Творы М. Багдановіча (1927—1928)/I/I/68

67. ⁂ Цёмнай ноччу лучына дагарала 68. ⁂ Як Базыль у паходзе канаў
Верш
Аўтар: Максім Багдановіч
1927 год
69. ⁂ Я хацеў-бы спаткацца з Вамі на вуліцы
Іншыя публікацыі гэтага твора: Як Базыль у паходзе канаў…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




68.

∗     ∗

Як Базыль у паходзе канаў,
Ўсё старонку сваю спамінаў.
— Вы прашчайце, прашчайце, шнуры,
Вы прашчайце, негараныя!
Мне вас болі ужо не гараць,
Буйным збожжам на зары не засяваць.
— Не пабачу я цябе, цёмны луг,
Поле чыстае, раздольнае!
Мне па вас ўжо ніколі не хадзіць,
Мне зялёнай травы не касіць.
— Расстаюся я з табой, шчыры бор,
Пушча цёмная, драмучая!
Мне твой шум ужо болі ня чуваць,
Мне высокіх сасон ня рубаць.
— Ах, прашчай ты, сямейка мая,
Вы прашчайце, таварышы!
Ўжо ня прыдзецца да сэрца туліць,
Пасядзець, пажартаваць, пагаманіць.
— Гэй, чалом табе, чалом, Беларусь,
Ўся староначка бяздольная!
Не забыў твой сын сваёй маці,
За цябе у зямлі яму ляжаці.
Як Базыль у паходзе канаў,
Ўсё старонку сваю спамінаў.

1915.

Увагі правіць

68. Як Базыль у паходзе канаў. Перадрук з „Нашае Нівы“ 1915 г. № 31. Аўтографы гэтага вершу захаваліся ў двух чарнавых рукапісах у папцы IV (№№ 9, 24 і 3, 3).
Рукапісныя варыянты: у 1-ым і 23-ім радкох, замест „Базыль“, стаіць „Рыгор“. Пасьля 2-га радка ўстаўлена:

Ты, дарожанька, куды пралягла?
Да зялененькай дубравачкі.
Ой, дубравачка шумным-шумна,
Галава мая смутным-смутна.
Ўзялі хлопца, ўзялі хлопца ў маскалі,
У далёкую старонку павязьлі.

Пасьля 3-га радка ўстаўка: „Пакідаю я вас без пары“.