Узгоркі і нізіны (1928)/Ці сапраўды «Узвышша» ёсьць узвышша

Літаратурныя падзеі ў 1926 г. Ці сапраўды „Узвышша“ ёсьць узвышша
Крытыка
Аўтар: Цішка Гартны
1928 год
Шкоднае ў беларускай літаратуры
Іншыя публікацыі гэтага твора: Ці сапраўды «Узвышша» ёсьць узвышша?

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЦІ САПРАЎДЫ „УЗВЫШША“ ЁСЬЦЬ УЗВЫШША?

(Па часопісі „Узвышша№ 1)

„Узвышша“, часопісь літаратуры, мастацтва і крытыкі беларускага літаратурна-мастацкага згуртаваньня „Узвышша“ № 1, 1927 г., Менск.

Выйсьце з „Маладняка“ шэрагу беларускіх поэтаў і пісьменьнікаў вясною 1926 году, бязумоўна, было зьявішчам не малога значэньня. Яно тым болей набывала сур‘ёзнасьці, калі разглядалася з боку адбіцьця соцыяльна-клясавай дыфэрэнцыяцыі ў гушчах беларускага насельніцтва.

Апошняя (дыфэрэнцыяцыя) выразна прабіваецца як у горадзе, гэтак, асабліва, і ў вёсцы. Рост накапленьня матэрыяльных сродкаў у асобных грамадках жыхарства ў скутку зацягненасьці новае экономічнае політыкі стварыў буржуя-нэпмана ў горадзе і заможнага ўсталяванага селяніна ў вёсцы. Водлуг матэрыяльнага накапленьня пачалі разгальняцца ідэолёгічныя погляды. Гэта разгальненьне пранізала ўсе бакі беларускага культурнага жыцьця, асабліва востра крануўшы колы маладых беларускіх пісьменьнікаў. Будучы амаль ня ўцалку выхадцамі з вёскі, яны не маглі атрымаць належнае шліфоўкі гарадзкога жыцьця, з прычыны яго спэцыфічнасьці ў беларускіх умовах: адсутнасьць буйнае прамысловасьці і шырокіх гушчаў індустрыяльнага пролетарыяту, ціхага тэмпу руху, слабае тэхнічнае напружнасьці і інш. Пераважнасьць сельска-гаспадарчага аблічча Беларусі, яе сялянская расплыўнасьць, чула націскаюць на дробныя мяшчанска-гандлёвыя гарадкі і густа засьцілаюць смуглыя пробліскі прамысловых націскаў. Схавацца за тоўстымі сьценамі муроў, між якіх аколіцца гукамі і стукамі заводаў, каб гэтым аддзяліцца ад вёскі — немажліва. Узрокі могуць вольна лунаць праз нявысокія камяніцы па блізкіх галах сялянскіх ніў, а вушы бесьперашкодна слухаць напевы вясковых песень… Затуліцца ад іх прыгожым словам зусім не даволі, каб прасякнуцца гарадзкою атмосфэраю аж да думак і разваг.

Вось і беларускія пісьменьнікі ў часы свайго аформленьня ня мелі, не сабралі досыць гарту, каб абараніць сябе ад уплыву на іх сялянскае стыхіі ў рознастайных яе колерах.

Самавыхаваўчая праца „Маладняка“, у якім маецца невялікі процант пахаджэнцаў гораду і пісьменьнікаў з сапраўды рэволюцыйным духам — маладнякоўскае самавыхаваньне не магло ўстаяць супроць націску гэтае стыхіі. „Маладняк“ падаўся і адкалоў ад сябе да дзесятка пісьменьнікаў. Па-за межамі „Маладняка“ якраз — дыялектыка здарэньняў — ачуліся тыя з маладнякоўцаў, якія найбліжэй былі сваім настроем да вёскі. Натуральная рэч — для многіх дзіўная, для іншых пагрозная, для рэдкіх — ясная, як сонца. Не магло іначай стацца.

І важкасьць гэтае нямінучасьці акрэсьліваў сам сабою далейшы творчы шлях вышаўшых. Тым ня меней — адколеныя маладнякоўцы назвалі сябе ўзвышаўцамі. Узвышша — гэта, бач, „камандныя высоты“, пад якімі — разумелася — і старая беларуская літаратура з адраджэнцамі і нават „Маладняк“ — нізінамі.

У цэлым шэрагу выступленьняў, вусных і на паперы, „узвышанасьць“ гэта рэзка падмацоўвалася сябрамі згуртаваньня.

Умовы, што парадзілі раскол „Маладняка“, і афарбоўка думак, што ў моц розных прычын залунала над „Узвышшам“, паслужылі матэрыялам да нараджэньня ў разуменьні ўзвышаўцаў асаблівага роду мэсіянства, чуць ня самаю гісторыяю ўскладзенага на „Узвышша“. Выходзячы з гэтага „каманднасьць высот“ стала перавяртацца ў манію вялікасьці, з якою нейкая частка ўзвышаўцаў не магла не глядзець набочанымі пеўнямі…

Але ўсяго гэтага было мала, каб апраўдаць сваю ўзвышанасьць. Што паднясуць узвышаўцы сваёю творчасьцю? Вось што цікавіла многіх і, асабліва, тых, хто зьвязаны з літаратураю. Ранейшая творчасьць кожнага з іх была вядома беларускаму чытачу — толькі за мінулае ад іх нічога не магло сыскацца. Ды многія з узвышаўцаў самі чуць не гатовы былі адказацца ад зробленага імі ў „Маладняку“. Разумей — то нізіна, а вось надыходзіць Узвышша — сьвятое сьвятых, зямля ханаанская беларускае літаратуры. Праўда, сама глеба гэтае зямлі больш-менш акрэсьлівалася… Яе якасьць прадбачылася. У яе ўваходзілі вядомыя Майсеі.

Усё-ж мажліва — абдым новых умоў народзіць іншыя плёны. У пачатку бягучага году гэтыя плёны пасьпелі. Узвышша зьявілася перад беларускім чытачом з першым сшыткам свае часопісі. Нарэшце!

