Творы М. Багдановіча (1927—1928)/II/I/8
← 6. За тры гады | 8. Забыты шлях Крытыка Аўтар: Максім Багдановіч 1928 год |
18. Сталецьце руху беларускага народу → |
Іншыя публікацыі гэтага твора: Забыты шлях. |
ЗАБЫТЫ ШЛЯХ.
1915.Цяжкі ўдар прыняла на сябе наша краіна: на яе абшарах зышліся мільённыя арміі, точуцца бітвы, усё нішчыцца, гаспадарка гібеець, ня тысячы, а соткі тысяч людзей павінны кідаць усё сваё ды ісьці па нязьмераным дарогам далей, а куды — няма ведама; ісьці, не знаходзячы прытулку, ня маючы скарынкі хлеба, паміраючы і ад голаду і ад пошасьцяў, ня ведаючы, якую даць сабе раду.
І мы, беларуская інтэлігенцыя, будзьма ратаваць іх, як ратавалі і дасюль, будзьма ратаваць і ў сваім краю і на чужыне, памінаючы ў гэтыя грозныя часы абяцаньне, каторае ў сэрцы сваім даваў кожны з нас: сілы свае афяраваць роднаму краю. Але роднаму краю, а ня толькі ня маючым прыпынку разграмлёным людзям. Бо, баронячы наш народ, мы павінны бараніць і нашу культуру. І што-б там ні было, а гмах яе, калісьці распачаты, павінен быць збудаваны да канца. Вось чаму я бяруся гаварыць аб справах, здавалася-б, зусім не прыпадаючых да цяперашніх часоў: мова мая будзе аб адным дужа вялікім недахваце ў беларускай поэзіі.
∗ ∗
∗ |
Я пільна прыглядаюся да беларускай поэзіі і заўшэ з радасьцю бачу, што яна — поэзія жывая. Не таму, або, лепей, ня толькі таму жывая, што ўжо ёсьць у яе колькі запраўды здольных песьняроў, іншы раз даючых нам поўныя натхненьня, бездаганныя творы. Гэта асаблівага значэньня ня мае. Куды большую ўвагу зьвяртае на сябе тое, што за восем-дзевяць год свайго праўдзівага існаваньня наша поэзія прайшла ўсе шляхі, а пачасьці і сьцежкі, каторыя поэзія эўропейская пратаптывала болей ста год. З нашых вершаў можна было-б лёгка зрабіць „кароткі паўтарыцельны курс“ эўропейскіх пісьменьніцкіх напрамкаў апошняга веку. Сантымэнталізм, романтызм, рэалізм і натуралізм, урэсьце, модэрнізм — усё гэтае, іншы раз нават у іх рожных кірунках, адбіла наша поэзія — праўда найчасьцей бегла, няпоўна, але ўсё-ж-ткі адбіла. Вялікую ўнутраную рухавасьць мае яна, аб гэтым ня можа быць і споркі.
∗ ∗
∗ |
І ўсё-ж, хоць многа шляхоў прайшла пры сваім разьвіцьці наша поэзія, але адзін дасюль яшчэ абмінае яна, — свой родны, беларускі шлях, праложаны праз соткі год народнай песеннай працы. Соткі год народ вытвараў сваю поэзію, вырабляў прыпадаючыя да сваёй душы вобразы, параўнаньні, эпітэты, сюжэты, творчаскія падходы. А чым нашы песьняры скарысталіся са ўсяго гэтага? Бадай што нічым.
Праўда, яшчэ год семдзесят таму назад Ян Чачот надрукаваў каля трыццаці ўласных песьняў, напісаных так добра накшталт народных, што і адрожніць ад іх было ня зусім лёгка. Але зборнічка таго даўно ўжо няма, вершы Чачота не перадрукованы, ніхто іх ня ведае і ніякага ўплыву на нашу пісьменнасьць яны ня мелі і ня маюць.
Замала „беларускасьці“ было (апрыч Чачота ды Пятрука з-пад Крошына, ды яшчэ, быць можа, Баршчэўскага) у нашых даўнейшых песьняроў, творы каторых мы ведаем, замала яе і ў сучасьнікаў. Адзін толькі Каганец, пішучы вершы, аглядаўся на народную песьню, намагаўся, каб яны былі праняты яе духам і яе прыкметамі. Ды, на жаль, мала было ў яго творах натхненьня, і выходзілі яны ў яго важкімі, тапорнымі, бясьсільнымі. Таму ў друку іх бадай што зусім не зьяўлялася і ніякага сьледу ў беларускай поэзіі яны не пакінулі. Аднак, хоць і зрэдку, Каганец падвышаўся да праўдзівай творчасьці, і тады ў яго вынікалі такія вершы, як „Кабзар“ („Н. Н.“ 1909 г.) — рэч самародная, веючая народным духам і пакідаючая моцнае ўражаньне.
