4. За сто лет 6. За тры гады
Крытыка
Аўтар: Максім Багдановіч
1928 год
8. Забыты шлях
Іншыя публікацыі гэтага твора: За тры гады.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




6.

ЗА ТРЫ ГАДЫ.
АГЛЯД БЕЛАРУСКАЙ КРАСНАЙ ПІСЬМЕННАСЬЦІ 1911—1913 г. г.

1913.

Кінуўшы вокам на сьпісак кніг, надрукаваных пабеларуску, памешчаных на вокладцы якой-небудзь нашай кніжкі, бачым, што беларуская пісьменнасьць расьце. Заместа аднэй, выходзяць цэлых чатыры газэты („Наша Ніва“, „Саха“, „Лучынка“, „Biełarus“), зьявіліся ўжо тры зборнікі „Маладой Беларусі“, дзе знаходзяць сабе прытулак вялікшыя творы, выдана шмат новых дробных кніжак і нават колькі нямалых, каляндар беларускі друкуецца аж у 20.000 экзэмп., залажылася выдавецтва, мэта каторага — друкаваць кніжкі да навучаньня ў школах, адкрылася беларуская кнігарня (кніжная крама) і т. д. і т. д.

Але ня гэты ўзрост цікавіць нас, а ўзрост вартасьці твораў нашых пісьменьнікаў. Гляньма-ж, што і як пішуць яны ды папробуем ацаніць здабыткі гэтай іх працы.

Першае слова — аб Я. Купале і яго вялікай, пекна выданай кнізе вершаў „Шляхам жыцьця“. З радасьцю бачым, што талент Купалы разьвіваецца, зьяўляюцца новыя мэты, новыя спосабы творчасьці, новыя формы і вобразы. Ня толькі нядоля нашай вёскі ды нацыянальныя справы Беларушчыны цікавяць яго. Ужо і краса прыроды і краса каханьня знайшлі сабе мейсца ў яго творах. Там-сям прабіваецца жывы гумар. Ёсьць колькі сонэтаў (праўда, ня зусім бездаганных), баек, вершаў накшталт народнай песьні; ёсьць пробы скарыстаць з народных сымболяў і т. д. Галоўнае-ж тое, што ўсё гэта ў многіх вершах Купалы зроблена надзвычайна пекна, з праўдзівым уменьнем ды з вялікім пад‘ёмам пачуцьця. Часта-густа спатыкаецца прыгожая будова вершу, цікавая па спляценьню строк, расстаноўцы рыфм, ужываньню цэзур; рожнастайнасьць рытмаў з іх усягдашняй лёгкасьцю ды моцным разгонам; краса, сьвежасьць і поўназычнасьць рыфм, зьвінячых ня толькі на канцы, але і пасярэдзіне строк; гучнасьць слоў, падабраных да вершу, і шмат што іншае.

Усё гэта робіць такое ўражаньне, што ня хочацца нават казаць аб рожных недахватах, без каторых, ведама, у такой вялікай кнізе і ня можна абыйсьціся. Але маем надзею, што сам Купала зьверне на гэта ўвагу.

Апрыч гэтага Купала надрукаваў вялікую, у 100 страніц, драму „Сон на кургане“, напісаную рыфмовым вершам, і „Паўлінку“, — сцэны са шляхоцкага жыцьця (сцэнічная проза). „Паўлінка“ напісана бойка, жывою моваю і, пэўна, спадабаецца нашым чытачом.

Другі выдатны поэта, Я. Колас, пісьменьнік спакойны, просты і ўсюды сабе роўны: заўсягды можна быць запэўненым у вартасьці яго твораў. Няма ў яго чаго-небудзь вельмі моцнага, яркага, неспадзяванага, але няма і слабага, нікчэмнага. Ня ўзьбіраючыся дужа высока, ён затое ніколі ня зрываўся і ня падаў. Верш яго ня вельмі штучны, але ўсягды абдуманы і добра апрацаваны, усягды кажа аб Беларусі, усягды праняты шчырым спачуваньнем да яе гаротнай долі. З таго, што было надрукавана ў апошнія тры гады, асаблівую ўвагу зьвяртаюць на сябе (апрыч дробных вершаў) вершы-апавяданьні „Лясьнікова пасада“ і першы з двух, памешчаных у № 2 „Маладой Беларусі“. Ёсьць у іх, бездаганных па форме, і прыгожыя зраўненьні і шчырае чуцьцё, і ўменьне самымі простымі спосабамі даць жывы і верны вобраз жыцьця.

