Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927)/III/Б/Канстанцыя Буйла/Курганная кветка/Люблю

У лесе Люблю
Верш
Аўтар: Канстанцыя Буйло
1927 год
Да працы
Іншыя публікацыі гэтага твора: Люблю (Буйло).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Люблю.

Люблю наш край, старонку гэту,
Дзе я радзілася, расла,
Дзе першы раз пазнала шчасьце,
Сьлязу нядолі праліла.

Люблю народ наш беларускі,
Іх хаты ў зелені садоў,
Залочаныя збожжам нівы,
Шум нашых гаяў і лясоў.

Люблю раку, што свае воды
Імчыць ў няведамую даль,
І жоўтасьць берагоў пясчаных,
І яснасьць чыстых яе хваль.

Люблю вясну, што ў кветкі, ў зелень
Прыстроіць цэлую зямлю;
На гнёздах буслаў клекатаньне
І сьпеў жаўроначка люблю.

Люблю гарачу сьпёку лета
І буру летнюю з дажджом,
Як гром грыміць, а ў чорных хмарах
Маланка зігаціць агнём.

І восень сумную люблю я,
І першы звон сярпоў і кос,
Як выйдуць жнеі збожжа жаці,
А касары — на сенакос.

Люблю зіму з яе марозам,
Што вокны прыбярэ ў вузор,
І белы сьнег, што, усё пакрыўшы,
Ірдзіцца бліскам ясных зор.

Люблю ў пагодную я ночку
Дапозна на двары сядзець,
Сьлядзіць за зорачак дрыжаньнем,[1]
На месяц залаты глядзець.

Люблю, як сонейка заходзіць
І бераг хмаркі залаціць,
Вячорнага як голас звону
К нам з ветру хваляю ляціць.

І песьню родную люблю я,
Што дзеўкі ў полі запяюць,
А тобы голасна над нівай
Пераліваюцца-плывуць.

Усё ў краю тым сэрцу міла,
Бо я люблю край родны мой,
Дзе з шчасьцем першым я спазналась
І з гора першаю сьлязой.[2]



  1. Няправільны зварот — за дрыжаньем зорачак.
  2. Таксама — і з першаю сьлязою гора.