Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927)/III/Б/Канстанцыя Буйла/Курганная кветка/Сягоньняшнія і даўнейшыя

Кветка Папараці Сягоньняшнія і даўнейшыя
Драматычная паэма
Аўтар: Канстанцыя Буйло
1927 год
Гальляш Леўчык
Іншыя публікацыі гэтага твора: Сягоньняшнія і даўнейшыя.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Сягоньняшнія і даўнейшыя.

(Драма ў 3 актах. Даўнейшыя гэта старая шляхта, якая цэніць усё датуль, пакуль гэта дае выгаду. Гэта — бацька Рамана, гэроя драмы, і яго суседзі. Сягоньняшнія — іх дзеці, якія цэняць навуку, паколькі яна дае заспакаеньне душы. Даўнейшыя цэняць над усё свой шляхоцкі гонар і з вялікай зьнявагай адносяцца да селяніна, „хама“ па іхняму. Сягоньняшнія ня дбаюць аб сваёй шляхоцкай высшасьці і любяць сялян, хоць неяк пасвойму, паінтэлігенцку. Яны бачаць у сялянах працілежнасьць сабе, людзям з вечнымі душэўнымі мучэньнямі і неспакойнасьцю. Але запраўднага сялянскага жыцьця ня ведаюць. Гэта — Раман.

Кароткі зьмест: Бацька Рамана гутарыць за чаркаю з суседзямі аб дамовых справах і просіць рады, што зрабіць з сынам, які адбіўся ад іх і нават улюбіўся ў сялянскую дзяўчыну Ганну. Вырашаюць аддаць яго ў вучэньне за ксяндза.

Раман любіць Ганну. Вучэньне для яго — толькі большая мука. Ад страшэнных душэўных перажываньняў ён захворэў на сухоты.

Тымчасам Ганна з адчаю ад немагчымасьці зыйсьціся з Раманам паступае ў сёстры міласэрдзя. У шпіталі — адбываецца бачаньне. Але гэта толькі прысьпяшае сьмерць Рамана і губіць таксама Ганну).


3 II АКТУ.

Раман (з дзіўным смуткам і каханьнем
у голасе
).

Гануля мая, мая дарагая,
Мой сьветлы праменейчык сонца
Ў жыцьця майго цёмным ваконцы![1]

(Паўза. Горка).

Пракляты той дзень і гадзіна,
Як пана радзіўся я сынам,
Як зводнай навукі туманы
Зацьмілі мой сьвет счараваны,
Даўнейшую веру забралі,
А новай — ні ў вошта ня далі!…
Бывала, шапталі мне зоркі
Знаёмыя сэрцу гаворкі,
І сьніўся ўгары мне дом бога
З праменнай малочнай дарогай,
Палёў шыр, луговы[2] каберцы —
Наўкол ўсё так блізкае сэрцу…
Сягоньня усё ўжо іначай —
У іншых калёрах ўсё бачу.
.............

Гануля.

Ты, мілы Раманка, сын пана,
Разумны ты, адукаваны, —
Ня ўсё я пайму[3], што учую,
Ды, бачыш, я гэтак мяркую:
У бога ліш[4] верыць нам трэба…

Раман (цалуе голаву Ганулі).

Мая ты галубка малая,
Гануся мая дарагая,
Чаму-ж я ня маю тэй веры?
Чаму-ж мой сьвет гэтакі шэры?
Як гляну я розуму вокам —
Там неба ня бачу высока,
Абшар там, як сажа, так чорны
Раскінуў хтось дзіка-праворны,
А зоры у гэтым абшары
Палаюць адвечным пажарам;
Іх хтось запаліў там адвеку,
На што? — знаць ня даў чалавеку.
І дарма на загадкі сьвету
Даём мы разгадкі ўсе гэты,
Бо мром, не згадаўшы нічога…
Там блудная вельмі дарога.

Гануля.

Ты дзіўна гаворыш, Раманка, —
Ня пойме цябе твая Ганка…

Раман.