Жартаўлівыя вершы А. Паўловіча, которыя ня гледзячы на рожныя недахваты, здабылі яму вялікую прыхільнасьць паміж беларускіх чытачоў, у апошнія гады бадай што зусім не друкаваліся. Некалькі яго твораў зьявіўшыхся Ў „Biełarusie“ i „Маладой Беларусі“, былі зусім ужо іншага духу. Напісаныя добра, яны сьведчаць, што А. Паўловіч за гэты час папрацаваў над разьвіцьцём свайго таленту. Дзе-што было памешчана і ў „Нашай Ніве“.

Ц. Гартны і Ф. Чарнышэвіч, зьяўляючыся час ад часу ў „Н. Ніве“, шмат вершаў адразу надрукавалі ў № 2 „Маладой Беларусі“. Вершы такія, што ані добрага, ані кепскага аб іх многа ня скажаш, апрыч, можа, таго, што і ў іх прыкметны рух наперад. Да таго-ж у абодвых іншы раз спатыкаюцца даволі пекныя вершы. Дабавім яшчэ, што Ф. Чарнышэвіч і цяпер ужо ўмее пісаць сьціснута і ў кароткіх словах даць малюнак прыроды, або вылажыць сваю думку, але робіць, на жаль, гэта ненатуральна заблутана.

Г. Леўчык выдаў зборнік вершаў „Чыжык Беларускі“ (польскімі літарамі). Пасьля гэтага стала відаць, што п. Леўчык і мае талент, але мала працуе над ім.

З поэтаў „Нашай Нівы“ назавём перш за ўсе А. Гаруна, ад каторага наша пісьменнасьць можа шмат чаго спадзявацца. Лёгкасьць і мілазычнасьць вершу, рупная шліфоўка яго, новае і вельмі пекнае счэпліваньне рыфм, — усё гэта дужа аздабляе яго поэзію. У дзе-якіх творах спатыкаецца сіла і сьціснутасьць мовы. Галоўнае-ж тое, што пры ўсім гэтым А. Гарун ні да каго іншага непадобны, што ён не зрабіўся нічыім „падгалоскам“". Гэта зарука, што нашы надзеі на яго талент ня пойдуць намарна.

М. Багдановіч таксама дбаў аб разьвіцьці вершу, і даў колькі „нанізак“ іх (цыкляў), новых, або па тэмах, або па форме. Сюды належаць вершы, напісаныя накшталт народных песьняў, або ў стара-францускіх формах, далей вершы аб старой Беларусі і дзе што іншае.

Гладка, як і раней, пісала К. Буйла. Л. Лобік і Стары Ўлас далі некалькі дужа няхітрых, але верных і таму цікавых малюнкаў нашай вёскі. Трэба адмеціць яшчэ Я. Журбу, К. Арла і Янука Д. Арол і Янук Д. людзі, што маюць палёт і талент, але мала шліфуюць яго. Трапляюцца ў іх вершы даволі сільныя па пад‘ёму і думцы, але і дужа часта з недахватамі. Піліпаў і інш., — усё людзі больш-менш вядомыя і раней. Урэшце адмецім, што ані К. Каганец, ані Цётка за ўвесь гэты час нічога не надрукавалі. А шкада.
∗     ∗

Пераходзячы да апавяданьняў, пачнём наш агляд з твораў Ядвігіна Ш., каторых, аднак, у апошні час ня бачна, як раньш у „Нашай Ніве“. Не апавяданьнямі, а байкамі ўсяго лепей было-б назваць іх, дарма што Ядвігін Ш. піша ня вершам, а прозай. Невялічкія творы яго ўсягды намагаюцца, як праўдзівыя байкі, даць паўчэньне, або ацаніць якое-небудзь жыцьцёвае зьявішча. Ён ня проста апавядае, а хоча заўсягды нешта яшчэ давясьці і растлумачыць. Як кроўны баечнік, Ядвігін Ш. дужа ўпадабаў алегорыю і ахвотна заместа людзей апісывае птушак і зьвяроў, на каторых знаецца дужа добра. Любоўна малюе ён іх фігуркі, умела адмячае рожныя цікавыя драбніцы іх жыцьця, або звычаяў, і з-пад яго пяра праз гэта ўстаюць, як жывыя, постаці зьвяроў і птушак, каторыя рожняцца між сабой ня менш, як постаці людзей. Урэсьце трэба згадаць і аб ласкавым гумары, які ажыўляе блізка што кожную строку Ядвігіна Ш., а іншы раз, зрабіўшыся болей вострым, набліжае яго да такіх пісьменьнікаў, як Шчэдрын і Горкі ў Расеі[1], або Леманьскі ў Польшчы.

