Творы М. Багдановіча (1927—1928)/I/II/У зачарованым царстве/93

92. Возера 93. Над возерам
Верш
Аўтар: Максім Багдановіч
1927 год
94. Вадзянік
Іншыя публікацыі гэтага твора: Над возерам (Багдановіч).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




93.

НАД ВОЗЕРАМ.

Сонца ціха скацілася з горкі;
Месяц белы заплаканы сьвеціць,
Аглядае бахматыя зоркі,
Цягне з возера срэбныя сеці.

Ў іх русалкі заблуталі косы, —
Рвуць бліскучыя, яркія ніці;
Ноч плыве над зямлёй, сее росы,
Ноч шапоча русалкам: «Засьніце»..

93. Над возерам. Перадрук з тэксту „Вянка“ 1913 году з наступнымі зьменамі з варыянтаў экзэмпляру „Вянка“ № 2:

6   Рвуць бліскучыя, яркія ніці;
Рвуць і блытаюць срэбныя ніці,

У гэтым экзэмпляры 1—4 радкі закасованы і замест іх даны новыя чатыры радкі:
1Заціхае і грукат і гоман.
2Месяц выплыў у небе і сьвеціць.
3Як шырока ён кінуў на Нёман
4Залацістыя, яркія сеці.
Прыведзеныя чатыры радкі ня прыняты Камісіяй з тае прычыны, што яны ня поўнасьцю апрацаваны: аўтар кажа: „Месяц… сьвеціць… і кінуў на Нёман“, а загаловак вершу застаўлены: „Над возерам“.
У 6-м радку аўтарская папраўка: „бліскучыя, яркія“ прынята для таго, каб пазбавіцца паўтарэньня слоў: „заблуталі“, „блутаюць“ і „срэбныя“.
Верш задатаваны 1909 годам рукою аўтара ў экзэмпляры „Вянка“ № 1. Першы раз друкаваўся ў „Н. Н.“ 1919 г.
Варыянты „Н. Н.“:
2Месяц белы снуецца і сьвеціць.
3Аглядае бахматыя зоркі…
5У іх русалкі запуталі косы, —
6„плутаюць“ зам. „блутаюць“.
8„усьніце“ зам. „засьніце“.
У лісьце С. Е. Полуяна М. Багдановічу ад 1-га кастрычніка 1909 г. прыводзіцца пераклад гэтага вершу на украінскую мову украінскага песьняра Шаповала:

Тихо скотилося сонце за гори…
Місяць блукає у білому морі,
Пильно за зіркамі дивиться, стежить,
Тягне із озера срібні мережі…
Ловить русалок… заплутали коси!..
Рвуться і путають срібніі сіті…
Плаває ніч над землею і росить…
Ніч да русалок шепоче: „не спіте!“

Полуян піша: „Шаповалу гэты верш дужа спадабаўся. „Він виявляе дійсного поэта-художніка“, кажа ён“ (Шаповал).