Урачыстасьць (1925)/Урачыстасьць рэволюцыі/Першае мая

Мая стыхія Першае мая
Верш
Аўтар: Цішка Гартны
1925 год
Рожа
Іншыя публікацыі гэтага твора: Першае мая (Гартны).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПЕРШАЕ МАЯ

Першае мая, — то дзень вызваленьня!
Слаўны ваяка прад бойкай гарачай
Сілам падцятым, ждучы аднаўленьня,
Цяжкім змаганьнем яго абазначыў.
Ў цемні няволі, у муках балючых,
Сьветлаю плямаю ён выдаваўся,
Прагнучым волі, да волі ідучым
Воклічам гулкім здалёк адгукаўся.
Бойка ішла, адмяраліся ўступы
Маем чырвоным ад году да году;
Гушчы працоўных, ваяцкія купы
Мерылі крокі да сьветлай Свабоды.
Бліжэй ды бліжэй — здалёк маякамі
Звалі пярэднія задніх на сьвята,
Сьцягам чырвоным, як птушка крыламі,
Май трапятаўся над беднаю хатай.
Выдмы глыбокія, вечных устояў
Вокал глядзелі нязрушнасьцю чыннай,
Ў хвілі, калі расьцілалі сувоі
Рдзістых палоцен ваякаў дружыны.
Буйнаю рагаю, порсткім струменем
Выліўся імпат натхненны ў паўстаньне:
Май урачыстым пранёсься праменьнем —
Шлях да Комуны з-пад цьмы растуманіў.
Гордымі крокамі, вернай ступою
Летась, сягоньня і ў часах прыдучых
Першае мая — працоўных сабою
Будзе бадзёрыць, ўсё ўперад вядучы.