Жывасьць ёмкай беларускай мовы, прыказкі і меткія славечкі, которыя тут якраз да рэчы, — усё гэта яшчэ больш павялічывае вартасьць апавяданьняў-баек Ядвігіна Ш.

Ведама, што байка скрозь даўно ўжо падупадае, але ў яго творах яна ізноў закрасавала сьвежым кветам. Няма спрэчкі, што ў асобе Ядвігіна Ш. мы маем аднаго з найлепшых баечнікаў нашых часоў, да таго ж вельмі блізка стаўшага да творчасьці самаго народу.

Т. Гушча (Я. Колас) добра ўдае ўсякія размовы, а таму ахвотна бярэцца за гэта ў сваіх апавяданьнях. Вялікая частка напісанага ім складываецца з кароценькіх пытаньняў і такіх-жа адказаў, дзеля чаго і чытаецца вельмі лёгка. Да таго-ж Т. Гушча ўмее і пажартаваць, і пасумаваць і раздумацца, і чытача на думу навясьці, — што яшчэ болей надае вартасьці яго творам.

Власт надрукаваў усяго 3-4 рэчы, але кожную можна ўзяць за прыклад, як трэба пісаць. Асабліва хораша напісаны апавяданьні „Сож і Няпро“, вельмі прыгожая казка-легенда (гэтага ў нас дасюль яшчэ ня было, ды і наагул спатыкаецца ня часта), і, далей, „Дзень рожавай кветкі“, што нагадывае лепшыя з апавяданьняў, здабыўшых усясьветную славу дацкаму пісьменьніку Андэрсэну. Таксама добра напісаны і жарцік, памешчаны ў № 2 „Маладой Беларусі“.

Галубок, як і раньш, пісаў бойкія і вясёлыя апавяданьні, да чаго мае праўдзівую здольнасьць. Мова іх заўсягды жывая, тэмы іншы раз даволі цікавыя.

Не замала і новых пісьменьнікаў, узяўшыхся за апавяданьні. З іх асабліва вызначаецца Новіч, каторы першы папрабаваў напісаць вялікшую рэч прозай пабеларуску. Выйшла, няма спрэчкі, добра. Яшчэ больш цікавы для нас 3. Бядуля, пісьменьнік з душою чулай і поэтычнай, аб чым сьведчаць, напрыклад, прыгожыя і сьвежыя зраўненьні, каторыя іншы раз спатыкаюцца ў яго. Горкім сьмехам поўны яго апавяданьні. Лепшыя з іх — „Гора ўдавы Сымоніхі“, „Пяць лыжак заціркі“, „Сон старога Анупрэя“, дзе да вядомай тэмы Караленкі зроблена неспадзяванае дабаўленьне, ды іншыя. Шмат хто вялікія надзеі пакладае на маладога пісьменьніка Максіма Беларуса.

Яшчэ больш было людзей, даўшых адно або два добрых апавяданьні і пасьля не друкаваўшыхся. Так, напрыклад, у Аляхновіча Чэркаса ўдаўся „Сон“; напісан ён даволі заблутана, але гэта якраз да рэчы пры апісаньні сну. Жывіца хораша і цікава намаляваў постаць свайго пана Шабуневіча. Лёсік паказаў свой талент і змоўк. Два апавяданьні (у адным — новая тэма) надрукавала Цётка ў № 1 „Маладой Беларусі“. Нішто сабе выйшаў у п. М. Кепскага „Руды Міхась Крэчка“. Урэсьце трэба было-б згадаць творы К. Лейко, ад каторага трэба чакаць цэннага, Я. Журбы, А. Язьмена, Шпэта і інш.

