Творы М. Багдановіча (1927—1928)/II/М. Багдановіч

Прадмова М. Багдановіч
Літаратуразнаўчая праца
Аўтар: Іван Замоцін
1928 год
1. І. Няслухоўскі
Іншыя публікацыі гэтага твора: Максім Багдановіч (Замоцін).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




М. БАГДАНОВІЧ.

КРЫТЫЧНА-БІОГРАФІЧНЫ НАРЫС[1].

Калі разглядаць біографію пісьменьніка ня толькі як хронолёгічную канву, але і як матар‘ял для асьвятлення пытаньня аб генэзісе данае творчасьці, то на першы плян прыходзіцца вылучыць тыя менавіта біографічныя моманты, з якіх фактычна складаецца ўвязка жыцьця і дзейнасьці пісьменьніка з яго літаратурнай продукцыяй.

Гэтыя моманты наступныя: 1) соцыяльная спадчыннасьць; 2) псыха-фізыолёгічная спадчыннасьць па двух лініях — па лініі псыхічнага складу (напр., надаронасьць продкаў пісьменьніка) і па лініі фізычнага складу (напр., спадчынныя хваробы); 3) абстаноўка раньняга дзяцінства, паколькі яна рабіла ўплыў на фармаваньне псыха-фізыолёгічнай організацыі будучага пісьменьніка; 4) гады вучэньня і розныя ўплывы ў гэты час (кнігі, сябры, уражаньні наўкольнага жыцьця і прыроды і г. д.); 5) наўкольнае грамадзкае асяродзьдзе і грамадзкія сувязі як у гады юнацтва, так і ў гады сталасьці; 6) характар разумовых інтарэсаў пісьменьніка, яго дзелавой працы па спэцыяльнасьці (калі такая ў яго была) і працы грамадзкай; 7) літаратурныя сувязі і літаратурныя ўплывы; 8) кола інтымных перажываньняў (склад асабовага жыцьця, выдатныя ў ім падзеі, сяброўскія сувязі, каханьне і г. д.).

Для біографіі, больш складанай паводле матар‘ялу і хронолёгічна больш працяглай, пералік гэтых момантаў, вядома, можа быць прадоўжаны; але ў дапасаваньні да М. А. Багдановіча, які памёр вельмі рана і пражыў сваё нядоўгае жыцьцё ў параўнальна простай абстаноўцы, гэтыя моманты амаль што вычэрпваюць увязку яго творчасьці з яго жыцьцём.

Да пытаньня аб соцыяльнай спадчыннасьці, як аб адным з момантаў у біографіі М. Багдановіча, шэраг цікавых і багатых зьместам даведак дае бацька поэты ў сваіх „Материалах к биографии Максима Адамовича Богдановича“ (рукап). Бацькі поэты — Адам Юравіч Багдановіч і Марыля Апанасаўна, ураджоная Мякота. Адам Юравіч па пахаджэньні селянін. Яго бацька Юры Лук‘янавіч, дзед поэты па бацьку, быў прыгонны дваровы памешчыка пана Лаппо кухар па профэсіі; ён належаў да Касарыцкага сельскага вобчаства Ляскавіцкай воласьці Бабруйскага павету, але яшчэ маладым хлопцам быў перавезены сваім панам у куплены маёнтак пры мястэчку Халопенічах Барысаўскага павету, тут ажаніўся і асталяваўся. Дзед Адама Юравіча, прадзед поэты, Лук‘ян Сьцяпанавіч, быў таксама дваровы, па профэсіі садоўнік; яго бацька Сьцяпан, прадзед Адама Юравіча, першы стаў насіць прозьвішча Багдановіч. Сам Адам Юравіч, які радзіўся ў Халопенічах 25-га сакавіка 1862 г., не застаў ужо прыгону, але ўсё-ж такі, як сын селяніна, нядаўнага панскага дваровага, перацярпеў усе прыкрасьці, якія выпалі на долю сялянскага хлопчыка і падростка ад соцыяльнага складу жыцьця таго часу. На шостым годзе жыцьця ён пачаў вучыцца чытаць і пісаць у вясковай школе пад кіраўніцтвам „доморощенного бакаляра из крестьянских мальчиков“ і пад агульным наглядам мясцовага дыякана. У сем гадоў ён садзіў бульбу; з дзевяці гадоў стаў падзёньнікам у панскім двары, вучачыся разам з гэтым зімою ў школе, у якой выкладалі настаўнікі з сэмінарыстых. У трынаццаць год ён з посьпехам скончыў вясковую школу і разам з тым вышаў з сям‘і на самастойную дарогу. Гэтая дарога пашла ўжо не па вясковай, а па гарадзкой лініі; спачатку ён прабыў сем месяцаў вучнем у чыгуначнай майстэрні пры паравозным дэпо ў г. Менску; потым быў закантрактаваны на пяць гадоў вучнем да прыватнага майстра, сьлёсара Мінкевіча, таксама ў Менску; прабыўшы тут каля году ва ўмовах, як ён сам кажа, „Чеховского Ваньки“, ён быў аддадзены на вывучку аднаму з менскіх цукернікаў, дзе прабыў каля трох гадоў. Ахвота да кнігі і разумовай працы, набытая з маленства, не дала яму стала ўжыцца ні з адным рамяством, і ў 1879 годзе, калі яму было 17 гадоў, ён паступіў у Нясьвіскую настаўніцкую сэмінарыю, якую скончыў у 1882 годзе. Пасьля гэтага ён праслужыў дзесяць гадоў настаўнікам — спачатку ў вёсцы, потым у Менску; з 1892 году з прычыны нездароўя ён пакінуў службу ў школе і стаў служыць у Сялянскім банку, займаючыся разам з гэтым і разумоваю працаю іншых відаў.

Матка поэты, Марыля Апанасаўна, была дачкою дробнага чыноўніка, які служыў наглядальнікам Ігуменскай павятовай больніцы, але па мацеры сваёй і продках бацькі паходзіла з духоўнага званьня; урэшце, аб духоўным яе пахаджэньні ў „Материалах“ гаворыцца толькі дапушчальна. Хвароба і беднасьць прымусілі яе бацьку адправіць усіх дзяцей (чатырох дачок і сына) для выхаваньня ў Менск у дзіцячы прытулак, дзе дзецям прышлося жыць у цяжкіх умовах, бедна абсталяванай, зачыненай навучальнай установы. Урэшце, Марылю Апанасаўну, як найбольш жвавую і надораную ад прыроды, параўнальна з яе сёстрамі (брат у скорым часе памёр), папячыцельніца прытулку, асоба, якая мела ўплыў у горадзе, узяла да сябе ў дом, пасылала вучыцца ў жаночае Аляксандраўскае вучылішча, а потым адправіла ў Пецярбург у „Женскую учительскую школу“ (больш дакладнага яе абазначэньня у „Материалах“ няма). Тут яна і скончыла сваю адукацыю. У дзевятнаццаць год, у 1888 годзе, яна вышла замуж за Адама Юравіча Багдановіча, а ў 1896 годзе памерла.

Такім чынам па лініі соцыяльнай спадчыннасьці поэта цесна зьвязаны, у асобе свайго бацькі і яго продкаў, з сялянскай масай; у асобе мацеры ён бліжэй суседзіцца з дробным чыноўнічым асяродзьдзем і часткова, больш далёка, з духавенствам. Гэтыя соцыяльныя ўмовы яго пахаджэньня трэба лічыць адным з сур‘ёзных фактараў у разьвіцьці яго асобы і яго творчасьці; праводзячы свае дзіцячыя і вучнёўскія гады ў інтэлігентным асяродзьдзі бацькі, які жыў разумоваю працаю, і мацеры, якая атрымала скончаную, хоць і невялікую, адукацыю, і іх блізкіх сяброў і знаёмых, таксама людзей інтэлігентных, — ён у той самы час ня мог набыць ад бацькоў ніякіх вузка-саслоўных ці вузка-пабытовых традыцый і, наадварот, атрымаў, як спадак, у іх асобе моцную сувязь з працоўным народным жыцьцём і жыцьцём працоўнай інтэлігенцыі.

Ня менш значнымі былі ўплывы на будучага поэту і па лініі псыхічнай, асабліва інтэлектуальнай спадчыннасьці. Тут, перш за ўсё, карыстаючыся сьведчаньнем А. Ю. Багдановіча, прыходзіцца адзначыць выпадкі прыроднай надоранасьці сярод продкаў поэты з боку бацькі. Яго бабка па бацькаўскай лініі (Анеля Тамашова Асьмак) „обладала замечательными математическими способностями: будучи неграмотной, она по чутью решала нелегкие алгебраические задачи“… „Некоторые из ее внуков, очевидно, унаследовав от нее эту способность, развили ее настолько, что поражали знатоков исключительной силой своего математического дарования. По крайней мере один из них, родной брат Максима, не знал трудностей в этой области. Сверх того она была прекрасной рассказчицей народных сказок — дар, несомненно, поэтический, унаследовав эту способность частично от своей матери Рузали Казимировны Осьмак, обладавшей этим даром в высокой степени“. У гэтым сьведчаньні А. Ю. Багдановіча аб надоранасьці яго мацеры (бабкі поэты) біографа павінна цікавіць менавіта другая адзнака гэтай надоранасьці, г. зн. не матэматычныя здольнасьці Анелі Тамашовай, а яе нахіл да мастацкага фольклёрызму, рыса, уласьцівая як самому М. Багдановічу, так і шмат каму з яго старэйшых сучасьнікаў літаратурнай эпохі.

Галоўным узбуджальнікам гэтага ўхілу ў бок мастацкага фольклёрызму — як непасрэдна для А. Ю. Багдановіча, так праз яго пасрэдніцтва і для яго сына — была ня столькі бабка поэты, колькі яго прабабка, Рузаля Казіміраўна. „Передача сказочного сюжета для нее — так характарызуе яе поэтычную здольнасьць А. Ю. — была творческим актом; каждый раз она вносила в обработку сюжета новые черты; говорила сильно и нараспев, придавая повествованию заметную ритмичность… Она знала напамять множество белорусских песен и вообще была носительницей и хранительницей народной старины: обрядов, обычаев, гаданий, преданий, пословиц, поговорок, загадок, народных лекарственных средств и пр. и пр… Ее известность и влияние, как ворожбитки, знахарки и блюстительницы народного обряда в выдающиеся моменты народной жизни (радзіны, хрэзьбіны, вясельлі, хаўтуры, сеўбы, зажынкі, дажынкі, талокі, улазіны и пр. и пр.), широко была распространена в Холопеничской округе; к ней приходили за советом и руководством и во всех торжественных случаях, приглашали распорядительницей — „парадак даваць“… „В своих этнографических работах — робіць, паміж іншым, А. Ю. каштоўнае паказаньне — многое я использовал из огромного запаса ее знаний, которые, судя по ее словам, были наследственными в роду Лисовских и Порецких (по ее отцу и матери)“. Передача спадчыннасьці ў сэнсе ўплыву на генэзіс творчасьці М. Багдановіча ў даным выпадку ўстанаўляецца фактычна: Багдановіч-бацька рабіў запісы фольклёрнага матар‘ялу на падставе таго, што ён чуў ад свае бабкі, здольнай сказальніцы, а Багдановіч- сын скарыстаў запісы бацькі для сваіх мастацка-фольклёрыстычных вобразаў і малюнкаў. „По этим сказкам — кажа А. Ю., разумеючы казкі бабкі Рузалі, — Максим ознакомился впервые с белорусской речью“. У другім месцы сваіх „ Материалов“ ён ужо больш конкрэтна паказвае сувязь поэзіі свайго сына з фольклёрнаю спадчынаю, якая перашла да поэты ад яго прабабкі праз бацьку: „Кое-что позаимствованное мною из этого источника, через посредство моих писаний, отразилось на творчестве ее (г. зн. Рузалі Казіміраўны) правнука Максима, своеобразно им претворенное, в особенности в цикле „У зачарованым царстве“ (гл. т. I, разьдз. II, „Вянок“, №№ 91 і наст.), где, например, „Зьмяіны цар“ представляет поэтическую переработку народного поверья, помещенного в моих „Пережитках“ со слов моей почтенной бабушки“. Зборнік А. Ю. Багдановіча пад гэтым загалоўкам („Пережитки древнего миросозерцания у белоруссов“, Гродно, 1895) трэба наогул лічыць аднэю з важных крыніц творчасьці яго сына.

Прыродная надоранасьць продкаў поэты па лініі мацеры адзначаецца „Материалами“ ў асобе бабкі поэты і асабліва ў асобе яго маткі, Марылі Апанасаўны, якая перадала яму свой характар — у сэнсе агульнай псыхічнай організацыі і, у прыватнасьці, у сэнсе нахілу да творчага выабражэньня. А. Ю. характарызуе сваю нябожчыцу жонку, матку поэты, наступнымі рысамі: „Она многа читала. Ее письма поражали меткостью наблюдений и живостью и картинностью языка. Находящийся среди материалов (А. Ю. разумее рукапісныя матар‘ялы для біографіі М. А. і для выданьня яго твораў) единственный рассказ, ею написанный[2], показывает, что она обладала даром изобразительности, а при этом условии из нее могла бы выработаться хорошая писательница“… „Необходимо отметить еще одну черту: чрезвычайную, иногда мучительную, живость воображения. Не только Достоевский ее мучил болезненной яркостью переживаний при чтении (особенно сон Свидригайлова), но даже, читая социологию Спенсера, где проводится аналогия между физиологическим организмом и общественным, она так живо воображала в человекообразных формах некое чудище, голову которого составляют литераторы и ученые, в груди копошатся поэты, в ногах снуют извозчики, машинисты и пр., машины, поезда, телеграф, — что приходила в ужас от этого кошмарного создания своей фантазии, и я только шуткой мог прогнать этот мрак. Необыкновенная живость восприятия, чувства и движений — была основной, выдающейся чертой ее натуры“… А. Ю. адзначае, апрача таго, у характары нябожчыцы свае жонкі, пры вонкавай рухавасьці, вясёласьці і грацыі, наяўнасьць „и той неотразимо чарующей прелести, которую принято называть женственностью“. Пры гэтым жывы характар Марылі Апанасаўны не пазбаўлен быў і некаторай няўроўнаважанасьці, якая, аднак, ня ішла далей лёгкіх успышак, што хутка гасьлі ў пачуцьці справядлівасьці, якое яе ніколі не пакідала. „Повышенная чувствительность в обыденной жизни с ее мелочными происшествиями — кажа А. Ю. — иногда проявлялась вспыльчивостью, с моментальной отходчивостью, но ее прирожденное чувство правды и любовь к справедливости делали безобидным этот маленький недостаток характера (мне, впрочем, доставлявший только удовольствие): она тут же, сама собой, сознавала свою неправоту или несправедливость и искренне каялась или извинялась“. Зарысоўваючы псыхічнае аблічча свае нябожчыцы жонкі, А. Ю. ставіць яе па падабенству ў цесную сувязь з характарам свайго сына Максіма. „По складу своего характера, мягкого и женственного, по веселости своего нрава, живости, отзывчивости и впечатлительности, по полности и мягкости наблюдений, по силе воображения, пластичности и вместе живописности продуктов его творчества, он всего более напоминал свою мать, особенно в детстве“.

Разам з тым А. Ю. адзначае ў характары сваёй нябожчыцы жонкі, Марылі Апанасаўны, і сына Максіма некаторую наяўнасьць тае экспансыўнасьці („экспансивных, немотивированных об‘ективно, вспышек“ — з ліста А. Ю-ча ад 18/IV—27 г. з дадаткамі да „Материалов“), якая ў значна большай ступені была ўласьціва бабцы поэты з матчынага боку, Тацяне Восіпаўне Малевіч (па мужу Мякота). Праўда, гэтая нахільнасьць да экспансыўнасьці ў маткі Максіма і ў яго самого значна была паслаблена, дзякуючы ўмовам выхаваньня, асьветы і наогул нутраной вытрыманасьці, але яна ўсё-ж такі была ім уласьціва. З прычыны таго А. Ю. любіў, жартуючы, называць сына „Малевіч“, г. зн. дзявоцкім прозьвішчам яго бабкі па лініі маткі, сымволізуючы гэтым словам той душэўны ўклад, які напамінаў экспансыўнасьць бабуні ў паслабленай форме быў агульным і для Марылі Апанасаўны і для яе сына Максіма.

Але, прызнаючы ў характары Максіма А-ча наяўнасьць некаторых рыс псыхічнага тыпу „Малевіч“, атрыманых у спадчыну ад бабуні па матчынай галіне, А. Ю. генэзіс поэтычнага таленту свайго сына ўзводзіць не да бабкі Малевіч, якая гэткім талентам не вызначалася, а непасрэдна да маткі поэты: „…Его поэтический талант есть дар его матери, в ней самой дремавший в неразвитом состоянии“. Аднак ён дапушчае, што гэты талент мог быць таксама і „осколком поэтического дарования его прабабушки Рузали, сказкам которой и песням (у запісах А. Ю-ча) он обязан пробуждением своего таланта“. Устанавіць больш дакладна ўплыў мацеры на асобныя бакі творчасьці поэты — пытаньне спэцыяльнага аналізу яго літаратурных твораў. Пакуль што мoжна, аднак, сказаць, што гэты ўплыў бязумоўна быў. І вось адзін конкрэтны прыклад: у памянёнай вышэй характарыстыцы Марылі Апанасаўны ёсьць паказаньне А. Ю. на адзін з продуктаў яе павышанай адчувальнасьці — створаны ёю, пад уплывам чытаньня Спэнсэра, вобраз чалавекавобразнага цудзішча, якое ўвасабляе жыцьцё грамадзкага організму. Гэты вобраз у некаторай варыяцыі адноўлен у вершаваных накідах поэты, напісаных, напэўна, таксама пад уплывам Спэнсэра (гл. разьдзел IV, № 261). Праўда, тут чалавекавобразнае цудзішча заменена цудзішчам спрутам, або сіфонофорай (як відаць, не бяз уплыву аднаго з артыкулаў Н. Д. Ножына — гл. артыкул М. А. Багдановіча аб Ножыне, т. II, № 60), але сам мотыў увасабленьня вельмі нагадвае вышэйпамянёны выпадак з асабовых перажываньняў Марылі Апанасаўны.

Калі з боку маткі поэта атрымаў у спадчыну жывасьць увабражаньня, то з боку бацькі яму дадзены былі бязумоўныя задаткі да інтэлектуальнага разьвіцьця. Яго бацька, Адам Юравіч, які прабіваў спачатку, у дзяцінстве і ў раньнім юнацтве, сабе дарогу цяжкаю фізычнаю работаю, урэшце дабіўся адукацыі і стаў жыць разумоваю працаю, спачатку працуючы ў школе на вёсцы і ў Менску (агулам у працягу дзесяцёх гадоў, 1882—1892), потым служачы на розных пасадах у Сялянскім банку ў Горадне, Ніжнім-Ноўгарадзе і Яраслаўлі (1882—1892). Разам з тым ён загадваў у працягу шэрагу гадоў спачатку Горадзенскаю публічнаю бібліотэкаю, потым аднэю з Ніжагародзкіх бібліотэк. Цяпер, прапрацаваўшы ў галіне разумовай працы звыш 40 гадоў, ён лічыцца загадчыкам Навуковай бібліотэкі пры гістарычным Музэі ў гор. Яраслаўлі. Роўналежна з службаю А. Ю. з маладых гадоў аддаваў свае сілы і перадавой політычнай дзейнасьці: з 1882 па 1892 г. ён лічыўся членам партыі „Народнай Волі“, праводзіў організацыйную працу партыі ў вёсцы і ў Менску, кіраваў падпольнымі гурткамі самаадукацыі. Самую службу ў Сялянскім Пазямельным Банку ён выбраў сьвядома, як такую, якая найбольш адпавядала яго народніцкім пераконаньням, і на працягу амаль 28 гадоў, у якасьці ацэншчыка і зямляўпарадчыка, спрыяў пераходу ў рукі працоўнага народу звыш 400.000 дзесяцін зямлі (па яго прыблізным падліку) у розных губэрнях — Горадзенскай, Ніжагародзкай, Уладзімерскай, Яраслаўскай, Валагодзкай і Таўрычаскай. Ня гледзячы на тое, што служба брала шмат часу і энэргіі, А. Ю. не парываў сувязі з літаратурнай навуковай працай; апрача цэлага шэрагу навуковых і літаратурных артыкулаў, якія А. Ю. зьмяшчаў з 1887 году ў пэрыодычных провінцыяльных выданьнях, яго пяру належыць некалькі каштоўных прац па этнографіі Беларусі. Сюды, — апрача ўжо цытаванае вышэй працы „Пережитки древнего миросозерцания у белоруссов“, у свой час адзначанай навуковаю крытыкаю, адносяцца яго артыкулы ў „Материалах для изучения быта и языка русского населения Северо-Западного края“ П. В. Шейна („Сборники отделения русского языка и словесности Ак. Н.“, mm. 41, 51 і 57), „Нечистая сила по воззрениям белоруссов“ („Научное обозрение“ 1894 г.), „Про панщину. Очерки крепостного быта в Белоруссии“ (Гродно, 1895 г.) і інш.; шэраг артыкулаў і нарысаў А. Ю-ча прысьвечаны зямельным пытаньням, зьвязаным з дзейнасьцю Сялянскага Пазямельнага Банку. Апроч таго неабходна ўзяць пад увагу пастаянны ўдзел А. Ю-ча ў розных таварыствах і выступленьні яго там з дакладам і ў навуковых і літаратурных пытаньнях, а таксама яго цесную сувязь з мясцоваю інтэлігенцыяй ува ўсіх гарадох, дзе яму прыходзілася служыць. Такім чынам, атмосфэра бесьперарыўнай разумовай працы сур‘ёзных разумовых інтарэсаў з пэўным ухілам у бок перадавой грамадзкасьці пастаянна абкружала будучага поэту, з самых раньніх гадоў яго маленства. Уплыў А. Ю-ча на выхаваньне і разумовае разьвіцьцё сына больш конкрэтна, вядома, адбіўся ў гады хатняга першапачатковага навучаньня, якім, як мы ўбачым ніжэй, ён кіраваў сам; але і незалежна ад гэтага ўся абстаноўка жыцьця ў сям‘і, дзе на першым месцы стаялі інтэлектуальныя і грамадзкія інтарэсы, павінна была зрабіць адпаведны ўплыў на фармаваньне сьветапогляду маленькага Максіма.

Са спадчыннасьцю па лініі фізычнага складу справа стаіць далёка ня так добра, як са спадчыннасьцю па лініі псыхікі. Продкі А. Ю. з боку бацькі вызначаліся доўгавечнасьцю, але з боку маткі здароўе яго продкаў ужо зьяўляецца неаднастайным: ёсьць выпадкі даволі раньняй сьмерці (ува ўзросьце каля 36-37 гадоў), сьмерці ад сухот, запаленьня лёгкіх. Адзначаючы гэтыя факты, А. Ю. робіць вывад, што спадчыннае здароўе ў яго раду было ўва ўсякім разе ня ніжэй сярэдняга. Значна горш гэтая спадчыннасьць была з боку маткі, Марылі Апанасавай. Яе бацька памёр параўнаўча рана, калі дзеці яго былі яшчэ малалетнімі, ад нейкай, „цяжкай хваробы“, якая больш дакладна ў „Материалах“ не азначана. Сама Марыля Апанасаўна пасьля нараджэньня чацьвертага свайго дзіцяці захварэла на каротка-часныя сухоты і памерла ў Горадні ў 1896 г., калі ёй было крыху больш як 27 гадоў ад роду. Паводле зьвестак А. Ю-ча дзеці старэйшай сястры Марылі Апанасаўны таксама ўсе захварэлі на сухоты і памерлі ва ўзросьце 25—27 гадоў. Максім Адамавіч, як відаць, насьледваў слабое здароўе мацеры, і гэтая абставіна, ня гледзячы на ўсе профіляктычныя захады, зробленыя бацькам, вельмі рана выявілася ў нахіле яго да сухот.

II.

Абстаноўка раньняга дзяцінства М. А-ча, на першы погляд, нескладаная і неяскравая, была, аднак, досыць значная для таго, каб унесьці ў разьвіцьцё будучага поэты шэраг значных момантаў.

Максім быў другім па ўзросту дзіцём у сям‘і. Дата нараджэньня яго — 27 лістапада (ст. ст.) 1891 г. Як і старэйшы яго брат Вадзім (першы ў сям‘і), ён нарадзіўся ў Менску на Траецкай Гары (цяпер Пляц Парыскай Камуны) па Аляксандраўскай (цяпер Камунальнай) вуліцы ў доме Карказовіча (цяпер дом № 25), у дварэ, на другім паверсе; там зьмяшчалася тагды 1-ае прыходзкае вучылішча і настаўніцкая кватэра А. Ю-ча; двое іншых дзяцей А. Ю-ча і Марылі Апанасаўны (усяго было чацьвёра дзяцей), сын Леў і дачка Ніна, нарадзіліся ў Горадні, куды А. Ю. па службе перавёўся з Менску ў чэрвені 1892 году.

Раньняе дзяцінтства Максіма А-ча, такім чынам, праходзіла ўжо ня ў Менску, а ў Горадні (1892—1896); разам з усёю сям‘ёю ён перавезен быў туды 6 месяцаў ад роду. У Горадні А. Ю. пасяліўся на краі гораду, дзе ўмовы выхаваньня малых дзяцей былі, як ён сам паказвае, зусім спрыяльнымі: на дварэ быў садзік, наўкол сады, поле, непадалёку лес і Нёман. Дзеці, карыстаючыся досыць мяккім кліматам, шмат часу праводзілі на чыстым паветры. „Все свободное время — расказвае А. Ю. — я отдавал детям, чтобы облегчить бремя матери, у которой через два года после Максима появился новый ребенок — сын Лева. Я часто брал их на прогулку — и в поле, и в лес, и на Неман, таская Максима, как меньшого, за плечами“. Калі ўзяць пад увагу, што маленькі Максім пражыў у Горадні першыя пяць гадоў свайго жыцьця, да пераезду бацькі ў Ніжні-Ноўгарад у кастрычніку 1896 году, то нельга не адзначыць гэтых раньніх і, бязумоўна, спрыяльных уражаньняў ад роднай прыроды, якая адыграла вельмі значную ролю у разьвіцьці яго поэтычнай творчасьці, тым больш, што зноў беларускае жыцьцё і прыроду ён убачыў толькі ў 1911 годзе, калі, па сканчэнні гімназіі, паехаў у Вільню.

Другою акалічнасьцю, зьвязанаю з раньнім дзяцінствам, — і якая таксама, бязумоўна, мела дачыненьне да яго разьвіцьця, быў выхаваўчы ўплыў мацеры. Педагог па адукацыі, Марыля Апанасаўна прабавала дапасаваць да сваіх дзяцей фрэбелеўскую сыстэму выхаваньня пачуцьцяў і дзеля гэтага некаторы час яна старалася згуртаваць увагу дзяцей на так званых „разумных цацках“. Сыстэма гэтая, аднак, у сям‘і не прыжылася. „Зато — кажа А. Ю. — мать была неистощима в изобретении всяких игр и забав для детей и сама отдавалась им с неподдельным увлечением. Возвращаясь со службы, я уже слышал во дворе, в саду или в комнате веселый детский смех, возню, беготню. Особенно смешлив, с быстрыми, впрочем, переходами к плачу, был Максим. Вскоpе плаксивость прошла, а смешливость оставалась вплоть до юности“. Такім чынам, у мацярынскім выхаваньні спадчынная жывасьць пачуцьця і выабражэньня знаходзіла здаровую, узмацняльную абстаноўку.

