Творы М. Багдановіча (1927—1928)/I/I/23

22. Над морам 23. Зьмяіны цар
Верш
Аўтар: Максім Багдановіч
1927 год
24. Лясун… Я спакойна драмлю пад гарой…
Іншыя публікацыі гэтага твора: Зьмяіны цар (Цемень. Сосны. Елкі. Мох. Кара…).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




23.

ЗЬМЯНЫ ЦАР.

Цемень. Сосны. Елкі. Мох. Кара.
Сьмерць прышла ужо ка мне…
Разгарысь, вячэрняя зара,
У туманнай вышыне.

Цёмнай ноччу страшна у жальбе
Паміраць. — Шуміць трава,
Глуха дзяцел ў дрэва б’е,
Гучна гукае сава.

А памрэш — прыціснуць грудзь пласты
Гліны. Ўстану-ж на яру,
Падыму галоўку праз кусты,
Гляну ў неба і памру.

Скоціцца карона, пабяжыць
Залатая ў шэры мох.
Чорны крот магілку прыдзе рыць.
Дрогне вецер на кустох.

Месяц брызьне хваляй серабра,
Расой блісьне ў нізіне…
Разгарысь, вячэрняя зара,
У туманнай вышыне.

1910.

Увагі правіць

23. Зьмяіны цар. Верш друкуецца з тэксту „Нашае Нівы“ 1910 г. № 2.
Захаваўся аўтограф гэтага вершу (папка VI, № 13). Літ. Камісіяй прынята рэдакцыя „Н. Н.“ таму, што тэкст „Н. Н.“ больш апрацаваны (гл. увагу да вершу № 3).

Рукапісныя варыянты (п. VI, № 13):
2Жызнь канчаецца мая…
4Перад месяцам стая…
7Глуха дзяцел стукае ў дупло…
11Вецер ціха, смутна запяець.
12Зашуміць ён па кустох.
14Заблішчаць расой паля…
16Перад месяцам стая.

У 10-ым р. „яру“ зам. „яры“ застаўлена для рыфмы. У 17-ым — слова „серабра“, выдрукаванае ў „Н. Н.“, пакінута для захаваньня разьмеру (зам. „срэбра“).
У 18-ым радку націск у слове „расой“ не адпавядае рытму.