∗     ∗

Глянуўшы адразу на ўсю беларускую пісьменнасьць, бачым, што за апошнія гады сярэдняя вартасьць твораў падвышаецца, што цяпер кожны піша так, як некалькі год назад маглі пісаць найлепшыя пісьменьнікі нашы. А гэта можа значыць адно: тое, што ў нас вырабілася літаратурная мова. Кожны, хто працаваў над гэтым, зразумее, з якою радасьцю я пішу гэтыя словы. Але мала таго: мы бачым, што сталыя пісьменьнікі разьвіваюцца, да іх прылучаюцца маладыя сілы, вынікаюць новыя тэмы і новыя спосабы абработкі тэм, адзін за адным зьяўляюцца каштоўныя творы. Ня трэба цяпер, канечна, ісьці ў чужыя людзі, шукаючы глыбокіх і трывожных дум, чулага і хвалюючага пачуцьця, душу радуючай красы. Ня трэба, бо і ў саміх ёсьць. Мала таго, самі яны могуць да нас зьвярнуцца, бо іншы раз таго, што маем мы, ня знойдзем у іх. І гэта ня толькі таму, што ў нас ёсьць пісьменьнікі зусім асобнага духу, як, напр., Купала, Гарун, Ядвігін Ш., Власт, Бядуля ды інш. І ня толькі таму, што яны апісываюць беларускае, мала дзе вядомае жыцьцё. Не, і апрыч гэтага знойдзецца шмат чаго; вось хаця-б і нацыянальнае пачуцьцё; ня зьвінелі, ды і ня могуць зазьвінець у расійцаў, напрыклад, яго струны так, як у нашай пісьменнасьці. І ясным робіцца праз гэта, што ня толькі нашаму народу, але і ўсясьветнай культуры нясе яна свой дар.



6. За тры гады. Перадрук з „Каляднае Пісанкі“ 1913-га году.

Да 30 стар. Першае слова — аб Я. Купале і яго вялікай, пекна выдадзенай кнізе вершаў „Шляхам жыцьця“.Шляхам жыцьця“ быў выдадзены ў Пецярбурзе ў 1913 г. (8º, стар. 264).

Да 31 стар. Купала надрукаваў… драму „Сон на кургане“… і „Паўлінку“…Сон на кургане“, драматычная поэма ў 4-х абразох — п. 1912, 8, стар. 100, а гэтак сама надрукавана была ў „Маладой Беларусі“ (сэрыя I, сшытак 1, стар. 41—141). „Паўлінка“ сцэны з шляхоцкага жыцьця ў 2 актах. (П. 1913. 8º, стар. 85). — …асаблівую ўвагу зьвяртаюць на сябе вершы-апавяданьні „Лясьнікова пасада“… „Лясьнікова пасада,“ адзін з разьдзелаў поэмы „Новая ЗямляЯкуба Коласа, надрукаваны быў у зборніку „Нашай Нівы“, № 2. — …першы з двух (вершаў-апавяданьняў Якуба Коласа) памешчаных у № 2 „Маладой Беларусі“… Такім першым творам быў „Батрак“, апавяданьне з жыцьця паляшукоў („Маладая Беларусь“, Пецярбуг, 1912 г. сэрыя 1, сшытак 2, стар. 17—36). — Некалькі яго (Паўловіча) твораў, зьяўвіўшыхся ў „Biełarusie“ і „Маладой Беларусі“. У „Маладой Беларусі“ надрукаваны верш Паўловіча „Родны край“ (сэр. 1, сш. 2. стар. 37-39).

Да 32 стар. Дзе што было памешчана (Паўловічам) і ў „Нашай Ніве“. У „Нашай Ніве“ вершы Паўловіча зьмешчаны за даны пэрыод (1911—1913) у наступных №№: 1911 г. №№ 12, 40; 1912 г. №№ 11, 22, 37; 1913 г. №№ 3, 37. Ц. Гартны і Ф. Чарнышэвіч… шмат вершаў адразу надрукавалі ў № 2 „Маладой Беларусі“. Ц. Гартны ў „Маладой Беларусі“ (сэр. 1, сш. 2, 72-121) надрукаваў вершы, якія потым выдадзены былі асобным зборнікам „Песьні“. П. 1913 г. — Чарнышэвіч Ф. (гл. заўв. да 10 стар.) надрукаваў у „Маладой Беларусі“ (стар. 129—146) цэлую нізку вершаў.