Чаму-ж — новая часопісь — новы дадатны факт у жыцьці беларускае літаратуры. І трэба сказаць, што гэтаму факту многія парадаваліся. Мы — у тым ліку. Аднак, радуючыся, зусім не хацелася дыапазон гэтае радасьці паднімаць да неасяжнае вышыні, навошта павінна было пайсьці, каб захапіцца настроем яе ўдзельнікаў ды выдаўцоў.

Што-ж — новая часопісь — новы крок у барацьбе за абагаценьне беларускае літаратуры. Якаво-ж яе нутро, яе зьмест?

Вось яна, гэта часопісь, перад намі. Чытаем ад загалоўку да слоў „Рэдакцыйная колегія“. Пачынаецца яна „Салаўём“, апавяданьнем З. Бядулі і зачыняецца „статутам беларускага літаратурна-мастацкага згуртаваньня „Узвышша“. Помеж з статутам — нешта накшталт дэклярацыі, якая адмячае пляцформу згуртаваньня, яе ідэолёгічную падваліну. Гэта — асноўнае, без чаго, панашаму, нельга было абыйсьціся „Узвышшу“ і што мусіць вызначаць ідэолёгічны шлях узвышаўцаў. І кожны павінен ад гэтага падыйсьці да агульнага разгляду часопісі. Пойдзем з другімі — праглядзімо, на чым грунтуецца „Узвышша“ і ці падыходзіць гэты яго грунт да пабудовы на ім „камандных высот“ беларускае пролетарскае літаратуры?

Першы параграф статуту „Узвышша“ — мэта і заданьні — зычыць гэтак: „Беларускае літаратурна-мастацкае згуртаваньне „Узвышша“ мае на мэце разьвіцьцё беларускай пролетарскай літаратуры на падставе прынцыпаў, якія вызначаны ў рэзолюцыі ЦК ЎсеКП(б) за 1 ліпеня 1925 году аб політыцы партыі ў галіне мастацкай літаратуры, конкрэтна ставячы перад сабою наступныя заданьні: а) творча-мастацкая праца і б) крытычна-дасьледчая (праца?)“. Здавалася-б — чаго большага хацець — мэты благародныя. Аднак разьвіцьцё гэтых мэтаў тэзысным парадкам, што робіць дэклярацыя ўзвышаўцаў, справа далёка ня так надзейна, як здавалася-б. Ужо ў аналізе ідэй адраджэнцкае пары ў беларускай літаратуры ўзвышаўцы робяць грубыя памылкі. Гэта асабліва яскрава выяўляецца ў характарыстыцы настрояў М. Багдановіча. Дэклярацыя кажа: „Настрой нацыянальна-ўсьвядомленае культурнае беларускае інтэлігенцыі М. Багдановіч выражае („які склад сказу“) праз мастацкае выяўленьне вялікае культурнае вартасьці інтэлектуальнага багацьця Беларусі, багацьця творчае думкі беларуса“. У гэтых словах трэба разумець нешта асаблівае; прынамсі тое, чаго ня было. „Нацыянальна ўсьвядомленая культурная беларуская інтэлігенцыя“, — гэта трэба разумець — ня тая народная, сялянска рамесьніцкая інтэлігенцыя ў постаці лясьніка, паштальёна, чыгуначніка-канторшчыка, настаўніка і перадавіка-селяніна ад сахі, якая нясла на сваёй сьпіне нацыянальна-рэволюцыйны беларускі рух, а нейкая іншая арыстократычна-магнацкая, якое на Беларусі ня было. М. Багдановіч, належачы ў некаторай долі да тае інтэлігенцыі, якую разумее дэклярацыя, зусім ня мог адбіваць у сваёй творчасьці ідэалаў народнае беларускае інтэлігенцыі нашаніўскае пары; за гэта казалі ўсе ўмовы яго жыцьця і клясавы стан поэты. Адпаведнага стану М. Багдановіча інтэлігенцыі, за выключэньнем пяцідзесяці ядынак, на Беларусі ў той час ня было. Ня ведаць гэтага — знача ня ведаць клясавага складу насельніцтва дарэволюцыйнай Беларусі і, разам з тым, клясавага характару беларускага нацыянальна-рэволюцыйнага руху.

Тое самае нязнаньне выпукляе і характарызаваньне ўзвышаўскай дэклярацыяй творчасьці А. Гаруна. У гэтым выпадку складальнікі дэклярацыі дадумаліся да таго, што рашылі прыпісаць А. Гаруну адбіцьцё „настрояў нацыянальна ўсьвядомленага работніцтва і яго рэволюцыйнай інтэлігенцыі, што за справу работніцкага вызваленьня ішла на катаргі, ссылкі і г. д.“ пэўна, для адлічча яго ад Цішкі Гартнага, які, паіхняму, выражаў, „настроі нацыянальна і соцыянальна ўсьвядомленага рамесьніцтва“. Адкуль атрымалася гэткая розьніца між настроямі ў творчасьці А. Гаруна і Цішкі Гартнага — сам аллах не здагадаецца. Алесь Гарун — сталяр, а Цішка Гартны — гарбар. Першы працаваў у сталярскіх майстэрнях г. Менску, другі — у гарбарскіх майстэрнях і гарбарскіх заводах да дваццаці гарадоў Беларусі. Гарбарскія заводы мелі ў сабе часта да 200—300, а то і больш чалавек — сталярні абмяжоўваліся лікам чалавек да 20-ці. Чамуж у ўзвышаўцаў сталяры — рабочыя, а гарбары — рамесьнікі. Ці не таму, што ва ўсёй сваёй творчасьці А. Гарун прысьвяціў толькі адзін ці два вершы рабочым тэмам, і то адзін з іх не сталяром, а муляру? Таемнасьць аўтараў дэклярацыі.