У канцы пятага году ад нараджэньня маленькі Максім застаўся бяз маткі (памерла 4-га кастрычніка 1896 г.) і хутка пераехаў з усёю сям‘ёю ў Ніжні-Ноўгарад, куды бацьку назначылі на службу. Нябожчыцу матку замяніла спачатку ім цётка па бацьку, сястра А. Ю-ча, Марыля Юраўна, потым другая жонка А. Ю-ча, якая таксама хутка памерла, і, нарэшце, цётка з боку маткі, Аляксандра Апанасаўна. Але выхаваньне і першапачатковае навучаньне дзяцей у гэты ніжагародзкі кругабег (1896—1908) заставалася цалкам на абавязку бацькі. Жыцьцё дзяцей у Ніжнім, як расказвае сам А. Ю., было такое-ж, як і ў Горадні. Амаль штодзень бацька браў дзяцей на прагулку ў сады, летам на Волгу, на берагі Акі, або за горад, у гай і поле. У час прагулак вяліся даступныя для дзяцей нагляданьні над прыродаю і адпаведныя гутаркі. Калі дзеці сталі падрастаць, А. Ю. стаў іх браць па чарзе з сабою ў службовыя паездкі (для агляду і ацэнкі зямель па даручэньні Сялянскага Пазямельнага Банку), раён якіх ахапляў ня толькі Ніжагародзкую, але і Ўладзімерскую губэрні. Нарэшце, незалежна ўжо ад службы, паездкі з дзецьмі наладжваліся ў Маскву, па Волзе і Каме, у Крым, але гэтыя сямейныя экскурсіі адносяцца ўжо не да раньняга дзяцінства Максіма, а да гадоў яго вучэньня дома і ў школе.

У агульным выніку ўражаньні раньняга дзяцінства трэба лічыць спрыяльнымі як для выхаваньня сфэры дзіцячых пачуцьцяў і выабражэньня, так і для першапачатковага разумовага разьвіцьця. Здароўе хлопчыка ў гэтыя першыя шэсьць гадоў не выклікала, як відаць, ніякай небясьпекі. Ён нарадзіўся здаровым дзіцём і разьвіваўся ў нормальнага здаровага і жвавага хлопчыка. Але і гэтыя гады не абышліся без няўхільных дзіцячых катастроф. У два месяцы ад роду дзіця моцна апяклося аб гарачае лямпавае шкло, якое няшчасным выпадкам упала яму на голае цельца; вынікам гэтага была болька і доўгае яе лячэньне. На шостым годзе жыцьця, у скорым часе пасьля прыезду ў Ніжні-Ноўгарад, з Максімам здарылася яшчэ адна дзіцячая катастрофа: бегаючы па гладка нацёртай падлозе, ён паваліўся і, стукнуўшыся аб падлогу падбародкам, адсек сабе зубамі кончык языка; адсечаны кавалак языка, які ледзь трымаўся адным краечкам у залітым крывёю роце, прышлося прышываць хірургічным спосабам; дзіця вытрымала гэтую опэрацыю, не застагнаўшы, не аказаўшыся. Абодвы гэтыя здарэньні, магчыма, не пакінулі сьледу на агульным стане яго здароўя, але, напэўна, не засталіся бяз уплыву на яго павышаную нэрвовасьць. Куды большае значэньне мела для агульнага складу яго псыхікі трэцяя катастрофа — раньняя сьмерць маткі. Хлопчыку ў гэты час было бяз малаго пяць год. У тую сумную раніцу, 4-га кастрычніка 1896 г., Максім, які не чакаў блізкае разьвязкі ў хваробе мацеры, быў неяк асабліва шумлівы і вясёлы. Баючыся занепакоіць пры сьмерці Марылю Апанасаўну, бацька спыніў хлопчыка, які раздурэўся, і пасадзіў у суседнім пакоі на крэсла, загадаўшы яму сядзець ціха. І вось дзіця, якое па твары бацькі здагадалася, што насоўваецца гора, неяк самотна панікла, як-бы асунулася. Праз увесь час перадсьмертнай мукі мацеры яго ня было чутно. „И вот, как теперь (дадае А. Ю.), вижу склоненную фигурку с печальным выражением детского лица, с вопросительным взглядом… Маленькое подобие матери… Он все время послушно сидел на стуле. И даже смерти матери не видал“. Але ён, бязумоўна, гостра адчуў гэтую сьмерць, і яна, напэўна, была для яго адным з абуджальнікаў мэлянхолічнага настрою, што праходзіў па яго творчасьці. Гэтая-ж сьмерць была мяжою, якая аддзяліла яго дзіцячыя гады ад гадоў раньняга хлапецтва першапачатковага вучэньня. „Маленькае падабенства мацеры“, якое жыло ў раньнім дзяцінстве цеснаю спадчыннаю сувязьзю з псыхікаю „Малевіч“, цяпер, пасьля сьмерці мацеры, пераходзіла выключна пад апеку бацькі, які таксама моцна любіў дзяцей, але меў на іх пераважна інтэлектуальны ўплыў: „Малевіч“ павінен быў, у сваю чаргу, стаць „Багдановічам“, каб пасьля гармонічна зьліць абодва гэтыя душэўныя склады ў адно цэлае ў сваёй творчасьці.

Гады вучэньня прайшлі пад непасрэдным кіраўніцтвам бацькі. Першапачатковае навучаньне дзяцей А. Ю. пачынаў з шасьцёх гадоў і вёў у пэўнай сыстэме. Спачатку лемантар і „Родное Слово“ (чч. I і II), потым „Детский мир“ Ушынскага; потым гісторыя, географія, пачаткі фізыкі, хіміі, зоолёгіі і іншых навук у популярных нарысах, апісаньнях падарожай, урыўках з адпаведных чытанак і іншых дапаможніках, даступных для дзіцячага ўзросту. Сутнасьць сыстэмы навучаньня ў А. Ю-ча зводзілася да таго, каб на матар‘яле даступных для дзяцей нагляданьняў і шляхам чытаньня дапасаваных да ўзросту, у меру магчымасьці, мастацкіх твораў даць дзецям яшчэ да паступленьня іх у сярэднюю школу, — як ён кажа, - „полный маленький круг знаний“. Можна, калі хочаце, спрачацца з пэдагогічнага і методычнага боку з такім падборам першапачатковых навучальных кніг, якія ён паказвае ў сваіх „Материалах“, але нічога нельга сказаць супроць гэтай концэнтрацыі (корэляцыі, нават комплекснасьці — скажам тэрмінолёгіяй нашай сучаснасьці) першапачатковых ведаў, якая, бязумоўна, адыграла вядомую ролю ў фармаваньні суцэльнага, таксама сконцэнтраванага сьветапогляду будучага поэты. Пасьля паступленьня дзяцей у гімназію А. Ю. ня ўмешваўся ў іх школьнае навучаньне, але пастаянна, асабліва ў першыя гады вучэньня ў школе, кіраваў іх хатнім пазаклясавым чытаньнем, якое ў яго „ставилось систематично и тесно связывалось с общим ходом обучения“. У падборы кніг для дамашняга чытаньня ня было твораў спэцыяльна так званай дзіцячай літаратуры, як чыста штучных літаратурных „изделий“: на іх месца ўведзены былі помнікі народнай творчасьці і мастацкія творы, даступныя для дзіцячага разуменьня. У сьпісе кніг для хатняга чытаньня, паказаных А. Ю-чам у „Материалах“, мы знаходзім для гэтага: 1) клясыкаў як расійскіх, так і заходня-эўропейскіх (Арыост, Дантэ, Сэрвантэс, Мільтон, Міцкевіч, Пушкін, Гогаль і г. д.) і 2) рознастайныя ўзоры народнага эпосу (быліны, сербскія і балгарскія песьні, Эдда, Песьня аб Нібялунгах, романсы аб Сідзе, Рустэм і Зораб, урыўкі з Іліяды, Одысэі і Энэіды і г. д.). Першымі кніжкамі з гэтага сьпісу для Максіма, як і для іншых дзяцей, былі, згодна паказаньня А. Ю-ча, „Детские сказки“ Афанасьева і беларускія казкі запісу самога А. Ю-ча, а таксама беларускія казкі з зборнікаў Шэйна і Раманава, якія чыталіся дзяцьмі па выбару бацькі. У гэтым пераліку пазаклясавага чытаньня зварочвае на сябе ўвагу: 1) наяўнасьць беларускай народнай поэтычнай стыхіі, якая з самага раньняга дзяцінства ўдзельнічае ў выхаваньні будучага поэты, і 2) шырокае выкарыстаньне ўзораў сусьветнай народна-эпічнай і мастацка-літаратурнай творчасьці. Апошняя акалічнасьць, бязумоўна, выхоўвала ў будучым поэце тую шырыню літаратурных інтарэсаў, якая з часам вызначылася як у рознастайнасьці жанраў у яго ўласных поэтычных досьледах, так і ў яго шматлікіх перакладах і перайманьнях з чужых літаратур (гл. творы М. Багдановіча, т. I, разьдз. III). Неабходна, гаворачы аб хатнім навучаньні дзяцей пад кіраўніцтвам А. Ю-ча, адзначыць пільную ўвагу кіраўніка да абуджэньня і разьвіцьця эстэтычнага густу ў сваіх вучняў. „Развитию вкуса, эстетических чувств, художественности — расказвае А. Ю. — придавалось большое значение. Дети декламировали и заучивали стихотворения только высоко художественные. Попутно выяснялись приемы художественного творчества: меткие и живописные эпитеты, искусные метафоры и все вспомогательные приемы художественной речи. А главное — я стремился путем чтения художественных произведений вызвать определенное настроение, пробудить сочувствие, заставить дрожать ответные струны“. Такім чынам, пачуцьцё мастацкай формы і знаёмства з мастацкай тэхнікай будучы поэта мог вынесьці ўжо з першапачатковых бацкаўскіх лекцый і гутарак. У інтарэсах больш суцэльнага разьвіцьця чытаньне было так наладжана, каб роўналежна з чыста літаратурным матар‘ялам даць юнаком-чытачом і матар‘ял у іншых галінах ведаў, напрыклад, у прыродных навуках. Апрача таго, бацька заахвочваў і да фізычных практыкаваньняў — ад лёгкай гімнастыкі і да лазанья па дрэвах і крутых берагох. Рабіліся спробы таксама, шляхам практыкаваньняў у сталярным і сьлясарным рамястве, выпрацаваць адпаведныя працоўныя звычкі. Але гэты бок выхаваньня ня ўдаўся дзеля таго, што к школьным гадом здароўе дзяцей, у тым ліку і Максіма, стала пагражаць небясьпекаю з боку нахілу іх да сухот.

Але ўсё-ж такі з 11-гадовага ўзросту для Максіма пачалося правільнае школьнае жыцьцё. Ён паступіў у 1902 г., пад канец свайго адзінаццатага году, у Ніжагародзкую гімназію. Тут ён прабыў шэсьць гадоў, з першай клясы па пятую ўключна, прычым у чацьвертай клясе заставаўся на другі год. У 1908-9 навучальным годзе, з пераходам А. Ю-ча (з 1907 г.) на службу ў Яраслаў, ён пераведзен быў у 6-ую клясу Яраслаўскай гімназіі, якую і скончыў у чэрвені 1911 г.

III.

Навучаньню ў гімназіі, пасьля сыстэматычнай хатняй падрыхтоўкі і пры наяўнасьці далейшага хатняга кіраўніцтва самаадукацыі ў дзяцей, А. Ю. дадаваў выключна формальнае значэньне, як некатораму працяглам іспыту, праз якія трэба прайсьці, каб папасьці ў вышэйшую школу. Аднак-жа ён адзначае шэраг момантаў з гімназічнага жыцьця Максіма, якія маглі мець добры ўплыў на яго разьвіцьцё.

Першы момант — гэта паасобныя настаўнікі, якія складалі лепшую частку педагогічнага пэрсоналу гімназіі. Да іх належыць С. В. Шчарбакоў, дырэктар Ніжагародзкай мужчынскай гімназіі; чалавек высока адукаваны, буйны грамадзкі дзеяч, старшыня цэлага шэрагу навуковых і асьветных таварыстваў, ён меў разам з гэтым вялікі пэдагогічны такт. У сям‘і Шчарбакова, якога А. Ю. у сваіх успамінах называе сваім сябрам, Максім быў прыняты як свой, і гэта інтэлігентная і, між іншым, здольная да музыкі сям‘я мела для Максіма, на думку А. Ю-ча, немалаважнае адукацыйнае значэньне. Сярод іншых выдатных маладых настаўнікаў гімназіі А. Ю. адзначае А. К. Кабанова, настаўніка гісторыі. А. К. Кабаноў, беларус па пахаджэньні, быў, паводле сьведчаньня А. Ю-ча, знаўцам менавіта беларускай гісторыі, і маладога Багдановіча зьвязвала з гэтым выкладчыкам „любовь к Белоруссии и интерес к белоруссике“. Дзеля гэтага нават пасьля пераезду з Ніжняга-Ноўгараду ў Яраслаў Максім Багдановіч і надалей вёў з Кабановым перапіску аб пытаньнях беларусазнаўства або, як кажа А. Ю., „по белоруссике“. Такім чынам, калі гурткі самаадукацыі, аб якіх таксама ўспамінае А. Ю. і якія кіраваліся маладымі выкладчыкамі Ніжагародзкай гімназіі, давалі Максіму, удзельніку гэтых гурткоў, матар‘ял для агульнага разьвіцьця, то зносіны з Кабановым выхоўвалі ў ім цягу да беларускага руху, якая з гадамі ўсё больш і больш вызначалася. У асяродзьдзі пэдагогічнага персоналу Яраслаўскай гімназіі, у якой Максім Багдановіч вучыўся, пачынаючы з шостай клясы, таксама знашоўся адзін выкладчык, з якім ён блізка зышоўся на глебе літаратурных інтарэсаў. Гэта быў В. В. Белавусаў, „типичный гуманист“ — як яго азначае А. Ю., — „великолепный знаток греческого и латинского языков и классической древности“. Разам з гэтым Балавусаў добра ведаў і новыя эўропейская мовы. „Максим очень часто его посещал“ — расказвае А. Ю. „Беседы этого высокообразованного человека по вопросам литературы и искусства несомненно имели благотворное влияние на развитие Максимова вкуса и художественного чутья. Он же руководил занятиями Максима при изучении последним языков греческого, итальянского и французского, которыми Максим занимался не только в гимназическое время, но и в годы студенчества, пользуясь руководством и указаниями этого своего учителя и друга“. Пад кіраўніцтвам В. В. Белавусава, трэба думаць, канчаткова ўмацавалася тая шырокая цікавасьць да ўзораў антычнае і заходня-эўропейскае літаратуры, якая была заложана яшчэ бацькаўскаю сыстэмай першапачатковага навучаньня і пазаклясавых заняткаў; адгэтуль-жа, мусіць быць, вядзе свой пачатак нахіл Максіма Багдановіча да антычнай мэтрыкі і да перакладаў і перайманьняў з антычных і заходня-эўропейскіх поэтаў (гл. т. I, разьдз. II, „Вянок“, №№ 153, 154, 169, 178 і разьдз. III — пераклады).

Другі момант у гімназічным кругабезе жыцьця М. Багдановіча, які мае сувязь з ростам яго разумовых і літаратурных інтарэсаў, трэба бачыць у яго ўдзеле ў гімназічным рэволюцыйным руху. Гэты рух ахапіў Ніжагародзкую гімназію, як і іншыя навучальныя ўстановы, у 1905 і 1906 годзе. Звонку гэта выявілася ў вучнёўскіх мітынгах і ўсялякіх школьных непарадках аж да ўзрыву бляшанкі з порахам, вынікам якіх было часовае зачыненьне некаторых клясаў. Максіма Багдановіча гэты рух застаў у 4-ай клясе, дзе ён прабыў два гады (1905-1906, 1906-1907). У адносінах да школьнага жыцьця ўдзел яго ў рэволюцыйным руху прывёў 1) да таго, што ён, адарваўшыся, як і некаторыя іншыя яго таварышы, ад правільнага вучэньня, прымушаны быў застацца на другі год у тэй самай клясе; 2) да таго, што ён, пакрываючы таварыша, умяшаў сябе ў справу аб узрыве ў гімназіі і прымушаны быў даваць тлумачэньне гімназічнаму начальству і 3) да таго, нарэшце, што яго не адразу прынялі ў Яраслаўскую гімназію, як непакойнага вучня, і першы час пасьля прыёму яго (у 6-ую клясу, у сярэдзіне 1908-9 вуч. году) адносіліся да яго падазрона. Але ў дачыненьні да яго агульнага разьвіцьця і падрыхтоўкі да літаратурнай дзейнасьці гэты рух меў больш сур‘ёзныя вынікі. Не бяз уплыву большага брата Вадзіма, які прымаў жывы ўдзел у гімназічных непарадках і на мітынгах выступаў, як выдатны прамоўца, — Максім прыкметна захапляўся політыкаю. Не жадаючы, аднак, проста насьледаваць брату, ён, як расказвае А. Ю., з орыгінальнасьці, „об‘явил себя анархистом“. Пры гэтым „он не только забросил учебные занятия, но отчасти забросил свою любимую белоруссику. На столе у него появились Бакунин, Прудон, Эльцбахер, Малатеста, Штамлер, Черкезов и пр… Он не замедлил образовать в своем классе (4-м!) кружок юных анархистов и даже хотел, так сказать, легализировать его“ (шляхам наданьня клясе права сходаў). Гэты паварот у бок політычных і соцыяльных тэм і пытаньняў належыць, вядома, адзначыць. З маленства прывыкшы жыць у атмосфэры грамадзкасьці, якая абкружала заўсёды яго бацьку і яго бліжэйшае асяродзьдзе, Максім цяпер, пад уплывам гімназічных уражаньняў, значна паглыбляе сваю сувязь з соцыяльнай стыхіяй і тым самым падрыхтоўвае яе ўступленьне побач з „беларусікаю“ ў тэматыку яго поэтычнай творчасьці. Гэтым, вядома, тлумачыцца, што, пашыраючы і далей кола сваіх соцыяльных думак і нагляданьняў у студэнцкія гады, ён аб‘яднаў у сваіх творах свае эстэтычныя перажываньні з перадрэвалюцыйнымі настроямі і нацыянальныя тэмы Беларусі, якая адраджалася, з яе соцыяльнымі запатрабаваньнямі.

Трэці момант з гімназічнага кругабегу жыцьця Максіма Багдановіча, які мае таксама датычэньне да крыніц яго творчасьці, — гэта яго розныя паездкі ў час канікул, якія ўзбагачалі яго ўражаньнямі ад малюнкаў прыроды і побыту, якія прыходзілася яму наглядаць, а часткова і ад некаторых новых сустрэч і знаёмстваў. Шэраг гэтых паездак пачынаецца з 1900 г., г. зн. яшчэ за два гады да паступленьня Максіма ў гімназію, калі А. Ю. упяршыню павёз сваю сям‘ю на кумыс, — галоўным чынам, дзеля большага сына Вадзіма, у якога ўжо выявіліся адзнакі сухот. Дзеля адпачынку і лячэньня А. Ю. пасяліўся з сям‘ёю ў аднаго башкіра ў вёсцы Караякупава Уфімскай губэрні. Тут дзеці былі заўсёды блізка да прыроды і добра азнаёміліся як са стэпам у яго летнім убраньні, так і з перадгор‘ямі Уралу. Робячы з дзяцьмі прагулкі, А. Ю. стараўся зрабіць з гэтых прагулак літаратурныя экскурсіі, менавіта — да малюнкаў стэпавай прыроды падбіраў мастацкія ілюстрацыі з адпаведных твораў Аксакава, якія тут-жа чытаў дзецям. Калі прыняць пад увагу, што ў Уфімскую губэрню сям‘я А. Ю-ча ехала скрозь параходам — па Волзе, Каме і Белай — і толькі частку шляху, варочаючыся назад, праехала па чыгунцы, то прыходзіцца лічыць, што гэтая паездка была для дзяцей, а асабліва для ўражлівага Максіма, вельмі багатаю новымі малюнкамі і нагляданьнямі. Другая паездка, таксама на кумыс, была ў 1904 годзе. Гэты раз А. Ю. адправіў на кумыс толькі двух сваіх сыноў, Вадзіма і Максіма, і пасяліў іх у сям‘і свайго сябра доктара І. К. Семакіна, які жыў у горадзе Белебеі Уфімскай губ. У гэтую паездку, апрача ўражаньняў ад новых месц, Максім атрымаў магчымасьць блізкага дачыненьня да высокаадукаванай сям‘і Семакіна, жонка якога, да таго-ж, была дасканалаю сьпявачкаю, і значыцца, Максім другі раз (першы раз у сям‘і Шчарбаковых) апынуўся ў сфэры ня толькі разумовых, але і музычных уплываў. У гады 1905—8, калі А. Ю. асабліва быў заняты грамадзкаю працаю, ніякія далёкія паездкі не наладжваліся, і дзеці павінны былі здавольвацца ў канікулярны час звычайнаю дачаю. Але вясною 1909 году, калі праз год пасьля сьмерці старэйшага брата Вадзіма, які памёр ад сухот, у Максіма таксама выразна стаў разьвівацца сухотны процэс, зноў паўстала пытаньне аб паездцы для лячэньня. Згодна парады доктара, А. Ю. павёз сына ў Ялту і пасяліў у пансіёне на малочнай фэрме „Шалаш“ блізка ад Ауткі, недалёка ад дачы А. П. Чэхава. Абстаноўка адпачынку і лячэньне сярод крымскай прыроды трохі занадта ўскладнілася тут вясёлаю кампаніяй маладых людзей — мужчын і жанчын, сярод якіх прышлося Максіму жыць. Але ўсё-такі ён адпачыў, значна паправіўся і перажыў шэраг сьвежых і яскравых уражаньняў, якія ўвайшлі, як матар‘ял, у яго творчасьць, галоўным чынам за раньнія гады. Сярод гэтых уражаньняў асаблівую ўвагу спыняе яго знаёмства з аднэю маладою дзяўчынаю, якое пакінула сваеасаблівы сьлед у яго вершах (т. I, разьдз. I, №№ 6 і 18) і ў перапісцы.

Рэшта паездак — на Беларусь у 1911 годзе, на кумыс у 1913 годзе, у Стары Крым у 1915 і, нарэшце, апошняя паедка ў Ялту ў 1917 г. — адносяцца ўжо да гадоў па сканэньні гімназіі.

Апрача трох адзначаных ужо момантаў з гімназічнага жыцьця Максіма Багдановіча, г. зн. уплыву настаўніцкага асяродзьдзя, асяродзьдзя сяброўскага, асабліва ў сувязі з рэволюцыйным рухам у гімназіі, і ўплыву вонкавых, пазаклясных перажываньняў — галоўным чынам, паездак на кумыс і ў Крым, — неабходна ўзяць пад увагу таксама і самыя адносіны яго да вучэньня ў школе. Першыя часы ён вучыўся добра, тым больш, што сыстэматычная хатняя падрыхтоўка палягчала яму школьную работу. Але ў 1905-1906 гадох, калі вучэбныя заняткі наогул вышлі з каляіны пад уплывам політычных падзей, Максім, нараўне з іншымі сябрамі, значна астыў у адносінах да школы і ў апошнія гады свайго вучэньня ў гімназіі, г. зн. у 1908—1911 гг., аддаваў ужо досыць мала энэргіі і часу гімназічнай працы. Адгэтуль робіцца зразумелым, што ён скончыў курс з сярэднім атэстатам, у якім адметкаю „отлично“ ацэнены толькі расійская мова з славеснасьцю і законазнаўства, адметкаю „чатыры“ — філёзофская пропэдэўтыка, фізыка, гісторыя і географія, адметкаю „тры“ — усе іншыя прадметы. Самыя адносіны яго да наведваньня гімназіі і да лекцый былі таксама сярэднія: клясныя журналы адзначаюць (па даведках А. Ю-ча) частыя яго спазьненьні, пропускі лекцый, уход з лекцый, заняткі на лекцыях пабочнай справай і г. д.

Жвавы і рухавы, рана — чуць ня з трэцяе і чацьвертае клясы — захоплены пазакляснымі інтарэсамі школы, Максім Багдановіч натуральна ня мог цалкам аддацца звычайнай школьнай рабоце і дзяліў сваю ўвагу і час паміж школьнымі і пазашкольнымі заняткамі, асяродзьдзем хатнім і асяродзьдзем сяброўскім, рэволюцыйным рухам і захапленьнем беларусазнаўствам або „беларусікаю“, паводле выразу А. Ю-ча. Прыходзіцца аднак констатаваць, як бясспрэчны факт, што „беларусіка“ ўжо ў гімназічныя гады, асабліва ў сярэдніх і старэйшых клясах, стаяла ў цэнтры ўсіх іншых інтарэсаў і захапленьняў Максіма Багдановіча, і ў ёй, як у фокусе, сыходзіліся і пераламляліся ўсе тыя інтэлектуальныя, эстэтычныя і соцыяльна-політычная перажываньні, якія прыпадаюць на гады школьнага вучэньня; да яе менавіта, да гэтай „беларусікі“, ён адносіў іх цалкам, як другарадны, дапаможны матар‘ял, які павінен быў увайсьці ў склад яго веданьня радзімы і ў склад тых пытаньняў, якія былі зьвязаны з ёю і яго хвалявалі. З гэтым пануючым ухілам у бок беларусазнаўства Максім Багдановіч уступіў у свае студэнцкія гады.

IV.

Студэнцтва зьяўляецца для Максіма Багдановіча апошнім кругабегам, які завяршаў яго короткі жыцьцёвы шлях. Дзеля гэтага ўсе тыя моманты, якія асабліва важны для выяўленьня крыніц творчасьці данага пісьменьніка і якія знаходзяцца, галоўным чынам, у гады дасьпяваньня яго таленту, у дачыненьні да Максіма Багдановіча прыходзіцца шукаць у яго студэнцкіх гадох, за межамі якіх яго далейшае дасьпяваньне, як чалавека і пісьменьніка, было перарвана раньняю сьмерцю.

