Усім патроху… (1930)/Пошасьць

Карцёжнікі Пошасьць
Верш
Аўтар: Анатоль Дзяркач
1930 год
Пастухова шпаркасьць

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПОШАСЬЦЬ

Ніяк не пасьпееш з адным разьвязацца,
Як новая пошасьць улазіць праз дзьверы…
Прыходзіцца воляй няволяю брацца,
Каб раду знайсьці і ад гэтай халеры!

Бо, праўду сказаўшы, цярпець немагчыма:
У вёсцы цячэ самагон вадаспадам,
Ня можна дыхнуць ад смуроду і дыму,
І меры ня даць самагонным прыладам…

А што за прываба у гары праклятай —
Ніхто вам ня скажа ніколі на сьвеце!
Стаіць яна чорнаю хмарай над хатай
І сэрца сьціскае няшчаснай кабеце!

Як гразі сьвіньня, нацялешчыцца гэты,
Другі нажарэцца, як жаба балота,
І лезе засоплены ў твар да кабеты,
Ці торбай ляжыць дзе-нібудзь каля плоту…

Часамі-ж і горай выходзіць праз гару:
Нямала народу знайшло дамавіну,
Згалела-прапала дашчэнту з пажару,
Ці проста калом атрымоўвала ў сьпіну!

Пачнем з Астраўка, дзе, як піша Мікола,
Патрэбен ратунак ад п‘янай хваробы,
Бо п‘юць тут цяпер да таго навакола,
Што рвакамі лезуць праз горла вантробы…

Мо‘ хлопцы, як кажуць, крыху і зьнячэўку
Назапускі гэтак, напрыклад, хапілі,
Што ў роце сагнала дзесятую плеўку
І чэрці хвастом у кішкох закруцілі!

На гэтым ня стала: палезьлі у школу
Зусім на карачках, ня вяжучы слова,
І школу ўрабілі — дальбог — як стадолу:
За цэлую зіму ня ўробіць карова!

Бо так напаскудзілі, так наблявалі —
Скажу па-сялянску для большай адзнакі, —
Што сьвіньні тры тыдні па іх балявалі —
Аж нельга было адагнаць без сабакі…

Чытаць нават брыдка… Ня пекны малюнак…
Але не сярдуйце — з натуры узята…
Няхай жа паслужыць хоць ён на ратунак
Ад пошасьці п‘янай для нашага брата!

Пасунемся далей… Нідзе асалоды!
У кожнай акрузе, у кожным раёне —
Вазьмі Гацукі, Русакі, Пераходы —
Таксама нядобра на нашым загоне…

Нічога ня будзе бяз почаснай пугі,
Трэ‘ моцна урэзаць зладзеяў па пятах,
Бо, проста, зусім ашалелі латругі
І бровары робяць па гумнах і хатах…

Агонь падкладаюць сабе і другому…
Ці-ж многа патрэбна бядзе для пачатку?
Адну толькі іскру ў сухую салому, —
І полымем вёска уся без астатку!

Такога злачынства, як кажуць, ніколі
Ня зробіць і дурань апошняга сорту…
І рада адна ад такое сваволі, —
Ніякае літасьці гэткаму чорту!

Хай лепей у вастрозе згніе і загіне,
Вяроўку — бязглузды! — завяжа на карку,
Бо — ўспомніце самі — бяз хаты пакіне
І згубіць суседзяў сваіх цераз чарку!

Адгэтуль мой шлях паварочвае проста
Туды, дзе і гоняць і б‘юцца бяз меры,
І моладзь настолькі заела кароста,
Што справа дайшла да нажа і сякеры…

Было ў сакавік тут такое здарэньне:
Старыя п‘янюгі спраўлялі гулянку,
І гэта дурное гнілое карэньне
Ліло ў сваю торбу за шклянкаю шклянку!

Усьлед за старымі і моладзь ня спала:
Трыбух наліла свой па самую паху
І так загуляла, што вёска дрыжала,
І воўкі у лесе падохлі ад страху…

А далей такое, што й сэрцу нязносна —
Старыя схапіліся ў грудкі з сынамі:
Лабацінай — ў сьцену! Патыліцай — ў кросна!
І дзікім нахрапам за горла рукамі!

Сякера папала камусьці пад руку —
Даволі: гатова крывавае дзела…
Малы паваліўся, як сноп той, бяз гуку,
І з цела навекі душа адляцела…

За першым другога ледзь-ледзь не да сьмерці,
А потым каламі таго і другога…
Ня людзі — а зьверы! Ня зьверы — а чэрці!
Скажу толькі гэта, і болей нічога…