Суседзі (1932)/«Іск»
← Дык што | „Іск“ Фэльетон Аўтар: Анатоль Вольны 1932 год |
Зайцом на сьмех → |
„ІСК“.
У рэдакцыі ляжыць вось гэткі дакумант:
„Прокуратура рэспублікі накіроўвае заяву гр. Чыгілейчык Вольгі Ігнатаўны аб тым, што мядзьведзь загрыз яе 2-х кароў і прапануе растлумачыць грамадзянцы Чыгілейчык, што яна можа зьвярнуцца ў суд і іскам да Наркомзему.“
У сувязі з „вышэйпададзеным“ таварышы з аднэй установы зьвярнуліся да аднаго супрацоўніка Нарком‘юсту.
Так і гэтак, маўляў, цяжка адказваць за кожнага мядзьведзя.
На гэта супрацоўнік Нарком‘юсту адказаў:
„У сувязі з тым, што Наркомзем забараняе паляваньне на мядзьведзяў, то ён адказвае за ўсе ўчынкі апошніх“............
Уявеце сабе, што было так:
Як толькі пачаў грызьці мядзьведзь карову, забраўся вялікі натоўп народу, сабраўся ды моўчкі чакаў, і ўсё нешта хітра пасьмейваўся з мядзьведзя…
Мядзьведзь памалу загрыз карову, паглядзеў на натоўп, — сьмяюцца!..
„Сьмейцеся!“, падумаў мядзьведзь, пасасаў лапу, падышоў да другой каровы, ахапіў яе лапамі і пачаў зноў памалу грызьці.
Яшчэ весялей зарагатаў натоўп…
„Ну, што-ж, падумаў мядзьведзь, вам — весела і мне нядрэчна“ — і памалу загрыз другую карову…
Натоўп усё чакаў, заліваўся ад сьмеху…
„Досыць пацяшаць гэтых джэнтльменаў“, рашыў мядзьведзь і ўжо быў падняўся, як з натоўпу кпяць дый кажуць:
— Ага, — кажуць, — мы толькі гэтага і чакалі пачакай кажуць, такі і гэткі, ты мядзьведжы сын, вось-жа засудзім мы зараз за ўсе твае ўчынкі Наркомзема нашага.
Наркомзема? прыжмурыўся мядзьведзь.
— Яго самага, — адказаў натоўп. — Па тлумачэньнях прокуратуры, ён за ўсе мядзьведжыя ўчынкі адказвае…
Зароў тады, кажуць, мядзьведзь на ўвесь лес, сьлёзы, кажуць, крыніцаю паліліся з яго сініх вачэй і чалавечым голасам загаварыў ён зноў:
— Перадайце, — сказаў ён, у горадзе, што калі ў прокуратуры сказалі, што за ўсе мае мядзьвежыя ўчынкі адказвае Наркомзем, то я не адказваю за ўчынкі прокуратуры…
І зароў мядзьведзь, зноў:
— Майце, тт. мядзьведзі, грамадзкае сумленьне! Кожны адказвае за сябе, дык завошта за нас будзе адказваць Наркомзем, бо Наркомзем па чутках, добрая ўстанова…
І паслухаліся медзьвядзі голасу свайго сябра…
… І быў ужо ў нас у Менску выпадак, ня гэтак даўно, калі гуляў-ткі па вуліцах адзін мядзьведзь (гл. газэту „Рабочий“), то ён ужо нікога не зачапіў і нават, кажуць, што калі чулыя менскія жыхары, ўцякаючы ад яго, пакінулі на дарозе некалькі пудоў мёду, мядзьведзь падышоў да яго, пахмурна адкінуў лапаю і сказаў:
— Не хачу… Наркомзем адказваць будзе.
І з відам сапраўднага джэнтэльмэна прыпадняў хвост і пашоў далей…
■