Таемнасьць, якая пабудована на няграматнасьці. З гэтага выходзіць, што цьмянае разуменьне ўзвышаўцамі папярэдняе эпохі беларускае літаратуры лёгічна цягне за сабою тую ж цьмянасьць у поглядах на прызначэньне і служэньне літаратурнай творчасьці ў сучасны момант. Іхняя дэклярацыя рашуча адкідае творчасьць „нравоучительную“ і протокольную творчасьць службовай казённай (?) радасьці, „якая дае літаратурныя прысмакі (курсіў аўтараў дэклярацыі), забелку, або прыстрахі з мэтай вырашэньня надзенных асабістых задач і задаваленьня сваіх асабовых (поэты ці пісьменьніка) інтарэсаў“… Па праўдзе кажучы, тут ужо ня цьмянасьць у разуменьні, а сьвядома-адваротнае разуменьне задач і мэтаў савецкае пролетарскае літаратуры. Бо ў прыведзеным тәзісе дэклярацыі выразна адкідаецца ўвесь дадатны бок літаратуры, як служкі рэволюцыі, служкі соцыялістычнаму будаўніцтву. Гэта, паіхняму, ёсьць абмылковая рэч, „вырашэньне надзенных (аднае эпохі) асабістых задач“ і „задаволеньня сваіх (клясавых, бач) інтарэсаў“. Гэтай „недарэчнасьці“ супроцьставіцца ўзвышаўцамі якоесьці туманнае „мастацтва ўзвышша“, „камандныя высоты“ і інш. гэтаму падобнае. Мастацтва, як мастацтва, адарванае ад жыцьця працоўнае клясы, надклясавае мастацтва з пратэнзіямі на векавечнасьць і прыгоднасьць усім часом, месцам і станам — вось квінтэсэнцыя ўзвышаўскіх імкненьняў, няўдала скомпанаваных у дэклярацыі, дарэчы забранай у лапкі.

*

Стала абгрунтаваўшыся на гэтай дэклярацыі, вывучыўшы яе і прасачыўшыся яе духам, большасьць узвышаўцаў і прыступіла да свае творчасьці.

І што-ж мы бачым, пазнаёміўшыся з іхнімі творамі, зьмешчанымі ў нумары першым часопісі „Узвышша“?

Вось аповесьць З. Бядулі „Салавей“. Першыя тры главы. Асаблівы ўступ, які б'е на орыгінальнасьць і прэтэнцыйнасьць. Далей — сказны, аднастайны манер апавяданьня аб прыгонным часе. Узята панскае жыцьцё ў маёнтку гэтых часоў, на фоне якога разгартаецца песьня — мастацкая чыннасьць салаўя, талентнага самародка-артыстага Сымонкі. Хто такі Сымонка? Вось яго портрэт: „Вельмі жывы хлопчык быў Сымонка, сын Тодара-фурмана пана Вашамірскага. Да ўсяго прыглядаўся, да ўсяго прыслухоўваўся. Усімі пачуцьцямі ўбіраў у сваю істоту акаляючае. Увесь сьвет быў, як у гнязьдзе, у яго сэрцы, для яго-ж, пранікаючы туды праз гукі і колеры“.

Сымонка быў пастух з чатырох гадоў! „Сымонка меў надзвычайную здольнасьць, якой навучыўся ў палёх і лясох пана Вашамірскага: падрабляць гукі прыроды і жывых істот“. Аўтар пералічае некалькі дзесяткаў выглядаў імітатарскай здольнасьці свайго героя. Прызнацца — гэта wunderkind‘арская здольнасьць, болей выходзячая з захапленьня З. Бядуляй сваім героем, чымсь дапусьцімая прыродаю. Здольнасьць Сымона-музыкі Я. Коласа і не стаяла перад здольнасьцю Сымонкі-„Салаўя“ З. Бядулі! Затое многія рысы героя апошні запазычыў у Я. Коласа. Вакола гэтага тонкага стварэньня ангельскага складу З. Бядуля падкрэсьліў востра адмоўныя бакі акольваючых яго абставін. Не пашкадаваў цёмных фарбаў і нават тлустасьці да іх, якую можна было-б і ня прымешваць. Гэта тлустасьць вельмі рэжа вуха на фоне ўжыўнай З. Бядулі сантымэнтальнае лірычнасьці, чым прасычана апавяданьне. Вось яе скалкі: „Сягоньня ён (малады пан) смачна ўшчыпнуў яе (прыгожую сялянку Марыльку) за мяккае месца“… Ксёндз паглядае на балярын ласым вокам — „чаго добрага, перапрабуе іх усіх“. „Пан Вашамірскі пасьпеў перапрабаваць для „свайго здароўя“ ўсіх дзяўчат студыі“ і г. д. Гэта, відаць, і ёсьць тыя „дерзновения“, што ўжыўны духу ўзвышанства? Мажліва. У кожным разе „Салавей“ чытаецца нудна — з-за монотоннасьці і цягучасьці сказнага характару апавяданьня. Калі яно расьцягнецца на некалькі кніжак — стане не падсільным чытачу, хоць-бы далей яго сюжэт і разгарнуўся ў бок большай цікавасьці.

Апроч гэтых формальна-ўнутраных асаблівасьцяй „Салаўя“ З. Бядулі, адмоўным бокам пісьменьніка ёсьць яго ўцяканьне ў мінулае, угон за тэмамі далёка нямоцнымі, каб зацікавіць чытача. Прыгон — час гістарычны. Падзеі-ж гісторыі толькі ў выпадках, эпізодах надзвычайнага характару, а ня ў цэлай эпосе маглі-б падыйсьці палатном для пэндзля мастака… ды то ня ў нашу пору. Сучаснасьць нагэтулькі багатая жыцьцёвым зьместам, нагэтулькі цікавая агромністымі парушэньнямі і ўздымамі, што дае нявычарпаны скарб тэмаў. Ня бачыць гэтага ці знарочыста ігнораваць яго праступна для пісьменьніка-стварыцеля і будаўніка жыцьця. Паміж тым, З. Бядуля за апошнія два гады ўпарта ўхіляецца прыслухоўвацца да вакольнае сапраўднасьці. Яго цікавіць усё пастароньняе беларускаму савецкаму жыцьцю. Сьпярша пісьменьнік захапіўся каўкаскімі тэмамі лірычна-прыроднага жанру і даў шэраг далёка не адмысловых вершаў аб усплёсках чорнаморскіх хваль ды крыках шакалаў. Зараз-жа ён перанёсься ў часы прыгону. Няўжо стыхія „ўзвышанасьці“ ў гэтым напрамку кіруе настроем З. Бядулі? Калі гэтак, то нельга яе лічыць за сапраўдную ўзвышанасьць…