Як і трэба было чакаць, пераважны ўхіл у бок беларусазнаўства павінен быў падказаць Максіму Багдановічу неабходнасьць выбару менавіта філёлёгічнай адукацыі. Па пытаньні аб гэтым выбары А. Ю. робіць наступныя заўвагі ў сваіх „Материалах“: „Еще перед поездкой в Вильно (г. зн. вясною 1911 г.) Максим имел со мной беседу относительно выбора факультета. Он заявил мне, что хочет поступить в Петербургский Университет на филологический факультет. Дело было ясно: к словесности он имел наибольшую склонность. Сверх того он прибавил, что проф. Шахматов обращался в Вильно в редакцию „Нашей Нивы“ с просьбой рекомендовать ему молодого человека, который бы, под его руководством, посвятил себя изучению языка, этнографии и истории Белоруссии, для подготовки к занятию специальной кафедры по белоруссоведению; далее он заявил, что рекомендовали именно его и что он этого хочет, к этому стремится“. Такім чынам, перад Максімам А-чам вызначалася простая дарога да навуковага беларусазнаўства, якая найбольш адпавядала ўсім яго нахілам і ўсім найбольш трывалым фактарам яго дзіцячага і юнацкага разьвіцьця. Ён павінен быў, застаючыся беларускім поэтам, стаць разам з тым і высокаквааліфікаваным навуковым беларусазнаўцам, і трэба пашкадаваць, што лёс і ў гэтым выпадку быў да яго бязьлітасны і прымусіў яго сайсьці з гэтага шляху. Перашкод на гэтым шляху было дзьве: папершае, яго хвароба, якая ўсё больш і больш абвастралася і не дазваляла яму перасяліцца ў Пецярбург з яго няспрыяльным для сухотнага кліматам і, падругое, матар‘яльныя магчымасьці яго бацькі, які ня мог адразу двух сыноў утрымоўваць па-за Яраслаўлем у якім-небудзь унівэрсытэцкім горадзе (малодшы брат Максіма, матэматык, абавязкова павінен быў вучыцца дзе-небудзь ва унівэрсытэце дзеля таго, што ў Яраслаўлі матэматычнага факультэту ня было). Пры гэтых умовах Максіму А-чу заставалася толькі паступіць у Яраслаўскі Юрыдычны Ліцэй, каб паранейшаму жыць у хатняй абстаноўцы, але Ліцэй, вядома, не адпавядаў яго навуковым інтарэсам. Адносіны яго да Ліцэю, як вышэйшае навучальнае ўстановы, А. Ю. характарызуе ў нямногіх словах так: „Лицей он посещал довольно аккуратно, зачеты сдавал на „весьма“, но лекции слушал не часто: больше занимался в обширной лицейской библиотеке и в читальне“. Лицэйскі кругабег ахапляе 1911—1916 гг.

Студэнцкія гады Максіма А-ча цікавы, такім чынам, ня столькі непасрэдняй яго сувязьзю з навучальнаю установаю і яе навуковаю програмай, колькі тым ростам яго разумовага, грамадзкага і літаратурнага разьвіцьця, якое прыпадае якраз на гэты час.

Зварочваемся да яго разумовых запатрабаваньняў гэтага кругабегу. Характарызуючы жыцьцё свайго сына ў студэнцкія гады, А. Ю. кажа, што Максім Адамавіч жыцьцё вёў сіратлівае, ціхае, адданае навуцы і літаратуры. У цэнтры гэтага ціхага, габінетнага жыцьця заўсёды знаходзіліся кнігі. Той літаратурны вобраз, — „Максім Кніжнік“, — якому ён умоўна прыпісвае, як аўтару, свой „Апокрыф“ вельмі добра сымболізуе захапленьне кнігамі Максіма А-ча. Ён, вядома, сам быў гэтым „Максімам Кніжнікам“. У сябе ў пакоі ён заўсёды сядзеў за сталом, скрозь заваленым кнігамі, якія ляжалі літаральна грудамі; прыводзіць іх у парадак, як відаць, было некалі да і непатрэбна дзеля таго, што імі пастаянна прыходзілася карыстацца. На гэтае кніжнае абкружэньне паказвае ня толькі А. Ю., але і іншыя асобы ў сваіх успамінах, напр., Н. Г. Агурцоў. Так-жа сама аўтары ўспамінаў некалькі разоў азначаюць, як характэрную рысу Максіма А-ча, прывычку хадзіць з кнігамі пад пахай: з кнігамі ён зьяўляўся да сяброў і знаёмых, дзеля таго што звычайна заходзіў да іх ня проста для гутарак, а з прычыны кніг і дзеля кніг; з кнігамі-ж часьцей за ўсё яго можна было сустрэць на вуліцы, калі ён ішоў у баку ад грамады (асабліва калі гэта было ў сьвяточны дзень, на Яраслаўскім бульвары або на наберажнай), дзеля таго што ён хадзіў і на вуліцу не для гульні, а з прычыны тых ці іншых кніжных інтарэсаў, — часьцей за ўсё ў Ліцэйскую бібліотэку. Аб гэтай яго рысе ўспамінаюць Н. Г. Агурцоў і Ф. Імшэнік. Галоўнай кніжнай крыніцай, у якой здавальнялася кнігалюбства Максіма А-ча, была бібліотэка яго бацькі, Адама Ю-ча. А. Ю. гаворыць у адным месцы „Материалов“ аб сваёй бібліотэцы так: „В моей библиотеке было все, что было лучшего в мире, и ничего пошлого, значит выбор был обширный и на все вкусы“. Можа гэты зварот мовы — „усё, што было лепшага ў сьвеце“ — належыць некалькі зьмякчыць пры ацэнцы хатняй бібліотэкі, але ўсё-ткі гэтая бібліотэка была, як відаць, вельмі значнаю і падборам і колькасьцю кніг. У ва ўсякім разе ў успамінах А. А. Залатарова аб ёй зроблена наступная заўвага: „У отца поэта, Адама Егоровича, была тогда (апавяданьне адносіцца да 1909—10 гг.) великолепнейшая библиотека. Она среди очень ценных ярославских частных библиотек отличалась своим исключительно ценным подбором книг. Библиотекою отца Максим очень гордился и несомненно многим был ей обязан“. У самым складзе гэтай бібліотэкі намечаны былі ўжо тыя асноўныя концэнтры, паводле якіх разьвіваліся і сьпелі разумовыя інтарэсы Максіма А-ча. Гэтыя концэнтры, лічачы ад больш шырокіх да больш звужаных — наступныя: сусьветная літаратура, славянства і літаратура на славянскіх мовах, беларусазнаўства. У ўспамінах Н. Г. Агурцова[3] прыводзіцца водзыў самога поэты аб складзе бацькаўскай бібліотэкі, які ён раз выказаў у гутарцы з Н. Г. Агурцовым: „Меня воспитывал отец. Как-то я показывал вам его библиотеку. В ней все есть существенное, что появлялось когда бы то ни было в литературе всего мира. Мы с детства проходили эту мировую школу. Отец начинал, с чего начинает каждый народ в своем творчестве, с эпоса. Мы уже в детстве знали „Рустема и Зораба“, „Илиаду“, „Калевалу“, былины и пр. и пр. Потом мы приступили к лирике и драме. Конечно, главное внимание обращалось на славянские литературы“… Апрача бібліотэкі бацькі, Максім Багдановіч шырака карыстаўся і Ліцэйскаю бібліотэкаю, дзеля якой ён уласна і наведваў Ліцэй, які параўнаўча мала цікавіў яго сваёю лекцыйнай часткай. Ці даставаў кнігі Максім яшчэ і з другіх крыніц, сказаць цяжка, аднак бясспрэчна тое, што кола чытаньня ў яго было вельмі шырокае, і зусім адпавядала ўсім вышэйпаказным концэнтрам — літаратуры сусьветнай, літаратурам славянскім і беларускай літаратуры, якая на агульным літаратурным фоне займала асабліва значнае месца.

А. Ю. дае прыблізны пералік тых літаратурных імёнаў, якія ўваходзілі ў кола інтарэсаў яго сына як у гімназічныя, так і асабліва ў студэнцкія гады яго жыцьця. „Греческих поэтов, особенно Анакреона и Феокрита, читал он в переводах и в подлиннике, обучаясь самостоятельно греческому языку, а латинский он изучал в школе и знал его порядочно. Немецких поэтов больше читал в переводах; любил особенно Шиллера“. „Из французских поэтов он всего больше любил Бодлера, Мюссе, Хозе д‘Эредиа и А.-де Виньи. Итальянский язык он изучал по самоучителю Туссэна, желая читать в подлиннике образцовых поэтов, читал Данте параллельно с прозаическим переводом Фан-дер-Флита и Чуйко, но это было только упражнение: далеко в изучении этого языка он не пошел“. У галіне славянскіх літаратур інтарэсы Максіма А-ча вызначаліся больш дакладна. Як кажа А. Ю., „он находил, что русские, особенно белоруссы, должны быть знакомы со всеми славянскими языками“. Сам ён досыць грунтоўна ведаў польскую літаратуру: чытаў у орыгінале Міцкевіча (асабліва сонэты і наогул яго лірыку), Красінскага, Славацкага, Сыракомлю, Канапніцкую. „Но еще лучше знал украинскую литературу: в этой литературе он знал не только крупных, но и второстепенных поэтов. Владел украинским языком настолько, что мог на нем писать и даже, кажется, пробовал писать стихи. Вообще любил славянских поэтов и почти со всеми выдающимися поэтами чехов, хорватов, сербов и болгар был знаком по „Поэзии славян“ Гербеля и выискивая переводы у Берга и в старых и в новых журналах. Пробовал изучать славянские языки, пользуясь для этого переводами евангелия. Читал евангелие на чешском и сербском языках, но как далеко пошло изучение — заўважвае А. Ю., — я в точности не знаю“. „Из писателей русской литературы всего более он симпатизировал Фету и даже свою поэзию уподоблял его поэзии. Конечно, любил Пушкина, любил Лермонтова, Майкова, Полонского. Некрасова далеко не столь высоко ценил, как поколение предшествующее“. Да гэтых паказаньняў А. Ю-ча, толькі што працытаваных, далучаюцца і іншыя асобы, якія помняць Максіма Багдановіча, як маладога поэта з шырокім колам чытаньня. Н. Г. Агурцоў сьведчыць, што Максім Адамавіч быў вялікі знаўца расійскай літаратуры. „Казалось — успамінае ён — не было сколько-нибудь значительного стихотворения, которого он не знал бы наизусть“. Ф. Імшэнік адзначае цікавы факт, што Максім Адамавіч спэцыяльна вывучаў нямецкую мову, каб мець магчымасьць выдатныя творы нямецкай літаратуры перакласьці на беларускую мову; пры гэтым яго ўвагу прыцягваў, як матар‘ял для перакладу, галоўным чынам Гэйнэ (гл. т. I, разьдз. III, № № 203—8). А. А. Залатароў таксама паказвае на ўласьцівае Максіму Адамавічу шырокае знаёмства з рознымі ўзорамі вершаванай поэзіі: „Он любил читать — всегда на память — стихи Блока, Белого, Моравской и читал всегда очень хорошо: взволнованно и сдержанно вместе“. У сваіх уласных рукапісных нататках і накідах Максім А-ч некалькі разоў робіць пералік кніг — мусіць, прызначаных да прачытаньня або ўжо прачытаных, і кожны раз гэтыя пералікі кажуць аб шыраце яго чытальніцкіх інтарэсаў (гл. рукапісы М. Багдановіча, пп. I і II). Як з даведак, якія даюцца ў успамінах аб Максіме Адамавічу, так і з яго ўласных нататак можна таксама ўстанавіць, што ў сучаснай яму мастацкай літаратуры сымболізм францускі і расійскі асабліва прыцягнуў да сябе яго ўвагу.

На гэтым агульным, даволі шырокім фоне сусьветнай і, у прыватнасьці, славянскай літаратуры, — трэці концэнтр кніжных інтарэсаў Максіма А-ча зьяўляецца больш вузкім, але ў той самы час больш паглыбленым. Гэта тое кола чытаньня, якое зьвязана з беларусазнаўствам наогул і асабліва з беларускай літаратурай.

Як асноўны момант у разумовых імкненьнях маладога поэты, цікавасьць яго да беларускай культуры ў студэнцкія гады дасягнула найбольшай паўнаты і напружанасьці. Але цесная ўвязка поэты з радзімаю і самы характар гэтай увязкі будуць больш зразумелымі, калі мы вернемся некалькі назад і высьветлім яе генэзіс і разьвіцьцё. Сувязь Максіма А-ча з радзімаю ўстанавілася здаўна, яшчэ з дзіцячых гадоў. Элемэнт спадчыннасьці, як мы ўжо бачылі, адыграў у гэтай сувязі значную ролю. Сам А. Ю. настойліва гаворыць аб уплыве на свайго сына беларускай традыцыі па лініі яго продкаў і бліжэйшых сваякоў: „Общий уклон его чувства и влечения в сторону всего родного, белорусского, есть дело наследственности — той темной подсознательной сферы, которую мы, рождаясь, выносим на свет божий, как неот‘емлемое достояние наших предков, безразлично — плохое ли оно или хорошее“. У абстаноўцы раньняга выхаваньня і навучаньня гэтая спадчыннасьць атрымала далейшае разьвіцьцё. У гэтых адносінах, паводле сьведчаньня А. Ю-ча, вялікае значэньне меў самы сямейны склад жыцьця Багдановічаў і бліжэйшае іх радні. „Моя семья“, кажа А. Ю., „и тесно с ней связанные семьи моих двух сестер, Гапановичей и Голованов, (тоже чисто белорусские, которые так срослись, что в сущности представляли одну семью в трех разных квартирах), были своего рода белорусской колонией в далеком краю при слиянии Оки и Волги“. Асабліва сястра А. Ю-ча Магдалена Гапановіч, была, паводле слоў А. Ю-ча, „носительницей традиций рода“ і шанавала звычаі і абрады беларускай старасьветчыны. Максім, дзіцём і хлопчыкам, вольны час праводзіў якраз у сваіх цётак у дачыненьні з сваімі стрэчнымі братамі і сёстрамі, і тут яму прыходзілася чуць і апавяданьні з роднай краіны, і беларускія казкі, і беларускія песьні, і беларускія пасловіцы, і, „крылатыя словы“ з народнае гутаркі. А. Ю. прыводзіць сваеасаблівы прыклад увязкі творчасьці Максіма Адамавіча з гэтаю сямейнаю атмосфэраю жыцьця яго цётак, як аднэю з раньніх крыніц яго вершаванай поэзіі. „И я, и моя сестра Магдалина любили напевать любимую песню нашей матери, которую она певала в длинные зимние вечера, при свете лучины или коптящей лампочки, сидя на лежанке за шитьем или прялкой: „А дзе-ж тая крынічанька, што голуб купаўся?“ — и мы видим, что он (Максім А-ч) ее использовал, как художественный мотив, для создания определенного настроения в своей пьеске „Вечар“ (т. I, р. II, „Вянок“, № 122).

Да ўплыву сямейнай сфэры досыць рана далучыліся і кніжныя ўплывы, якія таксама спрыялі ўмацаваньню сувязі будучага поэты з яго радзімай, — яе мовай і творчасьцю. Кніжныя ўплывы пачынаюцца з чытаньня беларускіх казак у запісах бацькі і ў іншых зборніках: ад чытаньня казак Максім перайшоў да песень, загадак, пасловіц і іншых матар‘ялаў, якія знайшоў у бібліотэцы бацькі; потым ён зьвярнуўся да мастацкіх твораў Дуніна-Марцінкевіча, Бурачка і іншых пісьменьнікаў; нарэшце, з 1906 г., калі адна з сваячак выпісала для яго „Нашу долю“, а потым і „Нашу Ніву“, ён стаў адчуваць на сябе ўплыў бягучай беларускай журналістыкі. Роўналежна з чытаньнем беларускіх тэкстаў ішлі яго практыкаваньні ў пісьмовай беларускай мове. „Свои опыты писания на белорусском языке“ — кажа А. Ю. — „он начал очень рано, приблизительно с 10—11 лет“… „Но это были чисто ученические или, вернее, учебные упражнения“. На жаль, А. Ю. не дае пэўных паказаньняў на тое, ці былі гэтыя практыкаваньні ў звычайнай пісьмовай мове ці ў вершаванай. Урэшце, канцовая мэта гэтых практыкаваньняў Максіма была выпрацаваць у сябе мастацкі беларускі стыль. І ён імкнуўся да гэтай мэты з рэдкаю настойлівасьцю і ўпартасьцю. Ён, вядома, без асаблівай цяжкасьці мог-бы выкарыстаць для сваёй творчасьці расійскую мову, якою ён добра карыстаўся як у прозе, так і ў вершах, аб чым сьведчаць яго вершы, напісаныя парасійску. „Но — гаворыць А. Ю. — он этот легкий путь еще в детстве отверг и смело решил преодолеть огромные трудности, чтобы овладеть родной речью своих предков — и овладеть настолько, чтобы писать красивые стихи и обогатить эту речь новыми художественными формами. К последней цели он стремился вполне сознательно. Ему хотелось показать, что никакой размер, никакая форма не чужды белорусской речи. Какие он трудности преодолевал на этом пути, свидетельствуют его рукописи и тетради: столько там выписок из словарей, сборников и старопечатных книг. Какой из поэтов, всосавших белорусскую речь с молоком матери, поднимал этот тяжелый, кропотливый, крохоборческий труд? А он — слабогрудый, хилый — поднял. И нес его терпеливо, упорно и для меня и для всех окружающих незаметно“. Такім чынам, настойлівую работу над разьвіцьцём свае пісьмовае беларускае мовы, асабліва мовы мастацкай, Максім пачаў яшчэ з гімназічных гадоў.

Тады-ж, у канцы навучаньня ў сярэдняй школе, у яго зьявілася жаданьне ўбачыць сваю радзіму і стаць непасрэдна блізка да жывой крыніцы свайго натхненьня, — да крыніцы, з якой ён чэрпаў покуль што толькі праз кнігі. Такое пахаджэньне яго паездкі на Беларусь улетку 1911 году адразу пасьля сканчэньня гімназіі. Аб гэтай паездцы гаворыць і А. Ю. у сваіх „Материалах“ і В. Ю. Ластоўскі ў „Успамінах аб М. Багдановічу“. Ластоўскі адносіць гэтую паездку не да 1911, а да 1912 году, але апісвае яе куды больш падрабязна за А. Ю-ча. Перад тым, як паехаць на радзіму, Максім А-ч сьпісаўся аб гэтым з рэдакцыяй „Нашай Нівы“: у лісьце сваім ён выказваў жаданьне прабыць на радзіме месяц-другі, каб бліжэй пазнаёміцца з моваю і бытам Беларусі. Ад рэдакцыі яму адказаў А. Луцкевіч, які прапанаваў яму прабыць лета ў свайго дзядзькі, дробнага шляхціча, які меў сядзібу паміж Вілейкаю і Менскам. Максім Б—ч прыехаў у Вільню ў чэрвені месяцы. Перад ад‘ездам у двор дзядзькі А. Луцкевіча ён прабыў дні два ў Вільні; начаваў у рэдакцыі „Нашай Нівы“ і абедзьве ночы да відна правёў у гутарцы з В. Ю. Ластоўскім, які тады быў у складзе гэтае рэдакцыі; тэмамі гутаркі былі этнографія і гісторыя Беларусі. У час гэтай пабыўкі ў Вільні Ластоўскі паказаў Максіму А-чу колекцыі Івана Луцкевіча, якія знаходзіліся тады пры рэдакцыі „Нашай Нівы“; сярод гэтых колекцый асабліва моцнае ўражаньне на юнака-поэту зрабілі старажытныя рукапісныя славянскія кнігі і іншыя помнікі, а таксама слуцкія паясы; адгэтуль, як відаць, вядзе свой пачатак поэтычны замысел вершу „Слуцкія ткачыхі“. У сядзібе дзядзькі А. Луцкевіча Максім Б. прабыў з месяц і вярнуўся назад зноў праз Вільню, дзе зноў паўтарыліся гутаркі з В. Ю. Ластоўскім на беларускія тэмы. Жывучы ў вёсцы, Максім А., паводле сьведчаньня Ластоўскага, напісаў некалькі вершаў, якія ўвайшлі ў цыкль, „Старая Беларусь“, цыкль вершаў пад агульным загалоўкам „Места“ і, апрача таго, вершы „У вёсцы“ і „Вэроніка“ (гл. т. I, разьдзел II, №№ 123—138, 183, 184). У гэтых творах адбілася ўвязка яго творчасьці з уражаньнямі ад беларусскай вёскі, ад Вільні, ад беларускай старасьветчыны і ад гутарак з Ластоўскім.

Такая была падрыхтоўка Максіма Адамовіча ў беларускай мове і беларускай літаратуры на парозе студэнцкіх гадоў. У студэнцкія гады заняткі „беларусікаю“ былі ім значна паглыблены. У бібліотэцы А. Ю-ча, якой Максім карыстаўся з дзіцячых гадоў, быў вялікі падбор ня толькі твораў беларускіх пісьменьнікаў, але і навуковых прац і матар‘ялаў па беларусазнаўству. Тут Максім знайшоў зборнікі і працы Шэйна, Раманава, Насовіча, Радчанкі, Доўнар-Запольскага, Карскага, Сабалеўскага і інш. Яшчэ гімназістам прывыкшы карыстацца гэтымі кнігамі, ён у студэнцкія гады цалкам увайшоў у іх. Н. Г. Агурцоў расказвае, што прышоўшы раз да М. Багдановіча-студэнта і застаўшы яго за столом, заваленым кнігамі, ён пацікавіўся даведацца, што гэта за кнігі. Выявілася, што больш за ўсё гэта былі кнігі па славянскіх літаратурах — украінскай, беларускай, чэскай і іншых; тут-жа на стале ляжалі і тоўстыя слоўнікі, — між іншым і слоўнік беларускай мовы, а сам Максім працаваў над нейкім артыкулам па адной з паказаных літаратур. Памянёны слоўнік, мусіць, быў слоўнік Насовіча, таму што гэта кніга ўваходзіла ў склад бібліотэкі А. Ю-ча. Гэтае ўпамінаньне аб слоўніку Насовіча, як настольнай кнізе поэты, неабходна ўзяць пад увагу пры аналізе лексыкі М. Багдановіча: яго беларуская мова, якая стваралася больш тэорэтычна, як практычна, перасыпана, з аднаго боку, русізмамі, а з другога — часта зьбіваецца менавіта на слоўнікавы матар‘ял Магілеўшчыны, бо, як відаць, ён многа карыстаўся слоўнікам Насовіча. Максім Багдановіч сам вельмі гостра адчуваў тэорэтычнасьць свае беларускае лексыкі і фразыолёгіі і, гутарачы ў чэрвені 1911 г. з В. Ю. Ластоўскім, часта перапыняў сваю гутарку і чакаў ад сябра папраўкі: „Мову М. Багдановіч — говорыць Ластоўскі ў сваіх успамінах — знаў яшчэ дрэнна і, гаворачы, зьбіваўся на маскоўшчыну, але чутка ўлаўліваў дысонансы, спыняўся і перапытваў: як трэба сказаць гэта правільна“, „прашу, папраўце мяне“. Гэтыя недахопы беларускае мовы М. А-ча зусім зразумелы: паводле выразу свайго таварыша Д. Дзябольскага (гл. „Воспоминания“ Залатарова) М. А. пісаў на беларускай мове, — „на языке, которого он не слышит вокруг себя, а слышит в себе“. У студэнцкія гады ён яшчэ больш строга сачыў за сваёю моваю і яшчэ больш прыкладаў стараньняў да таго, каб уладаць ёю практычна. Пры усякай магчымасьці ён стараўся гаварыць пабеларуску, калі знаходзіў для гэтага чалавека, які ўладаў беларускаю моваю. З Ф. Імшэнікам, які ў гады студэнцтва яго быў выкладчыкам у Яраслаўлі, ён таксама гаварыў пабеларуску. У „Успамінах“ Імшэніка беларуская мова М. Багдановіча за студэнцкія яго гады характарызуецца наступнымі рысамі: „М. Б. ведаў яе (беларускую мову) ня зусім добра, ён прасіў мяне растлумачыць тыя ці іншыя выразы, прасіў папраўляць яго мову, якая блішчэла значным лікам русізмаў. Мова М. Б. была чудная; відно было, што ён вывучае яе тэорэтычна і іншае слова праізносіў так, як яно пісалася. Калі француз пачуў-бы, напр., імя „Paul“, так як яно пішацца, яму гэта было-б чудно і мала зразумела, так і я дзівіўся выразам М. Б. і цяпер успамінаю, што яму зусім не даваліся падвойныя літары „дз“, „дж“. Слова „адраджэньне“ вельмі чудно праізносіў М. Б. Але, нягледзячы на гэта, М. Б. ня траціў інтарэсу да беларускае мовы і прасіў мяне па некалькі разоў паўтараць трудныя для яго словы і выразы. Ён моцна ўслухіваўся ў самую гучнасьць слова, стараючыся спазнаць яго морфолёгію“. Але разам з тым Ф. Імшэнік адзначае ў ім тое „вялікае замілаваньне да Беларусі і беларускай мовы“, якое сам М. Б. тлумачыў яму атавізмам. Гэтая цяга да роднай мовы і ў той самы час адчужанасьць ад непасрэднай крыніцы роднай мовы прымушалі яго ў студэнцкія гады з асаблівай энэргіяй далей вучыцца гаварыць і пісаць пабеларуску, працаваць над складаньнем граматыкі беларускай мовы (Ф. Імшэнік, „Успаміны“), над падборам матар‘ялу для беларускага лемантара, над вывучэньнем беларускай гісторыі, этнографіі і літаратуры.

У гэтыя ж гады ў Максіма Багдановіча сфармаваўся канчаткова погляд на беларускую культуру, як на гістарычную зьяву, якая мае свае асаблівыя адзнакі і свае задачы. Н. Г. Агурцоў кажа, што з сваіх гутарак на гэтую тэму з М. Б-чам ён пераканаўся, што яму ўласьціва была „какая-то органически сложившаяся вера в Белоруссию, как носительницу определенной культуры, отличной от культуры великорусской“. „Он доказывал, кажа Н. Г. Агурцоў очень горячо и убедительно, что так называемая Великоруссия создана ничем иным, как Белоруссией“. У гэтым вывадзе Н. Г. Агурцова з гутарак Максіма Адамавіча хаваецца або непаразуменьне, або, ва ўсякім разе, недакладнасьць. Максім Багдановіч, як відаць з яго друкаванай брошуры „Белорусское Возрождение“ (Масква, 1916 г., стар. 5, — гл. т. II, № 19), запраўды прызнаваў прыорытэт беларускай культуры над вялікарускай у межах пэўнай гістарычнай эпохі, менавіта XVI веку, але такога рашучага погляду на пахаджэньне вялікарускай культуры з беларускай ён нідзе, як мне здаецца, у сваіх нарысах і артыкулах ня выказвае. Наогул, яго нацыяналізм у гэты час носіць некаторыя адзнакі народніцкай романтыкі, таму што такія менавіта і ўплывы асяродзьдзя і ўплывы кніжныя, пад якімі ён разьвіваўся. Але романтычная закаханасьць у радзіму і ў выключна ёй уласьцівыя гістарычныя задачы ўмяраліся ўжо ў яго ў гэтыя гады сьвядомасьцю, што гістарычныя шляхі ўсіх нацый павінны весьці да унівэрсальнага людзкага прогрэсу. Гэтая апошняя думка вядзе свой пачатак таксама з эпохі романтызму і доўгі час, амаль на працягу ўсяго стагодзьдзя, захоўвае сваю романтычную афарбоўку; але ў гады моладасьці Максіма Багдановіча, г. зн. у перадрэволюцыйныя гады, яна набывае больш конкрэтны характар, як думка аб соцыяльна-рэволюцыйным руху, які набліжаецца, і для якога даны нацыянальны рух зьяўляецца толькі сродкам ці формаю.

V.

