Творы (Александровіч, 1932—1933)/1/I/Таварышы, з намі вясна

Поэма пра ворага Таварышы, з намі вясна
Верш
Аўтар: Андрэй Александровіч
1933 год
Фабрыка сьмерці
Іншыя публікацыі гэтага твора: Таварышы, з намі вясна!

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ТАВАРЫШЫ, З НАМІ ВЯСНА!

Прысьвячаецца Беларускай рабоча-сялянскай грамадзе


Стройся колёнай, жалезная сіла,
чуеш фабрычны гудок?
— З намі вясна!

Уздымам шматкрылым
сэрца гаручае запаланіла,
бы электрычны ток.
З намі вясна! Таварышы, з намі!

Рукі прасьцерла праменьнем жыцьця.
Сонцам шматструнным
прадвесьняй Комуны
зьвіла пераможны Чырвоны сьцяг.

Колькі запалу, адвагі і веры
крыецца ў сіле рабочых колён!

Валамі шторму
рушаць наперад;
на бой заклікае,
змаганьня закон!

Бяз страху —
жыцьцё аддавалі на плаху.
Бяз страху, бяз жалю
змаганьне вялі.

Ворагаў білі размахам
напорным,
шляхам
прасторным
наперад ішлі.
Славу здабытую дзён пераможных
стальлю гартуе фабрычны варштат.

А думкі крыляцца, імкнуцца трывожна
ў краіну, дзе голад, дзе тысячы крат.
Ў краіну разьюшанай банды магнатаў,
дзе прагнуць, каб зьнішчыць, бясьсьледна на звод,
прадажныя людзі: жандар, провокатар —
на суд вядучы працавіты народ.

Магнаты, панове — усе —
бязумоўна —
гнуцца ў паклон залатому рублю.
Рвуць скарыстаць,
каб суцішыць працоўных,
аэро, гідро —
ваду і зямлю!

І вырваць мову?
І вырваць рукі?
Хто?
Якой сілай
краіну сагне?!
— Дый не!
Ніколі!
Адны пагудкі!
Ня вырвуць мову!
Ніколі! Не!
Таварышы, гэй! Заўсёды адважна,
хай толькі…
Бяз панікі, ўперад, угрунь!
На полі, на бруку,
загінем, паляжам,
адно ўсё-ж запалім
ў відалях
зару.
Думкі, як іскры, ружовым сьвітаньнем,
думкі, як іскры, асьвечваюць шлях.
— З намі вясна!
— Таварышы, з намі!
Вышай,
да сонца
Чырвоны сьцяг.

1928 г.