Творы М. Багдановіча (1927—1928)/II/Прадмова

Прадмова
Публіцыстыка
Аўтар: Іван Замоцін
1928 год
М. Багдановіч

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПРАДМОВА.

У другі том збору твораў М. Багдановіча ўвайшлі ўсе яго прозаічныя творы, за выключэньнем дванаццаці невялікіх апавяданьняў, якія, як узоры яго мастацкай прозы, зьмешчаны ў першым томе разам з яго вершамі. Значная частка матар‘ялаў да другога тому была атрымана ад бацькі пісьменьніка, А. Ю. Багдановіча, ці праз яго пасярэдніцтва.

Наогул, у гэтым томе сабраны 64 нумары нарысаў, артыкулаў, рэцэнзій і нататак нябожчыка поэты, якія раскіданы па розных пэрыодычных выданьнях ці захаваліся ў рукапісах. Агульны лік прозаічных твораў, што перавыдаюцца тут з друкаваных орыгіналаў — 48, агульны лік артыкулаў, якія друкуюцца з рукапісных орыгіналаў — 15. З твораў, якія выдаюцца з друкаваных орыгіналаў, — 3 (№ № 2, 6 і 21) узяты з беларускіх пэрыодычных выданьняў і зборнікаў — з газэты „Наша Ніва“ і са зборнікаў „Калядная Пісанка“ і „Што трэба ведаць беларусу?“; рэшта — 45 нумароў узята з пэрыодычных выданьняў і зборнікаў на расійскай мове — з часопісаў „Украинская Жизнь“, „Ежемесячный журнал“, „Национальные проблемы“, „Русский Экскурсант“, з штотыднёвіка „Музыка“, са зборніку „Пушкин и его современники“, з Ярослаўскае газэты „Голос“. Аўтографы, з якіх друкуюцца 16 артыкулаў, захаваліся большаю часткаю толькі ў чарнавым выглядзе, за выключэньнем некалькіх напісаных начыста. З 16 артыкулаў, што друкуюцца з аўтографаў, 7 — на беларускай мове, 1 — на украінскай і 8 — на расійскай мове.

Большасьць нарысаў, артыкулаў і нататак, якія выдаюцца ў гэтым томе, зьяўляюцца закончанымі творамі поэты, і толькі некаторыя захаваліся як адрыўкі; гэта артыкулы за № № 1, 4, 5, 11, 14, 18, 24 і 28.

Паводле свайго зьместу ўсе артыкулы ўкладзены ў пяць разьдзелаў. Першы — артыкулы гісторыка-літаратурнага і крытычнага зьместу, другі — артыкулы аб беларускай грамадзкасьці, трэці — артыкулы на тэмы аб славянстве, чацьверты — нататкі і рэцэнзіі, пяты — („Varia“) — артыкулы зьмешанага характару (соцыолёгічныя нарысы, крымскія ўражаньні, пераклады). Пры тым першы разьдзел, найбольш складаны і багаты матар‘ялам, падразьдзелены на тры групы артыкулаў: беларуская літаратура, украінская літаратура і расійская літаратура; на тэй-жа падставе разьдзел чацьверты разьбіты на два падразьдзелы: першы — літаратурныя нататкі і рэцэнзіі, другі — нататкі і рэцэнзіі на тэмы навукі, мастацтва і публіцыстыкі, а разьдзел пяты — на тры падразьдзелы: соцыолёгічныя нарысы, крымскія ўражаньні і пераклады.

Гэты рэдакцыйны падзел усяго другога тому на разьдзелы і падразьдзелы, які, дзякучы рознастайнасьці матар‘ялу, праўда, цяжка было вытрымаць зусім дакладна, у кожным выпадку прыметна згладзіў некаторую стракатасьць зьместу прозы М. Багдановіча, падпарадкаваўшы ўвесь друкаваны матар‘ял вядомай сыстэматызацыі. Але ён не пазбавіў другі том ад іншае стракатасьці — з боку літаратурнае мовы, на якой друкуюцца прозаічныя творы, бо яны былі напісаны поэтаю часткова — пабеларуску, часткова — парасійску (большасьць на расійскай мове — 53, меншая частка — на беларускай — 10); адзін артыкул напісаны на украинскай мове. Выдзеліць творы на беларускай мове і творы на расійскай мове ў дзьве паасобныа групы (як гэта зроблена ў I-м томе ў адносінах да вершаў Багдановіча) ня было магчыма, таму што тады трэба было-б адмовіцца ад тэматычнага падзелу ўсяго матар‘ялу, узятага цалком, і ў абедзьвюх групах, такім чынам, атрымаўся-б яшчэ больш стракаты падбор артыкулаў, нарысаў і нататак зьмешанага па сваім зьмесьце характару.