З папярэдняга прыходзіцца зрабіць вывад, што разумовыя інтарэсы Максіма Багдановіча да вядомай ступені маглі ў студэнцкую пару ўскладніцца і чыста соцыяльнымі запатрабаваньнямі і тэмамі, узятымі ня толькі ў роўніцы беларускага руху, але і ў агульналюдзкім маштабе. Так і здарылася, наколькі можна меркаваць ня толькі паводле яго вершаў і апавяданьняў гэтых гадоў, але і паводле публіцыстычных артыкулаў і рукапісных накідаў, якія маюць соцыолёгічны характар. Гэты бок яго разьвіцьця ў студэнцкія гады меў крыніцамі ня толькі кнігі, але і некаторыя жывыя грамадзкія ўплывы. Гаворачы наогул, „Максім Кніжнік“ ня быў актыўным грамадзкім дзеячом і ня быў нават звычайным абавязковым заўсёднікам таго ці іншага грамадзкага асяродзьдзя, таму што ён вельмі аддаваўся сваім габінетным заняткам. А. Ю. гаворыць, што ў студэнцкія гады Максім вёў жыцьцё ціхае, замкнёнае ў сабе самым. У сваіх „Материалах“ ён прыводзіць толькі адзін выпадак публічнага выступленьня свайго сына: „Публично выступал (он), я помню, один только раз на вечере, посвященном славянским народностям по случаю войны, где он выступал с речью о галичанах, их культуре и литературе, протестуя против руссификаторской политики, которую вели в то время в Галиции гр. Бобринский и еп. Евлогий“. „Театр (он) посещал весьма редко, только в исключительных случаях, если шли какие-нибудь выдающиеся произведения и при выдающихся исполнителях“. Урэшце, грамадзкая актыўнасьць Максіма А-ча заўсёды значна павышалася, калі справа ішла аб беларускім руху. Так, напр., ён у ліцэйскія гады прымаў чынны ўдзел у організацыі беларускага зямляцтва, у якім наладжваліся вечары з чытаньнем беларускіх твораў і спяваньнем беларускіх песень, і чыталіся рэфэраты на розныя тэмы беларусазнаўства. Але габінетная праца яго ўсё ж такі пераважала над грамадзкай.

Нягледзячы, аднак, на гэтую габінетную замкнёнасьць і, як здавалася, адчужанасьць ад жывой грамадзкасьці, у Максіма А-ча было ўсё ж такі ў студэнцкія гады пэўнае кола сяброў і знаёмых, у гутарцы з якімі ён з сфэры беларускіх настрояў, якія яго хвалявалі, часам мог пераходзіць у больш шырокую сфэру агульналюдзкіх культурных проблем, між іншым і проблем соцыяльнага характару. Гэтае кола асоб, якія складаюць для Максіма А-ча тое, што прынята называць грамадзкімі сувязямі, было даволі невялікае. А. Ю. вызначае яго ў наступным выглядзе. 3 Яраслаўскіх інтэлігентных сем‘яў М. Б-чу найбольш былі блізкімі сем‘і Дзябольскіх і Крыцкіх. У сям‘і Дзябольскіх быў яго равесьнік і таварыш па гімназіі і ліцэі — Дыядор Дзябольскі; у сям‘і Крыцкіх таксама былі равесьнікі, дзеці Крыцкіх, і, апрача таго, Максім А—ч любіў гутарыць з старэйшым у сям‘і, П. А. Крыцкім, чалавекам вельмі адукаваным, вядомым пэдагогам і відным супрацоўнікам „Голоса“, рэдактарам „Русского Экскурсанта“. Сябраваў Максім А-ч таксама з братамі А. А. і Д. А. Залатаровымі. Асобнае невялікае кола знаёмых Максіма А-ча зьвязана было з яго журнальнаю працаю ў Яраслаўскім „Голосе“; з супрацоўнікаў „Голоса“ найбольш блізкімі да яго былі Н. Г. Агурцоў і А. Д. Цітоў. У студэнцкія гады Максім Адамавіч таксама падтрымліваў сяброўскую сувязь з В. В. Белавусавым, з якім уяго быў агульны інтарэс да антычнай і заходня-эўропейскай літаратур, і з А. К. Кабановым, які яшчэ ў гімназіі кіраваў яго заняткамі беларусазнаўствам; гэта відаць з лістоў гэтых асоб да М. Багдановіча, якія захаваліся і адносяцца да 1913-1914 гг.; у адным з лістоў А. К. Кабанова (1913 г.) даецца, між іншым, цэлы шэраг бібліографічных паказаньняў да гісторыі Беларусі.

Гаварыць аб якіх-небудзь пэўных уплывах гэтага сяброўскага кола на М. А—ча няма падставы, бо яго пераконаньні ў студэнцкія гады — паводле слоў бацькі — склаліся ўжо досыць устойліва, і да таго-ж, як асоба шырака начытаная і асьветленая, ён хутчэй мог уплываць на іншых, чым адчуваць чые-небудзь уплывы. Але з сяброўскага кола маглі ўсё-ж такі зыходзіць некаторыя настроі агульна-культурнага характару, а часам нават і паасобныя тэмы і мотывы, якія поэта мог выкарыстаць для сваіх вершаў. Так, у адным лісьце да М. Б-ча з Масквы ад 12-га кастрычніка 1911 году, які належыць, як відаць, Д. Д. Дзябольскаму, каторы тады толькі што паступіў у Маскоўскі Унівэрсытэт, мы знаходзім такія радкі: „Между прочим, вот вам тема, или вернее материал для темы научного стихотворения: метеор, который, оплавленный и светящийся, мчится в атмосфере, оставляя за собой вихрь распаленных частиц, внутри холоден, как звездный эфир; он приносит в себе холод мирового пространства“. Гэтая тэма разьвіта М. Багдановічам у сонэце („Прынадна вочы зьяюць да мяне“), надрукаваным у „Нашай Ніве“ за 1914 г. (гл. т. I, разьдз. I, № 61). Трэба наогул адзначыць, што з Д. Д. Дзябольскім М. Багдановіча зьвязвалі тэмы пераважна філёзофскага характару (гл. верш 1911 г. „Д. Д. Дзябольскаму“ — т. I, разьдз. I, № 40).

З гэтага кола знаёмстваў у найбольшай увязцы грамадзкія інтарэсы М. А-ча маглі быць з некаторымі, ужо названымі вышэй, супрацоўнікамі „Голоса“. Уласна тут, у гэтым гуртку знаёмых М. А—ча падымаліся, мяркуючы паводле ўспамінаў А. Д. Цітова і, асабліва, Н. Г. Агурцова і А. А. Залатарова, пытаньні агульна-культурнага характару, — пытаньні аб прыродзе, значэньні мастацтва, аб літаратуры і яе адносінах да грамадзкасьці, аб увязцы нацыянальных запатрабаваньняў з агульналюдзкімі і г. д. Можна думаць, што ў гэтым-жа асяродзьдзі падымаліся пытаньні соцыяльнага характару, якія гостра ўставалі ў гэтыя перадрэволюцыйныя гады, што супадаюць з студэнцтвам Максіма Багдановіча. Гэтым, як відаць, і можна часткова вытлумачыць узмацнёную за гэты час цікавасьць поэты да соцыяльных проблем, якія ён ставіць ня толькі дапасавальна да лёсу Беларусі, але і значна шырэй (гл. т. I, разьдз. I, верш „Мяжы“ — № 59, „На глухіх вулках — ноч глухая“ — № 134, „Вы, панове, пазіраеце далёка“ — № 164, а таксама артыкулы: „Н. Д. Ножин. К пятидесятилетию со дня смерти“ і „Н. К. Михайловский. К десятилетию со дня кончины“ — т. II, № № 60 і 61; трэба аднак зрабіць агаворку, што вывучаць М. К. Міхайлоўскага М. А. пачаў яшчэ згодна паказаньню і рэкомэндацыі бацькі, а зацікаўленасьць М. Д. Ножыным магла ўжо вырасьці на падставе знаёмства з Міхайлоўскім).

Невялікія дадаткі да гэтых даведак аб грамадзкім ухіле Максіма Багдановіча дае таксама і тая частка перапіскі яго, якая захавалася[4]. Так, напр., некаторыя лісты, асабліва за перадрэволюцыйныя 1915—1916 гады, зарысоўваюць, — вядома, у адрывачных рысах, — політычныя моманты і настроі гэтых гадоў, а частка лістоў, — ад беларускіх сяброў Максіма Б-ча, — больш-менш конкрэтна ўскрываюць стан беларускага руху за тыя ж гады; сюды, напрыклад, адносяцца лісты Ал. Бурбіса, часткова В. Ластоўскага і В. Лявіцкай. Такім чынам, для таго, хто вывучае творчасьць М. Багдановіча, важна адзначыць, як факт, што ён стаяў у курсе ня толькі настрояў уласьціва беларускіх, але і наогул політычных настрояў у тагочаснай Расіі напярэдадні рэволюцыі; дзеля гэтага дасьледчык мае права шукаць у тэматыцы яго вершаў і артыкулаў даволі шырокага адбіцьця яго эпохі.

Але калі нават прызнаць, што грамадзкія сувязі і інтарэсы Максіма А—ча ў студэнцкія гады былі выяўлены не даволі выразна, то літаратурныя знаёмствы і адносіны яго студэнцкіх гадоў трэба адзначыць, як вельмі жывыя і значныя па зьместу. Вялізарную ролю ў яго літаратурнай сьвядомасьці і разьвіцьці адыгралі, бязумоўна, беларускія пісьменьнікі нашаніўскае пары, якія амаль усе былі на адно пакаленьне старэйшыя за яго па ўзросту. Для высьвятленьня гэтай ролі мы маем пакуль што мала докумэнтальнага матар‘ялу, дзеля таго, што амаль няма ўспамінаў аб М. Багдановічу, якія вышлі-б з-пад пяра пісьменьнікаў — яго сучасьнікаў. Праўда, у перапісцы нябожчыка поэты захавалася некаторая колькасьць лістоў да яго Я. Купалы (2), Цёткі (1), С. Палуяна (8), В. Ю. Ластоўскага (20) і інш., але гэтыя лісты не асьвятляюць у належнай паўнаце цеснай увязкі поэты з блізкім яму літаратурным асяродзьдзем. Аднак, гэтая ўвязка бясспрэчна. Перш за ўсё трэба мець на ўвазе, што для Максіма Багдановіча, паводле слоў яго бацькі, „центром сердечного внимания была молодая возрождающаяся белорусская литература и поэзия“. „Он любовно следил — кажа А. Ю. — за всеми ее ростками и побегами. Всякие достижения в ней, выходящие из ряда обыкновенных, его бесконечно радовали. И он тотчас-же приносил книжку, журнал или сборник ко мне, единственному человеку, который мог его понять и оценить новое произведение, чтобы поделиться своей радостью. Только через его посредство я знакомился с образцами новейшей белорусской литературы и с общим ходом белорусского возрождения“. Потым М. А. ня толькі сачыў за навінкамі беларускага літаратурнага слова, але і выпісваў на свае невялікія сродкі ўсё, што можна было. Яшчэ ў жніўні 1908 году, калі М. А. быў у 6-ай клясе гімназіі, ён, як гэта відаць з адказнага ліста выдавецкага таварыства „Загляне сонца і ў наша ваконца“, просіць беларускае выдавецтва выслаць яму новыя выданьні — усё, апрача тых, якія ўжо ў яго ёсьць; пры гэтым у пераліку прапанованых яму выдавецтвам кніг названы і зборнік Я. Купалы „Жалейка“, які вышаў у гэтым годзе. А ў 1913 годзе тое-ж выдавецтва (за подпісам Б. І. Эпімаха-Шыпілы) паведамляе яго, што высылае яму новыя кнігі, якія вышлі ў гэтым-жа годзе, менавіта зборнік Я. Купалы „Шляхам жыцьця“ і яго-ж п‘есу „Паўлінка“. Апрача таго, некаторыя з прадстаўнікоў беларускага адраджэньня, якія знаходзіліся ў перапісцы з Максімам А-чам, самі, у сваіх лістох да яго, стараліся трымаць яго ў курсе бягучых падзей беларускага літаратурнага жыцьця і гэтую інформацыю рабілі ня толькі з вялікай любасьцю да беларускай літаратуры, але і з цёплаю ўвагаю да свайго адрасата, маладога пачынаючага поэты. Такія весткі мы знаходзім у лістох С. Палуяна, В. Ластоўскага, В. Лявіцкай і інш. Так, напр., у лісьце В. Ластоўскага ад 11 жніўня 1912 году даюцца кароткія весткі з біографіі і літаратурнай дзейнасьці Ядвігіна Ш., Якуба Коласа, Янкі Купалы, Цішкі Гартнага, — і М. А., такім чынам, як-бы замацоўваў завочна сваё асабовае знаёмства з тымі пісьменьнікамі, за творамі якіх сачыў здалёк, жывучы ў Ніжнім-Ноўгарадзе і Яраслаўлі. Назапашваючы такім шляхам фактычныя даныя з сучаснай яму літаратуры, М. А. зводзіў іх часамі ў агульны нарыс (гл. захаваны ў рукапісе артыкул пад загалоўкам „Новый период в истории белорусской литературы“ — т. II, № 5, а таксама друкаваныя яго артыкулы „Глыбы і слаі. Агляд беларускай краснай пісьменнасьці 1910 г.“ і „За тры гады. Агляд беларускай краснай пісьменнасьці 1911—13 г.“, (т. II, № № 2, 6) і тым самым яшчэ больш цесна падыходзіў да творчасьці пісьменьнікаў-сучасьнікаў. Але не адны толькі фактычныя даныя атрымоваў ён з непасрэднага і завочнага дачыненьня да беларускіх пісьменьнікаў і наогул культурных працаўнікоў беларускага адраджэньня. Ён атрымоўваў таксама сяброўскае падтрыманьне і сваім шуканьням у галіне тэматыкі і мастацкай формы. У гэтых адносінах асабліва цікавыя лісты В. Ластоўскага і С. Палуяна, якія, разгадаўшы артыстычную натуру М. Багдановіча, ахоўвалі яго творчасьць ад вузкіх тэндэнцый, ад аднастайных і нудных настрояў і заахвочвалі яго да настойлівай і тонкай работы над мастацкаю тэхнікай, якая другім здавалася дэкадэнцтвам.

Умацоўваючы сваё знаёмства з пісьменьніцкім беларускім асяродзьдзем, М. А. разам з тым увесь час шукаў і сувязяй з рэдакцыямі і выдавецтвамі, дзе можна было-б надаць друкаваны выгляд сваёй уласнай літаратурнай продукцыі. Па вестках А. Ю-ча вершы яго сына ўпяршыню зьявіліся ў друку ў 1906 ці 1907 годзе (дакладна ён не памятае). Бясспрэчна М. А. ужо пісаў вершы ў 1906-7 гадох, але друкаваных вершаў яго за гэтыя гады мы ня ведаем. У 1907 г., запраўды, быў надрукаваны ў № 24 „Нашай Нівы“ адзін з яго твораў, але ня вершы, а аповесьць „Музыка“. З вершаў М. А—ча, перадрукаваных у першым томе збору яго твораў з розных пэрыодычных выданьняў, раней за іншыя зьявіўся ў друку верш „Над магілай“; ён быў надрукаваны ў № 1 „Нашай Нівы“ за 1909 г.; нумар памечан 1 (14) студзеня. 3 „Нашай Нівай“ М. А. моцна зьвязаўся, пачынаючы з 1909 г., і большасьць яго вершаў і аповесьцяй надрукаваны былі менавіта ў гэтым пэрыодычным выданьні. Больш падрабязна аб яго ўдзеле ў „Нашай Ніве“ гаворыць В. Ю. Ластоўскі ў сваіх „Успамінах“. М. А. пачаў тут сваё супрацоўніцтва ў цяжкі рэакцыйны час. „Год 1909 — кажа В. Ластоўскі — быў асабліва трудным у разьвіцьці беларускага адраджэньня. Рэволюцыйны ўздым 1905-1906 гг. астаўся недзе далёка па-за сінімі лясамі. Маладая беларуская сялянская дэмократыя, за годы наступіўшай пасьля ўздыму рэакцыі, была разьбіта. Адны сядзелі ў турмах (Я. Колас, А. Бурбіс і інш.), другія былі сасланы (Прушынскі, Лёсік і іншыя), трэція дапасоўвалі свае сілы да варункаў паднявольнага жыцьця, чацьвертыя адкрыта пайшлі ў воражы адраджэньню абоз, далучаючыся да расійскай і польскай рэакціі“… „Склад рэдакцыі „Наша Ніва“ ў 1909 годзе быў такі: А. Ўласаў, браты Іван і Антон Луцкевічы, Ядвігін Ш. (Лявіцкі), Янка Купала, В. Ластоўскі і дарыўкамі Язэп Манькоўскі (Янка Окліч) ды Чыж (Альгерд Бульба), а на пачатку лета 1909 г. прыбыў яшчэ С. Палуян“. Пры гэтым складзе рэдакцыі „Нашай Нівы“ пачаўся ўдзел М. Багдановіча ў гэтым выданьні. Спачатку яго супрацоўніцтва тут праходзіла ня зусім гладка. Па вестках В. Ю. Ластоўскага М. Б. упяршыню прыслаў у рэдакцыю „Нашай Нівы“ некалькі лісточкаў сваіх вершаў за сваім подпісам у пачатку 1909 г. Адносна гэтай першай прысылкі В. Ю. Ластоўскі дае наступную даведку: „Вершы для кожнага нумару „Нашай Нівы“ падбіраў Янка Купала, бо, апроч Я. Коласа, Купалы і яшчэ двух-трох поэтаў, 99 проц. вершаў, надсыланых у рэдакцыю, былі з дэфэктамі. Павіннасьцю Я. Купалы было папраўляць іх перад здачай у друк. Друкавалі-ж адзін-два вершы кожнага новага „поэта“, каб заахвоціць яго да пісаньня. Былі ці ня былі зроблены якія папраўкі ў вершах „Над магілай“ і „Прыдзе вясна“, я ня памятую, можа памятае гэта сам Я. Купала, але гэта былі адны з першых вершаў, надрукаваных з подпісам праўдзівага прозьвішча і імя аўтара“. Мяркуючы па тым, што першы з гэтых двух вершаў надрукаваны быў у тым нумары „Нашай Нівы“, які вышаў 1 (14) студзеня, прыходзіцца аднесьці першую прысылку вершаў М. Б-чам не к пачатку 1909 году, як паказвае В. Ю. Ластоўскі, а к самаму канцу 1908 году. У пачатку мая месяца 1909 году М. А. прыслаў у рэдакцыю „Н. Н.“ яшчэ маленькі сшытак, у якім зьмяшчалася 8-9 вершаў. На гэты раз літаратурная продукцыя М. А-ча сустрэла больш суровыя адносіны: Ядвігін Ш. назваў гэты сшытак вершаў „дэкадэншчынай“, А. Уласаў прапанаваў іх здаць у „архіў“, і толькі Я. Купала, які ўгадаў у пачынаючым поэце вялікага мастака слова, знайшоў магчымым надрукаваць з папраўкамі ў мове і пад псэўдонімам (згодна з устаноўленым у рэдакцыі звычаем) верш пад загалоўкам „Дзьве песьні, пераклад з Ю. Сьвятагора“ (гл. т. I, разьдз. III, № 232). Запраўды, гэты верш з папраўкамі Я. Купалы быў надрукаваны ў „Нашай Ніве“ 1909 г., № 19; пад ім быў падпісан прыдуманы Ядвігіным Ш. псэўдонім Максім Крыніца“. Праз некалькі тыдняў М. А. прыслаў яшчэ некалькі вершаў разам з лістом, у якім выказваў протэст супроць замены яго прозьвішча псэўдонімам. Вершы яго і ў гэты раз, як дэкадэнскія, папалі ў „архіў“ і праляжалі там да канца жніўня, калі іх адтуль выцягнуў С. Палуян, які адчуў, як і Я. Купала, вялікую здольнасьць у маладым поэце. Апрача С. Палуяна, М. А., як поэта, знайшоў падтрыманьне ў А. Луцкевічу; потым і іншыя члены рэакцыі, за выключэньнем толькі Ядвігіна Ш., які ўпарта паказваў на тое, што вершы Максіма Багдановіча „не для народу“, прызналі М. Б. за таленавітага поэту, і ў канцы 1909 г. ў „Нашай Ніве“ надрукаваны быў цэлы шэраг яго вершаў („Лясун“, „Край мой радзімы“, „3 песьняў беларускага мужыка“, два вершы з цыклю „Вадзянік“, „На чужыне“, „Пугач“, пераклад з Гэйнэ, „Нашай Ніве“, „Разрытая магіла“, „Цемень“ — гл. т. I, разьдз. I, №№ 3, 7, 11; 13, 16, 18; разьдз. II, №№ 94, 108, 142; разьзд. III, №№ 203-8); з гэтых вершаў найбольш спадабаліся членам рэдакцыі і, так сказаць, вырашылі лёс поэты вершы „Край мой радзімы“ і з цыклю „Вадзянік“. Пасьля гэтага М. А. робіцца ўжо сталым супрацоўнікам „Нашай Нівы“ і друкуе там свае творы ў працягу ўсяго існаваньня часопісу, г. зн. да 1914 году ўключна. Яго пасяброўску ахоўваюць за гэтыя гады, як відаць з перапіскі, спачатку С. Палуян, а пасьля яго ад‘езду ў Кіеў і трагічнай сьмерці там у 1910 годзе, В. Ластоўскі; у гэтых двух сяброў малады поэта знаходзіў ня толькі крытыку свае мовы, якая звычайна пярэсьцілася русізмамі, але і ацэнку сваіх поэтычных замыслаў і мастацкай тэхнікі. Праўда, нападкі на М. Б-ча былі і пасьля 1909 году, але станавіліся ўсё слабейшымі. „З кожнаю новаю прысылкаю вершаў — кажа В. Ластоўскі — у разьвіцьці яго таленту адчуваўся значны поступ“, — і гэта ўсё больш і больш умацоўвала яго літаратурную рэпутацыю. У 1911 годзе М. А. гасьцяваў улетку, як мы ўжо бачылі, у Вільні і асабіста пазнаёміўся з В. Ластоўскім, А. Луцкевічам і іншымі супрацоўнікамі „Нашай Нівы“; тут ён узбагаціў сябе новымі тэмамі з галіны беларускай старасьветчыны, якія і апрацаваў у цыклі вершаў „Старая Беларусь“; гарадзкія ўражаньні ад Вільні і лета, праведзенае ў вёсцы, паміж Вілейкаю і Менскам, далі матар‘ял і для іншых вершаў. Праз некалькі месяцаў пасьля ад‘езду з Вільні ён прыслаў рукапіс з вершамі часткова новымі, часткова ўжо раней надрукаванымі ў „Нашай Ніве“ і прасіў надрукаваць іх асобным зборнікам. Так пачалася гісторыя „Вянка“, якая цягнулася да канца 1913 году, калі, нарэшце, здабыты былі сродкі для надрукаваньня гэтага зборніку. Самы зборнік, памечаны 1913 годам, вышаў з друку, як відаць з аднаго ліста В. Ластоўскага, толькі ў пачатку 1914 году. Некаторыя падрабязнасьці аб друкаваньні зборніку В. Ластоўскі дае ў сваіх „Успамінах“ (гл. таксама т. I, увага да II-га разьдзелу).

Апрача „Нашай Нівы“, М. А. стараўся ўстанавіць пэўную сувязь і з іншымі беларускімі пэрыодычнымі выданьнямі. Так, напрыклад, мы бачым з яго перапіскі, што ў яго ў 1912 годзе заснавалася сувязь з „Маладой Беларусьсю“, якая тады выдавалася ў Ленінградзе; прынамсі, Я. Хлябцэвіч ня раз паведамляў М. А-ча ад рэдакцыі „Маладой Беларусі“, што прысланыя ім вершы і іншыя матар‘ялы будуць надрукаваны. Але чамусьці гэта надрукаваньне не адбылося. І наогул за жыцьцё М. А-ча ў беларускіх кругабежных выданьнях (апрача „Нашай Нівы“ і „Беларускіх Календароў“) мы не сустракаем друкаваных яго твораў. Сёе-тое потым надрукавана было ў „Гомане“ і ў „Вольнай Беларусі“, але ўжо пасьля сьмерці поэты ў 1917—20 гадох. Другая часопісь, у якой, як і ў „Нашай Ніве“, М. А. прыветна прынялі, была „Украинская жизнь“, якая выдавалася ў Маскве. У гады студэнцтва, іменна ў 1914—1916 гг., ён надрукаваў тут шэраг артыкулаў, пераважна крытычных, прысьвечаных украінскай літаратуры. Тут-жа надрукаваны быў і вялікі нарыс пад загалоўкам „Белорусское возрождение“, які вышаў асобнаю брошураю ў 1916 годзе. З расійскіх пэрыодычных выданьняў М. А. цясьней за ўсё зышоўся з Яраслаўскім „Голосом“, але друкаваўся, апрача таго, у „Нижегородском листке“, у часопісе „Жизнь для всех“, у часопісе „Национальные проблемы“ і іншых выданьнях. Спроба яго зьмяшчаць свае творы ў некаторых буйных часопісах таго часу, напрыклад, у „Вестнике Европы“, у Европы", у „Северных Записках“, у „Русских Записках“, у „Голосе Минувшего“, у „Ниве“ і інш. не прывялі да спрыяльных вынікаў. Як відаць з лістоў розных рэдакцый за студэнцкія гады, яму або адмаўлялі ў зьмяшчэньні прысланых вершаў і артыкулаў на старонках часопісу ці давалі няпэўны адказ, які зацягваў пытаньне аб надрукаваньні. Чым вытлумачыць гэта: ці тым, што гэтыя рэдакцыі не хацелі зьмяшчаць вершаваных твораў на беларускія тэмы, ці тым, што проста не разгадалі вялікай здольнасьці ў поэце, які да таго ж пісаў ня толькі на беларускія тэмы і ня толькі на беларускай мове, — сказаць цяжка. З выдавецтваў ён пасьпеў зыйсьціся толькі з кнігавыдавецтвам К. Ф. Некрасава, дзе былі надрукаваны яго брошуры, прысьвечаныя нарысам славянства; перапіска з кнігавыдавецтвам „Польза“ аб надрукаваньні аднае з аповесьцяй Франко, перакладзенай М. А-чам з украінскае мовы, а таксама з выдавецтвам „Парус“ аб іншых перакладах з украінскай (мусіць, вершаў) скончылася, як відаць, нічым.

