Ветры буйныя (1927)/II/У полі

(Пасля перасылкі з У полі (Трус))
У полі
Верш
Аўтар: Паўлюк Трус
1927 год
Сасна

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




У ПОЛІ

Ў карунках даль…
Над возерам так ярка!..
Ў зялёнай цьвецені
Купаюцца сады…
Пад рогат-сьмех
Задорна-малады
На ўзмахі вёсел
Коціцца жняярка.

І дрэмле шыр
У квецені зары,
Колосьсе хіліцца
Пад кволаю вятрыньню…
Як ветракі
Асмуглыя ў даліне,
Плывуць спакойна
Крыльле з-за гары,
Плывуць у яр…
Мігаюцца…
І тонуць…
Няйначай цёмныя
Над рэчкаю чаўны;
Дзе на грудзёх
Чароўнае вясны,
Крыніцы звонкія
Пад вербамі гамоняць;
Дзе ветры буйныя
Так веюць на майдан,
Цалуюць повеем
Мурожныя пракосы;
Дзе ніжа пацеркі,
Як залатыя сьлёзы, —
Расінкі чыстыя
Туман!..
Над возерам
І ў стройнай постаці,
Пад кроплямі расы,
Стан разгінаецца
Над просіньню
Калосьсяў.
А пад гарой,
Пры слупавой дарозе,
Разьбітай ліраю
Скрыпяць даўно вазы…
.........
Жанчына йдзе
У блізкае сяло…
На пальцах кроў,
Расхлістаныя грудзі…
Ідзе дарогаю,
Вачыма блудзіць,
Руку кастлявую
Ўздымае над чалом.
Паволі хрысьціцца…
Прадзе усьмешкай дол…
У соннай млявасьці
Зьнімае з плеч калыску.
А сонца коціцца
Над гаем нізка, нізка,
І вербы журацца
Ў зацішку над вадой.
І вось спынілася…
Дае мне „добры вечар“,
Ў задумнай постаці
Садзіцца ля мяжы,
І цяжкі ўздох
Зрываецца з душы…
Яна сядзіць…
І думае аб нечым…

Сядзіць адна…
А ў межах каласы
На прошве зелені
Ткуць дзіўныя узоры…
Да долу хіляцца,
Хвалююцца, як мора,
Пад пацалункамі
Вячэрняе красы…
.........
Нямая сьцень
Снуецца з-пад брывей;
Ляглі на твар
Глыбокія маршчыны —
Жывыя вобразы,
Што гэтая жанчына
Пазнала сьвет…
Пазнала ў ім людзей!..

Пазнала ўсё!..
І там, дзе ветры веюць,
Сустрэла ў радасьці
Прыгожую вясну…
Каб хоць яшчэ
Сягоньня ўспамянуць
Былыя дні,
Што адцьвілі ў завеях.

Яна глядзіць…
А вочы, як агні,
Цярэбяць чорную
Касу ў тумане…
Пад кволай золкасьцю,
У ветрах на майдане
Сваю душу
Мне хочуць расчыніць.
Бо там, на дне,
На самай глыбіні,
Сьляды глыбокія
Прамылі жыцьця хвалі,
Адбілі сьцень вачэй,
Як у крышталі,
Адбілі вобразы
І пройдзеныя дні.

А я маўчу…
Зрываю каласы,
Ўглядаюся у твар,
Так поўны задуменьня!..
Яна ўстае…
І на пясок-каменьне
З-пад скроняў коцяцца
Дзьве буйныя сьлязы…
..........
Пайшла ў сяло…
А пры грудзёх дзіця,
Шукае пазухі
Сухотнымі рукамі,
Дзе пад лахмоцьцямі
Ляжыць на сэрцы камень,
Пакрышаны на жвір
Прыбоямі жыцьця.

Мінае яр…
Хаваецца за ўзгор‘ем…
Ідзе дарогаю
Квяцістае вясны…
І толькі постаці,
Як ў беразе чаўны,
Спакойна плаваюць
Ў жытнёвым моры.

Ды сьпевы поўняць даль…
Над возерам так ярка!..
Ў зяленай цьвецені
Купаюцца сады.
Пад рогат-сьмех,
Задорна-малады
На ўзмахі вёсел
Коціцца жняярка…

23-VII—26 г.
Дараўка.