т. Н. Бухарын іх падтрымаў. Чакаў, пакуль узвышаўцы выкажуцца, а сьледам і напісаў „Злыя нататкі“. Што-ж ты парадзіш — узялі і сказалі, а там — як хочаш. Наіўных багата… Не для апошніх напісаны артыкул проф. І. Замоціна „Беларуская драматургія. — Драматычныя творы Я. Купалы“. Выдатны крытык дасканала разабраў гэты жанр творчасьці нашага песьняра, падышоўшы да яго з соцыолёгічным скальпелем. Калі і трапляюцца некаторыя, панашаму, ня зусім точныя погляды ў крытыка, то гэта залежыць ужо ад прычын, якія зьвязаны з яго недасканалым вывучэньнем рознастайных галін беларускага жыцьця.
Конкрэтна, нельга згадзіцца з паважаным профэсарам аб характары эпілёгічнай дзеі „Паўлінкі“. Панашаму ні драматызму, ні грамадзка-політычных мотываў яны ня маюць. Тое самае трэба заўважыць і аб драме „Раскіданае гняздо“, якую проф. І. Замоцін ня лічыць чыста сымболічнаю, але якая панашаму, сапраўды зьяўляецца найбольш глыбокім сымболем „Раскіданага гнязда“ — раскіданай да вайны радзімы поэты — Беларусі. Некаторыя прычыны, на жаль, заставілі проф. І. Замоціна павярхоўна абыйсьці трэцюю рэч Я. Купалы — „Тутэйшыя“.
Зусім далёка ад яго стаіць праца другога профэсара — А. Н. Вазьнясенскага „Поэмы Янкі Купалы“. Прысьвяціўшы гэтай тэме да 40 старонак, А. Н. Вазьнясенскі цалкам іх аддае на сухі пераказ зьместу Янкавых поэм. Мэтод формальнага падыходу слаба