Нам застаецца сказаць яшчэ некалькі слоў аб адным баку студэнцкіх гадоў М. А—ча, менавіта аб яго асабовым жыцьці і асабістых захапленьнях, якія таксама ўвайшлі ў выглядзе групы тэм і мотываў у яго лірыку. М. А., чалавек вельмі сьціплы, які да таго-ж мала сачыў за сваім вонкавым выглядам, асабліва за ўбраньнем, рабіў часамі некалькі нязвычайнае ўражаньне і, як расказвае А. Д. Цітоў, мог выклікаць ухмылку зьдзіўленьня пры першым зьяўленьні сваім у грамадзе; але варта яму было прыняць удзел у агульнай размове, і ўсе пераконваліся (сьведчыць тая-ж асоба), што перад імі адмысловы і мілы размоўца, чалавек з чулаю і Кадзыўнаю душою і з сардэчнымі адносінамі да людзей. Паколькі ён выяўляў сябе ў гутарках і ў больш цесным дачыненьні з іншымі, ён, бязумоўна, павінен быў рабіць ня толькі прыемнае, але часамі і захапляючае ўражаньне. На гэтай глебе ствараліся сардэчныя адносіны да яго крэўных і сяброў і проста знаёмых, аб чым сьведчаць лісты да яго асоб яго сваяцкага кола, былых настаўнікаў, таварышоў, нават яго вучняў, з якімі ён займаўся прыватна, і іх бацькоў. Адгэтуль-жа, з яго асабовага абаяньня, бяруць пачатак і некаторыя больш інтымныя яго знаёмствы і сувязі. Конкрэтна можна адзначыць два-тры выпадкі. Больш раньні выпадак такога знаёмства, якое перайшло ў цеснае сяброўства, адносіцца, паводле сьведчаньня А. Ю-ча, да 1909 г., да летняга прабываньня М. А—ча, тады яшчэ гімназіста, у Крыме, на фэрме „Шалаш“ у ваколіцах Ялты. Тут М. А. пазнаёміўся з аднэю дзяўчынаю, захопленай і містычна настроенай; некаторы час, жывучы ў Яраслаўлі, ён падтрымоўваў з ёю перапіску і часамі з прычыны яе поглядаў, якія наводзілі яго на размышленьні, зварочваўся з пытаньнямі да А. Ю-ча. Гэтае сяброўства цягнулася і ў студэнцкія яго гады, калі і сама яго корэспондэнтка была ўжо слухальніцаю на Вышэйшых Жаночых Курсах. Ёй прысьвечаны верш 1909 г. „Цемень“ (т. I, разьдзел I, № 18). Па думцы А. Ю—ча, да яе-ж зьвернуты трыолет, напісаны на адвароце фотографічнай карткі („Я бальны, бяскрыдлаты поэт“), які таксама адносіцца да 1909 году (т. I, разьдз. I, № 6). Першы верш гаворыць аб тым, што М. А. цікавіўся настроямі сваёй корэспондэнткі, але цалкам іх ня мог успрыняць па самым характары свайго сьветаразуменьня. Другі выпадак інтымнага знаёмства, які таксама пакінуў сьлед у лірыцы М. А—ча, адносіцца да 1915 году, таксама да летняга прабываньня на поўдні, іменна ў Старым Крыме. Тут захапленьне М. Б-ча набыло больш глыбокі характар. А. Ю. называе гэты выпадак „адзіным романічным эпізодам“ жыцьця свайго сына. У іншых успамінах гэты выпадак таксама адзначаны. Н. Г. Агурцоў расказвае аб гэтым так: „Лично от меня он не скрывал, что находится в интимной переписке с одной особой, с которой он познакомился в Крыму и полюбил. Я не знал этой особы и не считал удобным распрашивать об его отношениях к этой особе. Но как мне казалось, его чувство было серьезно и сильно отражалось на его здоровье. Чувствовалось, что он переживает какой-то тяжелый внутренний кризис“. Прыблізна ў такіх-жа рысах робіць заўвагу аб гэтым выпадку А. Д. Цітоў: „В минуты откровенности Максим Адамович рассказывал мне, передавая как тайну, историю своего увлечения. Будучи на юге, он влюбился в одну женщину, но любовь была неравной и неудачной и причинила лишь ему не мало волнения“. Трэці выпадак з асабовых захапленьняў нябожчыка поэты, які адбіўся ў яго лірыцы, адносіцца да жыцьця яго ў Яраслаўлі: цэлы шэраг вершаў на беларускай і расійскай мове (гл. т. I, разьдз. IV і V), вершаў пяшчотных і чулых, згрупаваны каля імя „Аня“, у якім гадана можна бачыць адну з Яраслаўскіх знаёмых М. А-ча. Усе гэтыя выпадкі з інтымнага жыцьця поэты, што ўвайшлі, як крыніца, у яго лірыку, сьцьвярджаюць выказаную яго бацькам думку, што суадносіны М. А-ча да пачуцьця каханьня былі заўсёды надзвычайна чыстымі і нават паважлівымі. Той вобраз, „мадонны“, аб якім ён гаворыць у сваіх вершах „На вёсцы“ і „Вэроніка“ (т. I, разьдз. II, №№ 183, 184) і ў раньнім апавяданьні „Мадонна“ (т. I, разьдз. VII), быў відавочна не выпадковым стварэньнем яго фантазіі, а запраўдным выяўленьнем уласьцівых яму адносін да жанчыны і да пачуцьця каханьня.

VI.

У пачатку восені 1916-га году М. А. прыступіў да здачы апошніх залікаў у Ліцэі, але, як можна меркаваць на падставе аднаго ліста, задатаванага канцом 1916-га году (гл. рукапісы — IХ, 6, ліст да Гапановіча), усіх залікаў не закончыў; паводле даных у „Материалах“ А. Ю-ча, наадварот, залікі былі ўсе зданы. Тады-ж у восень ён у ліку іншых студэнтаў- дэмідаўцаў, якія праслухалі ўсе чатыры курсы Ліцэю, павінен быў прызывацца на вайсковую службу, — аб гэтым ён таксама ўпамінае ў адным з сваіх лістоў (у Менск, бяз даты, якая вызначаецца прыблізна верасьнем 1916-га году, гл. рукапісы — IХ, 1); але паводле слоў бацькі ён ня быў прызваны і вайсковай службы не адбываў. У Яраслаўлі ён пражыў да кастрычніка 1916-га году, аб чым ён сам гаворыць у сваёй заяве аб асабовых прыбытках, якая была падана ў участковае „присутствие по подоходному налогу“ (гл. рукапісы — IХ, 3).

У кастрычніку 1916-га г. М. А. паехаў у Менск, сказаўшы бацьку, што едзе на пэўнае месца. А. Ю. адпусьціў сына, хвароба якога ўсё больш і больш разьвівалася, з трывожным пачуцьцём, але ён ведаў, што М. Б. едзе працаваць на карысьць радзімы, якая была, паводле яго выразу, „центром его тяготения“, і дзеля гэтага ўтрымоўваць яго ня мог. Некаторыя даныя аб гэтым апошнім эпізодзе жыцьця М. А-ча мы чэрпаем ужо не з успамінаў бацькі, які, заняты ў гэты час вялікаю службоваю работаю, ня мог пільна сачыць за жыцьцём і дзейнасьцю сына, а з успамінаў тых блізкіх М. А-чу асоб, з якімі ён падтрымоўваў цесную сувязь у Менску. Я разумею А. А. Смоліча і Зьм. Бядулю, ад якіх і атрыманы весткі, што падаюцца ніжэй.

Прыехаўшы ў Менск у канцы верасьня ці ў пачатку месяца, М. А. пасяліўся ў кватэры Зьмітрака Бядулі на Ўборках па Мала-Георгіеўскай (цяпер вул. Таўстога) вул., д. № 12, кв. 4. Асобнага пакою ў кватэры ў яго ня было; ён жыў у адным пакоі разам з поэтам Бядуляй. У гэтай кватэры ён пражыў бяз выезду да ад‘езду ў Ялту. Пасьля прыезду ў Менск ён адразу быў прыняты на службу ў „Губернский Продовольственный Комитет“ сакратаром Камітэту. На гэтае месца яго раіў старшыні комітету Р. Скірмунту А. Уласаў. Апрача службы, ён быў членам Беларускага Камітэту дапамогі ахвярам вайны і разам з іншымі членамі гэтага камітэту організоўваў гурткі моладзі, якім стараўся надаць грамадзка-асьветны і нацыянальна-рэволюцыйны характар; для гурткоў ён выпрацаваў програму; на сходах аднаго гуртка, якія адбываліся на Залатой Горцы, ён рабіў невялікія даклады і чытаў вершы. Жывучы ў Менску, ён падтрымліваў сувязь з беларускімі культурнымі дзеячамі і пісьменьнікамі, якія жылі тады ў Менску: добра ведаў А. Уласава, быў знаёмы з В. Лявіцкаю, з якою яшчэ раней вёў перапіску; бываў у сям‘і Сівіцкіх; сябраваў з поэтам Бядуляю, у якога жыў; блізка сышоўся з А. Смолічам, у якога некалькі разоў быў і чытаў свае новыя творы. За гэтыя месяцы М. А. не прыпыняў свае літаратурнае працы. Ён працаваў урыўкам на службе і вечарамі дома і ў Пушкінскай бібліотэцы, дзе праседжваў часамі да 2-3-х гадзін ночы. Ён працаваў над тэорыяй поэзіі, пісаў артыкулы і вершы. Пераважны ўхіл яго літаратурнай работы за гэты час — мастацка-фольклёрыстычны: артыкулы аб народнай поэзіі і вершы народна-поэтычнага складу; апрача таго, ён перакладаў з чужаземных моваў. За гэты час былі, як відаць, напісаны ім такія вершы, як „Страцім-лебедзь“, „У Максіма на кашулі“, „Пагоня“; але магчыма, што чарнавікі гэтых вершаў ён прывёз з сабою з Яраслаўля. Апрача таго, у гэты час М. А. разам з А. Смолічам і Л. Сівіцкаю, якая была сакратаром Беларускага Камітэту дапамогі ахвярам вайны, задумаў скласьці літаратурную хрэстоматыю для старэйшых груп пачатковай школы. М. А. склаў для хрэстоматыі програму, выпаўненьне якой разьмеркавана было паміж удзельнікамі працы. Хрэстоматыя ня была выдадзена з прычыны выезду з Менску М. А—ча і з прычыны немагчымасьці яе надрукаваць; але спэцыяльна для гэтай хрэстоматыі М. А. напісаў нарыс „Городок“ (т. I, разьдз. VII) і іншыя культурна-гістарычныя нарысы.

Між тым хвароба М. А—ча разьвівалася. Ён кашляў цэлымі начамі. Зьмітраку Бядулі, разам з якім ён жыў, і яго сёстрам прыходзілася даглядаць хворага, што лажылася на іх вялікім цяжарам. М. А. гэта бачыў, але супакойваў іх тым, што ў яго ня сухоты і што ён скора ачуняе. Сам ён мала клапаціўся аб сваім здароўі, — таксама як і наогул аб сваім дабрабыце. Ня гледзячы на хваробу, ён і далей працаваў ня толькі днём, але і ноччу; працаваў у гарачцы, пры высокай тэмпэратуры ў 38—39°. У такім менавіта стане, паводле сьведчаньня А. Смоліча, быў ім напісаны ў часе службы верш „Пагоня“. Расказваючы аб гэтым за абедам А. Смолічу, поэта дадаў: „У гарачцы пішацца лёгка“.

Аднак хвароба поэты ўступіла ў такую фазу, пры якой працаваць далей было нельга. Яму далі водпуск і грашовую дапамогу для того, каб ён ехаў у Крым. У лютым месяцы 1917 г. ён паведаміў бацьку, што зьбіраецца ў Крым на два месяцы. Бацька меў замер з ім зьехацца ў Сымфэропалі, куды ён якраз быў пераведзены на службу. М. А. выехаў з Менску ў канцы лютага, але ў Сымфэропалі бацькі не знайшоў, бо той, захоплены ў Яраслаўлі лютаўскаю рэволюцыяй, сваечасова ня мог выехаць і прыбыў у Сымфэропаль, калі М. А. ужо пераехаў у Ялту. У Ялце ён, пасьля доўгіх шуканьняў кватэры, пасяліўся на Мікалаеўскай вуліцы, дом № 8, у даволі нізкім месцы, недалёка ад мора, што для слабагрудага мала падыходзіла; пакой быў з асобнымі ўсходамі, ізоляваны, мала даступны для дагляду хворага; з харчаваньнем М. А. уладзіўся таксама няўдала.

Аб гэтай апошняй падарожы ў Крым і аб умовах жыцьця ў Ялце захаваўся ліст поэты да П. Я. Гапановіча, напісаны, як відаць, за 1½—2 месяцы да сьмерці (гл. рукапісы — IХ, 10). Тут поэта спачатку з вялікаю задаволенасьцю гаворыць аб сваім жыцьці і працы ў Менску, дзе, як ён выказваецца, яго жыцьцё „обставили заботливо и любовно“, а потым пераходзіць да сваёй хваробы і падарожы ў Крым. „Не вылечили меня и послали в Крым. Молодежь устроила прощальный вечер, люди поближе провожали на вокзал — все по хорошему. Ехал я долго, ожидать поезда на пересадках (а их 4) приходилось многими часами — на ст. Бахмач 18 ч. в Ялту приехал, измотавшись. Четыре дня искал квартиру. Нашел хорошую комнату с самост. ходом, окна на море, чудесный вид, полдня светит солнце, есть балкон, вокруг дома сад и проч. Боюсь одного — не вредна ли близость к морю: дом на горе, но до моря саж. тридцать-сорок. Комната, значит, хороша, а здоровье мое пошло не в гору, а под гору. Мокроты пошло больше, температура ухудшилась, ходить стало трудно — пойдешь и засапаешься. Похудел я. А в заключение пошла кровь дня на четыре. Ослаб я к тому времени очень. Думаю, дело в том, что хозяйка на топке экономию нагоняла. Теперь помаленьку поправляюсь, хотя погода отвратительная — дождь, ветер, холодно. Из-за болезни и писать не хотелось. И это письмо пишу в два приема. Отцу я о болезни писал безо всяких подробностей. Лечусь, мол, в Ялте — и все тут. И ты не расписывай“.

Запраўды М. А. спачатку пісаў бацьку ў Сымфэропаль даволі супакойлівыя лісты, але потым перапіска спынілася: у пачатку мая месяца бацька не атрымаў адказу на два свае лісты і, заняты службаю, не пасьпеў даведацца аб сыне. А сын ужо дажываў апошнія дні. Ён увесь час быў на нагах і нават сам хадзіў па харчы. Але за тыдзень да сьмерці, калі моцна пашла праз горла кроў, ён зьлёг у пасьцель. Ён памёр 25-га (12-га ст. ст.) мая 1917 г. у адзіноце і пахаваны на ялцінскім могільніку недалёка ад Мікалаеўскай вуліцы, дзе жыў перад сьмерцю. Бацька ўведаў аб горы, якое яго спаткала, толькі на чацьверты дзень пасьля сьмерці сына. Уміраючы, сын ня даў кватэрнай гаспадыні адрасу бацькі, бо не хацеў яго трывожыць; яна знайшла ў паперах нябожчыка яраслаўскі адрас бацькі і тэлеграфавала ў Яраслаў.

Аднак, перад сьмерцю М. А., як відаць, хацеў папярэдзіць бацьку лістом аб блізкай катастрофе, але апошні ліст застаўся недапісаным і неадасланым (рукапісы — IX, 11). У ім, побач з дзелавым і спакойным паведамленьнем аб хваробе, адчуваюцца засмучоныя разьвітальныя ноты: „Здравствуй, старый воробей. Молодому воробью плохо. Врач говорит так: процесс в правом легком закончен; оно зарубцевалось и, если есть в нем немного мокроты, местами — жесткое дыхание, то это дело третьестепенное. Но туберкулез, как обычно, перешел в левое легкое и развивается, тоже, как обычно, в более острой форме. Мокроты у меня много, температуры высокие, два раза шла кровь, второй раз отплевал я ее дней в десять, но с этого кровотечения из кровати уж не встаю — ослаб окончательно. Скоро начнутся жары, надо будет уезжать из Ялты, а как в таком виде поедешь?“

Незадоўга да сьмерці поэт усё яшчэ жыў тымі ж грамадзкімі і культурнымі інтарэсамі, якія напаўнялі яго жыцьцё ў часе яго службы ў Менску; гэта можна бачыць між іншым з неадасланага ліста да А. А. Смоліча (рукапісы IX, 12). У гэтым сэнсе вельмі каштоўны і паказальны таксама апошнія вершавыя накіды, напісаныя поэтам слабеючай рукою (гл. т. I., разьдзел I, №№ 87, 88, 89). Яны гавораць ня толькі аб тым, што ён разумеў набліжэньне сьмерці, але і аб тым, што, уміраючы, ён, як і раней, любіў жыцьцё ў яго нявянучым харастве. Апошняя яго прозаічная праца, за якою застала яго сьмерць, была праца над складаньнем беларускага лемантара. Нясупыннае служэньне радзіме ўваходзіла ў яго програму хараства жыцьця.

VII

З кароткага біографічнага нарысу, дадзенага ў папярэдніх разьдзелах (I-VI), можна ўстанавіць некалькі момантаў, што мелі значэньне крыніц творчасьці для М. Багдановіча. Першым момантам, што бязумоўна пераважае сярод іншых уплываў і матар‘ялаў, якія жывілі яго музу, трэба лічыць яго ўражаньні ад бацькаўшчыны і ўсяго таго, што так ці іначай было з ёю зьвязана. Называючы гэты момант першым і пераважным, я раблю гэта не для штучнае, надуманае схемы, у якой для М. Б-ча, як беларускага поэты, на першым пляне, як крыніца, абавязкова павінна стаяць Беларусь. Не, я выходжу з пэўных фактаў, якія я толькі-што ўстанавіў. У самай рэчы, беларускія ўражаньні і ўплывы праходзяць асноўнай рысай праз усё нядоўгае жыцьцё М. Багдановіча і праз усю яго творчасьць. Паміж іншым, увагу яго чытача мімавольна спыняе адна характэрная акалічнасьць: пераглядаючы том яго вершаў, толькі зрэдку можна сустрэць вершаваны радок ці невялікую вершаваную п‘еску, навеяную абставінамі і ўражаньнямі, якія топографічна і псыхолёгічна знаходзяцца вонках яго бацькаўшчыны і зьвязаных з ёю пытаньняў. Чаму гэта так? Чаму поэта, які пражыў сваё маленства і юнацтва ў Ніжнім-Ноўгарадзе і Яраслаўлі, не адбіў у сваіх вершах уражаньняў Паволжа, быту расійскіх губэрнскіх гарадоў, прыуральскага стэпу, дзе ён некалькі разоў летаваў, Крыму, дзе ён жыў і лячыўся, і г. д? Гэтага аніяк нельга вытлумачыць недахватам яго ўражлівасьці ці недахватам таго матар‘ялу з галіны прыроды і быту, якія ён назіраў вонках свае бацькаўшчыны. Гэта можна вытлумачыць толькі тым, што ён усё сваё нядоўгае жыцьцё, у парадку свае ўнутраное, моральнае дысцыпліны, цалком аддаў бацькаўшчыне, што ён сам пасьвяціў сябе ў рыцары гэтай „даме“ свайго юнацкага роману, што ён, зьвязаны сваёю любасьцю да бацькаўшчыны і слугаваньнем ёй, мысьліў сябе нявольным аддаваць сваё натхненьне чаму-небудзь і каму-небудзь іншаму, апрача тэй — скажам словамі яго поэтычнай сымболікі — „мадонны“, якая была для яго „lumen coeli, sancta rosa“, і якой аднэй ён мог, як поэта, маліцца і слугаваць.

Адкуль ідуць гэтыя выключна трывалыя і, так сказаць, пэрманэнтныя ўражаньні і ўспаміны аб бацькаўшчыне і сувязі з ёй? Вядома, не з абстаноўкі жыцьця поэты ў Менску, адкуль ён выехаў з сям‘ёй у Горадню шасьці з невялікім месяцаў узросту. І нават ня з раньняга маленства ў Горадні таму, што, як было яму пяць год, ён ужо выехаў і з Горадні, і, значыцца, ня мог вынесьці з гэтае пары свайго жыцьця больш ці менш трывалых успамінаў аб прыродзе, быце і мове свае бацькаўшчыны. І поэтаў бацька, Адам Юравіч, і сам поэта спасылаюцца ў даным выпадку на атавізм, які даў, на іх погляд, аснову беларускім настроям поэты; але атавізм сам-па-сабе яшчэ нічога не высьвятляе, таму што з карэньня атавізму, як-бы яно ня было глыбокае, яшчэ не маглі-б узрасьці краскі творчасьці ўласна на беларускія тэмы, калі б сам атавізм не атрымоўваў бязупыннага жыўленьня і ў маленстве і ў юнацтве поэты. У гэтым жыўленьні і карэніцца прычына ўхілу творчасьці М. Багдановіча ў бок бацькаўшчыны і тэм, зьвязаных з ёю. Сюды, да крыніц, што жывілі гэты пераважна беларускі ўхіл творчасьці М. Багдановіча, належыць перш за ўсё ўплыў на поэту крэўных, дзе падтрымоўваліся беларускія традыцыі, гэтае, як выражаецца А. Ю., „беларускае колёніі ў далёкім краі пры сутоку Акі і Волгі“. Колёнія гэтая складалася з бацькі поэты і яго сваякоў — сем‘яў Гапановічаў і Галаванаў; у гэтай „беларускай колёніі“ поэта мог ужо ў маленстве часам чуць беларускую мову (з успамінаў А. Ю. ня відаць, аднак, у якой ступені ў гэтым сваяцкім асяродзьдзі карысталіся беларускаю моваю), нярэдка чуў беларускія казкі, песьні, прыказкі і „крылатыя слоўцы“ з народнае мовы. Найбольшы ўплыў у гэтым асяродзьдзі мог мець на поэту яго бацька. Уласна ён пры дапамозе сваіх вусных гутарак на народна-поэтычныя тэмы і сваіх запісаў фольклёрнага матар‘ялу, атрыманых ім сваім парадкам ад свае бабкі (поэтавае прабабкі) Р. К. Асьмак, перадаў свайму сыну конкрэтную спадчыну ў выглядзе твораў народнае творчасьці, народна-поэтычных тэм і мотываў мітатворчага зьместу, народна-поэтычных вобразаў, сымболяў, параўнаньняў ды іншых спосабаў народна-поэтычнага стылю. У гэтым пункце перад дасьледчыкам беларускае літаратуры, у прыватнасьці дасьледчыкам уласна творчасьці М. Багдановіча, паўстае зусім конкрэтнае пытаньне аб генэтычнай сувязі шмат-якіх яго вершаў, — асабліва тых, што пабудованы на вобразах і малюнках з галіны народнае мітатворчасьці, — з матар‘ялам кнігі яго бацькі „Перажытки древнего миросозерцания у белоруссов“ (Гродно, 1895). Гэта — тэма для невялікіх, але докумэнтальных дасьледзін, якія павінны знайсьці свайго аўтара сярод пачынаючых гісторыкаў беларускае літаратуры. З тае прычыны, што апрача матар‘ялаў па народнай творчасьці, што меліся ў руках бацькі, М. А. яшчэ ў маленстве, пры першапачатковым сваім навучаньні, карыстаўся зборнікамі Шэйна і Раманава, дык перагляд гэтых зборнікаў пад кутом іхняга ўплыву, як крыніцы, на творчасьць М. А., быў-бы таксама ня лішнім і таксама мог-бы ўкласьціся ў конкрэтнае гістарычна-літаратурнае заданьне.

Паміма непасрэднага ўплыву крэўных („беларускае колёніі“) і хатняга чытаньня зборнікаў беларускае народнае поэзіі, конкрэтнай крыніцай для беларускіх тэм у творчасьці М. Багдановіча трэба лічыць яго пабыўку на бацькаўшчыне ў 1911 годзе. Ён пабыў два разы ў Вільні, прабавіўшыся там увогуле некалькі дзён, і пражыў каля месяцу ў сялібе аднаго з сваякоў А. Луцкевіча, якая знаходзілася недзе паміж Вялейкаю і Менскам. Непасрэдныя ўражаньні ад прыроды і быту бацкаўшчыны, непасрэдныя сустрэчы з землякамі, — пісьменьнікамі і грамадзкімі дзеячамі, якія стаялі тады ў шэрагах беларускага руху, нават непасрэдны агляд некаторых памятак беларускае старасьветчыны (рукапісныя славянскія кнігі, слуцкія паясы і да т. п.) — усё гэта ўзбагаціла яго сьвежымі настроямі і думамі на беларускія тэмы, узьняло яго бадзёрасьць і веру ў свае сілы. Недарма поэта ў 1910 годзе, калі ён толькі яшчэ лятуцеў аб пабыўцы на бацькаўшчыне, у адным вершы параўноўвае сябе з Антэем, які даткнуўся да грудзей роднае зямлі і чэрпае ў яе новую моц для жыцьцёвага змаганьня:

Паломаны жыцьцём, чакаючы магілы,
Радзімая зямля, прынікнуў я к табе,
І бодрасьць ты ўліла ў слабеючыя жылы,
Зварушыла маёй душы драмаўшай сілы,
І месца ў ёй з тых пор няма ўжо больш жальбе.

Гэты верш („Калі зваліў дужы Гэракл у пыл Антэя“ — т. I, разьдз. II, № 153), з якога я бяру другую строфу, як-бы папераджаў захапленьне поэты ад тых ураджаньняў, шт пасьля ён вынес з паездкі ў 1911 годзе. Запраўды, тое, што напісана ім пад простым уплывам гэтае паездкі, г. зн., прыкладам, вершы „У вёсцы“, „Вероніка“, шэраг вершаў, прысьвечаных уражаньням ад гарадзкога жыцьця Вільні і згрупованых пад цыклем „Места“ (пар. аддз. II, №№ 131 і 132), урэшце, некалькі вершаў, што склалі цыкль „Старая Беларусь“ (разьдз. II, №№ 123, 124, 125, 126, 127) — усё адзначаецца нязвычайнай сьвежасьцю фарбаў, конкрэтнасьцю і жыцьцёвасьцю зьместу. У той час як больш раньнія яго вершы на беларускія тэмы даюць замалёўку беларускае прыроды, бытавога жыцьця і псыхікі па ўстаноўленым яшчэ перад ім у беларускай поэзіі шаблёну смутлівага народніцтва, вершы, напісаныя пад уплывам уражаньняў лета 1911 г., даюць бадзёрае і радаснае ўспрыманьне бацькаўшчыны, у якой поэта знаходзіць яскравыя фарбы і сьветлыя блікі. Да гэтай групы вершаў, больш бадзёрых у тоне і больш жыцьцёвых у тэме, трэба, мне здаецца, аднесьці таксама некаторыя вершы, што не ўвайшлі ў свой час у „Вянок“ і былі надрукованы на старонках „Нашае Нівы“; гэта, прыкл., вершы „Ізноў пабачыў я сялібы“ і „Споўненае абяцаньне“ (разьдз. I, № № 49, 50). Вывучэньне гэтае крыніцы творчасьці М. Багдановіча, г. зн. віленскіх і вясковых яго ўражаньняў, перажытых улетку 1911 г., становіць таксама конкрэтнае заданьне дасьледчыку данага пытаньня; але для выкананьня гэтага заданьня пакуль няма выстарчальнае колькасьці матар‘ялу, г. зн., у меншай меры, адпаведных успамінаў аб бытаваньні поэты ў Вільні і ў сялібе дзядзькі А. Луцкевіча (успаміны В. Ластоўскага даюць для гэтай мэты мала даведак). Таксама-ж, пакуль ня высьветлены даволі конкрэтна і крыніцы вершаў М. Багдановіча, прысьвечаных гістарычнай Беларусі і таксама навеяныя паездкаю 1911 г. Дасьледчык творчасьці М. Багдановіча, вядома, установіць, пад якімі бліжэйшымі ўражаньнямі напісаны такія, прыкл., вершы, як „Кніга“ (разьдз. II, № 125), што мае на ўвазе пэўны кніжны помнік, з якім поэта мог азнаёміцца ў Вільні, ці верш „Безнадзейнасьць“ (аддз. II, № 127), зьвязаныя з традыцыяй аб асобе Фр. Скарыны. Крыніца вершу „Слуцкія ткачыхі“ (аддз. II, №№ 126а і 126б) больш выразная: гэта — бясспрэчна, самыя орыгіналы паясоў, што ён бачыў у Вільні, і тая гістарычная даведка, якую ён там наконт іх атрымаў. Даведка аказалася недакладнай і прымусіла поэту паграшыць супрочь гісторыі (гл. т. I, увагу да верш. №№ 126а і 126б), але той мастацкі вобраз, што склаўся на гэтай аснове, атрымаўся закончаным у тэме і павабным у сваёй маляўніча-эмоцыянальнай апрацоўцы. Іншыя крыніцы твораў М. Багдановіча на беларускія тэмы маюць ужо пераважна кніжны характар: іх трэба шукаць у тых кнігах, — галоўным чынам, у навуковых творах і зборніках па беларусазнаўству, над якімі ён працаваў у старэйшых клясах гімназіі і асабліва ў гады навучаньня ў Яраслаўскім Ліцэі, а таксама ў зносінах яго з некаторымі блізкімі яму асобамі, як А. К. Кабанаў, якія маглі даць яму той ці іншы матар‘ял у даным кірунку; перапіска яго з беларускімі пісьменьнікамі і грамадзкімі дзеячамі таксама дае ў гэтых адносінах некаторы матар‘ял дасьледчыку. Гэта таксама адна з конкрэтных тэм агульнага пытаньня аб крыніцах творчасьці М. Багдановіча.

