Урачыстасьць (1925)/Урачыстасьць жыцьця/Восеннае

Зімняе Восеннае
Верш
Аўтар: Цішка Гартны
1925 год
Сымфонія
Іншыя публікацыі гэтага твора: Восеннае (Гартны).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ВОСЕННАЕ

I

Па зялёнаму лугу блішчастымі плямамі
Кінула восень чырвоныя талеры;
Залацяцца тканіны узорныя хвалямі,
Цешацца вочы дзяўчыніны карыя.

Ці ня там, у дуброве, шумелі бярозамі
Цёплыя летнія ветрыкі-повеі?
Разьвіналіся думкі агністымі рожамі,
Сьпелі жаданьні званкамі, куколямі?

Перапёлкаю рэзваю песьня кацілася,
Мяккай кудзеляю косы спускаліся…
Дратавалася сэрца, аж нікла ў ім сіла ўся:
„Прыдзе ён, прыдзе! Вунь штось паказалася!“

Ў раскалыханых думках — жаданьні праглівыя
Ўсьпеняцца вірам, ўсклякочуць крыніцаю…
Па прагаліне шэрай, пад вольхай санліваю
Пройдуць дзьве поступі сьвежай травіцаю…

Ці ня там? Ці ня тут? Ці даўно? Ўжо за хмарамі.
Рэзвы гай нікне бязьліснай каронаю…
У аддзяку за тое, што сонца за талеры
Восені стрэчу ўвабрала трызвонамі.

II

Мне кажуць: нудзіць лес згалелы,
І вецер песьняю жудлівай
Над нівай шэрай, амярцьвелай
Жуду пяе над соннай нівай;

Гракі крычаць, як б‘юць у труны
Цьвякі, каб ўзьдзець на доньнік века.
Жалейка льле нястрымным сумам,
І плача тым-жа сумам рэха.

Мне кажуць: гіне ўздым душэўны
Ў тумане слотным, ў хмарах шэрых,
Настрой ападае няпэўны,
Няпэўных думак будзіць шэраг.

Мне кажуць: восеньню завецца
Вось гэны вобраз, гэты тэрмін…
А я кажу: то вам здаецца,
То боль у вас сапсутых нэрваў.

Бо ў чым нудлівыя калёры,
Што сэрца ваша так сумуюць?
Ў зялёнай руні, што прасторы
Палёў раскінутых красуе?

Ў дажджы, што нівы разьвільжае
Ды глебу поіць жыўным сокам?
У хмарах мяккіх, што зганяе
Іх вецер рэзвы к нам здалёку?

Ці ў шоўку шамкім — ў пухкім лісьці,
Што лес разьдзеў і дол стаптаны
Старэнна ўбраў, гасьцінна выслаў,
А сам пяе зіме вітаньне?

Ці ў стуку гучным ў поўных гумнах
Цапоў сялянскіх па збажыне,
Ці ў песьнях стройных, ў песьнях шумных
Вячоркі — дбайнае дзяўчыны?

Мне кажуць: восень — заміраньне,
Жуды глыбокай час ўрачысты…
А я кажу: хто глыбей гляне,
Той жыцьця ўгледзіць промень, іскры!