У галіне настраёвых парываньняў не паднімаецца ўгору і другі ўдзельнік „Узвышша“ — Кузьма Чорны, даўшы для першае кніжкі апавяданьне „Сьцены“. Наадварот, Кузьма Чорны апускаецца ўніз і ня хоча выйсьці на сьвятло з ціхага змроку i густога туману. Уяўляецца, нібы гэты здольны, багаты шырокімі мажлівасьцямі мастак папаў у зачарованае кола. Нейкія цёмныя сілы водзяць яго па страшных гекатомбах і, як багародзіцы, у „хождении Богородицы по мукам“, паказваюць мукі зямлі. Яны, гэтыя мукі, вакола і ўсюды, куды ні кіне вокам Кузьма Чорны, мукі балючыя, пякельныя, з містычным налётам. Ня дзіва, што імі заражаецца паветра, усё акаляючае жыцьцё яго дзеючых пэрсонажаў. У Кузьмы Чорнага — цені і змрок, шэрасьць i жуда, холад і мёртвасьць — непераможныя стыхіі.

Асабліва пісьменьнік згусьціў чорныя фарбы ў апавяданьні „Сьцены“. Савось — дзейная асоба „Сьцен“ — жыхар цёмных куткоў, „высокі і ўскудлачаны“, з доўгімі і тонкімі рукамі, з постацю „на асьвечанай скупым сьветам туманнае зямлі, як хворая фантазія грубае сілы“. Надворны выгляд Савося, людзіны не ад нашага сьвету, ужыўны адпаведныя перажыткі, склад розуму, напрамак думак і лёгіка размоў. Ён гаворыць, падняўшы палец угору, дзеравяным голасам і алегорным, як у прытчах, сказам. „Плач па пяску!“ — крычыць ён свайму знаёмаму Люцыяну Марцінюку. Калі ў яго запыталі адзін раз — „Ты хто?“ Савось адказаў — „Ніхто“. — Чаго табе тут? — „Нічога“. Гэта вельмі сымптоматычна для Кузьмы Чорнага, які зьнізіўся ў сьвет ценяў і змроку, дзе ганяецца за зданнымі, марнымі, пароджанымі зьвіхнутым уражаньнем істотамі.

Ніхто і нічога! Зацягнутыя цёмным валем нявыразныя мясьціны, дзе адбываецца гэткая-ж нявыразная чыннасьць аўтарскіх асобаў, павяваюць холадам на чытача. У чым тут рэч? Адкуль пісьменьнік дастаў усіх гэтык Савосяў, Надзяў, Маняў, якіх не знайсьці і днём з агнём? Ці па крайняй меры тыпаў поўвымершых. Дзікіх, драпежных, крывасмагных, як вампіры. Куды яго зацягнула нястрыманая фантазія творчых шуканьняў? Ці можа гэта знарочысты вопыт паглыбленае псыхолёгічнасьці? Удубальтованая, ды разам змодэрнізованая андрэеўшчына? Як-ні-як, а даводзіцца апасацца, што Кузьма Чорны, міжвольна апраўдваючы зьмест сваго псэўдоніму, сышоў з правідловага шляху і загразае ў балоце містычнае трасяніны. Перад ім пагасаюць праменьні сьвятла, і толькі ўсё, што над шэрасьцю, зьліваецца ў жаўцізну. Жоўтая пляцоўка, жоўтае плацьце, жоўтыя лісты… „А жоўты колер люблю!“ — кажа ён вуснамі аднае асобы з апавяданьня. Сугучнасьць шэрага і жоўтага… фону, на якім мільгаюць цені: „Ён (Савось), як цень, прайшоў упоперак вуліцу і схаваўся. Прайшоў, як цень… Дык гэта-ж ты і ёсьць апошні цень“.

На працягу ўсяго апавяданьня — цісьне чытача важкасьць „абрысаў цяжкіх гор“, сумных жудасных абразоў… Сярод іх безьліку тануць крохкія намёкі на вясёласьць, якую цісьне журбота, на сьвятло, што яго туманіць змрок, на радасьць, агорнутую сумам…

Гэткім паветрам ахутаны ў зломе узрокаў Кузьмы Чорнага „камандныя высоты“ Узвышша. Што на іх угледзіш? Усё, толькі ня скрыжалі, што іх абяцалі беларускай літаратуры жыхары Узвышша. На гэта не намякае нічога ні ў аддзеле прозы часопісі „Узвышша“, ні ў гэткім-жа па разьмеру аддзеле вершаў. Мэлёдыі У. Дубоўкі „Наля“, што імі пачынаецца аддзел, мэлёдыі асобае якасьці… у кожным разе маладаступныя для вуха беларускага чытача. Шостая і сёмая з гэтых мэлёдый болей падобны на какофонію, ніж на мэлёдыю. І толькі дзевятая, andante, апавядае і назьве і настрою… Дзевятая мэлёдыя, наогул, сьведчыць нам, што поэта ня чужы гармонійнасьці, знаёмы з вібрацыямі тонаў і можа насычыць свае гукі багатаю сакавітасьцю… Але чамусьці ён занядбайвае звычайнымі тонамі і шукае абертанавое гучлівасьці, якая чытачу пакуль мала патрэбная. Занадта багата музыка тонамі звычайнымі, каб даць на сваіх комбінацыях выявіць здольнасьць любога мастака. Пажадаем яму не адрывацца ад настрою дзевятае мэлёдыі ў „Налі“. Яе бадзёрыя акорды блізкі і мілы нашаму вуху. Яны адны бадай што з усяго ў нумары першым „Узвышша“ — завуць на ўзвышша…

Цэлы шэраг іншых песьняроў, што запаўняюць аддзел вершаў у часопісі „Узвышша“, мэрам згаварыўшыся, падтрымліваюць настроі Кузьмы Чорнага. Той-жа туман і змрок, тыя ж цені і смуга ў Максіма Лужаніна. Поэта нудзіць па мінулым шчасьці, па мінулай красе. Свайго роду „Тоска по родине“.

