Вось сёньня мне
ўсплыла на памяць
легенда старая, што я калісьці у народзе чуў.
А слухаў я яе з запалам пачуцьця,
канца я не чакаў яе…
Я ёй аддаўся быў увесь
і разважаў
пасвойму я аб ёй.
Яе я прыраўняў да нас, да Беларусі, —
і вышла, што старая фінікійская
легенда
яшчэ і сёньня сымболь мае свой
ў жыцьці народаў сьвету ўсяго.
Так слухайце-ж яе!
І жыў,
— даўным-даўно вось гэта была, —
на ўсходзе поўдня цар Аллон.
Меў царства моцнае сваё.
Народ у паслухмянстве быў…
А цар крывёю жыў народу.
Штодня зьядаў ён сем
з свайго народу ціхага асоб,
— бо сем галоў ён меў…
У царстве тым асілак жыў —
каваль звычайны, просты, грубы…
Народ кахаў яго за Працу і Адданасьць,
меў сыноў дванаццаць ён.
І выпіў цар Аллон
з іх кроў. Ня выпіў
проста кроў, а высмактаў яе
з здаровых цел
і моцных духам вольнасьці,
прыроды,
ў якой стары каваль іх гадаваў…
І кавалёвая прышла чарга, урэшце…
Змагаўся з тым народ,
бо ўжо пачуў, што кроў цячэ,
струменіць цёмным вірам…
Але —
на тое цар…
Крывёю каваля удоваль ён напіўся,
— як ніколі!
І агалелы труп
быў кінуты за вал, у царстве тым…
Народ,
што шанаваў таго вось каваля,
знашоў яго
і урачыста пахаваў…
А кавалёвы хвартух зрэбны,
ў крыві абмочаны,
народам быў зьняты з каваля,
і той народ
эмблемаю сваёй пакуты
яго зрабіў…
А цар, дазнаўшы гэта,
сваім паслугачом загад аддаў забраць —
адбіць ў народа гэты хвартух — сьцяг пакуты́.
І быў ён адабраны…
Але патрабаваў яго народ
у цара
назад і дабіваўся
сваёй крывёй і целам, і імкненьнем…
А цар схаваў яго.
І даў быў новы сьцяг,
заместа зрэб‘я — аксаміт;
крыві заместа — золота на ім…
Народ ня ўзяў яго
Народ змагаўся ўжо з каронай, тронам
і дзяржаваю Аллона…
Гады-ж ішлі, ішлі вякі,
тысячалецьці йшлі…
Народ змагаўся…
І скінулі агіднага Аллона.
І кавалі — народ — узялі ўладу.
І тое, што ўвабрана пры цары у золата было
— разапранулі.
і хвартух з зрэб‘я ў крыві кавальскай
сягонешні
угледзёў
сьвет…
Эмблемай вольнасьці
сягоньня
астаўся хвартух кавалёвы той,
што быў эмблемаю змаганьня і пакуты пры
цары…
І вырас той народ;
І сьвет вялікі быў.
І падзяліў народ
чырвоны хвартух той на дробныя ка-
валкі, раздаўшы сьвету усяму.
Дастаўся й нам,
народу Кавалёў і Працы,
кавалак хвартуху таго.
З пашанай узялі яго мы
і літары чатыры вывелі на ім:
— Б. С. С. Р.
Гараць яны на чырвані сьцягу
і полымем сваім
яны нам асьвятляюць
цяжкі той шлях,
вядзе што
— Да Ўсясьветнае Комуны.