Побач з уплывам з боку бацькаўшчыны, які ішоў шляхам зносін з жывымі людзьмі і шляхам чытаньня кніг, былі, вядома, нейкія іншыя ўплывы на поэту, што пашыралі кругагляд яго назіраньняў і дум да меж усяе навакольнае рэчаіснасьці — ня толькі беларускае і украінскае, але і вялікарускае і нават заходня-эўропейскае. І ў самай рэчы, сярод вершаў поэты ёсьць, як мы пабачым ніжэй, невялікая група такіх, якія напісаны на тэмы не спэцыяльна-беларускага, а, так сказаць, наагул сучаснага поэце соцыяльна-бытавога зьместу. Адкуль ідуць гэтыя тэмы ў творчасьці М. Багдановіча? Яны ткасама, бясспрэчна, не выпадковы. На аснове біографічных матар‘ялаў у мяне склалася ўражаньне, што і ў гэтым дачыненьні павінен быў аказаць значны ўплыў на поэту яго бацька. Грамадзкі працаўнік складам розуму і характарам свае дзейнасьці, у свой час актыўны народаволец (1882-1892), А. Ю. ня мог не перадаць свайму сыну некаторага грамадзка-політычнага ўхілу ў бок актыўнага народніцтва. Гэтым, вядома, і тлумачыцца, што шмат-якія вершы М. Багдановіча на беларускія тэмы ня проста прасякнуты смутлівым народалюбствам, але і палаюць гнеўным протэстам супроць прыгнечаньня народных мас і заклікам да змаганьня за вызваленьне іх ад соцыяльна-экономічнага ўціску. Адсюль-жа вядуць сваё паходжаньне і тыя вершы, што бяруць гэтую тэму аб соцыяльным уціску шырэй, у роўніцы сучасных поэце соцыяльных дачыненьняў наагул (пар. „Мяжы“ — аддз. I. № 59). Апрача бацькі, вядомы ўплыў на поэту ў тым-жа кірунку маглі аказаць і некаторыя яго знаёмствы. Якое ўласна — пакуль мы ня можам на гэта адказаць конкрэтна, таму што для гэтага няма фактычных даных. „Материалы“ А. Ю-ча гавораць, галоўным чынам, яб Яраслаўскіх сувязях поэты, — асабліва з супрацоўнікамі „Голоса“. Зусім магчыма, што ў іхнім асяродзьдзі поэта знайшоў і абмяркоўваньне набалелых грамадзка-політычных пытаньняў, асабліва тых соцыяльных супярэчнасьцяй перадрэволюцыйнае пары, што шырака трактаваліся ў пачатку XX сталецьця ў колах расійскае інтэлігенцыі, як грамадзкіх, гэтак і літаратурных. Вядомае значэньне ў сэнсе крыніцы грамадзка-політычных настрояў М. Багдановіча мелі таксама і кнігі. Кнігі соцыяльна-політычнага характару ўпяршыню ўспамінаюцца ў біографіі поэты ў гады яго гімназічнае навукі, а ўласна ў гады рэволюцыйнага руху ў Яраслаўскай гімназіі (1905-6 і 1906-7 гг.). У гэты час яго зацікавілі Бакунін, Прудон, Эльцбахер, Малятэста, Чэркезаў і інш. Выходзячы з гэтых кніжных уплываў, рэволюцыйны ўхіл М. Багдановіча за гады вучнёўства, як відаць, трэба азначыць, як індывідуальна-анархіцкі. Анархізм яго, вядома, нельга разумець, як трывалае захапленьне; але да індывідуалізму ён меў бясспрэчны нахіл. Гэта пацьвярджаецца пазьнейшымі сымпатыямі поэты да соцыялёгічнае тэорыі ўласна такога кірунку. У артыкуле, прысьвечаным Н. Д. Ножыну („Ежем. журнал“, 1916, № 6 — т. II, № 60) ён з вялікім захапленьнем гаворыць аб гэтым біолёгу-нігілісту 60-х гадоў уласна, як аб яскравым выражальніку індывідуальна-соцыялёгічнага сьветагляду. У гэтым артыкуле М. Б. выкладае яго тэорыю таго тыпу грамадзтва, які можна назваць грамадзтвам „однородным“ ці „недробным“; у аснове гэтага грамадзкага ладу ляжаць „интересы личности“; гэты тып грамадзтва Ножын проціставіць другому тыпу грамадзкага жыцьця, пры якім „личность почти низведена на степень простого органа общественного целого“. Ножын, вывучаўшы на ўзьбярэжжы Міжземнага мора прасьцейшых марскіх жывёлін, прототып першага грамадзкага ўкладу бачыў у „колонии гидр“ (гідра прасьцейшая вадзяная жывёліна), а прототып другога віду грамадзтва — у „колонии сифонофор“ (прасьцейшыя морскія жывёліны). Сымпатыі М. Багдановіча, відаць, на баку першага тыпу, дзе грамадзтва не паглынае асобы, і, наадварот, ён адмоўна адносіцца да другога віду грамадзкага жыцьця, што відаць, паміж іншым, з яго вершаванага накіду (аддз. IV, № 261 — „Усплывае грамада сыфонофора“), дзе ў вобразе „грамады“ сыфонофор ён у мінорных рэгістрах гаворыць аб такім грамадзтве, якое жыве „бяз шчасьця і бяз гора“. Ацэньваючы крыху раней („Голос“, 1914, № 22 — т. II, № 61) Н. К. Міхайлоўскага, уласна як вучня Н. Д. Ножына, ён з асаблівай увагай затрымліваецца на індывідуалістычным баку сьветапогляду Міхайлоўскага і нават цытуе яго формулу прогрэсу, дзе, як вядома, адведзена віднае месца (ужывём тэрмін П. Л. Лаўрова) „крытычна-мысьлячай асобе“. „Прогресс есть — цытуе М. Багдановіч Міхайлоўскага — постепенное приближение к целостности неделимых (т. е. личностей), к возможно полному и всестороннему разделению труда между органами и возможно меньшему разделению труда между людьми“… Гэтую формулу М. Багдановіч называе „замечательной“, „определяющей собою содержание всего литературного наследия, оставшегося от Михайловского“. Адсюль можна думаць, што самога поэту і ў гады гімназічнае навукі і ў студэнцкія гады больш цікавіла тая форма грамадзкага жыцьця, якую раскрывалі ў сваіх артыкулах Ножын і Міхайлоўскі. Гэтая форма разумеецца ў Ножына як такая „система общественного устройства“, якая „наиболее обеспечивает гармоническое развитие личности“ (цытую артыкул М. Багдановіча аб Ножыну). Я ня хочу гэтым сказаць, што мысьлю М. Багдановіча, як такога, які цалком падзяляў пераконаньні Ножына ці, прынамсі, Міхайлоўскага. Але мне здаецца ўсё-ткі, што ў соцыяльнай самасьвядомасьці поэты індывідуалізм быў кіраўнічым фактарам. Гэта ў цалку адпавядала таму інтэлігенцкаму асяродзьдзю, якое было блізкім поэце і якое часткаю жыло яшчэ традыцыямі ідэй Лаўрова і Міхайлоўскага, часткаю шукала новых аўторытэтаў для ўгрунтаваньня свайго сынтэзу свабоды асобы і неабходнасьці грамадзкага слугаваньня. З гэтых даведак больш ці менш азначаецца соцыяльна-культурная позыцыя поэты ў гады яго студэнцтва. Калі выразна паставіць пытаньне, да якой уласна грамадзкай групы ён належаў паводле складу сваіх пераконаньняў, дык на гэтае пытаньне можна адказаць так. Ён належаў да тае часткі інтэлігенцыі перадрэволюцыйнае пары, якая рашуча адмежавалася ад інтэлігенцкага мяшчанства, што жыло дробна-буржуазнымі ідэаламі, але ня прыстала і да актыўнага рэволюцыйнага руху. Гэтая частка інтэлігенцыі заняла асаблівую позыцыю: ставячыся адмоўна да соцыяльнае неўпарадкаванасьці сучаснага ёй ладу жыцьця, яна ў той жа час проціставіла яму не якую-небудзь выразную програму новае соцыяльнасьці, а адно — агульныя імкненьні, накірованыя да жыцьця больш культурнага, больш чалавечнага і больш дасканальнага ў соцыяльным сэнсе. Гэта тая частка інтэлігенцыі, якую мы адчуваем у некаторых індывідуалістых раньніх твораў М. Горкага, што протэстуюць супроць навакольнага соцыяльнага зла ў імя лепшае будучыны; гэта тая інтэлігенцыя, што зарысована ў асобе чэхаўскае моладзі ў яго драмах, моладзі, што гаворыць аб жыцьці працоўным, праўдзівым і прыгожым; тая інтэлігенцыя, якую малюе Купрын у асобе сваіх герояў, што мысьляць і пярэчаць (але не актыўна, а адно эмоцыянальна) супроць „молоха“ капіталу і яго жрацоў-драпежнікаў жыцьця. У склад гэтае інтэлігенцыі ўваходзіла значная частка расійскіх белетрыстых і поэтаў канца XIX-га і пачатку XX-га веку, — паміж іншым, і поэты-сымболісты. Я думаю, што да гэтай часткі інтэлігенцыі свайго часу можа быць да вядомае ступені залічаны і М. Багдановіч. Гэтым уласна і тлумачыцца, што ён, будучы далёкім ад інтэлігенцкага мяшчанства, ня выявіў, аднак, больш азначана свае грамадзка-політычнае позыцыі, а жыў агульным адмаўленьнем сучасных яму соцыяльных супярэчнасьцяй і агульнымі думамі ды лятуценьнямі аб аднаўленьні соцыяльнага ладу. Да гэтага неабходна дадаць, што соцыяльна-культурная позыцыя М. Багдановіча была цесна ўвязана з імкненьнямі нацыянальнага беларускага адраджэньня і ў ім уласна больш за ўсё знаходзіла сваё канкрэтнае выяўленьне. Заданьне гісторыка літаратуры ў адносінах да данага пытаньня ў аналізе творчасьці поэты зводзіцца да таго, каб уважліва вывучыць рукапісны матар‘ял, што захаваўся (поэтавы сшыткі, запісы яго на паасобных лісткох, сьпіс прачытаных ім ці прызначаных на прачытаньне кніг і г. д.) і ўстанавіць больш дакладна круг грамадзкіх інтарэсаў і ідэй, сярод якіх ён жыў і якія ператварыў у мастацкія вобразы сваіх вершаў, напісаных на сучасныя яму соцыяльна-культурныя тэмы.

З тае прычыны, што апрача вершаў на беларускія тэмы і вершаў на сучасныя поэце соцыяльна-культурныя тэмы, поэзіі М. Багдановіча ўласьцівы і вершаваныя творы, прысьвечаныя агульна-людзкім проблемам, пераважна псыхолёгічнага характару, дык трэба думаць пра наяўнасьць у яго творчасьці яшчэ і трэцяе крыніцы (апрача дзьвёх, ужо паказаных), якая азначала гэтую трэцюю групу яго тэм. Трэба ўзяць пад увагу, што апрацоўка і асьвятленьне тэм гэтае групы адрозьніваецца некаторым налётам пэсымізму. Пэсымізм наогул быў уласьцівы тэй групе інтэлігенцыі, да якой толькі што мы залічылі М. Багдановіча. Для адных крыніцаю гэтага пэсымізму была рэакцыйная эпоха канца XIX сталецьця і той грамадзкі індэфэрэнтызм, які парадзіла гэтая эпоха; у другіх пэсымітычны настрой жывіўся філёзофіяй Гартмана і Шопэнгаўэра і нават Ніцшэ; трэція сваеасаблівую сымфонію пэсымізму падслухалі ў сучаснай ім сымболістычнай поэзіі, асабліва ў францускіх сымболістаў. Пры гэтых адменнасьцях агульным у інтэлігентаў-пэсымістаў канца XIX — пачатку XX стал. было тое, што яны падыходзілі да хворых пытаньняў, якія мучылі іх, не з соцыяльна-культурнага, а з філёзофскага і псыхолёгічнага погляду і ў такой уласна роўніцы разьвязвалі пытаньні аб каштоўнасьці чалавечага пачуцьця, чалавечае думкі, волі, чалавечае моралі і да т. п. Гэты павеў эпохі бясспрэчна захапіў і М. Багдановіча, — адным, прынамсі, крылом. У поэзіі яго маюць месца і пэсымістычныя мотывы. Крыніцы яго пэсымізму былі падвойнага роду — і соцыяльна-культурнага, і чыста-літаратурнага характару. Першую крыніцу трэба шукаць у ўмовах соцыяльна-культурнага быту яго бацькаўшчыны, гістарычны лёс якое ён перажываў дужа чула і нават хваравіта, хоць і браў пасільны яму ўдзел у яе адраджэньні. Другая крыніца крыецца ў сымболізме, асабліва ў францускім, і ў прыватнасьці ў Вэрленаўскім, таму што якраз у Верлена М. Багдановіч сустрэў тое пэсымістычнае сьветаразуменьне, з якім у яго псыхіцы знайшліся некаторыя агульныя перажываньні. Азначаючы гэты пэсымізм, як адбітак эпохі, як forme d‘esprit таго часу, трэба прызнаць, што М. Багдановіч аддаў яму вядомую даніну, але разам з тым удвая яго перамог: смутак аб лёсе бацькаўшчыны ў яго саступаў месца надзеям на яе адраджэньне, а пэсымістычныя настроі сымболізму рашчыняліся ў яго ў сьветлых мотывах красуючага хараства жыцьця. Больш дэтальна пытаньне аб крыніцах пэсымізму ў М. Багдановіча і аб самым характары яго пэсымізму можна ў дасьледчым парадку ўстанавіць на аснове вывучэньня ўспамінаў аб ім, яго перапіскі і адпаведнай данаму пытаньню групы вершаў.

Гэткія крыніцы творчасьці М. Багдановіча, што азначаюць да некаторае ступені тэматыку тых яго твораў, у якіх ён рэагуе на соцыяльна-культурныя зьявы і проблемы яго эпохі: на лёс свае бацькаўшчыны, на соцыяльнае жыцьцё свайго часу наагул і на агульна-людзкія проблемы псыхолёгічнага пераважна характару. Побач з гэтымі крыніцамі конкрэтна-жыцьцёвага зьместу, у яго творчасьці мелі месца і літаратурныя крыніцы ды ўплывы. У схэме гэтае групы крыніц, як і ў першай, ужо разгледжанай, групе, ёсьць вядомая градацыя: там у сваіх успрыманьнях конкрэтнага жыцьця поэта ішоў ад бацькаўшчыны да сучаснасьці наогул і навакольнае сучаснасьці да самых шырокіх агульналюдзкіх пытаньняў; тут, у галіне літаратурных уплываў, ён ідзе аналёгічным шляхам: ад уплываў беларускай народнай поэзіі і беларускай мастацкай літаратуры да ўплыву славянскіх літаратур, а ад іх да літаратур заходня-эўропейскіх, г. зн. да літаратурных крыніц усясьветнага маштабу. Пытаньне аб літаратурных уплывах на М. Багдановіча зьяўляецца ў дасьледваньні яго творчасьці даволі складаным заданьнем і патрабуе папярэдняга аналізу адпаведных матар‘ялаў. Тут, у кароткім нарысе, я магу адно вызначыць паасобныя моманты гэтага заданьня, але не разьвязваць яго дэтальна. Уплыў беларускае літаратуры патрэбна ўстанавіць у двох відах: уплыў народнае вуснае творчасьці і ўплыў паасобных пісьменьнікаў, асабліва нашаніўскае пары. Параўнальны аналіз тэматыкі яго вершаў фольклёрыстычнага характару і роўналежна з імі тых зборнікаў і прац па беларусазнаўству, якімі ён карыстаўся (Шэйна, Раманава, Радчанкі, Карскага і інш.), павінен даць вядомыя вывады па пытаньні аб адносінах яго мастацкага фольклёрызму да матар‘ялаў беларускае народнае творчасьці. З уплываў мастацкае літаратуры нашаніўскае пары, я думаю, трэба было-б высьветліць магчымы ўплыў на яго поэзіі Я. Коласа і Я. Купалы, бо некаторыя з вершаў яго, напісаных на беларускія тэмы, крыху нагадваюць літаратурную манеру (тэматыку, композыцыю, ідэёвую ўстаноўку) названых поэтаў; мяркуючы па даных перапіскі, можна думаць, што пэўны ўплыў на мастацкую форму, у прыватнасьці на тэматыку вершаў М. Багдановіча, маглі зрабіць В. Ластоўскі і С. Палуян; высьвятленьне іхняе ролі ў разьвіцьці творчасьці М. Багдановіча павінна скласьці асобнае невялікае дасьледчае заданьне. З славянскіх літаратур найбольш цесна ўвязаў сябе М. Багдановіч з украінскай літаратурай. Мяркуючы па даволі вялікай колькасьці перакладаў з украінскіх поэтаў, а таксама і па крытычных артыкулах, прысьвечаных Шаўчэнку, Самійленку і Чупрынку, трэба зрабіць вывад, што украінская поэзія ня проста займала яго цікавасьць, але да некаторай ступені і жывіла формальна, а можа быць, і ідэёва, паколькі ў украінскіх поэтаў знаходзіліся агульныя тэмы і мотывы з поэтамі беларускімі. Гэтае пытаньне — г. зн. наконт перакладаў М. Багдановіча з украінскае мовы, наконт адносін яго да украінскае поэзіі (па крытычных артыкулах яго), аб супрацоўніцтве яго ў „Украинской Жизни“ і аб сувязях з украінскімі пісьменьнікамі і журналістамі — павінна скласьці асобны этюд, які дасьць фактычную аснову і для высьвятленьня магчымага ўплыву на М. Багдановіча украінскай поэзіі. Артыкулы М. Багдановіча, прысьвечаныя этнографіі, быту і гісторыі славян, дадуць матар‘ял для вызначэньня яго поглядаў на славянства і яго славянскіх сымпатый. Уплыў расійскае літаратуры бясспрэчны, таму што М. Багдановіч выхоўваўся на клясычных узорах расійскае літаратуры; але ўстанавіць яго нялёгка, бо ён выражаецца не ў паасобных момантах (прыкл., ва ўплыве якога-небудзь аднаго пісьменьніка), а ў агульнай, органічнай сувязі яго літаратурнай манеры з мастацкімі формамі расійскае поэзіі. Больш за ўсё гэты ўплыў адчуваецца ў тэй групе вершаў у расійскай мове, якія зьмешчаны ў Ѵ-м разьдзеле; таму гэтыя вершы падлягаюць дэтальнаму вывучэньню пад кутом данага погляду; часткаю гэтае можна сказаць і пра апавядальныя мініятуры М. Багдановіча, напісаныя мастацкаю прозай (аддз. VII). Што да заходня-эўропейскае літаратуры, дык тут спыняюць на сабе ўвагу пераклады М. Багдановіча з Г. Гейнэ і П. Вэрлена. Відавочна, гэтыя два поэты зацікавілі яго больш за іншых як ідэёвым зьместам свае творчасьці, гэтак і формальна-мастацкім яе бокам. Магчымасьць іхняга ўплыву на М. Багдановіча павінна быць выверана шляхам дэтальнага дасьледваньня; загадзя можна пры гэтым сказаць, што калі Г. Гейнэ крыху завастрыў думы М. Багдановіча, надаўшы ім некаторую крытычную едкасьць і нечаканасьць парадоксу (гл. радз. II, цыкль „Вольныя думы“), дык Вэрлен зацікавіў яго сваім складаным і тонкім сьветаадчуваньнем, — праўда, атручаным вялікаю дозаю пэсымізму, але ў той жа час поўным глыбокага разуменьня хараства і трагізму жыцьця; апошнія два мотывы маюць месца і ў творчасьці М. Багдановіча.

Перад намі, гэткім чынам, шэраг крыніц творчасьці М. Багдановіча, што вынікаюць, як вывад, з агляду асноўных момантаў яго біографіі. Гэтыя крыніцы, сваім парадкам, азначаюць тэматыку яго вершаў, яго мастацкае прозы і часткаю нават яго крытычных, публіцыстычных і этнографічных артыкулаў. Да аналізу тэматыкі ў творчасьці М. Багдановіча нам цяпер і трэба зьвярнуцца.

VIII.

Як відаць з папярэдняга нарысу, крыніцы творчасьці М. Багдановіча ўкладваюцца ў нескладаную параўнаўча схэму: бацькаўшчына і ўплывы, з ёю зьвязаныя, сучасныя поэце соцыяльна-культурныя проблемы і настроі і, нарэшце, уласна літаратурныя крыніцы яго твораў. Гэтыя крыніцы абумоўлівалі сабою яго тэматыку, узятую ў асноўных групоўках яго тэм і мотываў.

Тэматыка творчасьці М. Багдановіча, узятая соцыолёгічна ў роўніцы свайго зьместу, у якім адлюстроўваецца асабовае жыцьцё поэты і яго адносіны да вакольнай рэчаіснасьці, бязумоўна, займе ў гісторыі беларускае літаратуры нашаніўскае пары выдатнае месца, як паводле рознастайнасьці тэм, так і паводле іх орыгінальнай апрацоўкі.

Возьмем тэмы, якія зьвязаны з першай крыніцай — бацькаўшчынай поэты і яе ўплывам на яго. Гэтыя тэмы праходзяць праз абодвы разьдзелы яго вершаў — і праз творы 1908—1917 гг., якія ня былі зьмешчаны ў „Вянку“, і праз самы зборнік „Вянок“. Іх вельмі многа, іх ня трэба пералічваць: за выключэньнем некалькіх вершаў, якія маюць сваім зьместам выключна інтымныя перажываньні поэты ці абставіны яго жыцьця на чужыне (галоўным чынам у Яраслаўлі), або нарэшце, нямногіх такіх (таксама далёкіх па тэме ад уражаньняў бацькаўшчыны) твораў, як нерытмованы верш „Над морам“ (№ 22), — рэшта неразлучна зьвязана з бацькаўшчынай і адлюстроўвае яе поўна і рознастайна. Пры гэтым заслугоўвае ўвагі тая асаблівасьць таленту М. Багдановіча, што ён — больш лірык, чым эпік — амаль у кожным вершы настолькі перамагае свой прыродны мастацкі індывідуалізм, што часта дае тыповыя зарысоўкі беларускай прыроды і жыцьця, якія вызначаюцца тэй умоўнай об‘ектыўнасьцю, якая даступна ня кожнаму лірыку. Вось чаму ў вершах М. Багдановіча на беларускія тэмы мы знаходзім ня проста агульныя імкненьні поэты да бацькаўшчыны, але і конкрэтныя адлюстраваньні беларускае прыроды, беларускага быту і псыхікі працоўнага беларуса, — адным словам, усе тыя тэмы, якія дазваляюць крытыку-соцыолёгу ўвязаць лірыку поэты з соцыяльна-культурнымі абставінамі жыцьця яго часу.

Зарысоўкі беларускае прыроды мы знаходзім у цэлым шэрагу вершаў, напр., у №№ 9, 10, 11, 12, 13, 14, 15, 16, 17 і г. д. у першым разьдзеле і яшчэ больш у разьдзеле „Вянок“, дзе першыя тры цыклі вершаў амаль усе скомпанованы на фоне малюнкаў беларускае прыроды. Але, вядома, ня тое толькі важна, што М. Багдановіч малюе ў сваіх вершах прыроду: гэта робяць і другія поэты яго пары. Важна тое — з погляду крытыка-соцыолега, — у якой меры ўдаецца М. Багданавічу падвесьці ў гэтым выпадку сваіх чытачоў да таго пазьнаньня жыцьця, якога соцыолёгічная крытыка з поўным правам шукае ў творах мастацтва. У гэтым пункце якраз і знаходзіцца ўласьцівая М. Багдановічу асаблівасьць яго тэматыкі беларускае прыроды: ён удала схоплівае якраз яе абагульняючыя рысы і дае звычайна сьціслыя, але ў той жа час, бязумоўна, тыповыя, зарысоўкі беларускіх краявідаў і пэйзажаў. Гэта тым больш зварочвае на сябе ўвагу, што поэта да 1911 году ня бачыў беспасрэдна беларускае прыроды, а пазнаваў яе апасрэднымі шляхамі (цераз апавяданьні другіх асоб, апісаньні, ілюстрацыі і г. д.). І тым ня менш даволі прачытаць некалькі юнацкіх яго вершаў, якія напісаны яшчэ да 1911 году, напр. „Лясун“ (№ 11) „Старасьць“ (№ 12), „Асеньняй ноччу“ (№ 14), „Падвей“ (№ 15) і г. д., каб схапіць агульны колёрыт і нават агульныя вобразныя адзнакі пэйзажу беларускага лесу і поля. Поэта не дэталізуе сваіх малюнкаў, таму што ён піша не на аснове асабовага вопыту, а больш па здагадцы, інтуіцыйна; ён опэруе тут нязначным лікам мазкоў і контураў для сваіх зарысовак (цёмная пушча, мох, сьпелая брусьніца, галіны вальхі і г. д.), але, дзякуючы ўдачлівай композыцыйнай растаноўцы і адпаведнай рытміцы і рыфмоўцы, ад гэтых нязначных лікам і нескладаных элемэнтаў малярства атрымоўваецца закончанае тыповае цэлае, якое робіць уражаньне конкрэтнасьці і колёрытнасьці. У наступныя гады, калі ў яго, дзякуючы паездцы на бацькаўшчыну ў 1911 годзе, набраліся ўласныя ўражаньні ад беларускае прыроды, яго малюнкі сталі прыкметна деталёвей, але захавалі гэты пераважны ўхіл у бок абагульненьня і тыпізацыі. У гэтых адносінах, як прыклады, асабліва цікавы вершы „Ізноў пабачыў я сялібы“ (№ 49, 1913 г.), „Споўненае абяцаньне“ (№ 50, 1913 г.), „У вёсцы“ і „Вэроніка“ (№№ 183—184, 1911-12 г.); у гэтых вершах зарослая травой сяліба, прарэзаны чыгуначным насыпам і заліты сонцам бор, убогі вясковы краявід з крывой ігрушай і рознакалёрным макам, адзічэлы сад пры старасьвецкім доме — усё ўзьведзена ў шэраг няштучна-простых і ў той-жа час мастацка закончаных тыповых малюнкаў, якія бязумоўна даюць чытачу пазнаньне беларускае прыроды, узятай у мастацкіх абагульненьнях.