Апрыч гэтага гаварыць астаецца мала аб чым. Зрэдку, то там, то сям спатыкаюцца ў сучасных вершах то народны эпітэт, то народны паралелізм, або мэтр, або рыфма, або сюжэт. Але як тое рэдка, і як тое выпадкова! Часьцей гэтае спатыкалася ў Цёткі, я даў невялічкую нанізку вершыкаў, пачасьці ўдаваўшых беларускую песьню[1], дзьве-тры такія-ж рэчы напісаў Купала. А па-за тым трэба ставіць кропку. Беларускіх вершаў у нас яшчэ ня было, былі толькі вершы, пісаныя беларускай мовай.
∗ ∗
∗ |
Беларускіх вершаў яшчэ ня было, але яны павінны быць, і будуць! Як кожны народ мае сваю нацыянальную душу, так ён мае і свой асаблівы склад (стыль) творчасьці, найбольш прыдатны да гэтай душы. Ёсьць ён і ў нас, беларусаў, і мы мусім зьвярнуцца да яго, каб улажыць што-небудзь сваё ў скарбніцу сьветавой культуры, каб уліць у нашую поэзію сьвежыя сокі, каб стаць бліжэй да душы роднага народу, лепей паталіць яе духоўную смагу і запраўды ўзяцца за вялікую працу: разьвіцьцё беларускай народнай культуры.
Распачаць гэтую справу ў поэзіі будзе ня лёгка: куды лягчэй ісьці па прабойным дарогам, куды лягчэй пісаць, маючы перад вачыма добрыя прыклады; а тут усё, ад пачатку і да канца, трэба рабіць самому. Ёсьць і шмат іншых перашкод, вымагаючых пільнай працы і доўгіх дум; асабліва цяжка прыходзіцца пры найуважнейшым і найгоршым пытаньні: што з песьняў, каторыя пяюцца ў нас, належыць да беларусаў, а што ўзята ад вялікарусаў, украінцаў, нават у палякоў? Скрозь спатыкаюцца ў нас песьні, вядомыя ў іх, або ўстаўлены кавалачкі з гэтых песьняў, цікавыя параўненьні і т. д. Ці мы бралі ад іх, ці яны ад нас? Ці зраслося запазычанае з душой беларуса, ці асталося чужым? Міма гэтых (і шмат якіх іншых) запытаньняў моўчкі прайсьці ня можна, але і адказаць на іх ня проста. Ды як-бы ні прыходзілася цяжка, а праўдзівая беларуская поэзія павінна знайсьці для сябе працаўнікоў: бярымося-ж за гэтую нялёгкую, але вясёлую работу.
∗ ∗
∗ |
Бярымося! Наш сягоньнешні, наш заўтрашні напрамак — да забытага намі народнага беларускага шляху. Але вышаўшы на яго, становімся мы на расстаньні: мы можам жыўцом браць з народных песьняў тыя скарбы, аб каторых была мова вышэй, — браць і ўстаўляць у свае вершы; далей мы можам вучыцца ў народу, навыкаць да яго творчаскіх падходаў. За што-ж нам брацца?
Ідучы першай дарогай, мы, праўда, трохі аднавім нашу поэзію, і яна прыбярэцца крыху ў народны колер (як тая паненка, што надзела ўзятую ад вясковай дзяўчыны шнуроўку). Але, як кожны бачыць, гэта ня шлях да шырокага разьвіцьця поэзіі. Да таго-ж не забудзем, што праз такія запазычкі чытач пачынае неяк сумнявацца ў творчаскіх сілах пісьменьніка: мо‘ таму ён запазычае, што свайго стварыць ня можа? Калі запазычана спраўды каштоўная рэч, дык вынікае думка: чаго варт пісьменьнік, у каторага лепшае — запазычкі? А дзе хто, можна спадзявацца, нават крыкне: плягіят! (крадзёж з пісьменьніцкага вытвору). Але досыць аб гэтым. Ці рабіць тыя запазычкі, ці не рабіць — паважнага значэньня гэта ня мае. Для шырокай-жа працы трэба ўступаць на другі адзначаны намі шлях.
Аднак і тут можна ісьці парожнаму: можна старанна ўдаваць тое, што ёсьць у народнай песьні, кіруючыся, каб даць вытвор, які ня можна-б было адрожніць ад народных. Гэта сталася-б каронай для такой працы. Можна пісаць і інакш — не намагаючыся падрабіцца пад народную песьню, але ў народным духу, прыклад чаго даў Каганец у сваім „Кабзару“.
