Творы М. Багдановіча (1927—1928)/I/I/22

21. Вечар 22. Над морам
Паэзія ў прозе
Аўтар: Максім Багдановіч
1927 год
23. Зьмяіны цар
Іншыя публікацыі гэтага твора: Над морам (Багдановіч).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




22.

НАД МОРАМ.

Учора йшчэ буры раскаты грымелі, выў вецер шалёны, насіліся чайкі над морам, як белыя сьнежныя ком’я, і цёмна-зялёныя хвалі у вышу ўзмывалі сьцяною, рассыпаўшы белыя кудры; ўзмывалі, каціліся ў моры, адна за аднэй набягалі на дзікі, абрывісты бераг, — і бурыя скалы трасьліся пад вагай іх цяжкіх удараў, сваімі грудзямі на брызгі вады разьбіваючы глыбы. Паветра стагнала, і хвалі пад грохат і гул пагібалі так горда, вясёла і вольна, пакінуўшы думкі аб сьмерці!

І я быў вясёлы і горды. І мне пачуцьця волі хваля, налюнуўшы, ўпалыя грудзі высока ў гару падымала, змываючы з сэрца ўсю ціну. І ўсё, што ў ім спала глыбока, тады прабудзілася разам, зрабілася цэльным, магутным. І чуў я, свабодны і моцны, так, чуў, што і я чалавек!

.       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .       .

Мінулася грозная бура, а мора дасюль яшчэ б’ецца. У бязьмежным сьвінцовым абшары ўздымаюцца дзе-ні-дзе хвалі, ідуць без надзеі, бяз волі, панура да берагу люнуць, аб скалы удараць бясьсільна і згінуць з глухою нудою.

Шкада мне вас, шэрыя хвалі, шкада ўсёй душой надарванай, ўсім сэрцам, ужо апусьцелым: вы-ж — родныя сёстры мае!

1910.

Увагі правіць

22. Над морам. Верш выдаецца з „Нашае Нівы“ 1910 г. № 42. На тэй падставе, што ў „Н. Н.“ выдрукавана „вецер салёны“ (а не „салоны“), Літ. Камісія ўнесла папраўку — „шалёны“ (1-шы р.).