Творы (Александровіч, 1932—1933)/1/I/Мая песьня

Кавалям жыцьця Мая песьня
Верш
Аўтар: Андрэй Александровіч
1933 год
Горад
Іншыя публікацыі гэтага твора: Мая песьня (Александровіч).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




МАЯ ПЕСЬНЯ


Выйду я ўвечары, выйду на вуліцу —
вуліца ўвечары сьпіць.
Песьня мая шмат каму муліцца —
ў сэрцы іх ветрам рыпіць.
І ня раз на мяне цкавалі,
ня змоўклі яшчэ і цяпер.
Мае-ж песьні мяне ўзгадвалі,
а грубыя, што літара — „р“!

Выйду на вуліцу,
туліцца гоман,
сьвет ліхтароў рассыпае чад.
Вечар сутуліцца,
ў сьценах нардому
слухае ўважна даклад.

На небасхіле ценьню застылі
шапкі фабрычных труб.
Змоўклі машыны — гул бязупынны.
Вабіць песьнямі клюб.

Песьні вясёлыя сэрца радуюць,
песьні ў сэрцы ўзьнялі карагод.
— Нас прызнаюць!
Сьмяецца радыё, —
другой тэлеграмай:
— Будуйце флёт!

Песьня сьціскае ціш алавяную,
песьня новага дню маяк,
песьня ў змаганьні працоўных сатканая,
песьня мяне ўзгадвала — Мая!

Мая песьня —
песьня фабрык!
Маё слова —
звон машын!
Мая песьня —
чырвань фарбаў,
Маё слова —
плынь душы.

Мая песьня —
веснавыя ўзоры,
Гоман дня
ў рабочую пару.
Мая песьня —
Новы Горад,
Маладняк,
i
Беларусь!..

1925 г.