Творы (Александровіч, 1932—1933)/1/I/Віратлівы разьбег

Комсамол Віратлівы разьбег
Верш
Аўтар: Андрэй Александровіч
1933 год
Беларусь Савецкая
Іншыя публікацыі гэтага твора: Віратлівы разьбег.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ВІРАТЛІВЫ РАЗЬБЕГ


1

Бадзёрыя дні!
Сонцатканыя словы,
Як хваля, шумліва
ўзьвіваецца верш.

Сьцежкаю новай,
працай вірлівай
нязнаныя дні
спатыкаем цяпер.

Шчасьцем агністым,
вясьняна-ўрачыстым
думкі крыляцца віхрыста,
угрунь.

Радасьцю ветлай,
як сэрца поэты,
цьвіце сонцасьветлая
Беларусь!

2

— Чаму? Я не знаю,
як ветліва гляне
сонейка тканае
ў вей-харастве, —
я ўспамінаю:
песьню й паданьне,
возера й замак, —
былы чорнацьвет.

Гнулі, ой, гнулі
народную сілу
няволяй паганай
да жвіру-зямлі.

Прайшло, прамінула!
Жыцьцё ўскаласіла
зернем румяным
прывольных хвілін.

І лютая сьцюжа,
і вецер-расхрыстань,
ніколі ня здужаюць
сілы віхрыстай.

Словам мужычым,
як радасьць, свабодным,
словам гаручым,
Як прозалаць зор,

дні акрынічым
расой жыцьцяводнай,
прымусім сугуччам
разьліцца прастор!

3

Часта ў надвечар,
вось быццам, як звычай,
думцы схілюся,
цалую жыцьцё.

І чую, як шэпча
пасёлак фабрычны:
— Для Беларусі
расьцём, расьцём.

Расьцём для краіны
такой невялікай,
якой мы павінны
ў лагчынах балот

заўтрае клікаць
сталёвай машынай,
узьняўшы няўпынны
дзён сьветлых узьлёт.

Ці-ж мы, маладыя,
ня любім даліну
муроў камяністых,
як гордых скал?

Дні баявыя
авеяць павінны
песьняй віхрастай —
фабрычны квартал!

У шэрым завулку
разносіцца гулка —
і ў цёмныя ночы,
і ў сонечны дзень —

скрогат суровы
машыны сталёвай,
як песьня рабочых,
агнём з грудзей!

Машына — ня грудзі,
ня зморыцца ў працы,
колы — ня рукі,
ня будуць слабець.

Вечнасьцю будзе
пералівацца
гоманам гулкім
Машынны разьбег.

4

Часта ў надвечар,
вось быццам, як звычай,
Зоранькам шустрым
схіляю паклон.

Сэрца мне шэпча,
таемна ў надзвычай, —
Выйдзем насустрач
вялікіх дзён!

Выйдзем няйначай,
як з песьняй прывольнай,
дружнай грамадай
ў бязьмежжа зямлі!

Многа патрачана,
знойдзена болей, —
знойдзена радасьць
нязнаных хвілін!

5

О, воля юнацтва —
пара захапленьняў;
Адвага, бадзёрасьць,
узьнятая кроў.

Віюцца за працай
мае лятуценьні,
як чайка над морам,
як сьмелы арол.

Думанькі рвуцца,
віюцца вяночкам,
часамі бурліва
ўзьнімаюць мяцеж.

Як быццам лісточкі
вясною віюцца,
юнацтвам шчасьлівым
зьвіваючы верш.

Сьнежань, 1926 г.