Ухіл да тыпізацыі — гэта адна з асаблівасьцяй тэматыкі М. Багдановіча, у тым ліку і яго тэматыкі прыроды. Другая асаблівасьць — увязка з малюнкамі прыроды вобразаў і малюнкаў мітатворчага зьместу. Ізноў-жа гэта не вынаходка М. Багдановіча. Карыстаньне мітатворчымі мотывамі ўласьціва і другім беларускім поэтам. Ды і наогул у эпоху М. Багдановіча, калі ажывіўся ў літаратуры мастацкі фольклёрызм, зварот да міту, легенды, народна-поэтычнага вобразу зрабіўся адным з мастацкіх прыёмаў у поэзіі, асабліва ў школе сымболістаў, паасобку, напр., у Бальмонта, Блока, А. Белага, і інш. Але адносіны М. Багдановіча да мітатварчасьці — свае, асаблівыя. Ён не навязвае народным мітолёгічным вобразам тых ці іншых сымболісцкіх настрояў і перажываньняў, але ўспрымае гэтыя вобразы беспасрэдна, проста, з якойсьці дзіцячай наіўнасьцю і даверлівасьцю, г. зн. амаль зусім так, як ён, мабыць, успрымаў іх у маленстве з апавяданьняў бацькі і з першых кніг для чытаньня. Гэта зусім ня значыць, што поэта не падняўся вышэй народнага сьветаразуменьня, — гэта значыць усяго, што ён здолеў успрыняць гэта сьветаразуменьне і памастацку яго выказаць; вось чаму яго малюнкі прыроды ня толькі тыповы паводле свайго конкрэтнага зьместу, але яны псыхічна блізкія да народнага ўспрыняцьця прыроды. Адсюль зразумела, што малюнкі прыроды, зарысованыя М. Багдановічам у мітатворчых тонах, ня робяць уражаньня вузкай тэндэнцыйнасьці, а ўспрымаюцца лёгка і жыва. Такім чынам, і тое прозьвішча „Лесавік“, якое было дадзена поэту адным з яго крытыкаў у першыя гады яго супрацоўніцтва ў „Нашай Ніве“, не павінна ў сучасны момант гучэць, як дакор яго літаратурнаму дзівацтву, а хутчэй як прызнаньне за ім мастацкага чуцьця да народнай мітатворчасьці. У кожным выпадку ўсе вершы на тэмы з беларускай прыроды, напісаныя ў мітатворчых тонах, чытаюцца і зараз з вялікай цікавасьцю і робяць вялікае ўражаньне сваёй беспасрэднай блізкасьцю да народна-поэтычных вобразаў і мотываў (напр. „Хрэзьбіны лясуна“ — № 9, „Лясун“ — № 11, „Старасьць“ — № 12, „Падвей“ — № 15, „Зьмяіны цар“ — № 23, „Срэбныя зьмеі“ — № 33, цыкль „У зачарованым царстве“ — №№ 91—98).

Трэцяя асаблівасьць М. Багдановіча, якая датычыць зьместу яго тэматыкі наогул і тэматыкі прыроды ў паасобку, — гэта няўхільнае для яго малюнкаў прыроды ідэёвае або псыхолёгічнае іх аформаваньне, якое надае яго малюнку пэўнае нутраное адзінства і асьвятленьне. Прысутнасьць у мастацкім творы адзінай асновы, якая яго яднае, думкі, або, прынамсі, адзінага настрою, які яго прасякае, — гэта, можна сказаць, элемэнтарная ўмова мастацкасьці, без якой праца мастака слова ня можа лічыцца закончанай. У гэтым выпадку М. Багдановіч робіць тое, што павінен рабіць кожны поэта, які мае сваё мастацкае чуцьцё. Але ўсё пытаньне якраз у тым, як ён гэта робіць. Ён не надае сваім малюнкам якіх-небудзь пэўных філёзофскіх формул або мотываў (напр., з галіны пантэізму або з галіны містыкі, якою карысталіся ў яго час сымболісты), не надае ім таго ці іншага тэндэнцыйнага асьвятленьня — публіцыстычнага або моральнага; ён проста ўвязвае з імі свае асабовыя перажываньні або мотывы свайго асаблівага светаадчуваньня, але ўвязвае шчыльна, да ступені пранізваньня гэтымі мотывамі ўсіх частак яго поэмы; пры гэтым яго асаблівыя перажываньні ў гэтым выпадку не выпадковыя і не раскіданыя, таму што ўсе яны групуюцца вакол аднаго стрыжня і якраз не навокал прыроды, узятай сама-па-сабе, але прыроды, узятай у сэнсе яе ўплыву на чалавечую псыхіку, на склад нашага сьветаадчуваньня, значыць, узятай у сэнсе, так сказаць, яе чалавечай значымасьці. Такім чынам, малюнкі беларускае прыроды, нарысованыя М. Багдановічам, могуць быць названы складанымі, паколькі яны складаюцца з трох частак: асноўнага фону — рэальнага малюнку прыроды, верхняга напластаваньня — мітатворчых контураў і вобразаў і адзінага ідэёва-псыхолёгічнага аформаваньня, якім прасякнута ўся зарысоўка ў цэлым. Але пры гэтай складанасьці яго малюнкі просты і суцэльны, бо ніводная частка іх ня выходзіць з агульных рамак, і, наадварот, усе часткі зьліваюцца для чытача ў адно агульнае ўражаньне. У адным з ранейшых сваіх артыкулаў аб Б-чу („ Літаратурная спадчына М. Багдановіча“ — „Полымя“ 1927, № 3) я прыводзіў некаторыя прыклады сваеасаблівай апрацоўкі ў М. Багдановіча тэматыкі прыроды. Малюнак прыроды спачатку ажыўляецца ў яго мітатворчым зьместам, а затым і малюнак прыроды і народны міт яднаюцца ў адным ідэёва-псыхолёгічным аформаваньні, якое падказана сьветаадчуваньнем поэты і ў прыватнасьці яго адчуваньнем прыроды. Я напомню гэтыя прыклады — вершы „Возера“ і „Над возерам“ (т. I, №№ 92 і 93). У першым з іх малюнак прыроды ажыўляецца мітам аб лясуне, прычым і малюнак прыроды і міт зьвязаны ў адно мастацкае цэлае думкай аб мінулым даўнейшым, у якое сіліцца заглянуць сучаснае. У другім — таксама малюнак прыроды, якая ўся ажыўлена і стылізавана ў духу жывой мітычнай сцэны (русалкі, якія забаўляюцца ў праменьнях месяца), а абодвы малюнкі, зьлітыя ў адно цэлае, прасякнуты адным настроем усёпераможнай цішыні і спакою ночы. Такіх прыкладаў можна прывесьці даволі многа. Уважлівы чытач знайдзе падобную-ж апрацоўку тэмы ў вершах „Лясун“ — № 11, „Старасьць“ — № 12, „Вадзянік“ — № 94, „Дзесь у хмарах“ — № 107, „Падымі у гару сваё вока“ — № 113 і інш.

Гэта трохскладаная або, так сказаць, трыадзіная пабудова малюнкаў прыроды ўжываецца М. Багдановічам ня толькі тады, калі ў яго тэму ўваходзяць элемэнты народнай мітатворчасьці, але і ў іншых выпадках, г. зн. калі няма наяўна мітычных вобразаў і ўяўленьняў, з тэй толькі розьніцай, што тады на месца народнай міталёгіі поэта ўводзіць сваё анімізаваньне прыроды, і такім чынам композыцыя яго малюнкаў няўхільна захоўвае сваю сваеасаблівую складанасьць. Прыкладамі можна прывесьці наступныя вершы: „Вось і ноч“ — № 27, „У небе ля хмары грымотнай“ — № 97, „Цёплы вечар, ціхі вецер“ — № 101, „Добрай ночы, зара-зараніца“ — № 102, „Плакала лета“ — № 106 і інш. Тут усюды мы бачым, як поэта сам, уласнымі мастацкімі сродкамі, ажыўляе прыроду, дапаўняючы гэтым адсутны ў даным выпадку ў яго пад рукой матар‘ял народнай мітатворчасьці; наогул-жа малюнак прыроды і тут застаецца трохскладаны, г. зн. складаецца з конкрэтнага рысунку прыроды, з анімізаваньня некаторых зьяў прыроды, якія ўваходзяць у склад гэтага малюнку, і з ідэёва-псыхолёгічнага настрою, які яднае увесь малюнак.

У залежнасьці ад першай крыніцы творчасьці (бацькаўшчына і яе ўплыў) знаходзяцца ў М. Багдановча таксама і тэмы бытавога зьместу. Насычаць тэму бытавым зьместам па здагадцы, ня маючы беспасрэдных крініц і нагляданьняў, было ўжо куды цяжэй, чым праробліваць тую-ж работу ў адносінах да тэм прырода-апісальнага характару. Таму ў першых вершах М. Багдановіча, якія былі напісаны яшчэ да паездкі яго на бацькаўшчыну ў 1911 годзе, бытавыя зарысоўкі нявыразныя, малаконкрэтныя і нагадваюць некаторыя агульныя шаблёны як папярэдняй, так і сучаснай яму беларускай поэзіі. Возьмем для прыкладу верш „Мае песьні“ — № 2, „На чужыне“ — № 3, „Над магілай“ — № 17, „Скрылась кветамі“ — № 20, „Над магілай мужыка“ — № 25, „Дождж у полі і холад“ — № 26 і г. д. У гэтых вершах бытавыя зарысоўкі зводзяцца да паасобных рысаў і выразаў: „доля горкая мужыцкая“, „бедная, далёкая старана“, „адзінокая магіла… каля шляху“, „старая магіла сьцяпная“, „труна… халодная магіла… здабытак бедака“, „радзімая старонка глухая… няшчасная доля яе“ і інш. Пасьля паездкі ў 1911 годзе бытавыя зарысоўкі прымаюць больш конкрэтны выгляд і месцамі вырастаюць да высокага мастацтва. Гэты паварот у яго бытавым малюнку адчуваецца ў зазначаным ужо вышэй вершы „Ізноў пабачыў я сялібы“ — № 49; асабліва-ж гэта прыкметна ў цыклі „Мадонны“ („У вёсцы“ і „Вэроніка“ — № 183-4), дзе бытавы фон („вёска… летняю рабочаю парой“, „старасьвецкі дом паноў Забелаў з цяністым адзічэлым садам“ і дзіцячыя гульні ў абставінах ціхага мястэчка або хутара) зарысованы ўжо паіншаму, конкрэтна і колёрытна; з гэтых зарысовак можна констатаваць ня толькі беспасрэднае знаёмства поэты з бытам Беларусі (у паездку 1911 году), але і першыя ўдалыя спробы мастацкага абагульненьня паасобных зьяў гэтага быту. Такія малюнкі пасьля 1911 году наогул усё больш і больш удаюцца поэце. Аб гэтым сьведчаць, напрыклад, вершы, якія ўваходзяць у „Вянок“, як „Ціхі вечар, зьнікнула сьпякота“ і „Па ляду, у глухім бары“ (№№ 128—129), у якіх бытавыя малюнкі (стары млын і млынар, які замаўляе дзявочую прысуху; глухі пасёлак з трох хат і гаспадар, які робіць абыход свайго поля), ня гледзячы на сваю сьцісласьць заўсёды ўвязаны з якімісьці беспасрэднымі асабовымі ўражаньнямі поэты ад беларускага быту. Між іншым, для першага з гэтых вершаў захавалася ў аўтографах поэты дата 1912 году; такім чынам, ён склаўся пасьля паездкі 1911 году; можна дапушчаць такую-ж прыблізна датоўку і для другога вершу, час напісаньня якога дакладна не ўстаноўлены. Такую-ж конкрэтную і ў той жа час мастацка-закончаную зарысоўку быту мы знаходзім у тых вершах, якія прысьвечаны гарадзкому жыцьцю („Вянок“, цыкль „Места“ — №№ 131—134, 137); у прыватнасьці вершы, тэмаю якіх зьяўляецца гарадзкое жыцьцё Вільні (№№ 131—132), зьвязаны з беспасрэднымі ўражаньнямі ад тэй-жа паездкі поэты на бацькаўшчыну ў 1911 годзе, і таму ў іх бытавыя малюнкі распрацованы асабліва колёрытна і дэталёва. Трэба адзначыць, што гэтае мастацкае ўдасканаленьне бытавога малюнку не абмінула пасьля 1911 году і такіх твораў поэты, якія напісаны на гістарычная тэмы. Я маю на ўвазе некаторыя вершы, якія ўвайшлі ў цыкль „Старая Беларусь“ („Вянок“ — №№ 123—127) і датаваны 1912—1913 гадамі; у іх поэта, кіруючыся сваімі ўражаньнямі ад гістарычнай Беларусі, якія ён набыў ў Вільні, надае і гістарычным малюнкам быту конкрэтны і колёрытны выгляд. Тое ж самае можна сказаць і пра некаторыя творы, якія былі напісаны ў гэтую пару на народна-поэтычныя тэмы; напр., бытавы бок поэмкі „Мушка-зелянушка“ таксама выпаўнены ў тонах мастацка-рэальнага малярства.

З першай крыніцай тэматыкі М. Багдановіча ўвязваюцца, нарэшце, і тэмы з галіны народнай псыхікі, у апрацоўцы якіх у поэты таксама заўважваецца некаторая эволюцыя. Першы момант у гэтай эволюцыі — зарысоўка прыгнечанай псыхікі працоўнага беларуса, які пакутуе і ў той-жа час не змагаецца з сваёй цяжкай доляй; гэтыя зарысоўкі зроблены зроблены ў мінорных тонах старой літаратурнай народніцкай романтыкі, якой М. Багдановіч сваечасова аддаў некаторую дань. Для прыкладу зазначым на вершы: „Мае песьні“ (№ 1), „3 песень беларускага мужыка“ (№ 16-I), „Над магілай мужыка“ (№ 25). Тут перажываньні працоўнага беларуса адбіваюцца, як цяжкае жыцьцё ў роднай краіне, як бязупынная, цяжкая праца, як непрасьветнае гора і, нарэшце, як сьмерць і халодная магіла — адзіны выхад з беднасьці і няволі. Чарговы момант у эволюцыі тэм з галіны народнай псыхікі — зарысоўкі яе больш бадзёрыя і актуальныя, пабудованыя ўжо ў іншым, чым раней, рэгістры. Тут адбітак народнай нядолі і зьвязаных з ёю настрояў працоўнага чалавека пераходзіць часта ў протэст супроць соцыяльнай несправядлівасьці старога ладу жыцьця і нават у прадчуваньне блізкага соцыяльнага зруху. Другі з двух вершаў, якія маюць агульны загаловак „3 песьняў беларускага мужыка“, у якім соцыяльнае адцураньне багатых ад людзкой беднаты адбіваецца вобразна ў выглядзе вялізнай каменнай сьцяны, канчаецца пытаньнем аб тым, каго пахавае пад сабою гэтая сьцяна, калі яна абваліцца: „Што-ж будзе, як дрогне, як рухне яна. Каго пад сабой пахавае?“ Гэтае пытаньне, укладзенае ў вусны працоўнага, соцыяльна пакрыўджанага чалавека, гучыць, як яго намёк на страшнае будучае, і гаворыць аб яго абуджанай сьвядомасьці. Таксама першая з чатырох эпіграм (з цыклю „Усьмешкі“ — № 43) зьмяшчае ў сабе зусім ня двухсэнсавае пярэчаньне мужыка, які зразумеў сваю няволю, па адрасу таго заняволеньня, якое ўтворана для мужыкоў панамі: мужык ужо ведае, што зямля стаіць не на трох кітох, але на мужычай сьпіне, і гэта веданьне хутка ў яго вырасьце ў протэст супроць панскага прыгнечаньня. Бязумоўна, вершаў на тэмы з галіны народнай беларускай псыхікі наогул у Багдановіча мала: для апрацоўкі такіх тэм у яго ня было даволі матар‘ялу, бо жывучы, галоўным чынам, у інтэлігенцкім асяродку, ён мала сутыкаўся з бытам працоўнага чалавека. Але і тыя нешматлікія апрацоўкі тэм гэтай катэгорыі, якія мы толькі што прывялі, гавораць аб тым, што ў гэтых адносінах поэта стаяў на ўзроўні перадавых настрояў і перажываньняў сваёй эпохі.

Другую групу крыніц творчасьці М. Багдановіча мы азначылі, як соцыяльна-культурныя і псыхолёгічныя проблемы сучаснай поэту эпохі. У папярэднім нарысе было ўжо сказана, пад якімі ўплывамі маглі скласьціся соцыяльна-політычныя погляды М. Багдановіча. Тое грамадзкае і кніжнае атачэньне, у асяродку якога ён разьвіваўся ў юнацкія гады, стварыла ў ім адмоўныя адносіны да соцыяльных супярэчнасьцяй яго часу, але разам з тым не дало яму выразнай грамадзка-політычнай програмы. Адсюль усе соцыяльныя тэмы яго вершаў варочаюцца каля аднаго цэнтру — каля пярэчаньняў супроць соцыяльнага зла і каля набалелых пытаньняў соцыяльнага неўпарадкаваньня; часамі гэтыя пярэчаньні вырастаюць у гарачы протэст супроць соцыяльна-політычнага прыгнечаньня, што бывае, галоўным чынам, у тых выпадках, калі поэта прысьвячае соцыяльную тэму цяжкаму становішчу беларускага народу наогул і, у прыватнасьці, соцыяльнаму прыгнечаньню працоўнага беларуса. Такіх вершаў на соцыяльна-політычныя тэмы параўнаўча мала, але яны напісаны з вялікім уздымам пачуцьця і па ідэёвым аформаваньні належаць да найбольш вытрыманых і выразных. Сюды належаць наступныя вершы: „З песьняў беларускага мужыка“ (№ 16, I-II), „Над магілай мужыка“ (№ 25), „Дождж у полі і холад“ (№ 26), „Пан і мужык“ (№ 43, I), „Народ, беларускі народ“ (№ 47), „Эміграцкая песьня“ (№ 58), „Мяжы“ (№ 59), „Пагоня“ (№ 84), „Краю мой родны“ (№ 142), „Зразаюць галіны таполі“ (№ 145), „Рушымся, брацьця, хутчэй“ (№ 146), „Нашых дзедаў душылі абшары лясоў“ (№ 147), „Вы, панове, пазіраеце далёка“ (№ 164) і інш. У большасьці з іх поэта ставіць пытаньне аб соцыяльным стане працоўнай Беларусі (№№ 16, 25, 26, 43, 47) і вырашае яго, як ужо вышэй было заўважана, ня выключна ў тонах народніцкай романтыкі, але і больш конкрэтна — шляхам закліку да протэсту і барацьбы супроць соцыяльнага і нацыянальнага прыгнечаньня бацькаўшчыны; гэты протэстуюча-заклікаючы настрой асабліва адчуваецца ў вершах №№ 47, 84, 145-147; першыя два з іх — „Народ, беларускі народ“ і „Пагоня“ і ў ідэёвай і ў мастацкай апрацоўцы прыкметна вылучаюцца з шэрагу іншых; асобнае месца паміж соцыяльна-нацыянальных тэм, апрацованых М. Багдановічам, займае верш „Эміграцкая песьня“ (№ 58), дзе поэта так конкрэтна і ў той жа час эмоцыянальна разьвінае перад чытачом пытаньне аб эміграцыі на яго бацькаўшчыне ў дарэволюцыйную эпоху. У некаторых вершах гэтай групы поэта выходзіць з сфэры соцыяльна-нацыянальнай тэматыкі і ставіць пытаньне аб соцыяльных супярэчнасьцях сваёй эпохі наогул, у шырокім ахопе, і трэба падкрэсьліць, што ў гэтым выпадку соцыяльная тэма бярэцца ім глыбока і апрацоўваецца закончана ня толькі ў мастацкіх, але і ў грамадзкіх адносінах; зазначым, напрыклад, на верш „Мяжы“ (№ 59) і „Вы, панове, пазіраеце далёка“ (№ 164).

Да гэтай-жа другой групы вершаў поэты, якія ўвязаны з соцыяльнымі і псыхолёгічнымі проблемамі, далучаюцца ўсе вершы, напісаныя ім на псыхолёгічныя тэмы, якія маюць ня толькі асабовую, аўтобіографічную, але і агульначалавечую цікавасьць. Гэтых вершаў шмат; можна нават сказаць, што большасьць вершаў Багдановіча, — нават такіх, якія на першы погляд шчыльна зьвязаны з прыродай або бытам, — абавязкова распрацоўваюць тую ці іншую псыхолёгічную тэму, якая надае ўсяму вершу канчатковае аформаваньне, што падказана адным з мотываў аўтарскага сьветаразуменьня. Але, бязумоўна, ёсьць група вершаў гэтага парадку, якія, так сказаць, par excellence псыхолёгічны. Зазначым некаторыя з іх. Перагортваючы першыя два разьдзелы верша мы спатыкаем паміж іх цэлы шэраг тэм, якія апрацаваны ў роўніцы псыхолёгічных проблем і настрояў; такія, напр. наступныя тэмы: пачуцьцё бадзёрасьці і душэўнага ўздыму („Мая душа“ — № 28), каханьне мацней сьмерці („На могілках“ — № 53), страта блізкага чалавека, як бязвыходнае гора („За газэтай“ — № 60), проблема ўзаемнага каханьня („Сонэт“ — № 61), шчасьце і радасьць моладасьці („Маладыя гады“ — № 76, „Вышаў з хаты“ — № 77), моладасьць, як крыніца жыцьцярадасьці („Мы гаворым удвох“ — № 81), пачуцьцё адзіноты („Ужо пара мне да дому зьбірацца“ — № 82), балючасьць успамінаў („Разрытая магіла“ — № 108) і г. д. Цэлы шэраг вершаў Багдановіча перадаюць рознастайныя адценьні пачуцьця прыроды, якое ў поэты было ў сэнсе людзкасьці вельмі значна вялікасна і ў сэнсе артыстычнасьці тонка; гэтыя вершы расьсеяны ў абодвых першых разьдзелах першага тому, — асабліва-ж іх шмат паміж вершаў „Вянка“; такія, напр., вершы: „Прывет табе, жыцьцё на волі“, „Блішчыць у небе зор пасеў“, „Добрай ночы, зара-зараніца“, „Ціха па мяккай траве“, „Вечар на захадзе ў попеле тушыць“, „Падымі у гару сваё вока“, „Па-над белым пухам вішняў“ (№№ 99, 100, 102, 103, 104, 113, 114) і г. д. У гэтай групе вершаў прырода ўспрымаецца, вядома, так, як яна адбіваецца на чуткім апараце псыхікі поэты; але разам з тым паміж рознастайных выпадкаў выяўленьня ў поэты пачуцьця прыроды спатыкаюцца і выпадкі тыповыя, г. зн. уласьцівыя наогул чалавечай псыхолёгіі. Паміж тэм псыхолёгічнага зьместу нельга не адзначыць яшчэ дзьвёх, якія маюць вялікае значэньне для зразуменьня асобы поэты і прыроды яго творчасьці; гэта тэмы, прысьвечаныя пачуцьцю каханьня і пачуцьцю самасьвядомасьці мастака. Першая з гэтых тэм распрацавана М. Багдановічам з вялікім піэтэтам і глыбінёй; пачуцьцё каханьня ў яго вельмі рэдка мяжуе з уздымам пачуцьцёвасьці і звычайна трактуецца як зацікаўленасьць у другой псыхічнай організацыі або, нават, як імкненьне да другой псыхікі, душэўна роднай і блізкай; і хоць большасьць яго вершаў на тэмы аб каханьні навеяны яго асабовымі юнацкімі знаёмствамі і захапленьнямі, — захапленьнямі ў большай частцы романтычнага і нават плятонічнага характару, — тым ня менш у яго лірыцы каханьня можна спаткаць шмат мотываў, тыповых наогул для пачуцьця каханьня, якое заснвана на моральным сваяцтве і адпаведным захапленьні (напр., „Пад ценьню цёмных ліп“ — № 38, „Учора шчасьце толькі глянула нясьмела“ — № 42, „Зорка Вэнэра“, романс — № 115, „Я хацеў-бы спаткацца з Вамі на вуліцы“ — №№ 69, 268, „Я вспоминаю Вас“ — № 283 і інш.). Таксама і ў вершах, якія напісаны на тэмы аб мастацкай самасьвядомасьці поэты і наогул аб прыродзе яго творчасьці (напр., „Скрылась кветамі“ — № 20, „Ціхія мае ўсе песьні“ — № 29, „Пэўна любіце вы“ — № 31, „Замерзла ноччу шпаркая крыніца“ — № 41, „Ліст да Ластоўскага“ — № 44, „Просьценькі вершык“ — № 46, „Калі ў ракавіну цёмную жамчужніцы“ — № 158, „Вы кажаце мне, што душа у поэты“ — № 163, „Бывае, вада перапоўніць“ — № 243, „Двайняткі“ — № 244, „Ёсьць гэткая японская забаўка“ — № 246 і інш.), мы знаходзім поплеч з чыста асобовымі прызнаньнямі поэты, якія ўскрываюць інтымныя бакі яго творчай працы, таксама апісаньне і аналіз некаторых агульных тыповых мотываў псыхолёгіі творчасьці. Нельга прайсьці маўчаньнем і тую невялікую параўнальна групу вершаў, дзе поэта гаворыць аб сваім самаадчуваньні хворага чалавека, на якога цёмная здань блізкай сьмерці кідае ўжо свае цені, якія радасьць творчасьці робяць змрочнай. Такія, напр., вершы: „Я бальны, бяскрыдлаты поэт“ — № 6, „Ня кувай ты, шэрая зялюля“ — № 119, „Ой, чаму я стаў поэтам“ — № 151, „Даўно ўжо целам я хварэю“ — № 152. У іх, вядома, поэта гаворыць аб сабе, аб сваёй хваробе, аб сваім блізкім канцы; але і тут між асабовых яго настрояў можна знайсьці тыповыя рысы звычайнай чалавечай псыхікі цяжкага прадчуваньня, — недарма ў вершы „Ня кувай ты, шэрая зязюля“ поэта дае свайму прадчуваньню народна-поэтычнае аформаваньне, атуляючы яго ў „згукі бацькаўшчыны“, і тым самым як-бы ня хоча абасабляць сваёй суб‘ектыўнай жыцьцягорнасьці ад тыповых мотываў народнага гора і цярпеньня.