Хай, Ганю душа маладая
Твая лепш аб гэтым ня знае;
Ўсё гэта ня дасьць нам нічога,
Ліш будзіць у думках трывогу…
Я часам хачу так забыцца
Ўсяго, чаго мусіў вучыцца,
І жыць, як той люд наш вясковы,
Спакойны, вясёлы, здаровы, —
Ніводная думка благая
Яму сну з вачэй не зганяе;
Хоць гора часамі акруціць,
Хоць голад, хоць холад дакучаць, —
Яго дух, як тая крыніца,
Бурлівай вадой ня бурліцца.
Яго боль — то верхнія хвалі
На рэчкі спакойным крыштале;[5]
Як хвалі — і ён так праміне,
Ня змуціўшы вод на глыбіне, —
Ды йзноў з ціхай моцай2) струіцца…
А іншы ёсьць дух, як крыніца:
З нутра яго бурны патокі
Лятуць, грыміць хваляй высока,
Пакуль унутры сіл хапае;
Няма іх — і ўсё замірае,
І гіне жыцьцё чалавека…
Так ёсьць і было так адвеку.

(Паўза. Спакайней).

Мяне да вясковага люду
Дух цягне іх — вольны ад жуды;
Яны ня цікуюць нічога —
Ім простая ўсюды дарога:
„Усё даў нам добры бог з неба,
Затое кахаць яго трэба“.
Ім сьвет аб сабе сам гавора[6]

Гануля.

Ты кажаш: няма у іх гора,
Раманка міленькі. Дарэмна:
Яны больш паноў церпяць — пэўна.
Ці ёсьць горшы боль, калі ў хаце
Няма куска хлеба дзіцяці;
Калі ў вачох чахне дзіцятка,
Ці-ж мала цярпіць тады матка?
Раманка! ты толькі ня бачыў:
Сьлязьмі яны горкімі плачуць.
Паны?.. ім усёга хапае,
З іх голаду жадзен ня знае.

Раман.

Бач, Ганю, ёсьць голад дваякі:
Адзін — яго знае усякі,
Хто хлеба у хаце ня мае;
Другі — яго той толькі знае,
Хто духам з зямлі адарваўся —
Да неба-ж высот не дастаўся.
Ды знай, хто раз неба убачыў, —
К зямлі не павярне іначай,
Як з голадам страшным у душы,
Што мозг, душу, сэрца ўсё ссуша,

Заслона.


З III АКТУ.

Раман (адзін).

Разьбіўшы жыцьцё — й з тых астаткаў
Жыцьця стварыць хочуць пачаткі.

(Сьмяецца горка, пасьля шчапляе у роспачы
рукі
).

Сам болей нічога ня маю, —
Чаго-ж ім яшчэ не хапае?
Жыцьцё толькі-толькі што тлее;
Ўсе чыста разьбіты надзеі,
Ўсё згасла, — яны-ж на тым зглішчы[7]
Разьвесьці йшчэ хочуць вагнішча,
Шак[8] дроў там няма ўжо, эх, людзі!
Шак попел гарэці ня будзе…
А бацька ў сьмяртэльнай гадзіне
Хацеў бачыць біскупа ў сыне, —
Ды ўбачыў ліш[9] плямы во’ гэты.

(Паказывае на твар).

Мест[10] біскупскіх строяў, ф’ёлетаў, —
Сканаў, як-бы жоўці напіўся, —
Так твар пачарнеў, выкрывіўся.
Няшчасны, сваімі рукамі
Скапаў сыну роднаму яму,
І сам, бедны, лёг у магілу: —
Крыж стаў уканцы не пад сілу,
І сэрца ў грудзях разарвалась, —
Зашмат, відаць, сьлёз там набралась!
Бяздольны!..

(Ходзіць нэрвова па пакоі; у вачох паяўля-
юцца няпрытомныя бліскі
).

Татуля! Ўраз сына
Ў жалобнай убачыш краіне.
На гэтай бяздольнай зямліцы,
Стаючы ў парозе грабніцы,
З табой прымірыцца ён хоча;
За ўсё — за бяссонныя ночы,
За душу маю катавану,
За мукі Ганулі каханай,
За сьлёзы жаўцёвай гарычы,
Каторых сам Бог не паліча,[11]
За моладасьць, ўжо разьбітую, —
Татуля, за ўсё я дарую!
Судзьдзёй табе сын твой ня будзе,
Хай лёгка Хрыстос цябе судзе.

(Апускаецца бяз сіл на софу з глухім стогнам).


  1. Правільна — у цёмным ваконцы майго жыцьця.
  2. Прав. — лугавыя.
  3. Рус. — зразумею.
  4. Таксама — толькі.
  5. Правільна — на спакойным крыштале.
  6. Пров. — гаворыць.
  7. Полён. — папялішчы.
  8. Таксама — гэта-ж, то-ж.
  9. Русіц. — толькі.
  10. Замест.
  11. Провінц. — палічыць.