У вербалозьніках цені заімжацца і загаснуць,
Заімжацца і загаснуць… Ні дарог, ні сьлядоў…
Буду я адзінокі заклікаць сваё шчасьце,
Заклікаць сваё шчасьце…
(„Загубіла шыпшына залатыя пялёсткі“).

І далей, там-жа:

Над далінамі восень… Плачуць ліпы лістамі…
Плачуць ліпы лістамі… Плача поле і сад…

У вершы „Пакуль жыву, ня згіну у тумане“ Максім Лужанін кажа:

Над садамі коўдра вохкага туману.
І крадзецца у душу вячорны змрок…

Поэта малады, павінен-бы быць жывым, рэзвым і бадзёрым: павінен-бы сваімі песьнямі, трэба сказаць, багатымі па форме, удалымі па тэхніцы, клікаць чытача да ўспрыняцьця радасьці жыцьця, будаўнічага пэнту, а ня труіць нутро міазмамі нуды і сантымэнтальнымі ўсхліпамі… Няўжо такі перад ім ужо зачыніліся ўсе дарогі і сонца перастае сьвяціць? Як-жа пры гэтых умовах узыйсьці на „камандныя высоты“? Што будзе тады, калі з надыходам сталасьці давядзецца бліжэй спаткнуцца з бесстароньнім жыцьцём?

Гэтыя пытаньні адносяцца і да Пётры Глебкі і да Сяргея Дарожнага. І першы і другі з іх раюцца не адвесьці сваіх тонаў ад агульнага настрою маркатлівасьці. І той і другі памятаюць аб дэклярацыі і ня хочуць ухіліцца ў бок ад яе тэзісаў. Мінулае (1) шчасьце ўшпілілася ў сэрцы юнакоў і ніяк ня пускае ўзьняцца на ўзвышша. Яно затуманіла думкі гэтых песьняроў і спанталыжыла іх у правільнай орыентацыі на жыцьцё:

Ах, навошта сягоньня думы,
Быццам статак белых гусей
Выпускаю ў бярозавым шуме
Па распырсканай сонцам расе?
Туманамі цьвіла, туманамі
На расьцьвеце пары трава.
Над асеньнімі мокрымі днямі
Глуха плакала дзесьці сава —
Што даўно адзьвінелі ўжо далі…
I цяпер, калі ўвечары часта
Месяц бельлю скрыпіць па вадзе,
Я успомніў мінулае шчасьце
І адцьвіўшую радасьць падзей…

Гэтак скардзіцца Сяргей Дарожны на бягучую сучаснасьць. Для яго „адцьвіла радасьць падзей“… думаецца, тых падзей вялікае рэволюцыі, якая павінна была загартаваць маладое сэрца поэты бадзёраю вераю ў сьветлую будучыню. Дык не — некі атрутлівы чарвяк затачыў хлопцава нутро i яму надаўмілася карціна бязвыходнасьці. Толькі цьмянымі плямамі выабражэньне яго шукае ратунку ў нормальнай вобразнасьці жудлівага сказу… Бо „Закружылі, пападалі ніц у пялёстках душы лятуценьні“… Хочацца думаць, аднак, што пералічаных трое песьняроў выпадкова зьвіхнуліся з роўнае дарогі… Баязно, што на іх згубна ўплылі настроі іх старэйшых колегаў па згуртаваньню, прынамсі З. Бядулі і Я. Пушчы. Заўсёдашнае калываньне першага ўпартая няпрыязьнь да зьяў нашае сучаснасьці другога — асабліва ненадзейная навука маладым, яшчэ ў пэрыодзе формаваньня песьнярам. Я. Пушча, ужо прайшоўшы некі кусок літаратурнае дарогі, найболей яскрава адбівае ў сваёй творчасьці далёкія ад жыцьця настроі. Сваім ідэалам ён становіць вечнае чыстае мастацтва — некую непадважную (невясомую) матэрыю, адцягненае разуменьне. Бліскучую рознакалёрнымі фарбамі мыльную бурбалку. І вакола гэтае туманнасьці концентруе ён свае склізкія, рэзкія для вока анормальныя вобразы… Імі Я. Пушча прасякнуты наскрозь, захоплены іх стыхіяй, абросшы, як мохам. Гэтыя вобразы пераламляюцца ў тым-жа ныцьці, калі поэтава вока апушчаецца да зямлі.

Жыцьцё для яго песьняў

Нядоля ліхая,
Цярнёвы вянок Беларусі…

На яго скрыпцы зышлася роспач… мусіць ад таго, што

Людзі ўсе сталі „багамі“…

Гэтыя людзі — „багі“, — напэўна ў іх Я. Пушча разумее правадыроў працоўнае клясы, — яму варожы і страшны[1].

Страх перад імі да таго вялікі ў Я. Пушчы, ажно ён апэлюе да пачуцьцяў, каб тыя дашчэнту ня стлелі…

Хоча ці ня хоча Я. Пушча (думаем, што хоча), а ў сваёй істоце ён выяўляе тыя плыні ідэолёгічных рухаў, якія шукаюць абмежаваньня ад ідэй рэволюцыі, ад ідэй соцыялістычнага будаўніцтва. З думкамі ды настроямі Я. Пушчы не пабудуем „беларускае пролетарскае літаратуры, на падставе прынцыпаў, вызначаных у рэзолюцыі ЦК ЎсеКП ад 1 ліпня 1925 году“. Пэўней усяго, што гэты матэрыял для пабудовы крэпкіх фальваркаў для заможных мужычкоў… Малодшым пісьменьнікам з Узвышша гэткі матэрыял зусім некарысны для ўзору ў сваёй творчасьці.

Іншага гатунку паднёс матэрыял для першага нумару часопісі свайго згуртаваньня Крапіва. Ці хацеў ён ці не хацеў, а падкрасіў ім аддзел вершаў занадта тлуста. Рэч аб яго байцы „Саромлівы“. Трэба было мець бессаромнасьць рэдактароў, каб дапусьціць гэту байку да друку.