У межах трох першых показаных вышэй разьдзелаў і падразьдзелаў камісіяй па магчымасьці вытрыманы хронолёгічны парадак; у чацьвертым разьдзеле хронолёгічны парадак нататак і рэцэнзій заменены тэматычным з мэтаю ўкласьці гэты рознастайны матар‘ял у больш зьвязную і стройную групоўку; у разьдзеле пятым соцыолёгічныя нарысы надрукаваны ў парадку тэматычным (нарыс аб М. Д. Ножыне, як папярэдніку М. К. Міхайлоўскага, зьмешчаны раней), а пераклады разгрупаваны паводле аўтараў. Даты ўстанаўляліся на тых-жа падставах, якія былі прыняты для першага тому, а ўласна: у адносінах да большасьці артыкулаў, якія не захаваліся ў аўтографах і таму перавыдаюцца з друкаваных орыгіналаў, выкарыстана дата іх надрукаваньня, за выключеньнем аднаго пасьмертнага артыкулу (№ 21), для якога дату надрукаваньня ўдалося замяніць прыблізнаю датаю напісаньня; некаторыя артыкулы, узятыя з аўтографаў (№ № 8, 24, 26), атрымалі дакладную дату напісаньня на падставе фактычных даных, якія зьмешчаны ніжэй ва ўвагах; урэшце некаторая колькасьць артыкулаў, узятая як з друкаваных орыгiналаў, так і з аўтографаў, (№ № 1, 3, 4, 11, 14, 16, 18, 28, 32, 33), задатавана прыблізна па здагадцы, г. зн. паоводле характару рукапісу, зьместу артыкулу, паводле даных некаторых докумэнтаў, якія датычацца біографіі і творчасьці поэты (напрыклад, лістоў), па даведках, атрыманых ад асоб, якія ведалі поэту і г. д. Падрабязнае ўгрунтаваньне кожнае паасобнае даты даецца ва ўвагах. Ня гледзячы на тое, што даты абумоўлены двума момантамі, якія не заўсёды супадаюць, — часам напісаньня і часам друкаваньня, камiсiя лічыць, што хронолёгічная канва твораў М. Багдановіча больш-менш вытрымана, бо ў большасьці выпадкаў надрукаваньне артыкулаў хронолёгічна вельмi блізка да іх напісаньня, а там, дзе хронолёгічная розьніца мiж адсутным аўтографам і друкаванаю яго копіяй даволі значная (уласна ў артыкулах, якія былі надрукаваны пасьля сьмерці поэты), заўсёды выкарыстана хоць-бы прыблiзная дата напісаньня. Для зазначэньня даты, якая ўстаноўлена прыблізна, прыняты, як і ў першым томе, значок-зорка (*); пры гэтым дзьве лічбы, злучаныя працяжнікам, паказваюць тыя хронолёгiчныя межы, у якіх мог быць напiсаны той ці іншы твор.

Пры ўстанаўленьні самага тэксту камісія трымалася тых-жа асноўных палажэньняў, якія былі прыняты для першага тому твораў М. Багдановіча: тэкст прозы М. Багдановіча быў перакладзены на сучасны правапіс усюды, дзе гэтая зьмена правапісу значна не парушала лексыкi пiсьменьніка, якая пакінута ў тэксьце ў тым выглядзе, у якім яна захавалася ў рукапісных ці ў друкаваных орыгіналах. Іншае выпраўленьне тэксту, апрача зьмены орфографіі, дапускалася выключна толькі ў тых, параўнальна нямногіх выпадках, калі ў друкаваных орыгіналах прыходзілася ўстанаўляць наяўную друкарскую памылку, якая парушала сэнс артыкулу; гэтыя папраўкі ў некаторых выпадках агавораны ва ўвагах.

