Творы М. Багдановіча (1927—1928)/I/I/71

70. Варона і чыж 71. Лявоніха
Верш
Аўтар: Максім Багдановіч
1927 год
72. ⁂ На Лявонавай кашулі вышыты галубкі
Іншыя публікацыі гэтага твора: Лявоніха (Багдановіч).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




71.

ЛЯВОНІХА.

Ax, Лявоніха, Лявоніха мая!
Спамяну цябе ласкавым словам я, —
Чорны пух тваіх загнутых брывянят,
Вочы яркія, вясёлы іх пагляд;
Спамяну тваю рухавую пастаць,
Спамяну, як ты умела цалаваць.

Ой, Лявоніха, Лявоніха мая!
Ты пяяла галасьней ад салаўя,
Ты была заўсёды першай у танку —
I ў «Мяцеліцы», і ў «Юрцы» і ў «Бычку»;
А калі ты жаці станеш свой загон,
Аж дзівуецца нядбайліца Лявон.

Ой, Лявоніха, Лявоніха мая!
У цябе палова вёскі — кумаўя.
Знала ты, як запрасіць, пачаставаць,
І да рэчы слова добрае сказаць,
І разважыць, і у смутку зьвесяліць,
А часамі — і да сэрца прытуліць.

Ой, Лявоніха, Лявоніха мая!
Дай-жа бог табе даўжэйшага жыцьця,
Дай на сьвеце сумным радасна пражыць,
Ўсіх вакол, як весяліла, весяліць.
Хай ніколі не забуду цябе я.
Ой, Лявоніха, Лявоніха мая!

1915-16.

71. Лявоніха. Верш выдаецца з аўтографу, які захаваўся ў папцы II, арк. 29. Гэты верш унесены поэтом у ўкладзены ім сьпіс вершаў для зборніку „На ціхім Дунаю“, які, аднак, не адбыўся. Плян да гэтага зборніку і да зборніку „Шыпшына“ (які таксама не адбыўся) складаўся поэтам у 1915-16 гадох, як можна лічыць з дат некаторых вершаў, якія ўвайшлі ў гэтыя сьпісы.
З прычыны таго, што больш дакладных дат няма, прыходзіцца аднесьці напісаньне ўсіх вершаў вышэйпамянёных сьпісаў да 1915-16 гадоў.
У плян гэтых зборнікаў поэтам унесены, апроч „Лявоніхі“, наступныя вершы, якія зьмяшчаюцца ў І-ым разьдзеле выданьня: „На Лявонавай кашулі“ (№ 72), „Скірпуся“ (№ 73), „Агата“ (№ 74), „Калі паласу агнявую“ (№ 75), „Маладыя гады“ (№ 76), „Вышаў з хаты. Циха сьпіць надворак“… (№ 77), „Сьцюжа, мрок“… (№ (78), „Прыдзецца, бачу, пазайздрыць“ (№ 79), „Непагодны вечар“ (№ 80).