Але — „кожны гуляе з сваёю цацаю“. Тое і тут. Навошта ўступаць З. Бядулі… Праўда, гэта не да жартаў. Крапіва сваёю тлустасьцю лінуў на старонкі „Узвышша“, і пырскамі акрапіў грамаду. Моралі байкі аб хворай грамадзе — гэта ўжо ня сьмешная, а шкодная рэч. Нам ня думаецца, каб здольны вострапёры байкар укладаў у зьмест мораляў свае байкі сэнс, ад якога атрымоўваецца ўражаньне далёка ня ільсьцівае для Крапівы. Ня хочацца гадзіцца, таксама, і з тым, каб Крапіва надалей захапляўся падобным жанрам. „Біблія“ і „Саромлівы“ не ўзбагацяць творчага актыву байкара. Пара-б яму павярнуць джала свайго пяра ў іншы бок, каб яго не зламаць трапункам.

Трэці аддзел часопісі „Узвышша“, аддзел публіцыстычны, складаецца з цэлага шэрагу артыкулаў крытыка-літаратурнага характару.

Артыкулы гэтыя маюць розную каштоўнасьць. Аб адным з іх — „Злыя нататкіН. Бухарына — казаць не даводзіцца; іх многія чыталі ў орыгінале. Тав. Н. Бухарын у іх зло накідаецца на патрыотычны азарт некаторых расійскіх пісьменьнікаў, ня кінуўшых вялікарасійскае абмежаванасьці, якая мяжуе з шовінізмам, ды ісьці нярускасьцю і супроціў упадніцтва. Ён трапна кажа: „Бязумоўна, у першую чаргу, у тым, што ў нашай моладзі наяўна ў значным памеры мяшчанская адсутнасьць культуры працы (курсіў Н. Б.), якая некаторымі ідэолёгічна-кучаравістымі „хлопцамі“ (лапкі Н. Б.) лічыцца праз расійскую дурасьць бадай не за добраякаснасьць“. Гэтае „кучаравасьці“ (лапкі нашы. З. Ж.) досыць хапае ў узвышаўцаў. І выразным ліцамерам зычыць прыметка да артыкулу Н. Бухарына, надрукаваная ва „Узвышшы“, якая кажа: „З вялікім здавальненьнем павінны зазначыць, што нашы (узвышаўцаў) погляды на літаратуру спаткалі нечаканую падртымку з боку т. Н. Бухарына. Гэта сьведчыць, што з самага пачатку намі была ўзята правільная лінія“. Бачыце, як ганорна: нават т. Н. Бухарын іх падтрымаў. Чакаў, пакуль узвышаўцы выкажуцца, а сьледам і напісаў „Злыя нататкі“. Што-ж ты парадзіш — узялі і сказалі, а там — як хочаш. Наіўных багата… Не для апошніх напісаны артыкул проф. І. ЗамоцінаБеларуская драматургія. — Драматычныя творы Я. Купалы“. Выдатны крытык дасканала разабраў гэты жанр творчасьці нашага песьняра, падышоўшы да яго з соцыолёгічным скальпелем. Калі і трапляюцца некаторыя, панашаму, ня зусім точныя погляды ў крытыка, то гэта залежыць ужо ад прычын, якія зьвязаны з яго недасканалым вывучэньнем рознастайных галін беларускага жыцьця.

Конкрэтна, нельга згадзіцца з паважаным профэсарам аб характары эпілёгічнай дзеі „Паўлінкі“. Панашаму ні драматызму, ні грамадзка-політычных мотываў яны ня маюць. Тое самае трэба заўважыць і аб драме „Раскіданае гняздо“, якую проф. І. Замоцін ня лічыць чыста сымболічнаю, але якая панашаму, сапраўды зьяўляецца найбольш глыбокім сымболем „Раскіданага гнязда“ — раскіданай да вайны радзімы поэты — Беларусі. Некаторыя прычыны, на жаль, заставілі проф. І. Замоціна павярхоўна абыйсьці трэцюю рэч Я. Купалы — „Тутэйшыя“.

Зусім далёка ад яго стаіць праца другога профэсара — А. Н. ВазьнясенскагаПоэмы Янкі Купалы“. Прысьвяціўшы гэтай тэме да 40 старонак, А. Н. Вазьнясенскі цалкам іх аддае на сухі пераказ зьместу Янкавых поэм. Мэтод формальнага падыходу слаба трымаецца ў руках аўтара і ў скутку артыкул толькі заграмаджае часопісь. Да чаго і што вёў аўтар — ня ясна.

Куды ясьней думка выглядае з артыкулу Я. ПлашчынскагаКніга лірыкі“ як мастацкае цэлае“ („Вянок“ М. Багдановіча). Я. Плашчынскі таксама прыхільнік формалізму. Але ён менш хілкі у карыстаньні ім. У проф. А. Вазьнясенскага не ўлавіць думкі, яна склізкая, як вужака, а ў Я. Плашчынскага яе істота сюд-тут і пакажацца. Ды яе Я. Плашчынскі не хавае, ня тоіць. Згодна яго думкі — „амаль кожны поэта ў сваёй асобе двуісны“. З гэтаю двуіснасьцю і сам Я. Плашчынскі. І вось адна яго істота цягне ў адзін бок, другая — у іншы. Як прастыдыжытатар гайдаецца ён між імі. Вось-вось хоча кінуцца, а пасьля і падапрэцца. Але падпоркі яго не бароняць.

Сутнасьць думак і вывадаў Я. Плашчынскага зразумелы — гэта прозаічна падмацаваныя думкі і вывады Я. Пушчы ў яго вершах. „Васільковая краса бясьсьмертнае істоты эмоцыянальнага поэты“ бог — дух сьвяты, ваколсутны і недатычны. Выходзячы з гэтага, Я. Плашчынскі перадае ў пашыраным тлумачэньні думкі аб М. Багдановічу, закранутыя ў дэклярацыі, і на падставе іх разглядае творчасьць поэты…

