Суседзі (1932)/Дык што
← Будзьце непарушны | Дык што Фэльетон Аўтар: Анатоль Вольны 1932 год |
„Іск“ → |
Іншыя публікацыі гэтага твора: Дык што. |
ДЫК ШТО.
Ёсьць гэткі украінскі анэкдот:
Адзін здаравенны хлапец убачыў як яго бацьку ўдарыў нейкі грамадзянін. Хлапец падскочыў да грамадзяніна і з пагрозаю запытаўся
— Гэта ты біў майго бацьку?
— Так, я, — згадзіўся грамадзянін.
— А ну ўдар яшчэ! — прыпугнуў хлапец грамадзяніна зноў.
Грамадзянін размахнуўся і „ўдарыв“ зноў.
— А ну, яшчэ! — з кіпучай пагрозаю дадаў хлапец.
Грамадзянін размахнуўся і зноў ударыў.
— Пойдзем, тата, дадому, бо гэты грамадзянін вас да поўсьмерці заб‘е, — парадзіў тады хлапец бацьку.
Гэткі анэкдот на Украіне вядомы.
У нас на Беларусі жыцьцё часам піша лепшыя анэкдоты. У нас было гэтак: дзяжурнага члена клюбу Савгандальслужачых таварыша Л. ударыў у твар адзін грамадзянін за тое, што член клюбу не прапусціў яго, як бязьбілетнага, у клюб.
У гэтай справе міліцыі, як кажуць, і карты ў ў рукі. І міліцыя ўзялася за гэтую справу і прыблізна гэтак вырашыла пытаньне:
— Вы, грамадзянін, пабілі члена клюбу?
— Пабіў!
— Гм… А вы — крычалі, член клюбу, аб дапамозе, ці не?
— Крычаў!
— Пяць рублёў з вас штрафу „за нарушение общественного порядка“, — вырашыла міліцыя.
Я, бясспрэчна, дасканала ня ведаю, ці гэтымі разважаньнямі меркавалася міліцыя ці не, але па яе пастанове пабіты павінен заплаціць пяць рублёў штрафу ды і толькі!
Гэта факт!
Нас цяпер пытаюцца іншыя члены клюбу:
— Ды што? — пытаюцца.
— Дык нічога! — адказваем…
Сьцеражыцеся цяпер, каб зноў не пабілі, бо, зноў штраф плаціць будзеце!..
А ўрэшце, дарагія таварышы, другі раз ня крычэце.
Мы за тое, каб вы моўчкі стаялі, як вас біць будуць, бо мы ня хочам, каб вас міліцыя штрафавала.
■