Сярод тэм псыхолёгічнага напаўненьня трэба адзначыць яшчэ адну, якая стаіць некалькі асобна: гэта — тэма, якую можна выявіць формулаю „маці і дзіця“. У жаночай псыхіцы М. Б-ч любіць адзначаць два моманты — прыгожасьць дзявоцтва і прыгожасьць мацярынства; гармонічнае аб‘яднаньне двох момантаў ён бачыць у вобразе „мадонны“. Момант мацярынства трактуецца ім з такім-жа піэтэтам, як і каханьня, якое абуджаецца. На гэтую тэму ім напісаны цыкль вершаў пад агульнаю назваю „Каханьне і сьмерць“ (т. I, разьдзел II, №№ 185—198) і шэраг вершаваных накідаў (т. I, разьдз. IV, №№ 273—276); сюды-ж далучаюцца і дзьве невялічкія поэмы „У вёсцы“ і „Вэроніка“, якія складаюць адзін цыкль пад назваю, „Мадонны“; у апавяданьні „Мадонна“ (т. I, разьдз. VII, № 9) распрацавана тэма, агульная з названымі поэмамі. Паглыбленая і нават некалькі ўрачыстая трактоўка гэтае тэмы збліжае М. Б-ча з сымболістымі (параўн. верш В. Брусава „Habet illa in alvo“).

Трэцяя крыніца тэматыкі М. Багдановіча — гэта літаратурныя ўплывы і — скажам шырэй — яго літаратурныя сымпатыі і імкненьні. У гэтай крыніцы тры плыні: беларуская народна-поэтычная творчасьць, блізкія поэту славянскія літаратуры і літаратура заходня-эўропейская, галоўным чынам, нямецкая і француская.

Сувязь М. Багдановіча з беларускай народна-поэтычнай творчасьцю, выхаваная ў ім з маленства яго бацькам і сваяцкім асяродзьдзем, якое яго атачала, а пасьля замацаваная адпаведнымі кніжнымі ўплывамі, праходзіць цераз шмат якія яго творы, і можна нават сказаць, што яго тэматыка і стыль наогул носяць сьляды ўплыву народнай поэзіі. Сабраць паасобныя рысы гэтага ўплыву і прыкласьці да іх гісторыка-літаратурны аналіз — чарговая тэма ў дасьледваньні творчасьці Багдановіча. Але калі гаварыць аб больш выразных яго тэмах, якія беспасрэдна і поўнасьцю зьвязаны з народнай творчасьцю, дык гэта значыць гаварыць аб яго мастацкім фольклёрызьме. У гэтай галіне Багдановіч зьяўляецца вялікім майстрам: ён ня толькі ўвёў у абыход беларуска-мастацкай літаратуры цэлы шэраг тэм з галіны народнай творчасьці (тэм міталёгічных, легендарных, бытавых, гістарычных), але і апрацаваў іх максымальным набліжэньнем да народна-поэтычнага стылю. Сюды належаць яго невялікія поэмы „Мушка-зелянушка“ (т. I, № 62) і „Максім і Магдалена“ (т. I, № 63) і шэраг вершаў, якія напісаны ў мастацка-фольклёрысцкай манеры: „Песьня пра князя Ізяслава Полацкага“ з „Слова о полку Ігорэве“ (№ 35), „Скірпуся“ (№ 73), „Страцім-лебедзь“ (№ 85), „Цёмнай ноччу лучына дагарала“ (№ 67), „Як Базыль у паходзе канаў“ (№ 68), „Вершы беларускага складу“ (№ 86), „Уся ў сьлязах дзяўчына“ (№ 117), „Сумна мне, а ў сэрцы смутак ціха запявае“ (№ 118), „Ой грымі, грымі, труба, ўранку рана“ (№ 253) і інш. Як мастак-фольклёрысты Багдановіч займае выдатнае месца паміж поэтаў сваёй пары, і яго творы гэтага парадку заслугоўваюць дэталёвага вывучэньня.

Другая група тэм, якія зьвязаны з літаратурнымі крыніцамі, гэта тыя тэмы, якія поэта набыў з галіны літаратур славянскіх — паасобку украінскай, расійскай, сербскай. Конкрэтна пакуль што можна гаварыць толькі аб перакладах і насьледваньнях, тэмы для якіх узяты з паказаных літаратур. Больш усяго мы знаходзім перакладаў з украінскіх поэтаў (Шэўчэнкі, Крымскага, Чарняўскага, Олэся, Самійленкі, Франко), значна менш з расійскіх поэтаў (Пушкіна, А. Майкова, Розэнгейма) і адно насьледваньне сербскаму эпосу ў выглядзе быліны „Сьмерць шэршня“ (№ 238), напісанай у жартаўлівым тоне. Пры больш дэталёвым дасьледваньні гэтай групы вершаў Багдановіча, мабыць, удасца ўстанавіць і некаторыя ўплывы на яго з боку, напр., украінскай і расійскай поэзіі яго часу (у прыватнасьці, поэзіі сымболістых).

Куды больш прыкметна захапленьне поэты заходня-эўропейскімі літаратурнымі крыніцамі. Тут мы знаходзім вялікую групу вершаў, перакладзеных з Вэрлена (№№ 210—230), пераклад аднаго ўрыўку з Вэрхарна (№ 231), шэраг перакладаў з Шыльлера і Гэйнэ (№№ 202—208), адзін пераклад з фінскага поэты Рунэбэрга (№ 201), два пераклады з антычных поэтаў (№№ 199-200 — верш Горацыя „Памятнік“ і ўрывак з „Мэтаморфоз“ Овідыя). Апроч таго, у Багдановіча ёсьць некалькі выдатных паводле тэматыкі і стылёвай апрацоўкі насьледваньняў эўропейскім і па-заэўропейскім літаратурным жанрам; гэта вершаваныя творы на скандынаўскія, гішпанскія, пэрсыцкія і японскія мотывы. Цікава адзначыць, што ў выбары чужаземных аўтараў і іх твораў для перакладаў і насьледваньняў поэта ішоў па лініі сваёй звычайнай тэматыкі: ён выбіраў тое, што адпавядала яго настроям і зьвязаным з імі тэмам і мотывам псыхолёгічнага зьместу (пар. пераклады з Вэрлена), і таксама тое, што ідэёва зьвязвалася з хваляваўшымі яго пытаньнямі беларускага адраджэньня (такія, напр., некаторыя пераклады з украінскіх поэтаў).

Тое, што М. Багдановіч увёў у беларускую мастацкую літаратуру тэмы і мотывы заходня-эўропейскай і часткова нават сусьветнай мастацка-літаратурнай творчасьці і разам з тым знайшоў у беларускай літаратурнай мове сродкі для перадачы, і перадачы высокамастацкай, гэтых чужаземных тэм і жанраў, гэта складае бязумоўную заслугу Багдановіча, як мастака слова, і яго пераклады і насьледваньні таксама чакаюць свайго дасьледчыка.

Кароткі агляд тэматыкі М. Багдановіча з боку яе зьместу гаворыць аб тым, што пастаўленыя поэтай тэмы былі вельмі рознастайны і зусім адпавядалі яго шырокаму многабочнаму ўспрыманьню жыцьця. Ня гледзячы, аднак, на гэтую рознастайнасьць, усе тэмы поэзіі Багдановіча сыходзяцца каля аднаго цэнтру — яго сьветаадчуваньня і сьветапазнаньня. Як-жа ён, выходзячы з сваіх поглядаў на вакольнае жыцьцё і на чалавечыя адносіны, увязвае сваю тэматыку ў адно цэлае. Ставячы такое запытаньне, мы вяртаемся, такім чынам, да ідэолёгічнага боку яго творчасьці, аб якім ужо гаварылася ў разьдзеле VII гэтага нарысу. Калі браць яго ідэолёгічную позыцыю па лініі соцыяльна-політычнай, дык яна ў агульных рысах можа быць ахарактарызавана так: выхаваны бацькам-народавольцам, ён прайшоў у сваім ідэолёгічным росьце цераз фазу настрояў актыўнага народніцтва, потым, калі быў гімназыстам, аддаў некаторую дань захапленьню політычнымі тэорыямі Прудона, Бакуніна і інш., уважліва і прыхільна супыніўся на соцыялёгічных тэзах Міхайлоўскага і яго папярэднікаў, накшталт Ножына, і ўсё гэта ўвязаў з сваімі гарачымі сымпатыямі да беларускага адраджэньня, узятага ў яго соцыяльна-нацыянальных імкненьнях. Усё перадуманае і перажытае М. Багдановічам у гэтай галіне, праўда, не дало яму выразнай грамадзка-політычнай програмы, але ў кожным выпадку яскрава адмежавала яго ад інтэлігенцкага мяшчанства і паставіла ў шэрагі тэй перадавой інтэлігенцыі, якая, востра разумеючы адмоўныя бакі старога політычнага і соцыяльнага ўкладу жыцьця, горача супроць іх протэставала і шукала выхаду ў шырокім абнаўленьні жыцьця ў політычных і соцыяльных адносінах. Для Беларусі, інтарэсамі якой Багдановіч жыў з вучнёўскіх гадоў, гэта абнаўленьне павінна было стаць нацыянальна-соцыяльным, паколькі краіна разам з агульным соцыяльным прыгнечаньнем перажывала і прыгнечаньне нацыянальнае. Так склаўся Багдановіч-ідэолёг: гарачы ўдзельнік беларускага адраджэньня, ён разам з тым жыў у пастаянным прадчуваньні і чаканьні тых політычных і соцыяльных зрухаў, якія павінны былі вырашыць набалелыя пытаньні ў адносінах ня толькі Беларусі, але і сучаснага яму соцыяльнага ўкладу жыцьця наогул. Гэта шырокае асьвятленьне тэматыкі, — больш выразнае ў тэмах, якія зьвязаны з яго бацькаўшчынай, і больш расплыўнае ў тэмах, якія ахапляюць наогул яго эпоху, — мы, запраўды, і павінны констатаваць у большасьці яго вершаў. Застаецца яшчэ пытаньне аб яго пэсымізме, які паасобнымі мотывамі часамі ўваходзіць у яго творчасьць. Вырашаючы гэтае пытаньне, перш за ўсё нельга паняцьце пэсымізму ўжываць у якімсьці няпэўна шырокім і таму ня маючым ніякіх акрэсьленьняў сэнсе. Пэсымізм, прыстасоўваючы яго да мастака слова, можа быць пэсымізмам філёзофскага зьместу, калі ў сьветапоглядзе поэты ёсьць пэсымістычная аснова, якая складаецца часамі пад пэўнымі філёзофскімі ўплывамі або пад уплывамі наогул соцыяльна-культурнага ўкладу жыцьця яго эпохі. Пэсымізм, прыстасоўваючы яго да пісьменьніка-мастака, як і да ўсякага чалавека, можа быць пэсымізмам псыхофізыолёгічнага характару, калі пісьменьнік паводле самага складу свайго здароўя і сваёй псыхікі мае нахіл да вялага, маркотнага, часамі іпохондрычнага ўспрыняцьця рэчаіснасьці. Нарэшце, пэсымізм можа быць формай абыватальскага сьветаадчуваньня, калі чалавек, у грамадзкім жыцьці індэфэрэнтны і індывідуальна ня выяўлены, жыве вяла, абыяк і, замыкаючыся ў вузкае кола мяшчанства бытавога і моральнага, даходзіць да апатыі і да ўтраты ўсякай жыцьцярадасьці. Апошні від пэсымізму ня мае ніякіх адносін да М. Багдановіча. Першыя два віды часткова маглі яго захапіць. Я ўжо меў выпадак сказаць вышэй (раз. VII), што эпоха магла накласьці на яго ў гэтым сэнсе некаторы адбітак, паколькі і соцыяльна-культурныя яе абставіны і некаторыя літаратурныя плыні гэтага часу выклікалі пэсімістычныя настроі ў некаторых колах інтэлігенцыі. Акрамя таго, стан здароўя М. Багдановіча таксама ўносіў часамі ў яго творчасьць сумныя ноты, якія гармонічна зьліваліся з пэсымістычным сьветаадчуваньнем. Але, дапушчаючы гэты некаторы ўхіл поэты ў пэсымізм першага і другога віду, трэба зрабіць дзьве сур‘ёзныя агаворкі: папершае, т. з. „пэсымізм“ Багдановіча ня быў філёзофска абаснованы, бо мы ня бачым у яго ніякага захапленьня філёзофіяй пэсымізму (напр. Шопэнгаўэрам, Гартманам), як гэта было ў некаторай частцы інтэлігенцыі к. XIX—п. XX стал., і таму ён зводзіўся толькі да паасобных настрояў і мотываў, якія ня мелі стойкага і сталага характару; падругое, упадак яго псыхікі, які набліжаецца да пэсымістычнага сьветаадчуваньня і зьвязаны з яго хваробай, таксама ня быў сталым і, судзячы па яго вершах, выяўляўся ўсяго часамі, як нейкі пароксызм хваробы, і пасьля ізноў праходзіў, калі часова ўзмацнялася здароўе, а з ім разам вярталася бадзёрасьць і некаторая жыцьцярадаснасьць. Гэтым, вядома, і тлумачыцца, што вершаў, у якіх адчуваецца некаторы ўпадак жыцьцярадаснасьці і часовая утрата веры ў значнасьць жыцьця, у Багдановіча параўнаўча мала (пар. „Цемень“ — № 18, „Над морам“ — № 22, „Прыдзецца, бачу, пазайздрыць бяздольнаму Марку“ — № 79, „Усё ў жыцьці мне даўно ўжо абрыдла“ — № 247). Апроч таго, я павінен паўтарыць тут, што ўжо сказаў і вышэй, што Багдановіч заўсёды перамагае тыя пэсымістычная настроі, якія часамі ў яго бывалі: ён перамагае іх бадзёрымі адносінамі да лепшага будучага як сваёй бацькаўшчыны, так і чалавечага жыцьця наогул; ён перамагае іх сваёй бязупыннай і таксама бадзёрай працай на літаратурнай ніве, сваім служэньнем хараству жыцьця, як аднаму з фактараў культурнага росту чалавецтва. Гэтая перамога сумных настрояў асабліва прыкметна ў прозаічных творах поэты (крытычнага, публіцістычнага, этнографічнага і іншага зьместу, — гл. II том збору твораў), дзе пэсымізму няма ў яго месца.

IX.

У папярэдніх разьдзелах зроблены кароткі агляд творчасьці М. Багдановіча паводле трох асноўных коордынат, менавіта ў пытаньнях аб гэнэзісе яго поэзіі, аб яе тэматыцы і аб яе ідэолёгічнай устаноўцы. Застаецца яшчэ адно пытаньне, якое ўваходзіць у схему гістарычна-літаратурнае ацэнкі пісьменьніка. Гэта — пытаньне аб яго мастацкай тэхніцы, аб мастацкай форме ў шырокім сэнсе слова, якая ахоплівае ўсе формальныя прыёмы і сродкі яго работы — яго лексыку, морфолёгію, сынтакс, мэтрыку, строфіку і г. д.

Гэтае пытаньне ў адносінах да Багдановіча займае значнае месца і ўяўляе сабою вялікі гістарычна-літаратурны інтарэс. Гэтым тлумачыцца, што, напрыклад, у прыватнасьці на поэтыку М. Б-ча крытыкі і дасьледчыкі беларускае літаратуры, зьвярнулі асаблівую ўвагу, якая выявілася шэрагам этюдаў і нарысаў. Я маю на ўвазе наступныя працы: Я. Т. Карскі, „Белорусы“, т. III, стр. 320-321; E. Karskij, „Geschichte der weissrussischer Volksdichtung und Literatur“, Berlin und Leipzig, 1926, стар. 186-187; М. Гарэцкі, „Гісторыя бел. літаратуры“, 1924, стар. 327-328; Зьм. Жылуновіч, „Беларуская літаратура“ — „Зажынкі“, зб., М. 1918, стар. 130—132; У. Дзяржынскі, „М. Багдановіч, як стылізатар беларускага вершу“ — „Адраджэньне“, 1922; М. Піотуховіч, „М. Багдановіч, як поэта-імпрэсыяністы“ — „Полымя“ 1923 г., №№ 7-8; А. Вазьнясенскі, „Поэтыка Багдановіча“, Коўна, 1926; І. Замоцін, „Літаратурная спадчына М. Багдановіча“ — „Полымя“ 1927 г., № 3; А. Бабарэка, „М. Багдановіч у літаратурных ацэнках“ „Узвышша“ 1927 г., № 2; А. Барычэўскі, „Аб акадэмічным выданьні твораў М. Багдановіча“ „Запіскі Аддзелу Гуманітарных навук ІБК“ — Працы клясы філёлёгіі, т. I, стар. 382-384.

У гэтых працах чытач знойдзе перагляд ацэнак Багдановіча-мастака ў крытыцы (Бабарэка), аналіз некаторых паасобных бакоў яго мастацкае манеры (Карскі, Гарэцкі, Жылуновіч, Піотуховіч, Дзяржынскі, Замоцін, Барычэўскі) і, урэшце, спробу пабудаваньня поэтыкі М. Б-ча ў цэлым, дэтальна і конкрэтна праробленую на падставе вывучэньня тэксту А. М. Вазьнясенскім у яго монографіі „Поэтыка М. Багдановіча“.

Але, зразумела, гэтыя працы ня вычэрпваюць усіх пытаньняў, якія ўзьнікаюць навакол поэтыкі М. Б-ча, вельмі зьмястоўнай і рознастайнай у сваіх мастацкіх сродках і шуканьнях. Таксама і ў задачу данага нарысу, які досыць ужо разросься, ня можа ўваходзіць падрабязны тэкстуальны разгляд мастацкіх прыёмаў творчасьці М. Б-ча, бо гэта запатрабавала-б паасобнага монографічнага досьледу. Аднак, нават ва ўмовах агульнага нарысу, ва ўсякім выпадку неабходна адзначыць тыя пытаньні і тэмы ў галіне формы творчасьці М. А-ча, якія падказваюцца зборам яго твораў і некаторымі біографічнымі яго матар‘яламі і чакаюць свайго дасьледчыка. Гэтыя пытаньні наступныя.

Перш за ўсё пытаньне аб эстэтыцы Б-ча і аб яго тэорыі творчасьці, узятых у агульных тэзісах. Як ва ўласных прызнаньнях Б-ча, расьсеяных у яго вершах, апавяданьнях і крытычных артыкулах (асабліва тых, якія прысьвечаны украінскай літаратуры), таксама і ў біографічных матар‘ялах (галоўным чынам у лістох і ўспамінах), дасьледчык знойдзе шэраг даведак і паказаньняў на тую эстэтычную і тэорэтычную ўстаноўку, з якой М. Б-ч падыходзіў да мастацтва наогул і да сваёй поэтычнай творчасьці прыватна. Вытлумачыць гэтую базу літаратурнае працы Б-ча толькі ўплывам тае ці іншае сучаснае яму тэорыі было-б вельмі прымітыўна і фактычна няправільна. Бясспрэчна, гэтая база склалася пад уплывам усяе соцыяльна-культурнае абстаноўкі, сярод якой рос і разьвіваўся поэта, а таксама і пры ўплыве на яго паасобных кніжных крыніц. Высьвятленьне гэтага агульнага тэорэтычнага боку яго літаратурнае чыннасьці на падставе ўсіх матар‘ялаў (тэксту твораў, успамінаў, лістоў, некаторых рукапісных накідаў і г. д.) складае паасобную задачу гісторыка літаратуры.

Другое пытаньне — аб поэтычнай лексыцы М. Б-ча. Беларуская мова твораў Б-ча, асабліва твораў прозаічных, — мова, якую ён вывучаў больш тэорэтычна, чым практычна, і, „якую ён ня чуў навакол сябе, а чуў у сабе“, — зразумела, выклікае цэлы шэраг агаворак як з боку свайго лексычнага і фразеолёгічнага складу, так і з боку граматычных і ортографічных форм. Невыстарчальна вытрыманая і часта досыць выпадковая па сваёй прыродзе, мова Б-ча не ўяўляе вялікага інтарэсу ў лінгвістычных адносінах, хоць і зьяўляецца, зразумела, сваеасаблівым матар‘ялам для вывучэньня літаратурнае беларускае мовы ў перадрэволюцыйны пэрыод. Але нельга таго-ж сказаць уласна аб яго поэтычных творах: у іх ён шырака выкарыстаў народна-песенную мову з яе сродкамі мастацкага стылю, а таксама даў удалыя спробы ператварэньня ў мастацка-стылёвыя адзінкі і комплексы тых сырых матар‘ялаў беларускае мовы, якія ён вывучаў галоўным чынам па слоўніках і зборніках. Вывучэньне поэтычнае мовы М. Б-ча можа таксама скласьці самастойнае заданьне для дасьледчыка яго творчасьці.

Гаворачы аб сувязі мовы Б-ча з народна-поэтычнымі моўнымі крыніцамі, трэба мець на ўвазе, што ён ня толькі карыстаўся моваю народнае творчасьці, але і ўдала аднаўляў наогул формальныя прыёмы і жанры беларускае народнае поэзіі. Як мастак-фольклёрысты, бясспрэчна, выдатны для сваёй эпохі, ён таксама падлягае дэтальнаму дасьледваньню, і пытаньне аб мастацка-фольклёрыстычнай манеры Б-ча зьяўляецца, такім чынам, трэцім пытаньнем сярод заданьняў, зьвязаных з яго поэтыкай.

Урэшце, трэба паказаць на два пытаньні, якія патрабуюць уважлівага аналізу: М. Б-ч шырака выкарыстаў у галіне мастацкага афармленьня сваіх тэм заходня-эўропейскія (і часткова пазаэўропейскія, — параўн. японскія „танкі“), вершаваныя прыёмы і сродкі і прытым выкарыстаў уласна ў дапасаваньні да беларускае слоўнае творчасьці; такім чынам дасьледчыку яго поэтыкі трэба будзе разабрацца, папершае, у пытаньні аб тым, што ўласна з практыкі чужаземнае вершаванае формы ўвайшло ў поэзію Б-ча, і, падругое, што з гэтых чужаземных форм больш ці менш удала рэалізавана поэтам у дапасаваньні да поэтычнае творчасьці на беларускай мове.


У схэму данага агульнага нарысу ня ўкладваецца таксама і дэтальны аналіз прозы Б-ча, якая ўвайшла ў склад другога тому збораў яго твораў. Але як у адносінах яго поэтыкі, таксама і ў адносінах да прозы ізноў неабходна вызначыць тыя дасьледчыя тэмы і заданьні, якія ў поўнай меры апраўдваюць зьяўленьне ў друку гэтага другога тому.

Запраўды, апроч агульнага інтарэсу, які выклікае сабой другі том, як матар‘ял для поўнага збору твораў данага аўтара, трэба адзначыць яшчэ і наступныя, таксама глыбака цікавыя, пытаньні, якія ўзьнікаюць у сувязі з зьместам прозы Б-ча.

Перш за ўсё па матар‘ялах другога тому М. Б-ч вызначаецца як крытык з вялікай літаратурнай начытанасьцю і з паглыбленай літаратурнай асьветай. Яго крытычныя артыкулы аб беларускай, украінскай і часткова аб расійскай літаратуры цікавы ня толькі зьместам, як думкі чулага крытыка аб творах сваёй роднай літаратуры і блізкіх ёй літаратур, але таксама і формаю, як крытычныя нарысы, тэорэтычна абаснаваныя, схематычна вытрыманыя і напісаныя яскрава і мейсцамі прыгожа. Пры параўнальна невялікім яшчэ разьвіцьці беларускае літаратурнае крытыкі артыкулы М. Б-ча могуць лічыцца свайго роду выдатнымі ўзорамі гэтага літаратурнага жанру і бясспрэчна заслугоўваюць увагі дасьледчыка беларускае журналістыкі і крытыкі.

Другі разьдзел прозаічных артыкулаў М. Б-ча, уласна артыкулы, прысьвечаныя беларускай грамадзкасьці, далі шэраг цікавых зарысовак і даведак да гісторыі беларускае культуры і асабліва да гісторыі беларускага адраджэньня; дасьледчык знойдзе у ім матар‘ял для выяўленьня настрояў і думак беларускае інтэлігенцыі нашаніўскага часу, характэрных ня толькі для М. Б-ча, але і для яго сучасьнікаў. Разьдзел нарысаў, згрупаваных пад агульнаю назваю „Славянства“, ня можа лічыцца беззаганна выкананым ні з публіцыстычнага, ні з навуковага боку (гл. увагі да паасобных артыкулаў); але і гэты разьдзел ставіць перад дасьледчыкам пэўнае пытаньне, паколькі ён выкрывае інтарэсы поэты да гісторыі і этнографіі славянства, якія да таго ж заўсёды цесна ўвязаны з яго служэньнем ідэі беларускага адраджэньня.

Разьдзел рэцэнзій і нататак дае рознастайны матар‘ял для азначэньня кругавіду і літаратурных густаў самога поэты. Апошні разьдзел („Varia“) выклікае ў крайняй меры дзьве выразныя тэмы — аб адносінах М. Б-а да пытаньняў соцыолёгіі і аб крымскім пэрыодзе яго біографіі.

Урэшце, будучы біограф і дасьледчык М. Б-ча бясспрэчна выкарыстае ўсю яго прозу як матар‘ял для аналізу яго сьветагляду цалкам і ў прыватнасьці для больш выразнага ўстанаўленьня яго грамадзка-політычнай позыцыі.

І. Замоцін.




  1. Крытычна-біографічны нарыс складаўся адначасна з працаю над I-м томам збору твораў М. Багдановіча на падставе біографічных матар‘ялаў, дасланых А. Ю. Багдановічам, некаторых успамінаў, лістоў і г. д. З прычыны таго, што ўвесну 1927-га году спаўнялася дзесяць гадоў з дня сьмерці поэты і інтарэс да яго біографіі і творчасьці значна ўзрос, — прышлося нарыс аб жыцьці і творчасьці поэты надрукаваць паасобнымі разьдзеламі ў адным з пэрыодычных выданьняў („Узвышша“, 1927, №№ 2, 3, 5). Зараз у II-ім томе ён друкуецца ў перагледжаным і дапоўненым відзе; прычым большая частка фактычных паправак была атрымана ад бацькі пісьменьніка А. Ю. Багдановіча.
  2. „Накануне Рождества“ (святочный рассказ) — „Гродненские Губернские Ведомости“ 1893, 29 сьнеж., № 102.
  3. „Усе ўспаміны“, таксама як і „Материалы“ А. Ю-ча, у даным нарысе цытуюцца паводле аўтографаў, якія захоўваюцца ў зборы рукапісаў Катэдры гісторыі беларускае літаратуры ІБК.
  4. Лісты розных асоб да М. А. Багдановіча, перададзеныя А. Ю-чам сярод іншых матар‘ялаў для біографіі і выданьня твораў яго сына, цяпер захоўваюцца ў рукапісах і надрукаваньню ў поўным выглядзе бяз згоды на тое іх адпраўнікаў-корэспондэнтаў Максіма Багдановіча не падлягаюць. Для данага нарысу яны выкарыстаны толькі часткова, паколькі ў іх знаходзяцца некаторыя фактычныя даныя для біографіі поэты.

М. Багдановіч.
З портрэту работы В. Воўкава.
Орыгінал належыць Беларускай Акадэміі Навук

М. Багдановіч.
з роднай цёткай і братамі (сядзіць з левага боку).
З фотографічнае карткі прыбл. 1897-га году.

А. Ю. Багдановіч, бацька пісьменьніка
З фотографічнае карткі 1887-га году.

М. А. Багдановіч, матка пісьменьніка
З фотографічнае карткі 1893-га году.