Разгляду некаторых літаратурных пытаньняў прысьвячае свой артыкул „З літаратурных нататак (Бабарэка)/З літаратурных нататак“ і А. Бабарэка. Найважнейшая і цікавейшая з іх — гэта аб самаацэнках пісьменьнікаў. „Матэрыялам для суджэньня аб такіх самаацэнках зьяўляюцца перш за ўсё самі самаацэнкі, якія знайшлі сваё выражэньне і слоўнае аформаваньне. Іншых матэрыялаў дастаць надзвычайна цяжка, калі не сказаць, што зусім немагчыма“. На падставе гэтага А. Бабарэка робіць свае заключэньні. Згодна гэтых заключэньняў, В. Дунін-Марцінкевіч дае „гасьцінцы“ (лапкі А. Б.) „простаму народу“ (лапкі А. Б.), Ф. Багушэвіч „бароніць“ свайго (лапкі А. Б.) „нашага цёмнага брата“ (лапкі А. Б.) і робіць „мужыцкую“ (лапкі А. Б.) справу“. Адзін дае простаму народу як-бы ад збытку, ад зьлішняга, другі піша вершы, складае песьні з патрэбы ў грамадзкай „музыцы“ (лапкі А. Б.) беларускага селяніна“. Няслухоўскі пасыўны, больш эмоцыянальны, чым валявы. У азначаных матэрыялах самаацэнак трох пісьменьнікаў адбіваюцца зачаткі трох пісьменьніцкіх тыпаў і г. д. Бачыце, па А. Бабарэку выходзіць, што пісьменьнік ёсьць нешта самамэтнае, незалежнае ад вакольваючых яго абставін. Хоча казаць гэтак — і кажа, хоча думаць так — і думае. У сваіх творах адбівае свой асабовы сьвет. Фактару экономічнага стану і клясавае залежнасьці А. Бабарэка прызнаваць ня хоча. Не прызнае ў сваіх заключэньнях А. Бабарэка і іншых мотываў, як політычная сытуацыя і міжнацыянальныя суадносіны. „Багушэвіч залічае сябе да нашага цёмнага брата“, „мужыка“. Няўжо таму, што Ф. Багушэвічу захацелася гэта зрабіць? Напэўна ня з гэтых мотываў Ф. Багушэвіч — дробны шляхціц, захоплены народніцкімі ідэямі, прайшоўшы школу польскага паўстаньня супроць царызму, і ў моц усіх гэтых прычын абставіны прадыктавалі яму апынуцца ў лягеры „нашага цёмнага брата“. Тое-ж самае трэба бачыць і ў адносінах сформаваньня ідэолёгіі В. Марцінкевіча ды Я. Няслухоўскага. Пры гэтым яшчэ адно фальшывае сьцьверджаньне ў А. Бабарэкі — гэта непаддатнасьць пісьменьнікавага пункту гледжаньня да зьмены пад націскам гістарычна-соцыяльных парушэньняў. Янка Купала ў час выйсьця на літаратурную ніву выказаў гэткую самаацэнку:

Я не поэта, крый мяне божа!
Ня рвуся я к славе гэткай ні мала,
Хоць песеньку-думку і высную можа,
Завуся я толькі Янка Купала.

І гэта дае А. Бабарэку заключыць, што Янка Купала ацаніў сябе, як „ціхага“ і „няпрыметнага“ чалавека, ажно на дваццаць гадоў. Чаму і што яно гэтак вышла? Я. Купала захацеў так? Ніколі ня было! Калі ён вышаў на літаратурную дарогу, то ён быў першы з народу пясьняр, які папаў у ўмовы нярухомасьці, зацішша ў беларускім грамадзка-політычным жыцьці. Гэта зацішша прадыктавала яму скромныя няўвераныя словы. Калі-ж соцыяльныя сілы ўзьнялі беларускую цаліну, калі атрымаўся „рух вады“, Янка Купала атрымаў новы штырхач, быў пакліканы да адпаведнейшых абавязкаў, з якімі зусім не маглі ўжо гадзіцца словы — „…ня рвуся я к славе гэткай ні мала“… Само па сабе цікавае пытаньне аб самаацэнках песьняроў узята А. Бабарэкам пад разгляд з няправільнага боку, зложана многаслоўна, але блутана, не пераконна для чытача, а таму і малакарысна. Артыкул не пакідае па сабе дадатнага ўражаньня.

З рэшты артыкулаў гэтага аддзелу цікавым і зьместным ёсьць артыкул Ул. Дубоўкі „У зьвязку з пытаньнем аб беларускіх мэлёдыях у творчасьці Шопэна“. Відаць, што над ім аўтар доўга і ўдумлена папрацаваў, выкарыстаўшы багатую спэцыяльную літаратуру. У процілежнасьць артыкулу У. Дубоўкі зьяўляецца артыкул Я-ра „Праз „учора“ ў „заўтра“ — некалькі слоў аб нашых танцах“. Гэты артыкул складаецца з нізкі сэнтэнцый, з закрасай блытаніны ў разуменьні ролі і значаньня разгляданага прадмету. „У разьвіцьці гэтага мастацтва (танцаў) выявіліся багатыя проблемы. Многія з іх вырашаны. Многія чакаюць сваіх геніяў“, — заяўляе Я-р. І гэтым здавальняецца: зычна і моцна. Проблемы і геніі. А якія проблемы і што за геніі — аднаму Я-ру вядома. Таксама яму аднаму вядома сьцьверджаньне, што: „У гісторыі культуры ўсяго чалавецтва танцы адыгрывалі вялікую ролю“. Паднімалі культуру народу? Выводзілі нацыю ці стан на ўзровень цывілізацыі? Разьвівалі тэхніку, і калі так, то цікава, наколькі беларуская „Лявоніха“ ці „Юрка“, паднялі культуру беларускага народу? Ці ня ім прыпісаць усю апошнюю гісторыю беларускага адраджэньня?

Натхненасьць Я-ра пры разглядзе пытаньняў танцу, фактычна, зводзіцца ня больш ня менш, як к проблемам пабудаваньня нацыянальнага балету, які чакае свайго генія — і толькі… Навошта-ж пры гэтым натхненыя выгукі і прэтэнцыёзныя заявы? Геніі і проблемы?

