Творы (Александровіч, 1932—1933)/1/I/Беларусь Савецкая

Віратлівы разьбег Беларусь Савецкая
Верш
Аўтар: Андрэй Александровіч
1933 год
Перад будучыняй
Іншыя публікацыі гэтага твора: Беларусь савецкая (Александровіч).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




БЕЛАРУСЬ САВЕЦКАЯ


Зямля і хлеб! Сталецьці і зямля!
Зямля і барацьба!
Зямля і зграяй зайздрасьць!
Няроўны люд зямлі!
Зямлі няроўны шлях!
Жыцьцё супроць жыцьця!
Супроць самоты — радасьць!
Жыве народ,
а поруч з ім другі.
Зямля! І — зноў зямля —
нязьведных скарбаў сховы…
Ўладарства дужых шырыць берагі,
рвучы ў слабых і родную іх мову.
Бядак багатаму заўсёды быў слуга!
Бывала, так было,
бо зайздрасьць — там, дзе сіла!
Спрабуй ня быць слугой, — сібірская тайга,
калісь Сібір — зямля, калісь Сібір — магіла.

Работу катаву паставіць на вагу,
страшнейшай лютасьцю сучаснасьць пераважыць.
Зямля гудзіць!
Зямлі зазыўны гул
ня спутаць дротам меж!
Зямную моц ня зьвяжаш!
Трухлее слуп мяжы…
Гудзіць зямлёй абшар!
Хто думаць стаў
— на катарзе, у засьценьнях.
З грудзей зямлі —
агнём прарвецца вар,
прарвецца вар зямлі!
Зямля дарогі зьменіць!
Была скрыжована вякамі Беларусь!
На захадзе цяпер скрыжованы і дзеці!
Няшкода ўспомніць даўнюю пару,
як мала розьніцы у помніках сталецьцяў.

Няроўны люд зямлі!
Зямлі няроўны шлях!
Жыцьцё супроць жыцьця!
Супроць самоты радасьць!
Як многа на зямлі
людзей на кастылях.
Як многа на зямлі
ахвяр сусьветнай здрады…
Рашучасьць!
Bepa!
Ўпартасьць!
Буралом!

Даволі раны разьядае помста сольлю,
Ярмо жабрачае ахвачана агнём,
народжаным іскрой рабочага падпольля.
Уздрогнула зямля!

З зямлі прарваўся вар!
І ўжо ў астатняй,
але страшнай завірусе, —

як жылы,
сьціснуліся межы карт, —
ўзышла зямля —
Савецкай Беларусі!

Краіна Саветаў, вялікая наша.
Зямля ў харастве нязвычайным, інакшым.
Шчасьцем гучэў тэлеграфны дрот —
быў Новы дзень,
быў Новы Год.

Воля узьвілася ў палёт сакаліны —
Радасьць рабочага і селяніна.
Сход сабіраўся, ўрачысты сход —
быў Новы дзень,
быў Новы Год.

Гудзелі гудкі, ня сьціхалі дубровы, —
плылі маніфэста агнёвыя словы…
Сонца пашло ў свой вялікі паход —
быў Новы дзень,
быў Новы Год.

Крыжуюцца шляхі праз балаты, узгор‘і.
Зямля спалосана, як рысамі далонь,
Паявіцца іскра, з іскры шугне агонь, —
І гэта на зямлі — адвечны рух гісторыі.

І так хвілінай кожнаю, што-крок жыцьця людзкога —
гісторыя запіша — сьмерць і перамогу.
Нязгадныя гісторыі схаваны ў нетрах краю,
мы толькі помнім іх, яны зышлі ў нябыт.

У шугавейных выбухах адважнай барацьбы —
і полымя ад дыму колер свой губляе.
Што-крок праяў жыцьця — гісторыя людзкая,
адны народзяцца, другіх зямля прымае…

Вось так і Беларусь радзілася ў паўстаньні,
на касьцякох гісторыі былой.
Уздымам, творчасьцю нязломнаю сваёй
зямлю палоніць ростам рыштаваньняў.

Што-год, то больш, што-год шырэй і далей
мы гучна славім будучыню сталі.

Сталецьцяў спадчыну мы скрышым,
як скалы-горы ў дробны жвір.
Краіна —
ўзброеная выйшла
ў жыцьцё —
нязьмераную шыр!
Распалім горны,
Моц разгорнем,
разбурым краты змрочных дзён.
І пойдзе сонца
ў шлях прасторны
напорам —
трактарных колён.
Хай сёньня пот,
няхай напружнасьць!
хай грудзі ў творчасьці гараць!
Мы пачалі
і скончыць здужым
комуне шлях цэментаваць!

1928 г.