Творы (Александровіч, 1932—1933)/1/I/Комсамол

Чырвонаармейская Комсамол
Верш
Аўтар: Андрэй Александровіч
1933 год
Віратлівы разьбег
Іншыя публікацыі гэтага твора: Камсамол (Александровіч).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




КОМСАМОЛ


Дні былі мяцежнае стыхіі.
Дні былі, але іх грукат змоўк.
Гартавалі буры агнявыя
нашы сілы маладыя —
гартавалі Комсамол.

Надрыўна так, — гудок гудзе:
— Канчай рабочы дзень!
І заклік новы:
— зноў на працу,
строй атрады-сотні!
Сёньня гвардыі юнацкай
чаргавы суботнік.

І па цаглінцы… Так з году ў год
разбураны край будавалі.
Пакутна-сьлязьлівая песьня яго
стала радасным звонам сталі.
Зноў загулі на заводах машыны.
Новае ёсьць, ня стала руінаў.
і ў гэтай працы дні і ночы
Комсамол-чорнарабочы.

Калісьці зналі: сутарэньне,
мазоль крывавы на руцэ,
Гарадавога, пана, цемень
і кастлявы Тэ-Бэ-Цэ.
А цяпер жыцьцё ня зломяць!
Хай гудзе вірлівы вецер!
Комсамол — у фабзаўкоме!
Комсамол — у сельсавеце!

Комсамольцы — люд вясёлы,
Смутак — вораг злосны наш.
Праца — радасьць Комсамолу,
Рытм змаганьня, левы марш.
І стазвонна,
неўгамонна
йдуць чырвоныя палкі.
Серп і Молат
наша школа
ў барацьбе за КІМ.

У Беларусі шмат курганоў:
ня зьлічыць, як у полі каменьняў.
За справу працоўных юнацкая кроў
арасіла шляхі вызваленьня.
У кожным кургане ў дубровах, у полі —
адзін, бязумоўна, ляжыць комсамолец.
Мяцеліца сьцелецца сьнежнай далінай,
Зямля-серабрысты паркаль.
Трывожна гудуць правады бязупынна,
ветры разносяць жаль.
Сэрца слабее
ў завеі
усьпененай.
Сьцюжай заўзятай мігае ў вачох.
— Таварышы, ўтрата!
— Ня стала Леніна!
Леніна…
Ільліча!

Беласьнежным праменьнем
ліжа каменьні
мароз, рассыпаючы сьнег белай жменяй,
Сэрца ня змоўкла, не зьледзянела,
вуліцай белай
плача нясьмела.
Іскрамі смутку плача маўкліва
Сэрца юнацкае, сэрца вірлівае.
Сьцелецца сьцюжай сьнег на каменьні…
Гэй, комсамольцы,
шчыльней свае зьвеньні!

Сілу злучыўшы,
што-крок, то і вышай,
рушым колёнай
мільённай
сваёй.
Стой!
Моладзь заводаў
і зямляробы,
новы фронт —
— Учоба!
Сонца, распальвай стагодні сумёт!
Збавімся спадчыны катавай.
Гэй, комсамольцы,
культурны паход:
акопы культуры захватывай.
За школу,
за лазьню,
за клюб,
за журнал, —
энэргія, воля,
кроў,
запал!

За кнігаю помнім мы
кожнай хвілінай,
дзе і якая
супроць нас краіна.
Вінтоўку трымаем
штодня пры сабе:
Жыць рэволюцыі!
Жыць барацьбе!

Вялікі шлях прайшлі.
Цяпер вясьняна расьцьвілі
так слаўна, так багата — усёй краінай
на былых развалінах-руінах,
на зямлі здратованай каменьнем —
нашы дасягненьні!

Вялікі шлях прайшлі.
Былі ахвяры ў нас. Але перамаглі!
А колькі прыдзецца змагацца нам яшчэ,
каб вызваліць братоў з скляпеньняў беспрасьветных,
каб наш агонь, агонь ідэі зьзяў ярчэй,
шырокім зарывам, сусьветным.

Вялікі шлях прайшлі.
Ў паходах мы расьлі.
Сусьвет — айчына нам. Ня знаем межаў, нацый.
Мы гартаваліся ў агнёх вялікай працы!
Гісторыю жыцьця, змаганьне, дасягненьне —
зброшуруем з сонечных праменьняў!

Менск, 1925 г.