Да 32 стар. Г. Леўчык выдаў зборнік вершаў „Чыжык Беларускі“. Гальляш Леўчык, запраўднае прозьвішча якога Ільля Ляўковіч, поэта родам з Слонімшчыны; зборнік яго вершаў быў выдадзены ў Вільні (1912 г. 80 стар. 48). — „Л. Лобік і Стары Улас далі некалькі дужа няхітрых, але верных і таму цікавых малюнкаў нашай вёскі“. Лявон Лобік — поэта родам з Случчыны. Яму належаць тры апавяданьні, зьмешчаныя ў зборніку „Apawiedańnia i lehendy“: „Залом у жыце“ (стар. 59—63), „Лекар ведзьмар(80—87) i „Калядны вечар“ (88—91). — Стары Ўлас — гл. заўвагу вышэй (да 10 стар.).

Да 32 стар. Трэба адмеціць яшчэ Я. Журбу, К. Арла і Янука Д. Журба Янук — заўпраўднае прозьвішча яго Івашын, — у тыя часы надрукаваў ужо некалькі вершаў у „Н. Н.“ за 1909—1913 г. і ў „Маладой Беларусі“ (1, 3, стар. 64—68). — Што да К. Арла і Янука Д., то трэба адзначыць, што ў слоўніку Карскага (Белорусы, т. III, вып. 3, стар. 377) значыцца Арол М. i Янук Д., як псэўдонімы пісьменьніка, настаўніка з Чарнігаўшчыны, запраўднае прозьвішча якога Пяцельскі і якому належыць каля двух дзесяткаў вершаў, зьмешчаных у „Н. Н.“ (1909—1913 г.).

Да 33 стар. Пераходзячы да апавяданьняў, пачнём наш агляд з твораў Ядвігіна Ш. Ядвігін Ш. (Антон Лявіцкі), радз. ў 1869 г., памёр у 1922 г. Галоўныя яго творы: „Дзед Завала“ (Вільня, 1910 г. 16º, стар. 14), „Бярозка“ (В. 1912, 16, стар. 32), „Васiлькi“ (В. 1914, 16, стар. 119).

Да 34 стар. Власт надрукаваў усяго 3-4 рэчы… Асабліва хораша напiсаны апавяданьні „Сож і Няпро“… i „Дзень рожавай кветкі“… Власт — В. Ю. Ластоўскі (гл. увагу да 11 стар.) Апавяданьне Сож і Няпро надрукавана ў „Беларускім Календары Н. Н.“ на 1914 г.“ (Вільня, стар. 96—97), „Дзень рожавай кветкі“ — у „Н. Н.“ 1912 г., № 12-13. — …добра напісаны Властам і жарцік, памешчаны ў № 2 „Маладой Беларусі“. У даным № „Маладой Беларусі“ (I сэр. 2 сшыт.) надрукованы 2 апавяданьнi Власта: „Прывiд“ (стар. 120-124) і „ххСябра з каўбасой|Сябра з каўбасай]]“ (стар. 125—128).

Да 34 стар. Галубок, як і раньш, пісаў бойкія і вясёлыя апавяданьні. За пэрыод 1911—1913 г. Галубок зьмясьціў два вершы ў „Н. Н.“ (1912, № 12; 1913 г. № 14), тры апавяданьні ў „Маладой Беларусі“ (I, 3), і, апроч таго, за гэты час вышаў яго зборнічак Апавяданьні (П. 1913, 80, стар. 24). — …вызначаецца Новіч, каторы першы папрабаваў напісаць вялікшую рэч прозай пабеларуску… Новіч — псэўдонім доктара Цехановіча, які напісаў апавяданьне „Амэрыканец“ („Маладая Беларусь“, I, 2). У друкаваным паасобніку („Калядная Пісанка“) у месцы, якое цытуецца, было, як відаць, памылкова выдрукавана, „перш“ замест „першы“, камісія памылку выправіла і прыняла „першы“. — Жывіца хораша і цікава намаляваў постаць свайго пана Шабуневіча. Жывіца — псэўдонім Алеся Прушынскага; маецца на ўвазе апавяданьне яго „Пан Шабуневіч“. — („Н. Н.“ 1913, № 6) — Два апавяданьні надрукавала Цётка ў № 1 „Маладой Беларусі“. Тут маюцца на ўвазе апавяданьні „Асеньнія лісты“ (стар. 141—144), „Лішняя“ (стар. 145—148). — М. Кепскага. Прозьвішча перадрукавана нязьменна з „Каляднае Пісанкі“ 1913 г. стар. 11.

  1. Маю на ўвазе, ведама, іх казкі.