарогамі, а такжа рабіць будоўлі), „старожаства“ (хатняя праца пры хвальварку), „падарашчызну“ (перавозка панскага дабра на продаж) і апрыч таго ўсякія „талокі“, „ласкі“, „дарэмшчыны“, працы ў гародах, ткацтва, прадзеньне і розныя „даніны“ грашмі ці інш. Усе гэтыя павіннасьці „предоставляются личному усмотрению и без‘отчетному произволу помещиков“. У 1848 г. мінскі губэрнатар піша: „Памешчыкі аддаюць сваіх мужыкоў у рукі жорсткасардэчных, грубых і хцівых аконамаў, каторыя ціснуць іх надсільнымі работамі, зьверска мучаюць нават і кабет і дзяцей і хворых людзей. Дзе калі тое-ж робяць і самі памешчыкі. Увесь час чутно, што такі-то мужык памёр, а такая-то зацяжэйшая кабета выкінула дзіцё альбо такжа памёрла пад наказаньнем за дробны праступак“ („Россия“, т. IX, ст. 112). „У Віцебскай губэрніі“ — піша ў „всеподданнейшем донесении“ 1855 году галоўны начальнік края — „мужыкі бадай ня бачаць хлеба, жывуць грыбамі і рознымі сырымі рэчамі, шырашчымі хваробы“ („Россия“ т. IX, стар. 109).
Вось у якім палажэньні былі мужыкі на Беларусі па сьвядоцтву ўрадавых матар‘ялаў…
Дом і пакой у Менску, дзе нарадзіўся пісьменьнік (сярэднія два вакны на другім паверсе).
З фотографічнага зьнімку 1928-га году.
Увагі
правіць18. Сталецьце руху беларускага народу. Пачатак артыкулу. Друкуецца з чарнавога аўтографу. (1, 3, 6).
Артыкул можа разглядацца, як эскіз да „Белорусского возрождения“, і таму ён мог быць напісаны не пазьней 1914-га году (калі быў напісаны арт. „Белорусское возрождение“), а зважаючы на характар рукі нават некалькі раней гэтага часу — прыблізна каля 1912-га году.
Да 117 стар. …панаваўшае колькі сталецьцяў… „Колькі“ ўжыта М. Б-чам у сэнсе „ці мала“, „шмат“.
Да 118 стар. …мужыкі павінны былі адбываць… „падарашчызну“. У аўтографе было „падарашчызна“, камісіяй дапасавана — „падарашчызну“ — такі-то мужык… такая-то кабета… Ужытая аўтарам часьціна „то“, якая ў беларускай мове ня ўжываецца, пакінута бяз зьмены.