Проці першага спосабу многа можна сказаць. Напісан верш, каторага ад народнай песьні і не адрожніш. Гэта — трыумф пісьменьніка, стаўшага на такую пуціну. Але на што той верш? Ці-ж замала было-б народных песьняў і без яго? Далей, — мы-ж радзіліся аб разьвіцьці народнай поэзіі, а тут у лепшым прыпадку становімся ўровень з ёй, аб разьвіцьці-ж няма і мовы. Яшчэ адно: круг сюжэтаў песьні няшырокі, ён хутка будзе пройдзен увесь да канца, і тады пачнуцца прыкрыя паўтарэньні старога, ужо сказанага, пісьменьніку будуць зьвязаны скрыдлы, поэзія ўпрэцца чалом у сьцяну. Урэсьці-ж, адна рэч песьня, другая — верш; песьня пяецца, і гэтае робіць да яе такія вымогі і надае ёй такія прыкметы, удаваць каторыя ў вершы было-б сьлепатой.
Астаецца апошні шлях. Ісьці па яму — справа верная, але небясьпечная. Бо што такое той „народны дух“? На ім няма ані кляйна, ані плёмбы, а таму пад яго прыкрыцьцем канечне будуць занасіцца ў нашу пісьменнасьць і насьледаваньні з вялікарускай ды украінскай народнай поэзіі, пад уплыў каторых так лёгка падпасьці, і ўласныя нікчэмныя выдумкі, і яшчэ шмат што. Ізноў скажу — шлях верны, але небясьпечны. Думаецца пакуль мы робім першыя крокі, трэба нам трымацца народнай песьні, як сьляпы трымаецца плота, трэба стаць бліжэй да першага з абодвых спосабаў творчасьці; але пры гэтым мы павінны памятаць, што ён добры толькі для пачатку працы, што на ім далёка не зайдзеш, і што раней або пазьней мы павароцім на шырокі, у бязьмежную даль пралёгшы, шлях. Дзе яго шукаць — мы ўжо гаварылі.
∗ ∗
∗ |
Мы падайшлі к канцу. Астаецца сказаць усяго некалькі апошніх слоў.
Намагаючыся зрабіць нашу поэзію ня толькі мовай, але і духам, і складам твораў шчыра беларускай, мы зрабілі-б цяжкую памылку, калі-б кінулі тую выучку, што нам давала сьветавая (найчасьцей эўропейская) поэзія. Гэтая апошняя праца павінна ісьці поўным ходам. Было-б горш, чым нядбальствам, нічога ня ўзяць з таго, што соткі народаў праз тысячы год сабіралі ў скарбніцу сьветавой культуры. Але занасіць толькі чужое, не разьвіваючы свайго — гэта яшчэ горш: гэта знача глуміць народную душу. Да таго ж адны жабракі могуць праз усё жыцьцё толькі браць. Трэба-ж і нам, бяручы чужое, калі-не-калі даць нешта сваё. А свайго, як мы бачым, мы давалі меней, чым маглі.
Увагі
правіць8. Забыты шлях. Друкуецца з аўтографу (1, 21).
Напісаны артыкул у 1915-м годзе, як зазначана ў лісьце М. Багдановіча ў Беларускую Кнігарню ад 14-га лістапада 1915 году (IХ, ліст № 16).
„Забыты шлях“ быў выдрукаваны ў газэце „Вольная Беларусь“ (1918 г.) разам з вершамі беларускага складу „Бяседная“, „Як прышла я на ток малаціць“, „Хоць і зорачка — ды не вячэрняя“ (т. I, № 86), „У Максіма на кашулі вышыты галубкі“ (т. I, 72) і „А як сьмерцю Максіма скаралі“ (вынятка з в. „Максім і Магдалена“, т. I, № 63). Пералічаныя вершы і былі Багдановічам прапанованы, як узоры твораў народна-песеннага складу, і да пэўнай ступені прыстасаваны да данага артыкулу (гл. т. I, увага да верша № 86).
Да 40 стар. Сантымэнталізм, романтызм… у аўтографе: „сенціменталізм, романтызм“. Да 42 стар. можам… у аўтографе: „можэмо“.
Багдановічам быў напісаны на тую-ж тэму няскончаны артыкул на украінскай мове „Забутий шлях“, які зьмяшчаецца ў гэтым разьдзеле за нумарам 11-м.
- ↑ Аб сваёй поэмцы „Мушка-Зелянушка“ ды некалькіх дробных вершах, надрукаваных улетку, я тут не гавару, бо гэта ўжо — пачатковы вынік з тэй працы над беларускім складам у вершы, якую я распачаў каля году назад і абараняю ў гэтай стацьці.