Вось галоўнае ў зьмесьце першага нумару часопісі „Узвышша“. Абеглы агляд дазволіў нам адмеціць гэта зусім бесстаронна, з пункту гледжаньня об‘ектыўнага чытача. Ня наша віна, што фарбы атрымаліся цёмнымі, шэрымі, смутнымі. Імі перапоўнена часопісь маладых пісьменьнікаў-узвышаўцаў. Першым выступленьнем сваім не стварылі яны таго ўражаньня, аб якім казалі ня раз, якім няўмеру ганарыліся. Можа, скажуць нам, — ня можна рабіць заключэньня па першым выніку працы. Можа і ня трэба. Можа ў наступным узвышаўцы накіруюць свае погляды ў іншы бок. Можа задзёр галавы на „камандныя высоты“ заставіць апусьціцца іх узрокам на нізіны, без якіх астанецца для іх адно — лётаць пустым балёнам у бязьлюдных прасторах? Усё можа стацца — але гэта датыркае наступнага. Мы-ж кажам аб сёнешнім, аб цяперашнім. Гэта цяперашняе ня ў іх карысьць. Узвышаўцы правялі рэзкую мяжу ідэолёгічнага спаду ад настрою і поглядаў, як старэйшых пісьменьнікаў, гэтак і маладнякоўцаў. Узвышша атрымалася зусім ня ўзвышшам. Ад яго ня вее духам бадзёрасьці, жыцьцёрадасьці, веры ў соцыяльнае адраджэньне. Іх часопісь — як-бы сабраная кніжка скаргаў па мінулым. Яна наводзіць сум. Яна сыгналізуе трывогу аб згубе маладымі пісьменьнікамі асноўнай якасьці для здаровае творчасьці ў нашу кіпучую будаўніцтвам новага жыцьця сучаснасьць.

Адкуль гэта ўсё? У чым прычына? Грунтоўная — гэта ў дыфэрэнцыяцыі ідэолёгічных плыняў, што яны вырасьлі на глебе концэнтрацыі матэрыяльных рэсурсаў па засеках асобных станаў. Аформленьне багатага сялянства і гарадзкое буржуазіі; мірная паласа будаўніцтва, якая дае абываталю мешчаніну спакойнае жыцьцё; стараньне забыць бурлівыя гады грамадзянскае вайны і агромністых парушэньняў ва ўсіх галінах жыцьця грамады. Усё гэта нямерна цісьне на людзкую думку, на процэс яе ператварэньня ў тую ці іншую рэч. Не здарма ад некаторых узвышаўцаў даводзіцца чуць увераныя заявы аб тым, што цяпер рэволюцыі няма. Гэта формула — цяпер рэволюцыі няма — атуманьвае чыннасьць бунтуючае думкі, зьвязвае волевыя парываньні, закалыхвае чуласьць адчуваньняў. Заспакоеная думка не пераносіцца да сусьветнай сытуацыі, багатае рэволюцыйнымі абставінамі. Тыя сілы, што вульканізуюць сьвет, непасрэдна выходзячы з нетраў рашучага, грандыёзнага будаўнічага палу ў нашым Саюзе Рэспублік, ня лічацца ўзвышаўцамі за рэволюцыйны процэс, бо ня гудуць стрэламі і ня блішчаць пажарамі. Цяпер рэволюцыі няма — а таму адыдзем ад зямлі, кіньма нізіны і пакіруем на высоты… Ізноў без хаценьня (будзем думаць), а ўзвышаўцы першыя адчынілі сваёю творчасьцю дзьверы беларускае літаратуры для чужых шкодных павеваў, аналёгічных павевам у расійскай літаратуры пасьля рэволюцыйнага ўздыму 1905-1906 г. г. Не здарма ж гэтак мілы некаторым з іх імпрэсыонізм, сымболізм, імажынізм. Гэтыя літаратурныя напрамкі знарочыста ўнесены ў слаўнае мастацтва буржуазнымі станамі з мэтаю адцягненьня ўвагі ад пытаньняў соцыяльна-клясавых. Беларуская літаратура не павінна ўхіляцца ў гэты бок — для яе чужы ўпадніцкія напрамкі.

Нам думаецца, што і ўзвышаўцы не зацягнуцца ў іх улоньне. Нам здаецца, што вялікая іх частка бесьсьвядома паддалася часовым уплывам, народжаным самімі абставінамі працы.

Гэтыя абставіны, сапраўды, ненормальныя. Яны таксама залежаць і ад формы організацыі „Узвышша“. Бач — гэта не організацыя, а сэкта, свайго роду масонская лёжа. Мажліва, што тыя, хто ў яе ўступае, і не пасьвячаецца ў справоджаньні розных рытуалаў. Але частка тых, што яе складаюць, лічаць сябе пасьвечанымі. І вось гэтае іхняе ўвер‘е, абасабляючае ўзвышаўцаў ад вакольнага сьвету, ад „мытараў“ у беларускай літаратуры, абяздушшвае іх саміх. У іх нараджаецца гонар, забіяцтва, вынікае няўмерная прэтэнцыознасьць. Сьледам цягаецца манія grandioza. Пад уплывам гэтага паветра (ліхога, трэба сказаць) пачалі ўзвышаўцы сваю працу. Ці яны яе павядуць у гэтым напрамку і далей? Пажывем — пабачым[2]. У кожным разе ёсьць адзін прасьвет — гэта мажлівасьць многім з радавых узвышаўцаў адкасьніцца ад нездаровае атмосфэры. На гэта здольны і гэткія сябры „Узвышша“, як Кузьма Чорны і Ў. Дубоўка. Ня могуць-жа яны астацца глухімі словам т. Н. Бухарына, думку якога рэдактары „Узвышша“ незаконна прысябрылі, што: „Нам патрэбна літаратура бадзёрых людзей, сьмелых будаўнікоў, якія ідуць у гушчы жыцьця, ведаюць жыцьцё, з гідасьцю ставяцца да гнілі, цьвілі, далакопства, карчэмных сьлёз, разгільдзяйства, пыхоўнасьці і юродзтва“.

Газ. „Савецкая Беларусь
ад 13-15/V 1927 г.

  1. Пазьней у вершах Я. Пушчы („Лісты да сабакі“) акрэсьліліся мотывы актыўнай антысучаснасьці.
  2. Пражыты час з пары напісаньня гэтага артыкулу, да шкоды, ня збочыў узвышаўцаў з абранага імі пры сваім заснаваньні шляху.