Увагі да матар’ялу, які ўваходзіць у склад да другога тому, пабудаваны паводле таго-ж пляну, як і ў першым томе, г. зн. у iх уведзены фактычныя зьвесткі аб орыгiнале, з якога перадрукоўваецца даны твор, аб даце напiсаньня яго ці надрукаваньня, аб адносінах данага аўтографу да яго друкаванае копіі (гл. увагу да № 33), аб некаторых мясцох аўтографаў, якія ня зусім дакладна расчытаны і ўстаноўлены толькі па здагадцы і г. д. Апроч таго другі том выклікаў і некаторыя ўвагі, якiя зьвязаны спэцыяльна з прозаічнымi творамі М. Багдановіча. Гэтыя ўвагі даюцца ў двух напрамках: 1) у напрамку конкрэтных даведак гістарычнага і літаратурнага зьместу, якія высьвятляюць тэкст артыкулаў Багдановіча, а часам уносяць у даныя ім зьвесткі тую ці іншую папраўку і ўдакладненьне і 2) у напрамку ідэолёгічных заўваг, паколькі гістарычныя погляды Багдановіча (між іншым і ў адносінах да гісторыі беларускае культуры), погляды, якія ствараліся ў поэты пад уплывам сучаснае яму эпохі, патрабуюць некаторых агаворак з боку свайго зьместу і ідэёвага афармленьня.

Самая мэта выданьня другога тому, які зьмяшчае ў сабе ўсе прозаічныя творы нябожчыка поэты, вызначаецца перш за ўсё тым, што ён дае вялікі матар’ял і для вывучэньня асобы поэты і яго літаратурнае чыннасьці ў цэлым і для ўяўленьня яго эпохі — пераважна нашаніўскага часу. У прыватнасьці шмат якія крытычныя артыкулы М. Багдановіча (разьдзел I-шы), у роўнай меры як і крытычныя нататкі і рэцэнзіі (разьдзел IV) уяўляюць бясспрэчную літаратурную каштоўнасьць, як зьместам, конкрэтным і рознастайным, так і сваёю композыцыйнаю апрацоўкаю, заўсёды формальна-вытрыманай і закончанай.

Праца зьбіраньня і першапачатковае падрыхтоўкі матар’ялаў для другога тому была распачата і большаю часткаю прароблена Літаратурнаю камісіяй у складзе І. І. Замоціна (старшыні камісіі) і B. T. Мачульскага (сакратара камісіі). Канчатковы рэдакцыйны перагляд тэксту артыкулаў, якія ўвайшлі ў другі том, групаваньне паводле разьдзелаў і падразьдзелаў і зьбіраньне матар’ялаў для ўваг у галіне конкрэтных даведак і агаворак рабілася ўжо камісіяй для выданьня твораў беларускіх пісьменьнікаў пры ўдзеле М. М. Піотуховіча і А. І. Барычэўскага, якія ў якасьці членаў камісіі падзялілі між сабою працу канчатковага перагляду ўсяго матар’ялу як з пункту гледжаньня ўстанаўленьня тэксту, так і з мэтаю адшуканьня некаторых неабходных даведак для ўваг. Дадатковыя рэдакцыйныя артыкулы, якія ўвайшлі ў крытычны апарат другога тому, былі разьмеркаваны між супрацоўнікамі камісіі наступным спосабам: І. І. Замоцін, апрача агульнае рэдакцыі ўсяго II-га тому, узяў на сябе прадмову і крытычна-біографічны нарыс, М. М. Піотуховіч — хронолёгію друкаваных твораў Багдановіча, А. І. Барычэўскі — бібліографію літаратуры аб Багдановічу, В. Т. Мачульскі — кароткае апісаньне рукапісаў Багдановіча; В. Т. Мачульскаму, апроч таго, належыць першапачатковы набор фактычных даведак для ўваг і агульная апрацоўка тых матар‘ялаў для іх, якія сабраны супрацоўнікамі камісіі.

Перагляд I-га разьдзелу ў яго украінскай частцы (крытычныя артыкулы па украінскай літаратуры) і часткі V-га разьдзелу (пераклады з украінскага) узяў на сябе, згодна просьбы камісіі, П. П. Філіповіч, а III-га разьдзелу (артыкулы аб славянстве) — А. М. Ясінскі і М. 3. Леўчэнка, якія далі да тэксту шэраг фактычных даведак і нататак, выкарыстаных ва ўвагах. Некаторыя даведкі гістарычнага і літаратурнага характару былі даны таксама З. І. Даўгялаю, М. А. Драй-Хмараю, А. К. Дарашкевічам і М. К. Зеравым. Усім азначаным асобам камісія прыносіць шчырую падзяку.

У дадатках да тэксту II-га тому камісія знайшла неабходным даць 1) узоры тэксту прозы на беларускай мове М. Багдановіча ў дакладнай копіі з аўтографу (г. зн. з захаваньнем яго орфографіі), як матар‘ял для найбліжэйшага азнаямленьня з моваю пісьменьніка, 2) паказаныя вышэй бібліографічныя артыкулы і 3) некаторыя папраўкі і да I-га тому.

І. Замоцін.